Шолам-Алейхем
Шрифт:
Я трымаю рукі ў кішэнях, пагрукваю арэхамі і гавару ёй:
— Адгадай, што я мог бы зрабіць, каб захацеў.
— Ну што б ты мог зрабіць?
— Варта мне захацець, і ўсе твае арэхі пяройдуць да мяне.
— Ты выйграеш іх у мяне?
— Не, мы з табою нават і не пачнём гуляць.
— Тады што? Ты адбярэш іх у мяне сілаю?
— Не, яны самі пяройдуць да мяне.
Яна ўзнімае на мяне свае прыгожыя вочы. О, гэтыя яе дзівосныя блакітныя вочы з «Песні песняў»!
Я кажу ёй:
— Ты, можа, думаеш, што я жартую. Дурненькая, я ведаю такі загавор… Варта мне сказаць адно такое слова…
Яна яшчэ шырэй расплюшчвае вочы. Я адчуваю, што расту. Я сапраўдны герой. І я тлумачу ёй паблажліва, як вялікі:
— Мы, хлопчыкі, можам усё, што хочаш. Ёсць у нас у хедары адзін хлопец, мой таварыш, ён завецца Шайка-сляпы (ён сляпы на адно вока), дык ён ведае ўсё, што хочаш. Нямашака таго на свеце, чаго б Шайка не ведаў. Нават кабалу [1] . Знаеш, што такое кабала?
1
Кабала — рэлігійнае тлумачэнне старажытнажыдоўскіх слоў і літар, якія нібыта маюць магічную сілу.
Не, скуль ёй ведаць? Я адчуваю сябе на сёмым небе ад таго, што магу прачытаць ёй лекцыю пра кабалу.
— Кабала, дурненькая, гэта такая рэч, якая вельмі нават можа прыдацца. З дапамогаю кабалы я магу зрабіць так, што я цябе буду бачыць, а ты мяне — не. З дапамогаю кабалы я магу здабыць віно з каменя і золата са сцяны. З дапамогаю кабалы я магу зрабіць так, што мы абое, от як тут сядзім, узнімемся ажно да хмар, нават вышэй за хмары!..
Узняцца разам з Бузяю з дапамогаю кабалы ўвышыню, ажно да хмар і нават вышэй за хмары, і паляцець з ёю далёка-далёка за сінь-мора — гэта мой самы запаветны лятунак. Там, за морам-акіянам, пачынаецца краіна карлікаў, што паходзяць ад асілкаў часоў цара Давіда. А карлікі тыя па прыродзе сваёй — сардэчныя, добрыя чалавечкі. Жывіцца яны жывяцца аднымі толькі цукеркамі з міндальным малаком, цэлымі днямі іграюць на маленькіх дудачках і ўсе разам водзяць карагоды, анічагуткі не баяцца і надта любяць гасцей. Калі прыедзе да іх нехта з «нашых», дык яны будуць карміць-паіць яго, падораць яму самае лепшае адзенне, безліч залатога і сярэбранага посуду, а перад ад'ездам напхаюць поўныя кішэні дыяментаў ды брыльянтаў, якія валяюцца ў іх, як у нас, скажам, смецце на вуліцы.
— Як смецце на вуліцы? Ну-у? — гэтак аднойчы ўсумнілася Бузя, калі я расказваў ёй пра карлікаў.
— Ты не верыш?
— А ты верыш?
— Чаму не?
— Дзе гэта ты чуў такое?
— Што значыць — дзе? У хедары.
— Ах, у хедары.
Усё ніжэй і ніжэй апускаецца сонца і запальвае паласу небакраю найчысцейшым золатам. Золата адбіваецца ў Бузіных вачах. Яны купаюцца ў золаце!
Мне вельмі хочацца, каб Бузя прыйшла ў захапленне ад Шайкавай методы і ад тых фокусаў, што я магу вырабляць з дапамогаю кабалы. Аднак Бузя і не думае захапляцца. Наадварот, мне здаецца, што яна падсмейваецца. То ж бо чаго тады яна паказвае мне ўсе свае жамчужныя зубкі? Мяне гэта кранае за жывое, і я кажу ёй:
— А можа, ты мне не верыш?
