Сауліч Уладзімір
Шрифт:
Маёр Козлікаў (ласкава). Усё ачысцім, лапка. Шпалеры новыя паклеім.
Фяўроння Захараўна. Прадэзінфіцыраваць!
Маёр Козлікаў. І дэзінфекцыю зробім… І… (У трубку.) Алё, аддзел сацыяльнага забеспячэння?.. Маёр Козлікаў. Прабачце, але ў мяне вельмі важнае пытанне да вас, як здаць матку ў дом састарэлых? Даведка аб страце кармільца?.. А без гэтага каб… Я ж выслугу маю — дваццаць гадоў. Узнагароды… Без даведкі — ніяк? (Кладзе трубку. Фяўронні Захараўне.) Патрабуюць даведку аб страце кармільца.
Фяўроння Захараўна. Што яшчэ за «страце»?
Маёр Козлікаў. Смерці.
Фяўроння Захараўна. Чыёй?
Маёр Козлікаў. Маёй! (Раптам паказвае кукішам на тэлефон.) А во ім!
Фяўроння Захараўна. Ну не, Каранат. Ці я, ці… (Ківае на Кацярыну Карпаўну.) Выбірай!
Маёр Козлікаў (разгублена). А што я магу зрабіць? Здохнуць?
Фяўроння Захараўна. І здохні, калі хочаш, каб яшчэ любіла цябе. (Бярэ сабаку і выбягае з ім у другі пакой.)
За Фяўронняй Захараўнай падаецца і Лада.
Маёр Козлікаў (ледзь не ў роспачы). Во, мля, «здохні»! Гэта мне, маёру міліцыі, галоўнаму начальніку медвыцвярэзніка — здохнуць?.. (Выпівае, разжальвае сам сябе.) «Здохні», як жывёліна. Нават слова лепшага не знайшла. Сказала б: расстанься з жыццём, памры, на крайні выпадак, а то… (Змахвае слязу са шчакі.) А выйсця няма, брат Козлікаў. (Бярэ тэлефонны шнур і абкручвае ім шыю.) Эх, ці яна мяне будзе любіць мёртвага, ці не любіць жывога! (У трубцы піпікае, па твары Козлікава прабягае здагадка.) А чаму б і не? Чаму б мне зараз не «памерці»?.. (Набірае нумар тэлефона.) Загс?.. Здароў быў, сват! Маёр Козлікаў. Выручай, братка! Дай самы пусцяк. Патрэбна неадкладна даведка аб смерці!.. Не-не, аб маёй уласнай смерці… Ды не жартую. Не да гэтага. Ды не збіраюся я паміраць. Слухай, сват. Мне сёння трэба здаць матку ў дом састарэлых, а без гэтай праклятай паперы не даюць семафора, бюракраты!.. Усёк? Ага, пішы! Дыктую. Каранат Каранатавіч Козлікаў ва ўзросце… загнуўся, значыць… Ну, памёр, памёр… Ад гарэлкі, пішы… З мяне — магарыч! (Кладзе трубку, налівае ў шклянку самагонкі.)
Ціха заходзіць сяржант Дзюба. Маёр Козлікаў не заўважае яго, падымае шклянку.
За ўласную смерць!
Сяржант Дзюба (амаль шэптам). Таварыш маёр, дазвольце далажыць?
Маёр Козлікаў скаланаецца. Шклянка падае з рук.
Маёр Козлікаў (накідваецца на сяржанта Дзюбу). У, мля… Куды сунешся з нямытым рылам?!
Сяржант Дзюба. Вінаваты, таварыш маёр. Надзвычайная сітуацыя. Дазвольце далажыць?
Маёр Козлікаў. Не дазваляю. Пайшоў вон!
Сяржант Дзюба (казырае). Ёсць вон! (Адступае спіной да дзвярэй і знікае за імі.)
Маёр Козлікаў налівае па новай. З кута чуваць манатонны голас Кацярыны Карпаўны.
Кацярына Карпаўна (моліцца). Божачка, скажы мне, дурной, што гэта з людзьмі парабілася? Цкуюць адзін аднаго, душаць, б'юць, зусім звар'яцелі… Што гэта, Божачка?
Маёр Козлікаў. Канчай, матка!
Кацярына Карпаўна. Божачка, як жыць далей?
Маёр Козлікаў. У доме састарэлых будзеш жыць далей. Збірайся, матка!
Кацярына Карпаўна (разгублена). Прама цяпер?
Маёр Козлікаў. Цяпер.
Кацярына Карпаўна. Як жа так, сынок, цяпер? Гэта ж не ў краму, не на фэст, можа, заўтра?
Маёр Козлікаў. Ніякіх заўтра. Сёння, матка! І толькі сёння! (Адчыняе дзверы шафы.)
Кацярына Карпаўна (працягвае рукі). Я сама! Сама я, сынок!.. (Пачынае зборы.)
Маёр Козлікаў уключае вясёлую музыку, але слухаць яе доўга не даводзіцца. У пакой з плачам, лямантам улятае Фяўроння Захараўна. На руках у яе сабака. Твар у Фяўронні Захараўны белы ад маскі з кефіру.
Фяўроння Захараўна (істэрычна). Ой, лю-дзі, ратуйце! Па-мі-ра-ю-ю!
Маёр Козлікаў (спалохана). Фяўронюшка, ты што?! Ты чаго?..
Фяўроння Захараўна. Ой, блага…
Маёр Козлікаў (набірае ў рот самагонкі і пырскае на Фяўронню Захараўну). Ты — з-за маткі?.. Матку я апрыходваю!
Фяўроння Захараўна. Ой, не-е… (Галосіць яшчэ мацней.)
Маёр Козлікаў (бездапаможна азіраецца). З Ладай што?