Вход/Регистрация
Прыгоды ўдалага ваякі Швэйка ў сусьветную вайну
вернуться

Гашак Яраслаў

Шрифт:

— Прозьвішча? — запытаўся Мраз, гледзячы ў свае паперы.

— Швэйк Іосіф, пан лейтэнант.

— Мгм… Вы значыць тэй самы вядомы Швэйк, — сказаў Мраз. — Сапраўды вы павінны былі выйсьці з-пад арышту а палове адзінаццатай, але паручнік Лукаш прасіў мяне не выпускаць вас да Бруку, каб вы хоць у дарозе не выраблялі вашых штук.

Калі вышла інспэкцыя, капрал ня мог утрымацца ад зьедлівай заўвагі:

— Ну, што, Швэйк, памагло вам тое, што вы зьвярнуліся да вышэйшай інстанцыі? Дык вось-жа! Гной! Каб я захацеў, дык мог-бы вамі абодвымі печ распаліць.

— Пан капрал, — сказаў вольнапісаны. — Кідацца направа і налева гноем — аргумэнтацыя больш-менш пераканаўчая, але інтэлігентны чалавек нават у стане раздражненьня ці ў спрэчцы не дазволіць сабе ўжываць такіх слоў. Што-ж да сьмешных пагроз, што вы маглі-б намі абодвымі распаліць печ, то чаму-ж вы да гэтага часу гэтага не зрабілі, маючы для гэтага поўную магчымасьць? Мусіць, у гэтым выявілася ваша духоўная сьпеласьць і надзвычайная далікатнасьць.

— Досыць з мяне! — усхапіўся капрал. — Я вас абодвых пад суд магу падвесьці.

— За што-ж, саколік? — нявінна запытаўся вольнапісаны.

— Гэта ўжо мая справа, за што, храбрыўся капрал.

— Ваша справа? — перапытаўся з усьмешкай вольнапісаны. Такая-ж самая, як і наша. Так як у картах: «Грошы вашы будуць нашы». Хутчэй за ўсё на вас зрабіў уплыў загад зьявіцца да палкоўніка, а вы спаганяеце сваю злосьць на нас і балбочаце, выразна злоўжываючы службовым становішчам.

— Хамы вы, вось што! — закрычаў капрал, набраўшыся храбрасьці і робячы страшны твар.

— Ведаеце, што я вам скажу, пан капрал, — сказаў Швэйк. — Я, можна сказаць, стары салдат, служыў і да вайны, і ня было здарэньня, каб лаянка да чаго-небудзь прывяла. Некалькі гадоў таму назад, памятаю, быў у нас у роце камандзір разьдзелу, па прозьвішчы Шрэйтэр. Служыў ён звыштэрмінова. Яго-б ужо даўно адпусьцілі дадому ў чыне капрала, але нянька ў маленстве яго, як відаць, упусьціла з рук, — як той казаў. Прыдзіраўся ён да нас, прыставаў, як г… да портак; то гэта ня так, то тое не паводле інструкцыі — адным словам, мучыў, як толькі мог, і заўсёды нас лаяў: «Не салдаты вы, а кіжлаі». — Раз мяне гэта моцна дапякло, і я пашоў з рапартам да камандзіра роты. «Табе чаго?» — пытаецца капітан. «Асьмелюся далажыць, пан капітан, вось са скаргай на нашага фэльдфэбеля Шрэйтэра. Мы, як-ніяк, салдаты яго вялікасьці, а не кіжлаі. Мы служылі верай і праўдай гасудару імпэратару, а ня грушы акалочвалі». — «Глядзі ў мяне, казяўка, — адказаў мне капітан. — Вон! I каб больш мне на вочы не пападаўся!» А я на гэта: «Вельмі прашу накіраваць мяне да камандзіра батальёна». Калі я камандзіру батальёна пры рапарце давёў, што мы ніякія не кіжлаі,— а салдаты яго вялікасьці імпэратара, падпалкоўнік пасадзіў мяне пад арышт на два дні, а я папрасіў накіраваць мяне да камандзіра палка. Палкоўнік пасьля маіх тлумачэньняў закрычаў на мяне, што я асталоп, і каб выбіраўся к чортавай матары. А я на гэта: «Вельмі прашу, пан палкоўнік, накіраваць мяне да камандзіра брыгады». Тут ён спужаўся і ў момант загадаў паклікаць у канцылярыю нашага фэльдфэбеля Шрэйтэра, і таму прышлося перад усім афіцэрамі прасіць у мяне прабачэньня за слова «кіжлай». Потым ён мяне нагнаў у дварэ і сказаў, што з сягодняшняга дня ён мяне лаяць ня будзе, але давядзе мяне да дысцыплінарнага батальёну. З таго часу я заўсёды асьцерагаўся, але такі не ўсьцярогся. Стаў я раз на варце ля цэйхгаўза. На сьцяне, як звычайна, кожны вартавы што-небудзь пакідаў на ўспамін: намалюе, скажам, жаночае прыстройства альбо вершых які напіша. А я нічога ня мог прыдумаць і ад нуды расьпісаўся пад надпісам: «Фэльдфэбель Шрэйтэр сволач», які там раней быў. Фэльдфэбель, сукін сын, ураз на мяне данёс, бо хадзіў за мною па пятах і высочваў мяне, як паліцэйскі сабака. На няшчасьце пад гэтым надпісам быў другі: «На вайну мы ня пойдзем, на яе мы ўсе на…». А справа адбывалася ў 1912 г. калі нас меліся пасылаць супроць Сэрбіі з-за консула Прахазкі. Мяне зараз-жа накіравалі ў Тэрэзін, у вайсковы суд. Разоў пятнаццаць прыблізна паны з вайсковага суду фотографавалі сьцяну цэйхаўза з усімі надпісамі і маім подпісам у тым ліку. Мне разоў дзесяць загадвалі, каб дасьледваць мой почарк, напісаць: «На вайну мы ня пойдзем, на яе мы ўсе на…» — I ня менш пятнаццаці разоў мне прышлося ім напісаць «Фэльдфэбель Шрэтэр сволач». Нарэшце прыехаў экспэрт-графолёг і загадаў мне напісаць: «29 чэрвеня 1897 году Краловы Двур [58] перанёс жах стыхійнага разьліву Эльбы». «Гэтага мала, — сказаў судовы сьледчы. — Для нас найбольш важнае знаходзіцца ў тым с… Прадыктуйце яму што-небудзь такое, дзе шмат „с“ і „р“». Экспэрт прадыктаваў мне: сэрб, сьцерва, сьвярбеж, херувім, рубін, шэльма, — судовы экспэрт, як відаць, зусім зарапартаваўся і ўвесь час аглядаўся на салдата са стрэльбай. Нарэшце ён сказаў, што трэба, каб я напісаў «Сонейка ўжо пачынае прыпякаць: пачынаюцца гарачыя дні», і што гэта пойдзе ў Вену. Потым увесь матэрыял быў накіраваны ў Вену, і нарэшце высьветлілася, што надпісы зроблены не маёю рукою, а падпіс, у якім я прызнаўся, сапраўды мой. Мяне засудзілі на шэсьць тыдняў за тое, што я расьпісаўся, стоячы на варце, і ня мог значыць, ахоўваць даручанае мне ў той момант, пакуль я расьпісваўся на сьцяне.

58

Горад ў Чэхіі.

— Добра яшчэ, што гэта не засталося без пакараньня, — не бяз здавальненьня сказаў капрал. — Вы злачынны тып. Каб я быў на месцы вайсковага суду, я-б закаціў вам ня шэсьць тыдняў, а шэсьць гадеў.

— Ня будзьце такім грозным, — узяў слова вольнапісаны. — Падумайце лепш пра тое, што з вамі будзе. Толькі што пры інспэкцыі вам было сказана, што вы павінны зьявіцца да камандзіра палка. Ня шкодзіла-б вам падрыхтавацца да гэтага сур‘ёзнага моманту і ўзважыць усю мізэрнасьць вашага капральскага існаваньня. Чым, уласна, зьяўляецеся вы ў параўнаньні з сусьветам, калі прыняць пад увагу, што самая блізкая нярухомая зорка знаходзіцца ад гэтага воінскага цягніка на адлегласьці ў дзьзесьце семдзесят пяць тысяч разоў большай чым сонца, і яе паралякс утварае вугал, роўны аднэй сэкундзе.

Калі ўявіць сабе вас у сусьвеце ў выглядзе нярухомай зоркі, вы бясспрэчна былі-б вельмі мізэрным, каб вас можна было ўбачыць нават у самы моцны тэлескоп. Для такой мізэрнасьці на сьвеце няма нават слоў. За паўгода вы зрабілі-б на небасхіле дугу, а за год эліпс такога малога памеру, што іх нельга было-б выказаць лічбай з прычыны іх нязначнасьці. Ваш паралякс быў-бы нязьмерна малым.

— У такім выпадку, — заўважыў Швэйк, — пан капрал можа ганарыцца: яго ніхто ня можа зьмерыць. Што-б ня здарылася на яўцы ў палкоўніка, пан капрал павінен заставацца спакойным і стрымліваюць сваю порсткасьць, бо ўсялякае хваляваньне шкодзіць здароўю, а ў час вайны здароўе павінен кожны шанаваць. Цяжкасьці, зьвязаныя з вайкой, патрабуюць, каб кожнач асоба ня была здыхляцінай. Калі вас, пан капрал, пасадзяць, — казаў далей Швэйк з мілай усьмешкай, — у выпадку, калі з вамі зробяць такую несправядлівасьць, вы не павінны губляць бадзёрасьці і павінны заставацца пры сваёй думцы. Знаў я аднаго вугольшчыка (звалі яго Францішак Шквор), якога ў пачатку вайны пасадзілі разам са мною пры паліцэйскай управе ў Празе за дзяржаўную здраду. Пасьля яго пакаралі сьмерцю праз прагматычную санкцыю. Калі ў яго на допыце запыталі, ці няма ў яго якіх-небудзь супярэчаньняў супроць пратаколу, ён сказаў:

— Няхай было, як было; як-небудзь ды было ж: ніколі так ня было, каб ніяк ня было.

