Вход/Регистрация
Дзве душы
вернуться

Гарэцкі Максім

Шрифт:

І адна палова яго, каторая разумела бёлых, маўчала, знямела.

І другая палова яго, каторая разумела чырвоных, вымагала, каб ён знайшоў князя і забіў яго і каб ён дагнаў Гарэшку і даў яму выспятка пад грудзі, як той даў ляжачаму Гаршку.

Інстынктыўна, з агідаю матнуў ён рукою, каторую пажмаў Гарэшка.

XIII

Яна ведала, што смертнуха стаіць блізка — у галавах у яе.

— Васілёк, галубец, любінькі, — шаптала яна, трудна вымаўляючы словы, — што, не заб'юць яны паніча? Ай, Карпавіч, Карпавіч, дастаў, бедны, больку…

— За што ж ба яны забівалі афіцэра?

— А ён? За каго ж ён руку дзяржыць?

— Ды так ён неяк, што не магу яго ўцяміць: як быццам за нас, як быццам — не. Бадай што ні за нас, ні за паноў.

— Не можа быць, каб Ігналік проці народа пайшоў, не такоўскі Ігналік, не павінен… А змусціцеля нашага, кажаш, падстралілі… Авохці, Карпавіч, даскакаўся стары, авохці…

Хворая ледзь шавяліла перасохлымі вуснамі, пазірала з глыбокіх вачавых ямін тужлівым і трудлівым зрокам і перабірала збялелымі, як белы воск, пальцамі па краюшку коўдры.

Лямпачка тускла мігцела, і ў падвале было нудна. Вася грукаў і барабаніў самаварам ля печы ў парозе. Зрэдку далятаў сюды глухі гул артылерыі і ціхае трашчанне кулямёта — як словам вартаўнік круціў кляшчотку. У вакне адбіваўся чырвоны бліск пажарышча.

— А божа мой, божа мой! — затужыла йзноў хворая. — Памру во і не пабачу яго. І ты, галубок, ці жыў застанешся, хто ведае. Калі тая завіруха скончыцца? Карпавіч скакаў, скакаў і дастаў сябе больку…

— Заўтра ўранні скончыцца, — спакойна адказаў Васіль. — Заўтра ўранні штурм.

— Што ж гэта за штурм?

— Кінемся ўсе раптам на белых і саб'ём іх.

— А божа мой, божа мой! Колька людзей паб'юць яшчэ. Дай вады. Авохці, сканаець твая матка, Васілёк, скора сканаець. Карпавіч наш, можа, там ужо: пабачымся.

Васіль маўчаў і быў невясёлы.

Стук! Стук! — пачулася, як нехта стукнуў пад дзвярамі.

Работнік схапіўся за стрэльбу і падбег.

— Хто? — крыкнуў ён.

— Я… Ігнат Восіпавіч… Адчыні мне, Васілька! Хворая, забыўшыся на боль, узнялася на локцях і ўстроміла вочы ў дзверы.

— Ён, ён, ён, — шаптала яна. Абдзіраловіч увайшоў.

— Жыў, цэл, мой любінькі, мой залаценькі! — працягнула да яго рукі хворая ў незвычайнай радасці і, калі ён схіліўся да яе, цалавала яго, дрыжачая, абнімаючы за галаву.

А калі ён апавядаў, як выбавіўся і прыйшоў да іх, і калі ўспамянулі беднага Карпавіча, яе апанавалі прыкметна неспакой і нецярплівасць.

— Васілька! — з пакорнасцю і ласкаю звярнулася яна. — Схадзіў бы даведаўся, ці пайшлі шукаць Карпавіча? Сканаець гаротнік сярод чужых, ай, матачка наша найвышняя…

Васіль пайшоў.

Хворая ўся раптам затрапяталася і падгукнула прапаршчыка. Той нядаўменна і з чуццём жалю схіліўся над ёю.

Зірнуўшы на дзверы, яна, уся дрыжачая, абхапіла яго шыю рукамі і, прыжмаўшы яго вуха да мокрага ад слёз зморшчанага твару, як у трасцы, зашаптала: — Мой ты!.. Мой родны сынок… А Васілёк — панскі. Перамяніла я вас маленькіх, пераклала. Меркувала: шчаслівейшы так будзеш… Мой ты, Ігналік… Не, ты — Васілька, а ён — Ігналік… Мой…

І ўсё дужэй і сударажней прыціскала яго канаючая маці да худых грудзей сваіх.

XIV

І во з тае пары, як яна памёрла, мінула колькі месяцаў.

Абдзіраловіч меў такі характар, што што-небудзь незвычайнае ў жыцці не ўражала адразу душы яго болем і радасцю.

У маленстве ён бачыў вялікі пажар перад самымі пакровамі ў вялікім сяле недалёчка ад Крупак. Шалёны агонь, як мятлою, змёў, злізаў і двары й хаты, гумны й сянніцы. Пагарэлі дзеці й бабы, згарэў увесь скот і сабраны за цэлае лета хлеб. Заможныя гаспадары парабіліся старцамі. Людзі з гора ірвалі на сабе валасы, ламалі рукі, горка плакалі, вылі і стагналі. І навет у старога пана Абдзіраловіча кранулася сэрца, і ён, прыляцеўшы на злую прыгоду з сваймі батракамі, кідаўся ў агонь і ратаваў падурнеўшых ад страху людзей. Ігналік тым часам хадзіў толькі асцярожна сярод абгарэлага бярвення і мужыцкай худобы-смяцця, хадзіў як старонняя асоба і не мог адчуць глыбокасці людскога гора.

Таксама, калі быў на фронце, бачыў з пачатку вайны шмат трупаў ды яшчэ ў адным груду. Іншыя таварышы яго ад гэтага бачання трацілі спакой, сон і апетыт, а ён доўгі час і ў гэтым разе быў толькі пабочным глядзельнікам і ціхім думаннікам.

Меў такі характар, што нічога не адчуваў глыбока адразу. Затое ж, калі міналіся дні, тыдні й месяцы і калі ў іншых людзей слёзы высыхалі, ён патроху, ды болей а болей пераймаўся тым, што некалі фатаграфічна адбілася ў яго памяці, глыбей а глыбей адчуваў тое, што другіх збівала з ног адразу, а потым пераходзіла ў іх і забывалася імі.

  • Читать дальше
  • 1
  • ...
  • 16
  • 17
  • 18
  • 19
  • 20
  • 21
  • 22
  • 23
  • 24
  • 25
  • 26
  • ...

Ебукер (ebooker) – онлайн-библиотека на русском языке. Книги доступны онлайн, без утомительной регистрации. Огромный выбор и удобный дизайн, позволяющий читать без проблем. Добавляйте сайт в закладки! Все произведения загружаются пользователями: если считаете, что ваши авторские права нарушены – используйте форму обратной связи.

Полезные ссылки

  • Моя полка

Контакты

  • chitat.ebooker@gmail.com

Подпишитесь на рассылку: