Шрифт:
— Савет, разумеецца… Звярніцесь там да каменданта савецкага будынка — вуліца Карла Маркса, быўшая «Беларуская гасцініца», кожны дурань вам пакажа!
— Ага… дзякую!
Іра спацелая выбегла на вуліцу і рада была, што развязалася з гэтым пісаром і што на вуліцы ўсё спакойна, сядзяць пад плотам безуважна-цярплівыя сяляне, а там лузгаюць сланешнікавыя семечкі, седзячы на лавачцы, салдаты, і з абгрузненай канём ліпкі валіцца зжаўцелы ліст на выбіты цагляны тратуар.
Савет быў недалёчка, і Іра спадзявалася яшчэ паспець да другой гадзіны дастаць перапустку для ўваходу ў «чразвычайку», хоць для заўтрашняга дня.
У савеце ёй лёгка далі ля дзвярэй перапуск, і яна шыбка пабегла на гару па лесвіцы да пакоя № 3, гдзе была агульная канцылярыя і прымаў дзяжурны пісар. Аднак ля гэтага пакоя стаяў вялікі груд чаканнікаў, і Іра, змораная і раздражнёная, прыхінулася да сценкі. Яна згубіла надзею зрабіць сянні хоць што-небудзь і шкадавала дарма патрачанага часу. Разгарнула газету, каб за чытаннем супакоіцца і сабраць патрэбныя думкі, пакуль не выгукнуць яе номер. Вочы няўважна бегалі па газетных радкох, а розныя думкі таўпесілісь і не слухалі аднэй, найлепшай: «Чаго ж я так хапаюся? Паспею, паспею — болей цярплівасці…»
— Дзень добры! — пачула яна ля сябе і шыбка ўскінула вочы.
— Ах!.. Дзень добры… Я вас не пазнала, — звонку зусім спакойная, а ў душы прыкра згубіўшыся ў парадку, глядзела настаўніца на Абдзіраловіча і скарэй падала руку яму, бо забылася. Ён паціснуў злёгку і прыязна яе ручку, і дзяўчына пачула прыемнасць, даткнуўшысь да яго рукі. Ён быў у шынэлі без пагон і ў шапцы без какарды, з чарнейшым ад аколышу плямкам ад яе. Значна памужнеў. Пастарэлі яго карыя вочы, і былі пад вачмі, збоку, зморшчынкі, якіх раней яна не бачыла. Вусы не галіў, а толькі падразаў. Каб не той самы мяккі з прыемным тэмбрам голас, яна адразу не пазнала б яго ці ён здаўся б ёй чужэйшым. Неяк неўпрыцям адсунуліся ад чарады чаканнікаў да вакна. Ён не пытаўся, па якой справе яна тут, але пацікавіўся, які намярок на яе білеціку. Пабачыў, што 315-ты, і сказаў, што яна дарма будзе чакаць сянні, бо прымуць толькі да 300-га номеру, — так сказаў яму знаёмы пісец, якога ён выгукнуў з канцылярыі праз прыдзверніка. На яе твары адбілась такое нездавальненне, такі жаль, што ён падумаў, што яе прывяло сюды нейкае гора, жаданне знайсці ратунак. Хацеў спытацца і ўзноў змоўчаў.
Яны выйшлі з савета і пайшлі па вуліцы к бульвару.
— Калі вы, Іраіда Аўгенаўна, не маеце ніводнага знаёмага вінціка ў гэтай новай пішучай машыне, дык доўга бескарысна будзеце стаяць у розных чародах, — сказаў Абдзіраловіч.
— Не, нікога не маю, а можа, й маю каго, ды не ведаю, бо толькі сянні прыехала сюды. Мне патрэбен перапуск у «чразвычайку», каб навесці там спраўкі аб арыштаваных… аднаго з каторых вы добра знаеце.
— Хто ж гэта?!
— Вучыцель, свядомы беларус, Мікола Канцавы.
— Ён у «чразвычайцы»?!
— Ну, ага.
— Божа мой! Мікола, добры, слаўны Мікола ў N-скай «чразвычайцы». Гэта ж няшчасце! Ці якая абмылка? Трэба ж яго ратаваць! За што, у чым справа? Іраіда Аўгенаўна, скажыце?
— Або я сама ведаю? — пытаннем адказала яна. — Прыйшлі, ператрэслі ўсё чыста, забралі ўсю перапіску, некаторыя беларускія кніжкі, арыштавалі самога, а з ім аднаго вучня з Горак, таксама свядомага беларуса, Сухавея.
— А за што?
— Ніхто з нас не ведае… Баімся, што за беларускую працу абвінавацяць іх у контррэвалюцыі і расстрэляць.
— О, барані бог, гэтага не можа быць, вы несправядліва дрэнна думаеце аб бальшавікох. Невінаватых не могуць забіць!
Дзяўчына нічога не адказала, і яны моўчкі прайшлі палавіну алеі ў гарадскім садзе. Яна засмуцілася, ён гэта заўважыў і надта хацеў, каб даўжэй пабавіць з ёю і супакоіць яе.
— Ігнат Восіпавіч! — зірнула на яго Іра сваімі круглымі шэра-галубымі вачмі. — Не будзем удавацца ў крытыку бальшавіцкага ладу… толькі ўсімі сіламі памажыце ратаваць нашых заарыштаваных, бо, крый бог чаго… гэта будзе такая страта, такая страта, каб вы толькі маглі ведаць! — яна нэрвова паправіла жменьку валасоў ля вуха й змоўкла зноў.
— Ну, так, ну, разумеецца, — казаў ён, — толькі ж вы загадзя не прымайце так да сэрца; я думаю, што ўсё абойдзецца зусім не так страшна, — хацеў ён супакоіць дзяўчыну і ўздумаў на ладнейшы час, калі разам вучыўся з Канцавым, — я ўсімі сіламі буду вызваляць свайго любага Міколу і яго прыяцеля, бо каб і вы толькі маглі ведаць, як цаню я Канцавога.
— Вы яго цэніце як наогул добрага чалавека. Я ж цаню яго яшчэ як працаўніка на ніве адраджэння бацькаўшчыны. І страціць яго было б для мяне таксама больна, як некалі было больна, калі памёрла мая мамуся.
— Ах, так… ваша мамуся памёрла… — Памаўчаў і падумаў. Потым сказаў: — Праўда, я не магу так адчуць гэтага… гэтай балючасці ад яго смерці як беларускага працаўніка… Не мог бы. Я навет не ведаў, што ён іграе ў «руху» такую роль.
Абдзіраловіч пачуў, як нязлавімая прыкрасць чапнула яго радасны настрой. Прыкрасць з'явілась таго, што яна так уважна гаворыць аб другім, якім не мог быць сам. Але ён не хацеў відзець прычын у гэтым і шукаў яе ў сваёй непрыхільнасці да ўсякай заядласці.
— А шкода… — сказала яна.