Вход/Регистрация
Знак бяды
вернуться

Быкаў Васіль

Шрифт:

— Устаць!

Спакваля, аднак, ён трохі глынуў паветра, раз і другі. Гуж зноў тузануў яго, удвух з Каландзёнкам яны паставілі яго на ногі і, ухапіўшы пад пахі, павалаклі цераз гарод да дрывотні. Ён ледзьве перастаўляў аслабелыя ногі, шапка яго засталася ў бульбоўніку, дужа стыла на ветры галава з рэдзенькім белым пухам — рэштаю яго валасоў. Але, мабыць, яму ўжо не спатрэбіцца ні шапка, ні якое здароўе, ні нават сама галава, і ён не шкадаваў сябе. Ён толькі думаў, што яшчэ трэба сказаць гэтым пачварам, — пакуль быў язык, ён яшчэ меў нейкую супраць іх зброю. Але, як назло, патрэбныя словы не ішлі ў галаву, і ён толькі тупа бубніў:

— Чакайце, чакайце, будзе вам…

— Гэта табе будзе! Гэта ты пачакай трошкі, — з тайным зларадствам паабяцаў Гуж.

Яны болей не білі яго, прывялі на падворак да прывязаных ля тыну коней. Каландзёнак усё трымаў яго пад руку, а Гуж чамусьці пабег у хату. «Ці не возьмуць яны і Сцепаніду?» — падумаў Пятрок. Ён думаў, што зараз убачыць яе і яны пойдуць разам на апошнюю сваю Галгофу, але вельмі хутка Гуж выскачыў з сянец адзін.

— Так, садзіся! — крыкнуў ён Каландзёнку. — Часу мала.

Каландзёнак, аднак, перш чым сесці на свайго панурага коніка, падвёў Петрака да варотцаў пад ліпамі і віскнуў:

— Марш! Туды! — і махнуў да гасцінца.

Пятрок пастаяў, сцюжа і воглы вецер трохі далі яму аддыхацца, і ўпершыню пасля запальчывага ўзрушэння з'явілася страхавітая думка: куды? Куды яны яго павядуць? Яны там абодва паўскоквалі на коней без сёдлаў, выязджалі з падворка, а ён стаяў у варотцах і не мог ступіць з месца. Чаго ён добраахвотна пойдзе за імі на свае пакуты, хай забіваюць тут, на парозе ягонага жытла, навошта яшчэ напаследак дагаджаць ім…

— Ну, марш!

— А не пайду. Забівайце…

— Як гэта — не пайду? — шчыра здзівіўся Гуж, гоцаючы вакол яго на кані. — Я табе задам такога «не пайду», што ты пабяжыш як падсмалены.

І ён злосна выцяў Петрака хварасціной па галаве — як варам апякло лысіну, Пятрок хіснуўся, але ўстаяў на нагах.

— Не пайду, нячысцікі! Хоць што хочаце, не пайду!

У ім зноў узнялася і падхапіла яго гняўлівая хваля крыўды і роспачы, яна дала яму сілы, і ён рашыў не здавацца. Адсюль ён нікуды не пойдзе, калі забіваць, дык хай забіваюць тут.

Гуж пакруціўся з канём па дарожцы, мабыць, не ведаючы, што рабіць з гэтым старым няўломкам, але болей не біўся, крыкнуў Каландзёнку:

— Вярніся, зірні там якую вяроўку.

«Звяжуць? Павесяць? Хай! Абы не ісці нікуды. Хай смерць, але дома», — горка думаў Пятрок, зусім ужо гатовы да смерці. Сцепаніды ён так і не ўбачыў, можа, яны забілі яе…

— Не хацеў па-харошаму — вісець будзеш, — прыгразіў Гуж, седзячы перад ім на кані. Доўгія ногі яго ў гразкіх ботах нізка боўталіся пад конскім брухам. — За аскарбленне паліцыі. І фюрара.

«Хай! Хай. Чым такая жысць — хай!» — думаў Пятрок, ужо не адказваючы яму. Ён ужо не азіраўся нават на сваю сядзібу і на падворак, ён думаў, што літасці ў іх не папросіць, як бы кепска яму ні зрабілі. Абы толькі стрываць, абы не доўга трываць…

— Рукі! Рукі! — віскнуў над вухам Каландзёнак і, не чакаючы, калі ён паслухаецца, сам ухапіў адну руку, другую, склаў іх на жываце і пачаў скручваць канцом вяроўкі. Пятрок чуў, як ён напружваецца, сапе, схіліўшыся да яго, і не супраціўляўся, толькі пазіраў на вяроўку і думаў: во куды прыгадзілася! То былі ягоныя лейцы. Тады, пры калектывізацыі, старыя аддаў з канём у калгас, а навейшыя прыхаваў у істопцы, часам навязвалі на іх карову, што-небудзь увязвалі на возе, а болей яны віселі на тоўстым цвіку ў сенях. Цяпер імі вяжуць ягоныя рукі. Спатрэбіліся.

Урэшце Каландзёнак завязаў тугі вузел на ягоных руках, другі канец вольна раскінуў у доле па стаптанай капытамі і развернутай аўтамабільнымі коламі дарозе, і Пятрок аж здзівіўся: нашто? Але тут жа стала ўсё зразумела — з другім канцом у руках паліцай узлез на каня.

— Пайшоў! Быстра! — скамандаваў Гуж, не ад'язджаючы, аднак, ад яго. Ад'ехаў адзін Каландзёнак, лейцы на гразі распрасталіся, напяліся і дужа тузанулі яго за рукі. — Быстра, сказаў!!!

Гуж зноў секануў яго дубцом па галаве, якую наскрозь працяў боль. Каб не ўпасці, Пятрок змушаны быў пабегчы на гэтай вяроўчыне за Каландзёнкам, які нагамі штурхаў у бакі каня, а Гуж з дубцом у руках паганяў яго ззаду.

— Быстра! Быстра, стары бальшавіцкі корч!

Пятрок не паспяваў, спатыкаўся, кідаўся ў бакі, апоркі вязлі ў гразі, але ўпасці цяпер на дарогу было б яшчэ горш. І ён бег, сігаў, тузаўся на вяроўцы, якая рвала скуру на ягоных руках і цягнула, валакла яго да гасцінца. Твар ягоны зноў замакрэўся ад слёз, якія няспынна студзіў пругкі вецер, што парывіста дзьмуў насустрач.

— Нячысцікі! Гадаўцы! — захлынаючыся ветрам, крычаў Пятрок. — Але пачакайце! Мой Федзька прыйдзе! Сын мой прыйдзе… Ён вам пакажа… Не думайце… Федзька прыйдзе!..

  • Читать дальше
  • 1
  • ...
  • 61
  • 62
  • 63
  • 64
  • 65
  • 66
  • 67
  • 68
  • 69
  • 70
  • 71
  • ...

Ебукер (ebooker) – онлайн-библиотека на русском языке. Книги доступны онлайн, без утомительной регистрации. Огромный выбор и удобный дизайн, позволяющий читать без проблем. Добавляйте сайт в закладки! Все произведения загружаются пользователями: если считаете, что ваши авторские права нарушены – используйте форму обратной связи.

Полезные ссылки

  • Моя полка

Контакты

  • chitat.ebooker@gmail.com

Подпишитесь на рассылку: