Сауліч Уладзімір
Шрифт:
Дзед Язэп. Чапаю. Але, відаць, давядзецца кінуць.
Кацярына Карпаўна. Немач?
Дзед Язэп. Па немачы яшчэ б цягаўся… Сабачка ў мяне быў. Ды такі рахманы: злодзея за вярсту чуў. Хоць тэлевізар глядзі, хоць спі, а ён аб'яўку дасць у патрэбны момант. А ўжо як учэпіцца ў каго — не адарвеш! Гэта ж Хведзька, ну, бабыль з горада, ты ж павінна ведаць, бычка хацеў украсці. Дык ён за калашыну гэтаму бандзюгу ўпіўся, і што той ні рабіў — і біў, і нагой дрыгаў, і цягнуў за сабой — не адпусціў. Зуб пярэдні ён, бядак, выламаў, а не адпусціў.
Кацярына Карпаўна. Во гэта сабачка!
Дзед Язэп. Ого, быў як у Бога за пазухай. І вот жа, як на ліха якое, прапаў. Як у ваду кануў. У каго ні пытаюся — нічога не чулі пра яго. Прыйшоў вот да сына твайго, Караната. Ён жа ў міліцыі.
Кацярына Карпаўна. Ушыўся ў сабаччу скуру.
Дзед Язэп. Вось я і гавару: мо дапаможа.
Кацярына Карпаўна. Ён не па сабаках, ён па гэтых, як іх — анкаголіках.
Дзед Язэп. А можа, і пра сабачку прапытае.
Кацярына Карпаўна. Спытае. Во сёння раніцою да нас сабачку прыносілі. Надта падобную да тваёй.
Дзед Язэп (ажыўляецца). А каб глянуць на яе?
Кацярына Карпаўна. Цяпер нямашака. На выгулку павялі ці яшчэ куды. (Кранае вузел.) Ты ўжо без мяне паглядзіш.
Дзед Язэп. А ў якія госці, Карпаўна, ты лыжы навастрыла?
Кацярына Карпаўна. А гэта я… у санаторыю!..
Дзед Язэп. У санаторыю — добра. Там і дактары, і дагляд, і клімат.
Кацярына Карпаўна. Я ж не хацела. Дык сын: едзь, матка, ды едзь.
Дзед Язэп. Правільна. У санаторыю гэту я б на пузе папоўз, ды які сабака мне пуцёўку дасць? А ў цябе, Карпаўна, сын харошы. Чалавек. Не тое, што дзеці ў Марылі.
Кацярына Карпаўна. А што ў Марылі?
Дзед Язэп. А ты што, не чула?
Кацярына Карпаўна. Не.
Дзед Язэп. Гэта ж сыны і дочкі пакінулі яе адну. Забрала дзяржава яе ў гэты дом… Вот памяць… Ну, дзе такім, як мы, век дажываць.
Кацярына Карпаўна. Дом састарэлых?
Дзед Язэп. Во, ён самы. А там Марыля хутка і Богу душу аддала. Пахавалі яе там жа, на могілках, ля дома таго, бо ніхто з дзяцей не з'явіўся, хоць і тэлеграмку далі. А па часе дзецям супраць людзей сорамна стала. Сабраліся, зрабілі матцы помнік і павязуць жа ставіць на тыя могілкі. Прывозяць, а помніка ставіць няма дзе.
Кацярына Карпаўна. Божачка, як жа гэта?
Дзед Язэп. А там што… падшыванцы гэта нейкія павырывалі крыжы і спалілі. І цяпер невядома, дзе чыя магіла. Брацкія могілкі…
Маўчанне. Кацярына Карпаўна неўпрыкметкі змахвае хусцінкай слязу. Дзед Язэп устае.
Пайду. А то затравіў цябе, Карпаўна, сваімі анекдотамі.
Дзед Язэп зачыняе за сабой дзверы. Кацярына Карпаўна ў бяссіллі апускаецца на вузел і плача.
Кацярына Карпаўна (да залы). Людзі, у вас прашу паратунку. Зжальцеся нада мной. Дапамажыце сэрцайку майму вытрываць. Скажыце мне, за якія такія грахі на схіле гадоў мне паслана такое мучэнне? Ці я жыццё сваё гультайкай пражыла?.. Ці я дзетак сваіх недагледзела, пакрыўдзіла?.. Людзі, адгукніцеся!..
З-за дзвярэй даносіцца голас маёра Козлікава:
Смело, товарищи, в ногу, Духом окрепнем в борьбе…Неўзабаве ў пакой увальваецца сам маёр Козлікаў, а за ім — Фяўроння Захараўна з сабакам на руках.
Маёр Козлікаў (футболіць нагой міску). Матка, ты гатова?
Кацярына Карпаўна ніжэй схіляе галаву.
(Заўважае валізку, кранае яе.) Матка, ты ў мяне — малаток! (Забірае ў Фяўронні Захараўны сабаку, расшчэрвае яму зяпу.) Глядзіце, любуйцеся на залаты зуб сабакі маёра Козлікава!