Вход/Регистрация
Песня песняў
вернуться

Шолам-Алейхем

Шрифт:
2

Хто такая Бузя? — Ах, вы не ведаеце, хто такая Бузя? Вы забыліся? Мушу пераказаць вам яшчэ раз кораценька яе біяграфію, прычым тымі самымі словамі, што і некалі, многа год таму.

У мяне быў старэйшы брат Беня. Дык ён утапіўся. Пасля яго засталіся вадзяны млын, маладая ўдавіца, два конікі і адно дзіця. Ад млына давялося адмовіцца, коней прадалі. Маладая ўдавіца выскачыла замуж і з'ехала некуды ў свет. А дзіця ўзялі да нас у дом.

Гэта і была Бузя.

І прыгожая ж Бузя, нібыта красуня Суламіт, тая, з «Песні песняў». Кожны раз, калі я бачыў Бузю, успаміналася мне красуня Суламіт з «Песні песняў». І заўсёды, калі я ў хедары вучыў «Песню песняў», узнікала перада мною Бузя.

Яе імя скарочанае ад Эстэр-Ліба: Лібузя — Бузя. Яна расла разам са мною. Майго тату заве яна татам. Маю маму заве яна мамаю. Усе думалі, што мы брат і сястра. І мы любілі адно аднаго, як брат і сястра.

Нібыта брат з сястрою, забіраліся мы ў куток, і там пачынаў я расказваць ёй казкі, прынесеныя з хедара, пачутыя ад майго сябра Шайкі, які ведае ўсё на свеце, нават кабалу. З дапамогаю кабалы, — гаварыў я ёй, — я магу рабіць фокусы: здабываць віно з каменя і золата са сцяны. Праз кабалу, — так даводзіў я ёй, — я магу зрабіць так, што мы абое ўздымемся да хмар, нават вышэй за хмары. Ах, як любіла яна слухаць гэтыя мае казкі. Толькі адну казку ў маім пераказе не любіла слухаць Бузя: пра царэўну, прынцэсу, што была зачараваная, выкрадзеная з-пад вянца і пасаджаная на сем год у крыштальны палац, а я лячу яе ратаваць… Усё-ўсё любіла слухаць Бузя, толькі не пра зачараваную царэўну, па якую я павінен быў ляцець, каб ратаваць яе. «Не трэба ляцець так далёка, паслухай мяне, не трэба!..» — так гаварыла мне Бузя, узняўшы свае прыгожыя блакітныя вочы, вочы з «Песні песняў».

Вось хто такая Бузя.

І вось зараз мне пішуць, што яе трэба павіншаваць, яна зрабілася нявестаю. Бузя — нявеста. Чыясьці нявеста. Чыясьці, не мая! Я сеў і адказаў на татава пісьмо:

«Майму высокашаноўнаму бацьку імярэк!..

Тваё пісьмо і 00 руб. я атрымаў. Праз некалькі дзён, як толькі ўладжу ўсе справы, я прыеду. У першыя дні Вялікадня альбо ў наступныя — але буду я абавязкова. Маме — маё найсардэчнейшае вітанне, а Бузі — віншаванне. Жадаю ёй шчасця…

Ад мяне, сына твайго…»

3

Няпраўда. Няма ў мяне ніякіх спраў, каб іх уладжваць некалькі дзён. У той жа дзень, як я атрымаў вось гэты татаў ліст і напісаў на яго адказ, я хуценька сабраўся, і паімчаўся дадому, і прыляцеў акурат за суткі да свята, у цёплы, светлы перадвелікодны дзень.

Сваё мястэчка я знайшоў менавіта такім, якім у свой час, некалькі гадоў назад, я пакінуў яго. Нічога тут ні на волас, ні на кропельку не змянілася. Той самы горад. Тыя самыя людзі. Той самы перадвелікодны абшар, напоўнены тою самаю перадвелікоднаю сумятнёй…

Аднаго не ставала: «Песні песняў». Не, не засталося таго духу «Песні песняў», што лунаў навокал некалі, шмат гадоў таму. Наш двор ужо не вінаграднік цара Саламона з «Песні песняў». Дровы, бярвенне і дошкі, зваленыя каля нашай хаты, не здаюцца ўжо болей кедрамі і букамі. Кошка, што ляжыць каля дзвярэй і грэецца на сонейку, не падобная да палявой лані, якая сустракаецца ў «Песні песняў». Гара за сінагогаю больш не гара Ліванская. Няма болей і гор бальзамічных… Жанкі і дзяўчаты, што завіхаюцца ў дварах, мыюць і прасуюць бялізну, прыбіраюць і гатуюць на вялікдзень, больш ужо не сёстры ерусалімскія, якія ўпамінаюцца ў «Песні песняў»… Куды падзелася мая колішняя юначая, свежая, ясная, светлая, прасякнутая водарамі «Песня песняў»?..

4

Я знайшоў свой бацькоўскі дом такім самым, якім пакінуў яго шмат гадоў таму. Нішто не змянілася ў ім ні на волас, ні на кропельку. Тата — такі, як і быў. Толькі яшчэ болей засерабрылася ягоная сярэбраная барада. На ягоны шырокі белы пакрыты зморшчынамі лоб лягло яшчэ некалькі зморшчынак. Пэўна, ад клопатаў…

Мама таксама — як і была. Толькі ружовы твар набыў злёгку жаўтаватае адценне. І здаецца мне, што яна зрабілася меншая ростам. А можа, у мяне такое ўражанне таму, што яна крыху прыгорбілася, прыгнулася да зямлі? І вочы ў яе пачырванелі, прыпухлі, як быццам набрынялі. Ці не ад слёз гэта?..

Чаму плакала мая мама? Праз каго? Праз мяне, адзінага сыночка, які не схацеў слухаць бацьку і паўстаў супраць ягоных запаветаў, не пажадаў ісці татавым шляхам, а абраў сваю дарогу, паехаў вучыцца і доўга не наведваўся дадому? А мо плача мая мама праз Бузю, у якой на суботу пасля швуэс прызначана вяселле?..

Ах, Бузя! І яна ні на волас не змянілася. Кропля ў кроплю як і была. Толькі вырасла. Вырасла і яшчэ болей папрыгажэла. Стала такою красуняю, якою аніколі раней не была. Высокая, і стройная, і ладная, і прывабная. Вочы — тыя самыя прыгожыя блакітныя вочы з «Песні песняў». Толькі больш задумлівыя, чым раней. Задумлівыя, паглыбелыя, заклапочаныя, прыгожыя блакітныя вочы з «Песні песняў». І ўсмешка на вуснах. І прыязная, і мілая, і блізкая, і сарамлівая, і ціхмяная; як галубка, цнатліва-ціхмяная.

Гляджу я на Бузю, і ўспамінаю я тую Бузю, ранейшую. Успамінаю яе новыя святочныя сукенкі, якія маці пашыла ёй тады на вялікдзень. Успамінаю яе новыя маленькія святочныя туфелькі, якія тата купіў ёй тады на вялікдзень. І калі ўспамінаю я тую Бузю, ранейшую, дык міжволі вяртаецца да мяне даўно забытая «Песня песняў», верш за вершам: «Вочкі твае, як галубкі, валасы твае, як козачкі, што збягаюць з гары, зубкі твае — белыя ягняткі, што выходзяць з ракі, адзін у адзін. Чырвоныя стужкі — вусны твае. Калі ты гаворыш, мядзвяныя словы твае…»

  • Читать дальше
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
  • 11
  • ...

Ебукер (ebooker) – онлайн-библиотека на русском языке. Книги доступны онлайн, без утомительной регистрации. Огромный выбор и удобный дизайн, позволяющий читать без проблем. Добавляйте сайт в закладки! Все произведения загружаются пользователями: если считаете, что ваши авторские права нарушены – используйте форму обратной связи.

Полезные ссылки

  • Моя полка

Контакты

  • chitat.ebooker@gmail.com

Подпишитесь на рассылку: