Вход/Регистрация
У капцюрох ГПУ
вернуться

Аляхновіч Францішак

Шрифт:

— Не, не, не цяпер. Вельмi дзякую. Хiба iншым разам. Думаю, што яшчэ няраз спаткаемся. Цяпер таварыш Апанскi на нас чакае.

У ГПУ Попутчiк, як дагэтуль iзноў быў пастаўлены перад аблiччам ужо знаёмых фiгур: Апанскi, Гродзiс, Гендзiн, Карытаў…

— Ну, як-жа-ж вы ўстроiлiся, таварыш? — першае пытаньне задаў Гродзiс.

— Гм… Праўду кажучы, дык яшчэ ня ўстроiўся…

— Ну, як-жа цяпер? Ходзяць за вамi цi ня ходзяць? Ха-ха-ха! — сьмяяўся Апанскi.

— Не… хэ-хэ-хэ… ужо ня ходзяць…

— А вы гэтак непакоiлiся!.. Ха-ха-ха!.. А гэта звычайнае непаразуменьне. Мы забылiся адмянiць стары загад. Гэтулькi ўсяго на галаве, што цяжка аба ўсiм памятаць!

— А як-жа там матуля ваша? Здаволена, што прыехаў сынок? — чула спытаўся Гендзiн.

— О, ведама, мацi вельмi рада. Iзноў зьвярнуўся Апанскi:

— А ведаеце што, таварыш Попутчiк! а там у Вiльнi ну дык жа аб вас напiсалi! Здорава напiсалi!

— Што напiсалi?

— Аб гэтым iншым разам… Скажу толькi, што калi-б вы туды цяпер вярнулiся, ну дык селi-б моцна, на шмат гадоў!

— Чаму? Я-ж нiчога такога не зрабiў…

— Ведаеце што, — сказаў паважна Гродзiс, — мы толькi што перад вашым прыходам акурат аб вас гутарылi, i ведаеце, якая нам думка прыйшла ў галаву? Заставайцеся тутака!..

— Але-ж я вельмi хачу…

— Але, калi хочаце тут застацца i працаваць для беларускай культуры, дык прымайце савецкае грамадзянства. Гэта шмат аблегчыць вам жыцьцё.

Попутчiк праясьнеў:

— Што вы кажаце! Дык-жа аб гэтым я толькi i думаў. Але, кажуць, што атрымаць савецкае грамадзянства вельмi цяжка… Але калi гэта магчыма…

— Ня турбуйцеся. Калi мы гэта захочам, вы атрымаеце грамадзянства без даўгой цяганiны. Зараз я вам памагу…

3 гэтымi словамi ўзяўся за ручку тэлефону i званiў у камiсарыят.

«… Зараз прыйдзе да вас таварыш Попутчiк… У справе грамадзянства… Вы, калi ласка, там усё для яго зрабеце… Не, ня трэба… Бяз доўгай працэдуры… Хутка i проста…»

Выбачайце, — уставiў свае слова Попутчiк, — але ў гэтай справе мне, мусiць, трэба паразумецца з польскiм консульствам… Падаць там нейкую заяву…

— Не! Не! Не!.. Ня трэба да консульства! Ужо мы самi выпаўнiм за вас усе фармальнасьцi… Iдзеце цяпер, таварыш, у камiсарыят, напiшэце там патрэбную заяву i хутка атрымаеце грамадзянства… Во як гэта ў нас робiцца — раз, два, i гатова! ня так, як у капiталiстычных краёх…

Попутчiк паляцеў да камiсарыяту. Там на яго чакалi. Спаткалi надта ветла. Падалi паперу i чэрню.

Попутчiк напiсаў заяву.

Казалi яму прыйсьцi праз пару дзён.

У працягу дзесяцёх дзён Попутчiк ужо быў савецкiм грамадзянiнам.

Напiсаў да жонкi, каб лiквiдавала кватэру ў Вiльнi ды ехала з дзецьмi ў Менск.

«…Нарэшце я ўстроiўся, — пiсаў да жонкi. — Далi мне савецкае грамадзянства i дастаў работу… Будзе нам добра…»

Жонка адказала лiстом, у якiм прабiваўся сум i пакорнасьць свайму лёсу.

«…Я адчувала, што гэтак скончыцца… Што-ж рабiць! Дзе ты, там i мы… Я пачала ўжо рабiць захады да выезду… Ужо прадаю рэчы…»

* * *

Попутчiк паехаў у Вiцебск на становiшча лiтаратурнага кiраўнiка 2-га Беларускага дзяржаўнага тэатру. Ня была гэта, аднак, служба штатная. Мелiся яму плацiць ад п'есы. Але на жыцьцё хапiла-б…

Перад Новым годам

Вiцебск

Гэта было 31 сьнежня 1926 году. На чацьверты дзень пасьля атрыманьня Попутчiкам савецкага грамадзянства.

Попутчiк сядзеў перад люстэркам з брытвай у руццэ. У хаце, апрача яго, нiкога ня было. Дзякуючы гасьцiннасьцi свайго прыяцеля, дырэктара ўрадавага беларускага тэатру М. Красiнскага, Попутчiк у яго акватараваўся.

— Што за лiха! — думаў, саскрабаючы брытвай валасы з твару. — Якая дзiўная штука! Калi я запрапанаваў спаткаць новы год у рэстаране, акторы глянулi на мяне з такiм жахам, быццам я сказаў нешта недарэчнае. Вiдаць, што ў гэтай старонцы людзi п'юць гарэлку хаваючыся.

Або з гэткiмi порткамi! Дык-жа пасьля майго прыезду з Вiльнi нiводзiн з iх не прайшоў мiма, не памацаўшы мяне за нагу i ня спытаўшы, якая цана гэткiх портак за гранiцай. Узапраўды, дзiўна яны тут апранаюцца. Жанчыны ходзяць у мужчынскiх шапках, мужчыны носяць нейкiя каляровыя хламiды.

Попутчiк пачаў мазаць другi раз твар мылам, як раптам зазьвiнеў званок.

— Каго там нясе?..

Увайшоў нейкi незнаёмы.

— Выбачайце, калi ласка, што перашкаджаю. Бачу, што вы заняты… Я маю даручэньне… я супрацоўнiк ГПУ… мне даручана прасiць вас, каб вы заўтра вячорным цягнiком выехалi ў Менск. Хоча вас бачыць таварыш старшыня Апанскi…

  • Читать дальше
  • 1
  • ...
  • 8
  • 9
  • 10
  • 11
  • 12
  • 13
  • 14
  • 15
  • 16
  • 17
  • 18
  • ...

Ебукер (ebooker) – онлайн-библиотека на русском языке. Книги доступны онлайн, без утомительной регистрации. Огромный выбор и удобный дизайн, позволяющий читать без проблем. Добавляйте сайт в закладки! Все произведения загружаются пользователями: если считаете, что ваши авторские права нарушены – используйте форму обратной связи.

Полезные ссылки

  • Моя полка

Контакты

  • chitat.ebooker@gmail.com

Подпишитесь на рассылку: