Шрифт:
Яна недаўменна пераняла з яго рук нейкі зграбненькі чорны футаральчык, нібы лёгенькую дзіцячую трунку, і не адразу сцяміла, што гэта і навошта.
— Скрыпка! — сказаў Пятрок.
— Здурнеў ты!
— Можа, і здурнеў.
— Гэта ж дорага, мусіць, — спалохалася Сцепаніда. — Во, хадзіць няма ў чым. У Федзькі башмакі разваліліся, а ён — скрыпку! Яна ж вялікія грошы каштуе. Мусіць, усе дзесяць аддаў?
Пятрок ніякавата патэпаў каля яе, узяў футарал і беражным дотыкам закарэлых пальцаў разняў зашчапкі. Ашчадна, нібы дзіця, выняў адтуль чырвона-блішчастую скрыпачку з чорнай дэкай і прыгожа закругленымі выразамі па баках.
— Ты ж хацела, — вінавата напомніў Пятрок.
— Калі гэта я хацела? Калі тое было? Тады маладая была, дзяцей не мела. А цяпер… Ну, ты здурнеў! У што цяпер абуцца будзе, хоць босая хадзі, а ён — скрыпку! Калі ты на ёй граць будзеш — во зіма канчаецца. Сеяць скора…
— Ды ўжо, мабыць, адсеяўся, — апанурана сказаў Пятрок і адчужана адышоўся, сеў на лаву. Нядоўгая прыўзнятасць у настроі канчаткова пакінула яго. На стале побач з футаралам ляжала не кранутая смычком скрыпка.
— Чырвонец аддаў, яшчэ два вінаваты. Напавер даў. Жыд адзін на станцыі.
Сцепаніда ляснула ў далоні.
— Тры чырвонцы, а-я-ёй! Ну, ты з глузду з'ехаў! Ашалеў на старасці год. Мы ж страхоўку яшчэ не заплацілі. Налог толькі за той год выплацілі, а ўжо новы прыслалі. Пені па нядоімцы набегла. Абуць нечага на ногі. Газы няма. Цукру з восені ані драбка, Фенечка без салодкага не есць нічога. Каб хоць булку якую купіць, а то скрыпку! І за такія грошы! Дзе ты цяпер возьмеш тыя чырвонцы? Хто табе дасць?
— У камуне заробім.
Сцепаніда злавалася, ледзь не плакала. Што ён гаворыць, гэты бязглузды чалавек, нашто яму скрыпка? У такі час? Калісь навучыўся трохі вадзіць смычком, раз на кірмашы ў мястэчку папрасіў у нейкага цыгана троху пайграць, яна стаяла поруч і пахваліла, дык ён загарэўся: куплю! І во знайшоў час і грошы — купіў, але не на радасць, хутчэй на бяду. Навошта ёй гэтая скрыпка? Ці да скрыпкі цяпер, калі не сёння, дык заўтра прыйдзецца завесці ў калгас каня, ссыпаць насенне, аддаць збрую, сані, калёсы, перайначыць усё жыццё на новы, нязнаны і немінучы лад. Ці да музыкі цяпер?!
Час так змяніўся, усе на вачах перайначваецца. Што засталося ад таго, як яны былі маладыя і з большаю сілай, а галоўнае — з такімі неспатольнымі марамі і спадзяваннямі?
14
Дужа недарэчная выдалася тым годам вясна, якая нямала дадала людзям турбот да іх і без таго немалых жыццёвых клопатаў.
Толькі што скончылася доўгая пакутная вайна, у вёскі і хутары пакрысе вярталіся дзецюкі і маладыя мужчыны, узнёслыя і ганарыстыя ад перамог над белымі, немцамі, палякамі, у вастраверхіх будзёнаўскіх шлемах, растаптаных гамашах з абмоткамі, з мяшэчкамі за плячыма, але з вялікан надзеяй пачаць новае, адваяванае ў старога жыццё. Трэба было брацца за зямлю, араць і сеяць, каб было што з'есці налета. Зямля чакала і таксама бы рыхтавалася да свае адвечнае справы — радзіць хлеб. З Благавешчання добра прыгрэла сонца, за які тыдзень сагнала ўвесь снег, стала цёпла і амаль што суха ў полі. На Вербніцу Сцепаніда з Петраком збіраліся ў царкву і яшчэ пасварыліся трохі ранкам — надзявацца ці не. Пятрок угрэўся раніцай на падворку і хацеў ісці ў адной сарочцы, але Сцепаніда змусіла яго накінуць паддзёўку, і яны, трохі незадаволеныя адно адным, выйшлі з істопкі, каб сцяжынай цераз азіміну скіраваць наўпрасткі да мястэчка. Стары Яхімоўскі таксама выцягся з хаты на двор і стаяў на сугрэве ля прызбы — прыгорблены, тонкі ў сваім вузкім чорным каптане з густым радам да шыі зашпіленых гузікаў, абапёршыся на старадаўні з перламутравым убранствам кіёк і неяк бы з зайздрасцю глядзеў ім услед выцвілымі старэчымі вачыма. Якраз за тыдзень да таго ён пусціў іх на хутар, бо ў Петраковай сям'і на Выселках ім ужо стала неяк, Сцепаніда адразу не паладзіла са свякроўю і надоечы папрасіла пана Яхімоўскага, каб налета пусціў у істопку — усё роўна яна ўжо гаспадарыла на падворку і ў будынках, а новы парабак Пётра будзе ў помач, бо куды ж ён мог дзецца без хаты, без сваёй зямлі і гаспадаркі. Раней дык з вясны выпраўляўся ў заробкі, батрачыць на фальваркоўцаў, цяпер жа было невядома, якія дзе будуць заробкі, ды і стаў не халасты — жанаты. Сцепаніда ласкава так папрасілася, і, мусіць, паважаючы яе чатырохгадовую адданасць хутару, Яхімоўскі пагадзіўся, сказаў: жывіце, месца хопіць, істопка цёплая. Тым больш — вясна на дварэ.
Вясна сапраўды шпарка каціла скрозь па абшарах, на касагорынах і ўзмежках порстка прабівалася зялёная траўка, дзецюкі і дзеўкі ў Выселках паскідвалі з ног лапці і пачалі хадзіць босыя — цяпер аж да восені. Пасля Благавешчання некалькі дзён і начэй запар над Галгофай і хутарам чулася радасна-трывожнае курлыканне журавоў — даўжэзныя, не дужа стройныя кліны іх знясілена валакліся ў ветраным небе на поўнач. На поплаве ў Бараннім Лозе ўжо з'явіўся аднекуль цыбаты аблезлы бацянок, спаважна хадзіў па багне, выглядаў жаб. Аднойчы ў сонечны ранак над полем азіміны пасыпалася з неба знаёмая песня жаўранка, і Сцепаніда, парадкуючы на падворку жывёлу, аж страпянулася ў радасці — і ад гэтае песні, і ад раптоўнага адчування шчасця.
Ішла першая вясна іхняга жыцця з Петраком, хай сабе не на сваёй зямлі, у чужой хаце, затое ў любасці, міры і згодзе. Яна ўжо хадзіла з новым чалавечкам пад сэрцам, часам слухала яго трапятанне, і думкі яе мкнулі наперад, туды, дзе іх ужо будзе трое. Гэты нябачны жаўраначак закрануў у ёй штось дужа сугучнае ў душы, на нейкі час яна без рэшты аддалася яму, услухалася ў спеў і адначасна ў гучанне ўласных душэўных бомаў. Ды ненадоўга. Таго ж дня пад вечар усхадзіўся сіверкі сцюдзёны вецер, з-за рова насунулася абложная сіняя хмара, дужа халаднела, і ўвечары пасыпаўся снег. Ураз у прыродзе ўсё дужа змянілася, азлела, наваколле зашарэла пад снегам, ад вясны не засталося і звання. У істопцы стала па-зімоваму холадна, але напаліць там не было як, печка-каменка калісьці палілася па-чорнаму, дым выходзіў у акенца пад столлю, якое цяпер было затулена мохам і дошкамі. Нанач Сцепаніда прынесла ў чыгунку жару з хаты, тым трохі грэліся, і яна думала ўсё: а як жа тыя жавараначкі ў полі? Спеву іх не стала чуваць на шмат дзён, у аснежанай буслянцы на старым клёне ў Выселках тырчэлі дзюбатыя галовы бусла з бусліхай, ноччу браў добры марозец, пазамярзалі лужыны, некалькі начэй, не сціхаючы, выў па завуголлі вецер. З дня ў дзень людзі чакалі, што пацяплее, снег, праўда, не ляжаў доўга, растаў, але затым пайшоў зноў папалам са сцюдзёным дажджом, усё навакол раскісла, і ўсё буяніў золкі паўночны вецер. У поле было не вылезці, людзі вытыркаліся з хат дагледзець жывёлу і зноў зашываліся ў прытулак — чакаць.
У такі час, калі яна неяк выйшла ў сенцы, каб натаўчы свінням бульбы, а Пятрок заняўся ў істопцы разбіраць гаспадарскую вупраж, у двары пачуліся галасы незнаёмых людзей. Кінуўшы таўкач, яна прыадчыніла дзверы, да якіх ужо ішлі ад варотцаў трое мужчын. У пярэднім — вусатым, усмешыстым мужыку ў вайсковым картузе — яна не адразу пазнала Цыпрукова з валаснога камітэта, другі быў бедна апрануты ў армячок высялкоўскі камсамолец Грышка, а трэці нёс пад пахай жоўтую кардонную папку з матузамі і быў ёй незнаёмы — можа, хто з павета ці нават вышэй. Мужчыны павіталіся, і Цыпрукоў спытаў, ці дома Адольф Яхімоўскі.
— Пане Адоля! — гукнула яна, прыадчыніўшы дзверы ў хату, каб гаспадар выйшаў насустрач гасцям, але тыя самі, не чакаючы запрашэння, пасунуліся ў дзверы. Яна засталася, дзе стаяла, — у сенцах над казаном з варанай бульбай, але не магла не ўчуць, пра што яны там гаварылі ў хаце. Пятрок таксама высунуўся з істопкі — затаіўшы дыханне, яны ўдваіх слухалі.
Зрэшты, неўзабаве ўсё стала панятна — прыезджыя апісвалі хутар. Найперш пачалі з зямлі, правяралі па дакументах хутарскія надзелы, межы, высвятлялі, колькі і чым засеяна, колькі ў арэндзе. Пыталіся пра парабкаў і арандатараў і ўсё запісвалі ў сваю кардонную папку.