За гэта яго пасадзілі ў цёмную адзіночку і не давалі яму ні есьці, ні піць, а потым зноў павялі на допыт. Але ён застаўся пры сваім, што «няхай было, як было, як-небудзь ды было-ж: ніколі так ня было, каб ніяк ня было».

Яго накіравалі ў вайсковы суд, і магчыма, што і на шыбеніцу ён ішоў з тымі самымі словамі.

— Цяпер, кажуць, здорава вешаюць і расстрэльваюць, сказаў адзін з канвойных. — Нядаўна чыталі нам на пляцы загад, што ў Матоле расстралялі аднаго запаснога, Кудрну за тое, што капітан рубануў шашкаю яго хлапчука, якога на руках трымала яго жонка, калі разьвітвалася ў Бэлэшове з мужам а ён, Кудрна, раззлаваўся на капітана. Усіх політычных арыштоўваюць. Аднаго рэдактара з Моравіі расстралялі. Ротны нам казаў, што і рэшту гэта чакае.

— Усяму ёсьць межы, — сказаў волькапісаны двухсэнсова.

— Ваша праўда, — адгукнуўся капрал. — Так ім, рэдактаром і трэба. Народ толькі падбухторваюпь. Гэта як пазалетась, калі я яшчэ быў яфрэйтэрам, пад маёй камандай быў адзін рэдактар. Ён мяне іначай не называў, як паршывай авечкай, якая ўсю армію паскудзіць. А калі я яго вучыў рабіць вольныя практыкаваньні да сёмага поту, ён заўсёды гаварыў: «Прашу паважаць ва мне чалавека». Я яму тагды паказаў «чалавека». Раз, калі ўвесь двор казармы быў у лужынах, падвёў яго да лужыны і скамандваў «лажыся!» прышлося хлопцу кідацца ў лужыну, толькі пырскі ляцелі, як у купальні. А пасьля абеду на ім зноў усё павінна было блішчэць, мундзір павінен быў быць вычышчаны, як новы. Ну, і чысьціў, крахтаў, а чысьціў ды яшчэ ўсялякія заўвагі дазваляў сабе рабіць. Назаўтра зноў быў ён у мяне ў гразі, як сьвіньня выкачаны, а я стаю над ім і кажу: «Ну, пан рэдактар, дык хто-ж вышэй: паршывая авечка ці ваш славуты „чалавек“»? Тыповы быў інтэлігент.

Капрал з пераможным выглядам паглядзеў на вольнапісанага і гаварыў далей:

— Яму спаролі нашыўкі вольнапісанага якраз за яго інтэлігентнасьпь, і за тое, што ён пісаў у газэты пра зьдзекі, з салдат. Але як яго ня скубці: калі такі вучоны чалавек, а ня можа разабраць замок у вінтоўцы, хоць яму дзесяць разоў паказвай. А калі яму скажаш «раўненьне налева», ён верне сваю галаву, як назнарок, направа і глядзіць на цябе, як варона. Прыёмаў з вінтоўкай ня ведае, ня ведае, за што раней брацца: за рамень ці за патранташ. Вылупіць на цябе зрэнкі, як баран на новыя вароты, калі яму пакажаш, што рука павінна скаўзануцца па рамяні ўніз. Ня ведаў нават, на якім плячы носяць вінтоўку; чэсьць аддаваў як малпа. А павароты пры маршыроўцы, божа ты мой! Пры камандзе «кругом марш!» яму было ўсёроўна, з якой нагі ні рабіць: шлёп, шлёп, шлёп — ужо пасьля каманды пёр яшчэ крокаў шэсьць уперад, туп, туп туп… і толькі тагды паварочваўся, як певень на ражне, а крок трымаў, як падагрык, ці падскокваў, як старая дзеўка на фэсьце.

  • Читать дальше
  • 1
  • ...
  • 29
  • 30
  • 31
  • 32
  • 33
  • 34
  • 35
  • 36
  • 37
  • 38
  • 39
  • ...

Ебукер (ebooker) – онлайн-библиотека на русском языке. Книги доступны онлайн, без утомительной регистрации. Огромный выбор и удобный дизайн, позволяющий читать без проблем. Добавляйте сайт в закладки! Все произведения загружаются пользователями: если считаете, что ваши авторские права нарушены – используйте форму обратной связи.

Полезные ссылки

  • Моя полка

Контакты

  • chitat.ebooker@gmail.com

Подпишитесь на рассылку: