Вход/Регистрация
Пайсці і не вярнуцца
вернуться

Быкаў Васіль

Шрифт:

Вялізным намаганнем яна спрабавала адагнаць кепскія прадчуванні, сказаўшы сабе, што рана яшчэ адступацца ад гэтага чалавека, пакідаць яго аслепленым, можа, часовай дурнотай; трэба яшчэ паспрабаваць пераканаць яго, не даць зрабіць апошні неразумны крок у жыцці, за якім — пагібель. Усё ж Галубін быў някепскі партызан у атрадзе і калі наважыўся на такое, дык, напэўна, і праз яе таксама. I яна ўхапілася за апошні магчымы для яе сродак.

— Антон! Пастой…

Ён хутка крочыў па раскіслым снезе, кіруючы ўздоўж хмызняку ля дарогі, і неахвотна спыніўся каля зламаных калкоў агароджы. Увесь яго змрочны, незадаволены выгляд казаў: ну, што табе яшчэ трэба? Зоська падбегла бліжэй, каб У вечаровых прыцемках лепей бачыць ягоны твар, і не пазнала яго: такі ён чужы стаў і нядобры.

— Антон, ты падумай… Ведаеш, я даю слова… Я нікому не скажу. А ты ідзі назад. Хочаш, я напішу Шаўчуку. Аловак у цябе ёсць?

— Што ты напішаш? — холадна запытаў ён, стоячы да яе бокам.

— Ну, што я цябе ўпрасіла правесці мяне. Каб цябе там за самаволку…

— Тожа мне скажаш! — пагардліва буркнуў ён і, як заўжды, спорна пакрочыў уздоўж хмызняку. Яна марудна паплялася следам.

«Што ж мне рабіць? Што рабіць? — ледзьве не са слязьмі ў каторы раз пыталася сама ў сябе Зоська. — Няўжо ж ён пойдзе да немцаў? Яны ж павесяць яго. Як жа ён не разумее таго?»

Яшчэ падсвядома, але ўсё выразней яна адчувала, што далей ісці з ім нельга, што так яна проста заваліць заданне, падвядзе пад пятлю людзей, сябе і нават, можа быць, маму. Што Антон у такім яго стане — нібыта п’яны ці, можа, горш нават за п’янага, што ён можа нарабіць тое, чаго сам не чакае. Антон жа між тым, здавалася, зусім не турбуючыся, упэўнена крочыў па снегавым цаліку да недалёкага ўжо Скідзеля. Захмаранае неба хутка цямнела, снег на зямлі ляжаў белы і чысты, дзьмуў свежы заходні вецер, які прынёс ноччу адлігу і за дзень ператварыў снег у хлюпкую кашу. Ісці было цяжка, Зосьчыны ногі адразу ж прамоклі і правальваліся да самай зямлі, але яна трохі сагрэлася і пайшла павольней. Антон вырваўся далёка наперад, аднак яна бачыла на снезе яго сляды і не баялася адстаць, даганяць жа яго ёй не хацелася. Яна нават падумала, што, можа, ён так і пойдзе адзін, пакінуўшы яе сярод ночы, і не спалохалася гэтай думкі. Чымсьці яна нават спадабалася ёй, гэтая думка.

Але ён не пайшоў адзін. Крочачы наперадзе, ён усё ж выбраў час азірнуцца і, напэўна, заўважыўшы, як далёка яна адстала, прыпыніўся на ўзлеску. Наперадзе быў малады хвойнік, справа ляжала голае раўніннае поле. Зоська не памятала гэтых мясцін, але адчувала, што Скідзель дзесь побач. Ісці заставалася гадзіну ці дзве, і за гэты час ёй трэба было нешта рашыць. Яна ўжо ведала, што ісці з ім у Скідзель проста не мела права.

— Ну, што ты адстаеш? — запытаў ён з папрокам, калі яна падышла бліжэй. — Хіба прыстала?

— Нагу нацёрла, — буркнула Зоська. Сапраўды ў левым боце тоўстым вузлом збілася ануча, якая балюча церла ступню.

— Дык пераабуйся.

Не ведаючы яшчэ, што рабіць, Зоська хуценька агледзелася вакол — далёка наперадзе каля ўзлеску, здалося, бліснуў і прапаў агеньчык.

— Там што — вёска?

— Там? — Антон паўзіраўся ў вечаровыя, амаль начныя ўжо прыцемкі. — Вёскі тут не павінна быць. Можа, хутар.

— Зойдзем на хутар, — сказала яна.

— Нашто? Да Скідзеля вунь пяць кіламетраў.

— Ну зойдзем. Мне трэба.

— Во яшчэ! Нашто табе хутар? Прыйдзем на месца, там можна пасушыцца і ваабшчэ…

Але яна хутка пайшла наперад па ўзлеску на далёкі чырванаваты агеньчык пад лесам. Яна і сама не ведала, нашто ёй быў гэты адзінокі хутар, але адчувала, што цяпер нельга ісці ў Скідзель і неяк трэба змарнаваць час. Не ведаючы пра яе намер, Антон незадаволена патупаў следам.

Яны доўга ішлі па раскіслым снезе ўздоўж лесу, кіруючы на мільготкі агеньчык у нечым акне. Зоська ўжо не старалася размаўляць з Антонам, яна ціхенька плакала, неўпрыцям выціраючы пальцамі вочы. Гэта ж трэба так усё спляжыць у іхняй і без таго нялёгкай дарозе, думала яна пра Антона, адчуваючы сябе глыбока абражанай і няшчаснай. Аказваецца, яна патрэбна была яму для шкурнага яго намеру, а зусім не таму, што ён пакахаў яе. Хаця… Усё ж ён ад яе не адмовіўся — наадварот, ён гатовы быў звязаць свой лёс з яе лёсам. Ды і яна таксама была б не супраць, яна была б рада, калі б толькі ён заставаўся ранейшым партызанскім хлопцам Галубіным. Але ж ён надумаў перамяніцца, стаць нечым іншым — як на гэта магла пагадзіцца Зоська?

I, апроч усяго іншага, ён надумаў яўную дурнату з гэтым Скідзелем. Дзіва, як ён не можа зразумець, што немцы ніколі не даруюць яму яго партызанства і рана ці позна павесяць з біркай на шыі. Дарма ён спадзяецца на нейкага свайго земляка. У такой справе ніякі зямляк не заступнік.

Трэба было затрымацца самой і затрымаць на хутары Антона, але як зрабіць гэта, Зоська яшчэ не ведала. У той жа час яна адчувала, што сама надта спазнялася, што так могуць мінуць усе тэрміны яе задання. Хаця цяпер ёй было не да тэрмінаў. Пад пагрозай апынуліся яе галава і яе заданні наогул.

Агеньчык, што бліскаў воддаль, недзе прапаў, яны нейкі час нічога не бачылі ля сябе, апроч цьмянага снежнага поля, дужа шумеў на ветры хвойны ўзлесак побач. Гэты ўзлесак цягнуўся і цягнуўся кудысь у снегавыя прыцемкі, і Зоська, ужо не адстаючы, таропка ішла за Антонам, пакуль за чарговым паваротам наперадзе зноў не з’явіўся чырвоны агеньчык у акенцы. Блізка пад самым лесам тоўпілася некалькі хутарскіх будынін, чарнеўся на снезе пункцір плота і на суччы дрэў у чорным небе цьмяна шарэлі камякі снегу. Антон раптам спыніўся, Зоська таксама замарудзіла крок — з хутара даляцеў скрып асвера і невыразны пляскат вады, якую пералівалі з аднаго вядра ў другое.

  • Читать дальше
  • 1
  • ...
  • 23
  • 24
  • 25
  • 26
  • 27
  • 28
  • 29
  • 30
  • 31
  • 32
  • 33
  • ...

Ебукер (ebooker) – онлайн-библиотека на русском языке. Книги доступны онлайн, без утомительной регистрации. Огромный выбор и удобный дизайн, позволяющий читать без проблем. Добавляйте сайт в закладки! Все произведения загружаются пользователями: если считаете, что ваши авторские права нарушены – используйте форму обратной связи.

Полезные ссылки

  • Моя полка

Контакты

  • chitat.ebooker@gmail.com

Подпишитесь на рассылку: