Вход/Регистрация
Дзве душы
вернуться

Гарэцкі Максім

Шрифт:

І пасля візыту князь зразумеў, што абставіны спляліся так, што сватацца няма чаго патыкацца. Мець абы-якія справы з «лапацонам», як ён у думках аблаяў міліёншчыка, было нялёгка. Хвароба ж дрыжонай дачушкі, відаць, зусім у благі бок скіравала настрой і думкі Міколы Мартынавіча. Дарма зрабіў князь спробу завесці з ім размову аб ратаванні маёмасці ад розных у часе рэвалюцыі магчымасцей. Дарма казаў яму пасля абеду ў кабінеце аб лісце ад пэўнага чалавека з Масквы, што трэба — як га — ратаваць домы і капіталы і сваё ўласнае жыццё. Дарма падбіваў старога прадаваць усё і выязджаць за граніцу — той слухаў няўважліва і маўчаў, бо навет гаварыць аб тым не хацеў. Мусіць, не ён, вясковы выхаджэнец, веры, каб хам мог яго зжорці.

І князь пастанавіў выехаць у сталіцу. Той ліст аб чаканых грозных падзеях напалохаў яго і прымусіў парупіцца.

Прыкра было яму.

І ён удаўся ў маркоту.

Увечары таго ж дня гасцяваў у яго вясёленькі, старэнькі курортны доктар, каторы і памагаў яму развеяць гора і салодка патужыць. Выпілі яны кахетынскага, добра пад'елі, пачырванелі, пасядалі ў мяккія крэслы і курылі, сумна думаючы. Потым князь узяў у рукі гітару і навёў струны на мінорны лад. Гукі гітары, гукі тужлівыя плылі ў дымна-сінім змроку цёплага пакоя да расчыненнага балкона і таялі ў смутным паветры шумячай жоўтым лісцем восені. Замігцелі на цямнеючым небе зорачкі, адна, другая і трэцяя за чорнаю каўказскаю гарою. Гітара дрыжача варкатала, і князь маўчаў і думаў аб тым, што было і што мінулася…

— Эх, мінулася, мінулася, — казаў доктар і качаў галавою, — да вайны было, а цяпер мінулася, мінулася ўсё, эха-ха, — і ўздыхаў, ківаў галавою.

XII

Пяць дзён не сціхала кананада.

Бесперастанку трашчэлі і трэскалі кулямёты і стрэльбы, то быццам заціхалі, то ўзноў набіраліся заядласці. Памаўчаўшы, бухалі пушкі, і чарада глухога, дужага гулу хавала ў сябе тое трэсканне.

Быў пяты вечар.

Хмурая восенная мга паўзла з сівага неба на цяжка хворы горад, на кананаду.

Карпавіча і Васіля адпусцілі дамоў, каб яны выспаліся і ўзноў прыйшлі змагаць буржуяў.

Абпэцканыя і абшарпаныя, з кулямётнымі патранташамі цераз плечы і ўкол пояса, з набітымі стрэльбамі ў руках перабегалі яны пад сценкамі, прабіраліся да свайго квартала.

Зрэдку там а там пёк з вакон і з люхтаў захованы вораг.

— Не здаюцца, каб іх удушыла, — мармытаў Карпавіч аб белагвардзейцах.

— Кажуць, нам ужо помач ідзець з Петраграда, — весяліў надзеяй сябе і старога Васіль.

— Ах, каб жа бог даў… — уздыхнуў змучаны Карпавіч і без асаблівай цікавасці і ўважнасці засудзіў сябе, што — бальшавік, а гаворыць — «бог даў».

— Каб жа бог даў, як той казаў, — падумаўшы і пераскачыўшы небяспечнае месца, дадаў Карпавіч.

— А як мы іх турылі па Газэтнаму завулку, — весяліў успамінамі сябе і старога Васіль, — шкода, што не злавілі начальніка партыі, гэтага нягоднага князя.

— Гальшанскага? Шкода, праўда што. Партыйка-то яго так сабе: блазні, кадзеты, юнкяры… Во сам б'ецца, як нячысцік. Усюдых паспее, — гаварыў стары.

— У страўню вегетарыянскую ці там нейдзе шмыкнуў і схаваўся. Пяць кулек пусціў яму ў сугон, ды абмахнуўся: пашчасціла князю ўцячы.

Раптам загудзела міма граната і з вялікім грукатам бахнулася высока аб мур.

Сыпнулася вапна, цэгла, і закурыўся пыл.

Яны шпарка ўбеглі ў вароты.

— Пачакаем.

— Трэба.

— Ах, не ведаю, як маецца матка, — сказаў Васіль.

— Але, здалася старка. Каб ногды зусім не развіталася з намі. І што ёй? Здаецца ж, век як не бог ведаеце які.

— Каб толькі, кажа, яшчэ хоць на паніча Ігналіка зірнуць.

— З галавы ёй нешта не выходзіць гэны паніч.

— Ну, як жа: узгадавала яго, сіротку.

— А цікаўна, як ён цяпер? З чыйго боку? — пытаючы, казаў Карпавіч.

І раптам неўспадзеўкі наперадзе нехта дужа свіснуў.

— Стой!

Сунуўся груд людзей.

Група ўсякіх мястовых паноў, з'ёжаных і падняўшых каўняры, нейкіх яшчэ шабадраных жулікаў і двох-трох чалавек у шынэлях, абкружаныя ўзброенымі чырвонагвардзейцамі, рушыла ўгору па вуліцы.

— Свае, свае!

Яны прад'явілі паролі і сказаліся.

— А! Таварыш Гаршчок! З Газэтнага завулка? Вы як маб быць усыпалі ім, калі яны ўцякалі.

— Нічога, як трапілася, — адказаў Карпавіч.

— Васілёк! — зняцейку пачуўся з групы арыштаваных абніжоны голас Абдзіраловіча.

— Ігнат Восіпавіч, як гэта вы папаліся? — пазнаў яго ў шынэлі з адрэзанымі наплечнікамі і адгукнуўся Васіль. — Таварыш начальнік, — папрасіўся ён у галоўнага канваіра, — дазвольце паздароўкацца.

— Я ехаў на доктарскую камісію, я не ведаў, што дзеецца ў месце, і на вакзале мяне ніхто не задзержыў. Во — запіска, што ў мяне адабрана аружжа. Ішоў я, Васілёк, да вас; тут мяне арыштавалі. А я чалавек хворы і не магу змагацца з ніводнага боку. І я, таварышы, ледзь на нагах стаю, — казаў Абдзіраловіч.

  • Читать дальше
  • 1
  • ...
  • 14
  • 15
  • 16
  • 17
  • 18
  • 19
  • 20
  • 21
  • 22
  • 23
  • 24
  • ...

Ебукер (ebooker) – онлайн-библиотека на русском языке. Книги доступны онлайн, без утомительной регистрации. Огромный выбор и удобный дизайн, позволяющий читать без проблем. Добавляйте сайт в закладки! Все произведения загружаются пользователями: если считаете, что ваши авторские права нарушены – используйте форму обратной связи.

Полезные ссылки

  • Моя полка

Контакты

  • chitat.ebooker@gmail.com

Подпишитесь на рассылку: