Вход/Регистрация
Знак бяды
вернуться

Быкаў Васіль

Шрифт:

Так ён памалу клыпаў па людным пероне сярод нязвыклай для яго людской гаманы і беганіны, скаланаючыся ад раптоўных паравозных гудкоў і знянацкага чмыхання пары з-пад абмазучаных вагонных колаў. Галава яго была бы ў п'янага — аж гуло ў ёй і круцілася, і ён не разумеў, ці то ад бяссоннай начы ў перапоўненым людзьмі вагоне, ці ад гэтай гарадской калатнечы. Галоўнае — ён не ведаў, куды падацца з вакзала, і добра, што ў вагоне трапіўся чалавек з Халопеніч, які і паказаў, куды яму трэба рушыць. І Пятрок скіраваў ад вакзала вузенькім тратуарам, беручы бліжэй да будынкаў, часам аж натыкаючыся на бляшаныя трубы, што тырчэлі на сценах. Але ён баяўся апынуцца на краі, бо па бруку раз за разам з грукатам і лязгам несліся трамваі — не дай Бог наедзе — так і трыбухі вон. Таму ён ціснуўся да камяніц з бясконцым чаргаваннем дзвярэй і акон, у некаторых былі выстаўлены нейкія тавары, але ён не глядзеў на іх. Неяк з дзвярэй шыбанула чымсь смачным, і ён аж спыніўся, глянуў, здаецца, то была сталоўка: за невялічкімі столікамі сядзелі па чатыры чалавекі і елі штось белае на талерках, мабыць, пшонную кашу. У другім месцы пачалі трапляцца людзі насустрач, што неслі свежыя буханкі хлеба, некаторыя часам адломвалі ад іх скарынкі і крадком на хаду жавалі. Далей уздоўж нізкай абшарпанай будыніны выцягнулася шумная гаманкая чарга, пачатак якой хаваўся ў расчыненых дзвярах з вялізнымі літарамі «Хлеб» на шыльдзе. Пятрок аж падзівіўся: столькі народу, і ціха прайшоў па бруку, амаль страхавіта мінаючы той чалавечы гармідар. Далей па вуліцы і на тратуары было вальней. Яшчэ праз невялікі час, не дайшоўшы, аднак, да павароткі, дзе халопеніцкі чалавек наказваў павярнуць управа, ён адчуў, што зрабіў памылку, абуўшы ссохлыя за вясну боты, якія цяпер страшэнна мулялі ў пальцах, аж неяк было ісці. Знаў бы, дык паехаў бы лепш босы. Але босых тут не было відаць, усе ішлі абутыя, не тое што ў вёсцы. Ды і Сцепаніда насела: абуй боты, нягожа цяпер у горадзе босым. І во абуў на сваю пакуту.

Але неўзабаве ён забыўся на боты, мо прыцярпеўшыся, а мо ад здзіўлення, якое ахапіла яго на рагу дзвюх вуліц, як ён убачыў той гмах — шэрую, не зразумець, на колькі паверхаў, будыніну, цэлае нагрувашчанне камяніц з аднолькавымі вокнамі, але няроўных памераў і няроўна пастаўленымі фасадамі — то бліжэй, то далей ад вуліцы, з аграмадным пляцам-дваром пасярэдзіне і вялізнаю, з настольнік, палатніной сцяга паверсе. Там жа, пад дахам, быў і каменны герб Беларусі. Ну ведама, то быў самы галоўны дом Менска, дзе засядаў урад.

Пятрок замарудзіў хаду: трэба было сабрацца з духам, набыць рашучасці. Гэта ж не сельсавет і не райвыканкам, дзе ступіў тры крокі з вуліцы — і ты ўжо ў дзвярах, на парозе. А тут? Перш трэба было адгадаць, дзе тыя дзверы ці, можа, вароты, каб падысці да іх. Але ж там, пэўна, ахова, ці яна пусціць яго без дакументаў? Трэба будзе прасіцца. Усё болей пабойваючыся і трацячы невялікую сваю рашучасць, Пятрок памалу ішоў уздоўж дома-палаца і ўсё ўзіраўся ў прыступкі, дзверы, якіх тут было замнога нават для такога гмаху. Да якіх падысці? Ён думаў, што, можа, хто скіруе туды з вуліцы, тады б і ён павярнуў следам, але з вуліцы ніхто туды не скіроўваў, усе ішлі ўдоўжкі па тратуары. Невядома, колькі мінула часу, але сонца, напэўна, недзе ўзышло, толькі ці яго тут убачыш сярод камяніц. У доле скрозь ляжаў густы і прахладны, нібы ў ельніку, цень.

Так, нічога не вырашыўшы і ні на што не наважыўшыся, Пятрок мінуў шырокі падворак-пляц, пратупаў яшчэ крыху і ўбачыў збоку дужа прыгожы, змураваны з чырвонай цэглы касцёл. Іншы раз ён бы палюбаваўся гэткай спрытнай збудоўкай, але не цяпер. Заклапочаны, ён памацаў пад шпількай Сцепанідзіну паперыну, хацеў быў закурыць, але захваляваўся, павярнуўся і зноў пайшоў да Дома ўрада.

На гэты раз ён не дужа разглядваў яго і не выбіраў прыступкі — ён павярнуў да тых, што былі насупраць пад радам зашклёных дзвярэй. На прыступках і ля дзвярэй было пуста, але, прыгледзеўшыся, Пятрок заўважыў за шклом штосьці белае, якое спярша памалу варушылася, а затым насцярожана знерухомела. То быў міліцыянер, Пятрок пазнаў яго па белай кашулі, перакрэсленай наўкось чорным паскам ад рэвальвера, белай, з зоркай, фуражцы на галаве. Стала відаць, як міліцыянер з-за шкла з вялікаю ўвагай сочыць за Петраком, які ўжо выйшаў на сярэдзіну падворка, аднак усё болей замаруджваючы сваю хаду. Вялікім намаганнем ён прымушаў сябе ісці, але ногі кепска падпарадкоўваліся яму, упарта наравілі павярнуць убок, туды, дзе было многа людзей і куды не дасягаў позірк міліцыянера. І так сталася, што ногі перамаглі, збочылі ад прамога кірунку. Пятрок перастаў камандаваць імі і сам з вялікай палёгкай падаўся прэч з падворка да вуліцы, на тратуар.

Тут ён скінуў з сябе напружанне, уздыхнуў, адчуў, што ўвесь мокры ад поту, нібы на тым пракосе ў Бараннім Лозе, і некалькі часу ішоў па вуліцы, мала што прыкмячаючы навакол. Ён праклінаў сябе за нерашучасць, за тое, што ўлез у гэту справу, дакараў за гэткі дурны характар і ўгаворваў не хвалявацца, не баяцца дужа. Ну што яму той міліцыянер? Хіба ён ішоў сюды з кепскім намерам? Ён папытаць проста, як дайсці да таварыша Чарвякова ці хоць бы перадаць яму тыя паперы. Што ён, па сваёй волі гэта ці гэта яго інтарэс? Ён жа выканаўца агульнай справы, па даручэнні сяльчан. Сам ён тут амаль што старонні. Перадасць і пойдзе назад, чаго хвалявацца? І тым не менш не мог суняць страхавітага хвалявання і мог сысці немаведама куды ў гэтым горадзе і згубіць Дом урада. Пятрок спыніўся, трохі расслабіў правую нагу, якую, пэўна, ужо намуляў дашчэнту, рукавом пінжака выцер пот з твару. Не, усё ж ён падыдзе да міліцыянера, каб толькі спытацца, і нічога болей. Нашто баяцца.

Пятрок зноў пашкандыбаў да будынка-гмаху, стараючыся не звяртаць увагі на бот, які па-ранейшаму націраў пальцы. Як на тую бяду, да яго падступілася і ўсё болей пачала турбаваць звычайная чалавечая патрэба, але цяпер было не да яе, і Пятрок трываў. На рагу будынка, аднак, ён замарудзіў крок, каб не адразу сунуцца на пляц-падворак. Але ўсё ж сунуўся, прамінуў кветнік у доле і павярнуў да прыступкаў, баючыся нават зірнуць туды. А як зірнуў, дык зноў ледзь не спатыкнуўся: ля тых самых дзвярэй на ганку стаялі аж два міліцыянеры ў белым і моўчкі на ўсе вочы глядзелі на яго, бы толькі яго і чакалі. Пятрок, нібы заяц у зімовым полі, апісаў на асфальце крутую пятлю і ледзь не подбегам вярнуўся на вуліцу. Пакуль мінаў Дом урада, стараўся надаць сабе выгляд чалавека, у якога процьма немалаважных спраў і якога тут зусім не цікавіць нічога.

Мала што заўважаючы навакол, ён адышоўся далёка за чырвоны касцёл і ўжо не спыняўся. Спыніцца — значыла для яго павярнуць назад, зноў да Дома ўрада, а вяртацца ў яго ўжо не ставала сілы. Зноў жа ягоная патрэба вымагала пэўнага месца, якога ён нават не ведаў, дзе тут шукаць. Ён толькі дазволіў сабе дастаць капшук і згарнуць цыгарку. Закурка трохі супакоіла яго, і Пятрок не першы ўжо раз, але дужа выразна падумаў: нашто ён паехаў сюды? Зажыве нага, хай бы Сцепаніда і ехала. Яна бойкая, яна не сумелася б перад міліцыянерам. Яна ж брала чырвонец, які немаведама як аддаць, яна назбірала тых подпісаў, з якімі немаведама што зрабіць.

Даўшы сабе невялікую палёгку, ён пакурыў трохі, аддыхаўся ад нядаўняй страхавітай няёмкасці і так памалу ішоў люднай вуліцай, цікуючы па яе баках. Абапал грувасціліся то нізкія, то высокія будынкі з беззліччу вокнаў, балконаў, шыльдаў, у абодва канцы грукацелі набітыя людзьмі трамваі. Неяк угары над адным з іх густа пасыпаліся іскры, і Пятрок аж спалохаўся: загарыцца! Але не загарэўся, і ніхто на вуліцы быццам і не заўважыў таго, усе беглі сабе, занятыя ўласным клопатам. Тым часам ранак, мусіць, перайшоў на дзень, над дахамі закапцелых камяніц ускацілася спякотнае сонца, засень на тратуары зусім звузеўся, і так прыпякло, што хоць плач. Пятрок, колькі было змогі, трываў, хоць яму было ўжо не душна, а горача ў суконнай адзежыне, але ён не знімаў пінжака — усё ж баяўся за паперу і грошы. Ён кульгава ішоў люднай вуліцай трохі ўніз паўз трамвайныя рэйкі, што ўвесь час беглі поруч і дужа блішчэлі пад сонцам, пратупаў далёка, упарта думаючы: недзе ж павінна быць якая разрыўка, кусцікі, раўчук ці пустка, якія б яму спатрэбіліся. Але вуліца ніяк не канчалася, абапал бясконцымі радамі цягнуліся дамы — вялікія, меншыя, часам аднапавярховыя, як у мястэчку, затое паміж вялікіх цагляных гмахаў. І скрозь — вокны і дзверы, вокны і дзверы. У некаторыя можна было зайсці з тратуара, там штось прадавалася, але Пятрок толькі кідаў туды заклапочаны позірк і не заходзіў. Нага балела ўсё болей, ступню ён стаўляў цяпер бокам і лаяў сябе, што не памазаў боты, ад дзёгцю яны б сталі мякчэйшыя і, можа б, меней мулялі. Але спяшаўся ў Лепля, каб паспець на цягнік, а цяпер пакутуй. Не на жарт ён пачаў хвалявацца, бо ішоў час, а таго, што шукаў, нідзе не было відаць. Аднаго разу заглянуў у смярдзючы пад'езд з абадранымі аб вазы сценамі, але ў двары былі дзеці і жанчыны, адна вешала на вяроўцы бялізну і дужа цікаўна паглядзела на яго. Ад няёмкасці ён моўчкі павярнуў назад і хуценька выйшаў на вуліцу. Добра, што нічога не запыталася, што б ён адказаў ёй?

  • Читать дальше
  • 1
  • ...
  • 66
  • 67
  • 68
  • 69
  • 70
  • 71
  • 72
  • 73
  • 74
  • 75
  • 76
  • ...

Ебукер (ebooker) – онлайн-библиотека на русском языке. Книги доступны онлайн, без утомительной регистрации. Огромный выбор и удобный дизайн, позволяющий читать без проблем. Добавляйте сайт в закладки! Все произведения загружаются пользователями: если считаете, что ваши авторские права нарушены – используйте форму обратной связи.

Полезные ссылки

  • Моя полка

Контакты

  • chitat.ebooker@gmail.com

Подпишитесь на рассылку: