Юрэвіч Лявон
Шрифт:
Яўген спытаўся, хто я такі. Я ня мог паверыць, што настолькі зьмяніўся, што ён не пазнаў мяне. Я згубіў каля трыццаці кіляграмаў вагі й, відаць, дрэнна выглядаў. У мяне адрасла барада, валасы былі растрапаныя, вопратка — брудная й парваная. Я зірнуў на Яўгена, назваў па імені й сказаў, як мяне клічуць. Я нагадаў яму пра Ніну, цётку Любу, пра тое, як мы купаліся, лавілі рыбу летам у Любчы. Яўген зьмяніўся ў твары. Ён быў агаломшаны, але потым згроб мяне ў абдымкі й паведаміў, што ёсьць цяпер камэндантам гэтага ўчастка й мусіць ачысьцьць гэтую мясцовасьць ад камуністаў, адплаціць ім за тое, што яны зрабілі з намі. Я сказаў, што ўсе камуністы зьбеглі, а людзі, што засталіся, ня маюць да іх дачыненьня й самі ад камуністаў нацярпеліся. Яўген заўважыў, што нельга быць такім даверлівым, бо некаторыя бальшавікі пахаваліся па хатах і ў лясох і ўсё яшчэ пагражаюць нам. Хаця, па ягоных словах, гэта быў ня самы лепшы час, каб абмяркоўваць рэчы накшталт, і прапанаваў мне выпіць. Але я так саслаб, што пабаяўся піць. Тады мяне пакармілі, я памыўся, атрымаў чыстую вопратку й цёплы ложак і адразу ж заснуў.
Нараніцу, калі я прачнуўся, Яўген прапанаваў мне сьняданак. Ён даў мне брытву, мыла й піджак. Цяпер я пачуваўся значна больш прэзентабельным. Я спытаўся, ці ня чуў Яўген чаго пра маю сямью. Той адказаў, што, як пачалася вайна, ён згубіў сувязь зь імі. Я падумаў, што ён проста ўхіляецца ад адказу, бо жыве ўсяго толькі ў дваццаці пяці кілямэтрах ад Любчы.
Яўген загадаў селяніну, які меў каня й брычку, адвезьці мяне ў Любчу. Я заўважыў, што селяніна гэта ня надта ўзрадавала й паехаў ён неахвотна. Я ўзьлез у брычку й спытаў свайго сябра, ці не зрабіўся ён, часам, палякам. Яўген адказаў, што, магчыма, і так, бо вучыўся ў польскай гімназіі, жыў пад палякамі й быў каталіком. Ён сказаў, што ў гэтай мясцовасьці быць палякам выгадней за ўсё й што ён абавязаны Польшчы больш, чым якой іншай краіне. Я прамоўчаў, але быў крыху расчараваным.
Мы праехалі ня больш за пяць кілямэтраў, як селянін спыніўся й загадаў мне злазіць. Я запярэчыў, што па загадзе камэнданта ён мусіць адвезьці мяне ў Любчу. Я паабяцаў, што заплачу, як прыедзем, бо ў мяне тамака сямья. Селянін адказаў, што ехаць празь лес надта небяспечна, бо наўкола поўна чырвонаармейцаў і гэбістаў. Ён не зьбіраўся рызыкаваць празь мяне жыцьцём і пагрозьлівым тонам загадаў зьлезьці. Што зробіш — я падпарадкаваўся й пайшоў пешшу.
Калі я йшоў праз Налібоцкую пушчу, я пачуваўся, як у храме. Я хутка забыўся на абразу селяніна й амаль што на сваё мінулае. Я быў у стане экстазу ў гэным такім прыгожым і знаёмым лесе. Мне рабілася ўсё лепш і лепш. Стома амаль прайшла, магчыма, таксама дзякаваць добраму сну й ежы. Хаця мне ўсё яшчэ было балюча дыхаць, не хапала паветра, і я адчуваў, што ў лёгкіх у мяне вада.
Я йшоў з хуткасьцю тры-чатыры кілямэтры ў гадзіну й пад вечар дайшоў да паўднёвага краю пушчы. Яна была вядомым запаведнікам і захоўвалася ледзь не ў першабытным стане. Празь яе йшла толькі адна дарога, якая вяла ў Любчу й далей — у Наваградак. У 1933 годзе беларускія патрыёты хаваліся ў пушчы ад перасьледу палякаў. Патрыёты зрэдку наляталі на паліцэйскі ўчастак, які кантралявалі палякі.