Бузя смяецца.
— Ты, можа, думаеш, што я выхваляюся? Што я выдумляю розную лухту?
Бузя смяецца яшчэ больш. Дык ты так? То трэба з ёю расквітацца! Я ведаю як. Я гавару ёй:
— Шкада, што ты не ведаеш, што такое кабала. Ведала б ты, што такое кабала, табе было б не да смеху. З дапамогаю кабалы я, як схачу, дык здолею прывесці сюды тваю маму. Вось так! І калі ты вельмі папросіш, я прывяду яе хоць сёння ноччу, вярхом на кавяні.
Яна імгненна перастае смяяцца. Па яе прыгожым, ясным тварыку прабягае хмара, і мне здаецца, што знянацку схавалася сонца. Няма сонца. Дзень пагас. Баюся, што я крыху хапіў цераз край. Не трэба мне было вярэдзіць яе боль, успамінаць яе маці. Я ўжо каюся. Трэба неяк усё загладзіць, каб яна даравала. Я пасоўваюся да яе. Яна адварочваецца. Я спрабую ўзяць яе за руку, хачу сказаць ёй словамі з «Песні песняў»: «Азірніся, азірніся, Суламіт…»
Паглядзі на мяне, Бузя!..
Раптам з дому чуваць:
— Шымек! Шымек!
Шымек — гэта я. Гэта мая мама кліча мяне, каб я з бацькам ішоў у сінагогу.
Пайсці з татам у сінагогу на малітву напярэдадні вялікадня — ці можа быць большае шчасце? Чаго варта ўжо адно тое, што ты апрануты з галавы да ног ва ўсё новенькае і маеш чым пахваліцца перад сябрукамі! Альбо тыя ж малітвы. Першая святочная «Вячэрняя»! Першае велікоднае «Хай свяціцца»! Ах, колькі салодкай радасці падрыхтаваў міласцівы бог дзецям жыдоўскіх матак!
— Шымек! Шымек!
Маёй маме няма часу. Зараз, зараз прыйду, ды іду ўжо! Мне толькі хочацца сказаць два словы Бузі, усяго два словы…
І я кажу ёй два словы. Я прызнаюся ёй: усё тое, што я толькі што гаварыў, няпраўда. Прымусіць некага з дапамогаю кабалы лётаць — рэч немагчымая. Вось самому паляцець, самому, гэта — калі ласка. І гэта я ёй пакажу. Хай толькі мінецца свята — я тады зраблю першую спробу. На яе вачах я ўздымуся ў паветра, проста вось адсюль, дзе ляжыць бярвенне. За якую адну хвіліну я апынуся ажно ў самым надхмар'і. Адтуль я скірую направа, вунь туды — бачыш? А там ужо ўсё канчаецца і пачынаецца Ледавіты акіян.
Бузя ўважліва слухае. Сонца дасылае сваё апошняе праменне, цалуе на развітанне зямлю.
— Што такое Ледавіты акіян? — пытаецца Бузя.
— Ты не ведаеш пра Ледавіты акіян? Ледавіты акіян — гэта застылы акіян… Вада там густая, як пячонка, і салёная, як лёк. Караблі па ім не ходзяць, а людзі, якія туды трапляюць, ужо ніколі не могуць вярнуцца назад.
Бузя робіць вялікія вочы:
— Навошта ж табе ісці туды?
— Хіба ж я пайду, дурненькая? Я ж палячу. Я палячу высока-высока, як арол. Праз некалькі хвілін я зноў буду ўжо на сушы. Там уздымаецца дванаццаць высозных гор, што дыхаюць агнём; вось на дванаццатую гару, каля самай яе вяршыні, я і спушчуся і пайду адтуль пешкі сем міль, пакуль не дайду да густога лесу. Я прабяруся праз той лес, выйду з яго і буду ісці, пакуль не дабяруся да маленькай рачулкі. Рачулку я пераплыву і адлічу сем разоў па сем, і вырасце перада мною дзядок з доўгаю барадою і спытае: «Чаго ты хочаш?» І я скажу яму: «Адвядзі мяне да царскай дачкі».