Мінскевіч Серж
Шрифт:
Адзін кажан наважыўся падхапіць ката Міамурмарора. Другі нацэліўся і паспрабаваў падняць мастака Дроздзіча, але той паспяхова адбіўся, тыцнуў парасонам кажану ў жывот. Са спіны да мастака Дроздзічу падляцеў вялізны нетапыр і падхапіў таго за каўнер. На Арціна напалі адразу трое агромністых кажаноў. Ён, як мог, адбіваўся сваім вострым мячом, але і яго здолелі падхапіць. Даўжэй за ўсіх абараняўся Бедалдай. Сякерай ён разагнаў над сабою некалькі зграй голакрылых пацукоў, але і яго, урэшце, схапіў вострымі кіпцюрамі гіганцкі нетапыр. Крылатыя стварэнні, пераўтварыўшыся ў адну суцэльную чорную хмару-лавіну, панесліся ўздоўж берагоў Імховай Выспы.
Паляндра ў вобліку кажаніцы зрабіла некалькі колаў над Чорным Балотам. Яна моцна трымала ў кіпцюрах Алеоллу, і, пачакаўшы, пакуль да яе падляцяць іншыя нетапыры, якія неслі ката Міамурмарора, мастака Дроздзіча, Арціна і Бедалдая, паімчалася над лесам, паказваючы ўсім шлях.
Жалобная Каралева скіравала туды, дзе ў самым непралазным гушчары стаяў расколаты ўцёс. У яго расколіне, якая ішла глыбока ў зямлю, жылі гэтыя крылатыя стварэнні. Там, сярод іх стотысячнай калоніі, нават самым адважным людзям было б вельмі і вельмі страшна.
Хаця кот Міамурмарор, здавалася, ужо цалкам перастаў супраціўляцца. Яго, учапіўшы кіпцюром за карак, нёс над зямлёй малады нетапыр. Пэўна, кот самлеў ад сораму — як жа так, ката злавіў лятучы пацук. Вочы Міамурмарора былі змружаныя, лапы недарэчна абвіслі, хвост матляўся на ветры, як рудая вяроўка, галава бязвольна боўталася сюды-туды. Арцін здалёк заўважыў ката і са шкадаваннем падумаў, што слаўны Міамурмарор зусім страціў надзею альбо — што яшчэ горш — здаўся.
Але калі б Арцін мог чытаць думкі, то яму не прыйшлося б так моцна турбавацца за ката. Слаўны Міамурмарор адмыслова перастаў тузацца і борсацца, каб самому сабе не перашкаджаць — ён прыслухоўваўся. А каб лепей прыслухацца вядома, трэба шчыльна заплюшчыць вочы. Чуйныя вушы ката ўлавілі тонкае цыканне, якое выдавалі крылатыя стварэнні. Людзі не могуць пачуць такое цыканне, яно нашмат танчэйшае, чым тыя гукі, якія чалавечае вуха можа ўлавіць, а вось вушы ката — могуць.
Цыкалі ўсе кажаны, нетапыры, лятучыя пацукі, шакалы і гіены. Цыканне ляцела наперад, як тонкае рэха, адлюстроўвалася ад камянёў, дрэў, зямлі, паверхні балота і, адбіўшыся, трапляла назад у вушы крылатых стварэнняў. Менавіта так яны вызначалі сабе шлях і выяўлялі перашкоды на ім.
«Дык вось, як яны мяне пад ядвабнай накідкай заўважылі», — падумаў Міамурмарор. Хітры кот, прыкінуўшыся абамлелым, пачаў ціхутка і тоненька мяўкаць і нарэшце падабраў патрэбны тон. Калісьці ў дзяцінстве, калі Міамурмарор быў зусім маленечкім кацянём, ён менавіта так і пішчаў-мяўкаў. Бывае ж, што кацяня рот раскрывае — мяўкае, але яго зусім не чуваць. Толькі маці-котка вухам у яго напрамак вядзе.
Кот Міамурмарор набраў поўныя лёгкія паветра і з ўсёй моцы замяўкаў пісклявым галаском, падобным да цыкання, якое выдавалі кажаны і нетапыры.
Уся карціна балота і лесу ў галовах кажаноў і нетапыроў тут жа застракацела, затрымцела і ператварылся ў суцэльную рабізну, як быццам была намалявана на марской роўнядзі, па якой раптам дзьмухнуў вецер. Кажанам і нетапырам стала немагчыма што-небудзь разабраць. Крылатыя стварэнні, як сляпыя, пачалі кружляць над лесам, над балотам, баючыся дзе-небудзь прызямліцца. Паляндра ў вобліку кажаніцы таксама збілася са шляху. Яна адчайна спрабавала вызначыць дарогу з дапамогай вачэй, але вочы кажана, якія прызвычаіны да цемры, дрэнна бачылі днём.
— Вось слепандзёвыя! — зласліва прабурчэла сабе пад нос Жалобная Каралева.
Яна ледзьве вызначыла, дзе знаходзіцца яе Чорнае Балота, развярнулася і паляцела назад. Арыентуючыся па лопаце яе крылаў, астатнія крылатыя стварэнні рушылі ўслед.
Над Чорным Балотам Паляндра-кажаніца зноў ператварылася ў Жалобную Каралеву, але яна была збіта з тропу і цалкам страціла сілы, так што не змагла даляцець да Імховай Выспы, і разам з Алеоллай звалілася ў балота. Кажаны і нетапыры таксама ад знямогі ўпусцілі сваіх ахвяр. Кот галавой уніз упаў у балотную жыжу і, вядома ж, перастаў тонка мяўкаць. У гэты момант кожны кажан, кожны лятучы шакал, пацук і гіена, нарэшце, убачылі, дзе знаходзяцца, і дзе знаходзіцца той уцёс з расколінай, і стрымгалоў, пакуль у галаве не знік малюнак мясцовасці, панесліся ў сваё котлішча.
Услед за катом, у балота пападалі Арцін, мастак Дроздзіч, Бедалдай. Ні іх, ні Алеоллу балота не страшыла. Яны ўсё яшчэ былі ў вадаступах. Дзяўчына схапіла за рукі Жалобную Каралеву, каб тая не патанула. Але ўсё роўна, разам яны сталі паступова апускацца на дно — дваіх вадаступы Алеоллы вытрымаць не маглі.
— Трымайцеся! — крыкнуў мастак Дроздзіч.
Разам з Бедалдаем яны паспелі прыйсці ім на дапамогу і падаць рукі.
Кот Міамурмарор, які так неабдумана зняў свае вадаступы яшчэ перад церамам Паляндры, ужо амаль цалкам схаваўся пад чорнай вадой. Толькі над роўняддзю балота вецер распушваў яго руды хвост. Хвост і выратаваў ката — дакладней, выратаваў яго Арцін, які стаў цягнуць ката за хвост.
— Першы раз у жыцці цягну ката за хвост, — пажартаваў будучы віцязь.
Усе паспяхова выйшлі на Імховую Выспу. Арцін і Бедалдай распалілі агонь — раздзьмулі вуглі і падклалі дроў у вогнішча, дзе нядаўна варылася ў казанку поліўка. Сталі грэцца. Паляндра ўся дрыжала ад злосці і холаду, глядзела на ўсіх лютым позіркам.
— Вызваляй, Паляндра, нашых людзей, — загадала Алеолла.
— І ўсіх палонных звяроў, — дадаў кот Міамурмарор.
Яму было лепш за усіх. Пасля перажытага ён атросся, прысеў на беразе і, як гэта робяць усе каты без выключэння, стаў вылізвацца.