Гэны лес, зь ягонай расьліннасьцю, дзікай прыродай і доўгай гісторыяй, меў вялікае значэньне для мяне. Я часта хадзіў сюды зь Любчы зьбіраць грыбы, на паляваньне альбо проста, каб пагуляць, паназіраць за прыродай.
На адлегласьці я ўжо мог распазнаць Нёман, знаёмую царкву, маёнтак Набокавых. Я спыніўся й укленчыў, каб атрымаць поўную асалоду, ад гэнага відовішча. Ці пабачу я сваю маці? Што мяне тамака чакае? Я пайшоў шпарчэй. Заставалася яшчэ кілямэтры са два да пантоннага маста на рацэ. Хутка я перайшоў яе й накіраваўся да хаты майго дзеда. Кожны крок, кожны камень і куст былі мне знаёмыя й нагадвалі дзяцінства й шчасьлівыя дні разам з братам Вальтэрам. Я ўзгадаў, як мы рыбачылі, каталіся на лодцы, плавалі. У мяне паліліся сьлёзы з вачэй. Я плакаў ад шчасьця, бо быў свабодны, жывы й дома.
Я падышоў да гаспадаркі свайго дзеда. Я пералез праз плот, мінуў агарод, сад і падышоў да цёплай хаты, дзе я правёў столькі шчасьлівых дзён. Я спыніўся ля дзьвярэй. Страх, што я магу ня ўбачыць сваю маці паралізаваў мяне. Потым дзьверы адчыніліся й выйшла цётка Люба. Яна была ў шоку. Затым выйшлі мой дзед і мая бабка. Яны пачалі плакаць. Яны не маглі паверыць, што я вырваўся з рук КГБ. Я ня чуў амаль нічога з таго, што яны казалі. У мяне мелася толькі адно пытаньне: «Дзе маці?» Усе замаўчалі. Тады цётка Люба паведаміла мне, што мая маці загінула ад нямецкай бомбы, калі праводзіла эвакуацыю пацыентаў з лячомніцы ў Наваградку. Яна загінула на сваім пасту, падчас выкананьня сваіх абавязкаў, якраз як і бацька. Цётка сказала, што мая маці — гераіня, якая, як і мой бацька загінула на перадавой.
Я разрыдаўся. Я ніколі так ня лямантаваў. Сеў на лаўку ля дзьвярэй, сагнуўся й плакаў. Ніхто мне не перашкаджаў. Ня ведаю, колькі прайшло часу перад тым, як я знайшоў у сабе моц узьняцца й спытаць, дзе маці пахаваная. Мне адказалі, што на ваенным магільніку ў Наваградку, і я вырашыў перавезьці ейныя парэшткі ў Любчу, каб пахаваць яе побач з маім бацькам і братам.
Ня памятаю, што было потым. Я, здаецца, пайшоў у хату, памыўся й пераапрануўся ў чыстую бялізну й кашулю. Вадаправоду тады не было, і ваду трэба было награваць. Мяне памыла мая цётка, якая йзноў пачала плакаць, калі пабачыла шнары на сьпіне, якія засталіся пасьля допытаў у КГБ. Яна нічога не пыталася. Не хацела верадзіць і без таго балючыя раны. Яна асьцярожна абцерла мяне ручніком і пацалавала шнары. Я пачуваўся так добра! Нарэсьце нехта пра мяне клапаціўся! Мяне йзноў нехта любіў!
Мне спатрэбілася некалькі дзён, каб уладкавацца дома, прызвычаіцца да сапраўднай свабоды. Сьмерць маці была цяжкім ударам для мяне, і я ня мог пакуль плянаваць далейшае жыцьцё. Я жыў аднім днём. Я пазьбягаў размоваў і бавіў шмат часу ля Нёмана, хадзіў на шпацыр уздоўж лесу. Ня ведаю, ці думаў я ўвогуле пра што. У галаве ў мяне было пуста. Я ня ведаў, што рабіць. Я ня верыў, што на гэтай зямлі ёсьць месца, дзе я змагу дасягнуць нечага. На той час я нават забыўся на сваю асноўную мэту — медыцыну. Цяпер я разумею, што знаходзіўся тады ў стане моцнай дэпрэсіі. Мне было ўсё роўна жывы я ці мёртвы. Аднак пасьля некалькіх дзён на сьвежым паветры, на сонцы, пасьля добрай ежы ўсё пачало мяняцца. Нягледзячы на зьбядненьне, выкліканае вайной, бабуля, зь ейнай дабрынёй, здолела раскарміць мяне так, што я йзноў стаў дужым мужыком.