Юрэвіч Лявон
Шрифт:
Наташа пачала йзноў дражніць мяне й казаць, што гэта апошняя магчымасьць для мяне даказаць, што я мужчына, і што нарадзіць ад мяне дзіця — апошняя ейная просьба. Я маўчаў нейкі час, а потым устаў і рэзка загадаў ёй сесьці на ровар, інакш я пакіну яе ў лесе адну. Яна падпарадкавалася й, са сьлязьмі на вачах, спыталася, чаму я адмаўляюся ад яе. Мы больш не размаўлялі. Я завёз яе дамоў і кінуў тамака. Я ня бачыў яе пасьля таго вельмі доўга, а потым сустракаўся выпадкова некалькі разоў. Паміж іншым я закахаўся ў дзяўчыну, і гэта сталася сапраўдным каханьнем, якое прывяло да шлюбу.
Хутка са Львова, дзе ён вучыўся на інжынера, вярнуўся сын дзядзькі Базыля Міхаіл. Я сказаў, што было б файна, калі б ён застаўся, бо мне няма чаго рабіць, а так бы мы маглі хадзіць вудзіць рыбу альбо купацца разам. Міхаіл адказаў, што цяпер час не адпачываць, а дзейнічаць. Ён распавёў мне пра нацыянальны ўздым на Ўкраіне, пра тое, што ўкраінцы абвесьцілі незалежнасьць, але немцы не прызналі яе. І хаця шмат хто зь дзеячоў нацыянальнага руху быў арыштаваны, астатнія не гублялі надзеі й арганізоўвалі школы, украінскую паліцыю й узброеныя сілы пад наглядам немцаў. Міхаіл лічыў, што й для беларусаў надышоў час нацыянальнага самасьцьвярджэньня й вяртаньня духу беларускасьці, падаўленага саветамі. Спачатку я нічога не адказаў на гэна, але празь нейкі час мяне захапіла гэная йдэя. Мой энтузіязм быў абуджаны патрыятызмам Міхаіла.
Першыя нямецкія войскі прыйшлі ў Наваградак 5 ліпеня 1941 году, і было прызначанае ваеннае камандаваньне. Аднак палякі раптам, пры падтрымцы немцаў, пачалі арганізоўваць польскую паліцыю. Гэна была віна Беларускага камітэта ў Берліне, які складаўся з патомкаў палякаў, што размаўлялі па-беларуску. Яны зрабілі выгляд, што зьяўляюцца беларусамі, і былі пасланыя на акупаваныя тэрыторыі з мэтай стварэньня паліцыі й адміністрацыі. У Наваградку паліцыя цалкам складалася з польскіх патрыётаў, якія размаўлялі па-польску. Такая сытуацыя заставалася праз усю акупацыю. Нашыя намаганьні зьмяніць нешта сталіся няўдалымі. У 1941 годзе быў пэўны момант, калі нам падалося, што мы здолеем дамагчыся свайго, калі напалову беларус, напалову ўкраінец апынуўся на чале паліцыі, але ён быў беспрынцыповым чалавекам і хутка паддаўся ўзьдзеяньню палякаў і адмовіўся рэарганізаваць паліцыю ў больш беларускую ўстанову. Польскія актывісты выкарыстоўвалі ўсе магчымыя сродкі ва ўзьдзеяньні на нямецкае ваеннае камандаваньне. Жандары папоўнілі акупацыйныя войскі, так званы Вермахт. Яны выкарыстоўвалі ўсе магчымыя сродкі. Напрыклад, прыгожыя польскія дзяўчаты мусілі спакушаць нямецкае камандаваньне, каб дамагчыся рашэньняў на карысьць палякаў. Калі ж беларусы пярэчылі гэным рашэньням, іх абвінавачвалі ў сымпатыі да камуністаў. Спатрэбілася шмат часу, каб займець нейкі ўплыў на немцаў.
Я спытаў дзядзьку Базыля, што, на ягоную думку, нас чакае. Калі ён быў у польскім парлямэнце й сенаце, ён цесна супрацоўнічаў з нямецкай меншасьцю, якая тады была арыентаваная на дэмакратыю. Мой дзядзька думаў, што немцы, магчыма, рэарганізуюць Савецкі Саюз такім чынам, што Беларусь зможа мець пэўную самастойнасьць і самакіраваньне. Дзядзька Базыль спарадзіў ува мне нацыянальную годнасьць і гонар, а таксама пачуцьцё абавязку спрычыніцца да нацыянальнага адраджэньня.
Памятаю адно выступленьне дзядзькі ў Любчы, дзе ён прамаўляў на кірмашовым пляцы перад натоўпам сялянаў, што сабраліся, каб прадаць тое, што вырасьцілі. Ён гаварыў пра мінулае, пра камуністаў, пра магчымасьці адрадзіць беларускую нацыю. Ён сыйшоў з падводы на кірмашовым пляцы са словамі, што я, ягоны пляменьнік, працягну прамову. Дзядзька падпіргнуў мяне на падводу. Я быў агаломшаны. Я ніколі ў жыцьці не выступаў з прамовамі. Але мяне заахвоціў дзядзька ды й самі сяляне, таму я ўскочыў на калёсы й сказаў прамову. Я выказаў сваё расчараваньне ў савецкім рэжыме й шкадаваньне, што Беларуская Савецкая Сацыялістычная Рэспубліка не апраўдала спадзяваньні, якія наш народ меў пад палякамі. Я дадаў, што Савецкі Саюз пераўзышоў палякаў у жорсткасьці й бесчалавечнасьці. Я моцна расхваляваўся, адчуваў энтузіязм, эмацыйны ўздым і нават сарваў апладысменты.
Нешта засела ў маёй душы й у галаве й пачало расьці. Я раптам зрабіўся надта актыўным. Я вярнуўся да жыцьця, і мой фізычны стан таксама палепшаў, дзякаваць маёй зацікаўленасьці ў беларускім адраджэньні. Маё месца, як сказаў мне дзядзька, было ў Наваградку.
У Наваградку я сустрэўся са сваім старым сябрам Базылём Плескачом. Ён быў адным з самых разумных людзей, якіх я ведаў. Ён скончыў універсітэт Стэфана Баторыя ў Вільні й меў дыплом юрыста. Падчас нямецкай акупацыі Базыль працаваў міравым судзьдзёй у Наваградку. Пляскач вёў крымінальныя справы й ня меў ніякага дачыненьня да палітычных справаў, якія былі ў руках немцаў і жандармерыі.
Базыль распавёў мне пра апошнія тыдні савецкай акупацыі. Пра масавыя арышты й высланьне, пра зьнічтажэньне ўсяго, што было беларускім па зьмесьце ці форме.
Кароткая савецкая акупацыя Заходняй Беларусі за год нарабіла больш шкоды, чым польская за дваццаць гадоў. Зьнічтажэньне ўсяго беларускага, падпарадкаваньне народу пры дапамозе тэрора й страха зьяўлялася плянам Сталіна, і ён здолеў дамагчыся свайго, хаця й няпоўнасьцю. Шмат хто зь беларусаў спадзяваўся, што ўзьяднаньне краіны будзе гістарычнай падзеяй і прывядзе да незалежнасьці Беларусі. Але на самой справе ўсё сталася інакш. Нават тыя людзі, што былі найбольш інфармаванымі пра дзейнасьць КГБ — прылады Сталіна — ня верылі, што ён можа выкарыстоўваць такія сродкі. Усе ж, хто выказваў расчараваньне, бясьследна зьнікалі.
Я ведаў, што ўсё, што кажа Базыль, ёсьць праўдай, таму што я на сабе адчуў жорсткія метады гэбісцкіх расьсьледваньняў. Калі б допыты працягваліся, я сам, магчыма, падпісаў бы прызнаньне, каб спыніць псыхалягічны й фізычны зьдзек. Па-праўдзе, я ня веру, што нехта змог бы доўга вытрымліваць катаваньні й супрастаяць. Я ўяўляю, што прымусіла маршала Тухачэўскага, якога абвінавацілі ў шпіянажы на карысьць Нямеччыны ў перыяд з 1936 па 1937, сазнацца ў «грахах». Ён ня быў шпіёнам — проста не пагаджаўся са Сталіным. Каля 35 тысячаў афіцэраў былі абвінавачаныя ў здрадзе Сталіну й альбо расстраляныя, альбо сасланыя ў ГУЛАГ. Гэта сьведчыць пра тое, што Сталін быў параноікам. Любы, хто аказваўся больш папулярным, чым ён, разглядаўся як пагроза й зьнішчаўся.
Немцы вельмі хутка прасоўваліся на ўсход і напрыканцы верасьня дайшлі да Смаленска. Генерал Браўчніц прапанаваў Гітлеру спыніць наступ, пакінуць Беларусь, Украіну й Прыбалтыку ў якасьці буферных краінаў, забясьпечыць армію ўсім неабходным і затым рушыць далей. Аднак Гітлер не пагадзіўся з гэнай прапановай, зьняў Браўчніца з пасады Камандуючага ўсходнім фронтам і замяніў яго больш паслухмяным чалавекам, які й рушыў на ўсход. Адзін з членаў «Остміністэрыюм,» барон фон Энгельхард, які меў у Берліне высокі пост, таксама падтрымліваў плян пакінуць Беларусь, Украіну й Балтыйскія краіны як буферныя дзяржавы, што стала б базай далейшага заваяваньня Савецкага Саюза, але прапанова Энгельхарда засталася па-за ўвагай Фюрэра. Гітлер наважыў да канца лістапада папіць гарбаты ў Маскве.