Вход/Регистрация
Знак бяды
вернуться

Быкаў Васіль

Шрифт:

Пятрок пакрактаў, не хацеў, адчуваў няёмкасць, але мусіў пайсці ў хату, і яна пачала ўслухоўвацца з сянец у не дужа ахвочую іх гаворку. Але хіба гэты Пятрок што зробіць як трэба — ён пачаў дужа здалёку, і гадзіну яны гаварылі пра іншае, успаміналі колішняе жыццё за царом, парадкі ў мястэчку і розныя навакольныя здарэнні ў лесе, на паляванні. Тады, выцершы фартухом рукі, Сцепаніда таксама сунулася цераз парог. Нешта адчуўшы, пан Адольф надзеў у рукавы свой чорны кафтан і зашпіліўся на ўвесь рад гузікаў. Яна прысела на лаве каля парога, а ён, крэкчучы, умасціўся ў старасвецкае дубовае крэсла насупраць вялікага цьмянага люстэрка ў прасценку.

— Даруйце нам, пане Адоля, — сказала Сцепаніда, як ён паправіў полы кафтана і склаў на каленях худыя рукі.

— Пан Езус даруе, — сказаў Яхімоўскі і строга, працягла паглядзеў у парог.

— Вы ж ведаеце, мы не самі. Ці ж мы прасілі? Нам далі.

— Але ж вы не адмовіліся…

— Ну як жа адмовіцца, пане Адоля? Аддалі б яшчэ каму. Вунь Ганчарыкам нічога не дасталося.

Здаецца, яна сказала трапна, Яхімоўскі хвіліну змоўчаў, мусіць, не ведаючы, як адказаць ёй. Толькі пасля вымавіў цвёрда, нібы прысуд:

— Цёнгле быў грэх квапіцца на чужое. На чужым і дармовым шчэнсця не бэндзе. Мне шкада вас.

Яны прымоўклі на парозе, а ён неяк задуменна ці роспачна ківаў голай і жоўтай, як касціна, галавой, думаў што ці дакараў іх моўчкі. Гэтыя яго словы — не пра сябе, а пра іх — неяк дужа кранулі трывогаю Сцепаніду, і яна зараз жа адчула нейкую благую праўду ў іх і замаркоцілася.

— Але ж нічога не зробіш, — сказаў ён пачакаўшы. — Я не жычу вам блага, хай Езус, Марыя памогуць вам…

— Дык дзякуй за тое, — сказала Сцепаніда амаль расчулена.

Гэта было галоўнае — каб ён не затаіў на іх крыўды, не пажадаў благога, з астатнім яны як-колечы саўладалі б. У іх быў конь, была гаспадарка, у свірне пакінулі ім насення, каб абсеяць ярыной іх дзесяціны, можа, яшчэ застанецца і ячменю на крупы ці гароху на суп. Бульбы ў гаспадарцы хапала, было два кублы сала — з восені ашчаджалі для парабкаў у пільніцу, цяпер парабкаў тут болей не будзе. Ужо яны б яго пракармілі, гэтага старога, як родзіча-кутніка, як дзеда. Бог з ім! Ці яны хацелі яму злога!

Тым часам капрызлівая, з халадамі, вясна доўжылася ледзь не да Вялікадня, і толькі пасля памалу, бы нерашуча, запознена пачало цяплець. На Юр'еў дзень дык стала і зусім цёпла, і, устаўшы раненька, Сцепаніда з Петраком па старадаўнім звычаі пайшлі ў хлеў. Некалі ў гэты дзень выганялі скаціну на пашу, але цяпер выганяць не было куды: апроч шэрай свінухі, на пожнях яшчэ не нарасло нічога. Пятрок стаяў у дзвярах, а Сцепаніда рэштаю прыпасенай з Грамніц абхадной свечкі нацерла карове падгрудак — ад злога духу і каб была малочнай улетку, а Пятрок, запаліўшы пучок сухой евангельскай траўкі, старанна акурыў хлеў, каровіна і кабыліна стойлы — так было заведзена здаўна і так заўжды рабілі на хутары. Калі яшчэ пацяплела к паўдню, парабіўшы, што трэба было, ля хаты, Сцепаніда дастала з палічкі свянцоныя галінкі вярбы, завязала ў хусцінку кавалак прыхаванага з Вялікадня куліча. Чысцей апрануўшыся, яны ўдваіх пайшлі на агледзіны поля, якое цяпер добра парыла пад ласкавым сонцам — чакала ратайскага плуга.

Найперш пачалі з азіміны ля сасонніку, дзе ўжо ярка зелянела прадаўгаватая ніўка ад самага рова паўз хутарскі гарод і будынкі. Пятрок ішоў наперадзе і трохі стрымана ўсміхаўся ў коратка падстрыжаныя вусікі. Быў ён тады не так сабе і малады, але і не стары — што сорак гадоў для мужчыны? А ўсміхаўся зноў ад тае ж неспадзяванай іх радасці: ішоў на хутар, лічы, прымаком і парабкам, а во стаў гаспадаром і азірае свае палеткі. Канешне, ён разумеў, што з дзвюх дзесяцін не забагацееш, але, можа, як пражывеш з свайго хлеба. Трохі баяўся, каб праз гэтую зіму і асабліва халодную, зацяжную вясну не падупала азіміна, але, здаецца, благое іх абышло — жытнёвая рунь ужо аправілася ад замаразкаў і яркім аксамітам зелянела на ўсім прасцягу. Праўда, ніжэйшая мясціна каля дарогі была яшчэ цемнаватая, мабыць, прымокла ад доўгай вады, Пятрок саступіў з узмежка і нагнуўся, каб вырваць каліўка, паглядзець карэньчык. Але толькі ён памкнуўся да абвялага ніцага парастка, як згледзеў у зліплых глыжах нешта шэранькае, бы камочак чаго чужога, і пальцы яго міжвольна паднялі з зямлі за растапыранае крыльца маленькую шэрую птушачку. То быў жаўраначак, мабыць, з тых небаракаў, што ашукаліся першай абяцанкай вясны і паплаціліся жыццём за сваю заўчасную песню.

— Глянь, Сцёпа…

Сцепаніда падбегла да Петрака па ўзмежку і расчулена пераняла з ягоных рук небараку-птушачку, раскіданыя крыльцы якой без сілы абвіслі ў паветры, таксама як і галоўка з маленькай разяўленай дзюбкай.

— Божа… Пятрок! Што ж гэта?.. Гэта ж кепска…

— Кепска?

— Ой, гэта ж няшчасце! Гэта ж на бяду нам, — гатова была заплакаць Сцепаніда.

Пятрок зніякавеў таксама, але стараўся заставацца бадзёрым і не хацеў паверыць, што ад гэтай малечы можа быць якое няшчасце.

— Ну якая бяда! Змёрз проста. Такая сцюжа…

— Божа мой, Божа мой! Нашто ж ты яго чапаў? Нашто ты яго згледзеў? — бедавала Сцепаніда сама не свая ад гэтага яўнага знаку бяды.

Нейкі час яны не ведалі, што рабіць, і, ашаломленыя, стаялі на мяжы над маленькай мёртвай птушачкай з белымі, як ніцыя жытнёвыя парасткі, падкурчанымі кіпцюркамі. Сцепаніда нават заплакала, і Пятрок не суцяшаў яе: мусіць, самому было не лепей. Жаўраначка закапалі пад мяжой у ямцы, уваткнулі над ім вербную галінку — для знаку. Не ведалі, што рабіць з астатнімі вярбінкамі, — неяк знікла жаданне абносіць імі азіміну, стала ніякавата і нават трошачкі боязна невядома чаго. Прыгнечаныя, яны без ранейшай цікавасці абышлі ўзмежкам надзел і павалакліся да хутара.

  • Читать дальше
  • 1
  • ...
  • 34
  • 35
  • 36
  • 37
  • 38
  • 39
  • 40
  • 41
  • 42
  • 43
  • 44
  • ...

Ебукер (ebooker) – онлайн-библиотека на русском языке. Книги доступны онлайн, без утомительной регистрации. Огромный выбор и удобный дизайн, позволяющий читать без проблем. Добавляйте сайт в закладки! Все произведения загружаются пользователями: если считаете, что ваши авторские права нарушены – используйте форму обратной связи.

Полезные ссылки

  • Моя полка

Контакты

  • chitat.ebooker@gmail.com

Подпишитесь на рассылку: