Вход/Регистрация
Усмешка жалобнай каралевы, альбо тайна магнітнага замка
вернуться

Мінскевіч Серж

Шрифт:

— Прывітанне хвалебным купцам! — павітаўся Палямон.

— Прывітанне хвалебным рыбалям! — адказалі купцы.

— Адкуль шлях трымаеце? Што на свеце чутно?

— З Залатога Горада плывём у Дзівін. Пад Векавым страшная бітва была. Князь Граней разбіў арду Печаных Ног.

— А мы таксама ў сябе на Светлых Азёрах арду разбілі! Ярвяне кінуліся наўцёкі! Мы ледзь не аслеплі — так пяты ў іх зіхацелі! Плывіце спакойна! Яны носу доўга яшчэ не пакажуць.

— Хіба ярвяне ўцякалі? — здзіўляліся купцы

— Яшчэ як!

— Любамірнай вады! — памахалі рукой купцы.

— Дзякуй! Вам таксама! — адказаў ім Палямон.

Плаванне праходзіла спакойна — у гэтых месцах даўно ўжо не было ні рачных піратаў, ні лясных разбойнікаў. Праз тыдзень ладдзя ўвайшла ў возера — гэта была Прыта, што выйшла з берагоў. «Ладачка», злавіўшы вецер, накіравалася на поўдзень.

Але праз некаторы час мастак Дроздзіч, які стаяў на носе, крыкнуў:

— Назад! Чорная хваля!

Халямон, Санцелямон, Панцелямон і Арцін кінуліся здымаць ветразь. Да іх на дапамогу пабег Брахіндзей — сабака ўчапіўся ў вяроўку зубамі і, рыкаючы, пацягнуў на сябе.

І ўсё роўна носам ладдзя «ўліпла» ў чорную хвалю, нібы ў смалу.

— Абуваем вадаступы, і штурхаем ладдзю назад! — загадаў Арцін.

— А мы на вёслы — грабём назад! — скамандаваў сваім сынам Палямон.

Арцін, мастак Дроздзіч, Бедалдай, Алеолла і нават кот Міамурмарор, які ўпер-

шыню абуў вадаступы, наляглі на борт ладдзі.

— Давай! Усе разам! Мы весланём! А вы штурханіце! — закрычаў Палямон. — І р-раз! І р-рраз! І рр-ррраз!

На гэтыя «і рраз», вельмі жыва адгукаўся Брахіндзей — ён злавіў рытм і брахаў на свой манер: «Ірр-гаў! Ірр-гаў!»

Ладдзя расхіствалася і памалу адыходзіла назад у чыстую ваду. Агульныя намаганні ўвянчаліся поспехам — «Ладачка» стала вольнай.

— Удалай выправы! — пажадалі рыбакі па-свойму.

— Дзякуй! Да сустрэчы! — адказалі рыбакам іх былыя госці.

Але на гэта рыбакі нічога ўжо не адказалі, і, не развітваючыся, паднялі ветразь. «Ладачка» адправілася ў зваротны шлях, а сябры — у свой.

***

Чорнай хваляй на дзясяткі вёрст былі затоплены лясы. Сям-там віднеліся цёмназялёныя ўзгоркі, да якіх не дабралася вада. На іх было шмат усякай лясной звярыны — казулі, ласі, лісіцы, ваўкі... Падавалася, бяда іх усіх прымірыла.

Сябры моўчкі паглыбляліся ўсё далей і далей, усё глушэй і глушэй у затоплены гушчар, дзе нават магутныя дрэвы былі падобны да аднаногіх волатаў, якія патрапілі ў палон да Чорнага Балота.

Калі ж чорная вада стала вельмі густой, мастак Дроздзіч нагадаў:

— Пара апрануць накідкі.

Ён раскрыў свой парасон, а ўсё астатнія ахінуліся ў ядвабныя накідкі.

Наперадзе віднеліся балотныя купіны з гнілымі карчамі — першая прыкмета таго, што пачынаюцца валоданні Жалобнай Каралевы Паляндры.

XXVII

І НА БАРБАРУХУ БЫВАЕ ПРАРУХА

Праз тры дні сябры, нарэшце, дайшлі да таго месца, дзе мастак Дроздзіч звычайна пакідаў для чорных чапляў слоік з вусенямі-ўсмуткамі.

— З-пад накідак носу не высоўваць, — папярэдзіў мастак Дроздзіч, — хутка чаплі прыляцяць, могуць вас заўважыць.

Са сваёй торбы ён дастаў пузаты слоік, амаль даверху напоўнены вусенямі. Сярод іх ужо ляжалі перафарбаваныя ягады шаўкоўніцы. Мастак паставіў слоік на балотную купіну, а сам схаваўся пад парасонам, тры разы тонка свіснуў, як плача байбак, і пачаў прамаўляць:

Чаплі-хаплі,

Прылятайце,

Хап-лап-чапайце,

Чапляйце!

Над балотам пачуўся шум, закруцілася чорная віхура, і да купіны спусцілася чорная чапля. Адным вокам яна зазірнула ў слоік.

— О, як тут шмат смачных вусеняў, — услых падумала яна, — з’ем аднаго, ніхто і не заўважыць.

Чапля апусціла дзюбу ў слоік, дастала перафарбаваную ягаду шаўкоўніцы, пад кінула яе ў паветра, шырока раскрыла дзюбу, і ягада-вусень заляцела ёй прама ў даўгуткую глотку.

«Як яна толькі не папярхнулася», — падумала Алеолла.

Чапля спакойненька праглынула ягаду-вусеня і нават закрыла вочы ад задаваль нення.

— Вой-ой, што са мной-ой-ой? — завойкала чапля. — Хі-хі-хі, як цёпленька ў жывоціку і весела, — запляскала яна крыламі, а з іх сталі разлятацца чорныя пырскі.

— Вось табе і дзівосы, — сказаў кот Міамурмарор, — чапля растае ад шчасця.

Насамрэч, раставала толькі чорная афарбоўка на яе апярэнні. Чапля паступова,

кропля за кропляй, рабілася цалкам белай. Неўзабаве яна ўся ператварылася ў беласнежную прыгажуню, толькі кончыкі крылаў засталіся чорнымі. Чапля ганарліва падняла галаву і сказала:

  • Читать дальше
  • 1
  • ...
  • 57
  • 58
  • 59
  • 60
  • 61
  • 62
  • 63
  • 64
  • 65
  • 66
  • 67

Ебукер (ebooker) – онлайн-библиотека на русском языке. Книги доступны онлайн, без утомительной регистрации. Огромный выбор и удобный дизайн, позволяющий читать без проблем. Добавляйте сайт в закладки! Все произведения загружаются пользователями: если считаете, что ваши авторские права нарушены – используйте форму обратной связи.

Полезные ссылки

  • Моя полка

Контакты

  • chitat.ebooker@gmail.com

Подпишитесь на рассылку: