Верціхоўская Марыя
Шрифт:
Нельга не захапляцца мудрасцю нашага слыннага земляка, які паўтысячагоддзя таму нагадаў нам пра галоўны закон вечнасці, «закон прирожений», — не хлебам адзіным жыве чалавек. А калі толькі хлебам, то не будзе і яго…. Афарыстычна, вобразна сфармуляваў ён гэты закон, папярэдзіўшы нас пра бяду, калі той закон парушым:
…Мне так здаецца, што гэтай шаноўнаю назвай Век той названы па простой прычыне: дзяржаўца Перад багаццем і шчасцем зямным постоянна Ставіў багацце духоўнае — злата дзяржавы.Апісанню «вячыстых» спраў Вітаўта, яго клопатаў пра «багацце духоўнае» як «злата дзяржавы» прысвечана ў паэме шмат старонак. Пры князю Вітаўту нашы продкі жылі ў прававой дзяржаве. Першай у Еўропе прававой дзяржаве, у якой панавала сіла закону, а не закон сілы, і была гарантавана роўнасць усіх перад сілай закону!
…Прагнасць нажыцца под шыльдаю варты закона, Сквапнасць — загрэбці кавалак у бліжняга з рота — Ён тыранічнымі сродкамі так пратараніў, Што на вякі нават завад іх вывеўся ў княстве.Лёс быў і літасцівы да нашай Маці-Беларусі, калі ў 1882 г. паслаў невымоўнаму народу адразу двух прарокаў, двух песняроў — рамантыка і рэаліста, такіх розных, але аднолькава вартых свайго народа. «Сярод цемры і мук» беларусы змаглі іх голасам «на свет цэлы» сказаць пра сваё жаданне і права «людзьмі звацца».
Велізарная заслуга Янкі Купалы, які ўвабраў у сваю творчасць лепшыя традыцыі папярэднікаў — Ф. Багушэвіча, Цёткі, у тым, што мужыцкая тэма загучала ў яго творах як агульнанацыянальная і агульначалавечая. Ніхто да яго з такой сілай, так палымяна не сказаў пра наша імкненне і права «людзьмі звацца», а пазней пра тое, што «і беларус можа змясціцца ў сям'і нялічанай славян», што «жыў беларус — і будзе жыць!»
Шчаслівым і адначасова глыбока трагічным быў лёс нашага песняра ад пачатку і да самага канца. Шчаслівым, бо здзейснілася самая запаветная яго мара — «з цэлым народам гутарку весці, сэрца мільёнаў падслухаць біцця». I якім жа сціплым быў наш паэт у сваіх парываннях да валадарства душой толькі свайго народа! Песня Янкі Купалы мела такія магутныя крылы, валодала такой вялікай сілай і энергіяй, што ўжо ў самым пачатку выйшла за абсягі роднай зямлі, загучала на рускай, украінскай, польскай, чэшскай, літоўскай і іншых мовах.
Трагічным быў яго лёс, бо і ён, як яго прыгожыя рамантычныя героі, зрабіў раз і назаўсёды выбар і ніколі не адступіўся ад галоўнай і самай вызначальнай для ўсёй яго творчасці ідэі нацыянальнага адраджэння і дзяржаўнага суверэнітэту. I вельмі дорага заплаціў за свой выбар і вернасць яму да канца.
I ў савецкі перыяд ён з новай і новай сілай, мастацкімі сродкамі ўсіх жанраў сваёй творчасці, у тым ліку публіцыстыкай, папярэджваў, што і перад гісторыяй («А суд гісторыі цяжкі!»), і перад новымі пакаленнямі давядзецца трымаць адказ:
Ці аб свой гонар дбайна дбалі, I добровольна, без прынук, Самі сабой не гандлявалі, Не несліў петлі дум і рук? I ці пакінуці на памяць Мы песень гэтакіх змаглі, З якіх бы можна было ўцяміць, Што мы свабоднымі былі?..(«І прыйдзе»)
Ні ў чым Янка Купала як сын свайго народа не быў такім паслядоўным, астойлівым і палымяным, як у сцвярджэнні ідэі нацыянальнай годнасці беларусаў і нацыянальнага адраджэння.
Няма ў нашай таленавітай літаратуры песняра, які б з такой мастацкай сілай паказаў узвышанае ў зямным, прыгожае — у будзённым, вечнае — у імгненным, які быў бы такім настойлівым у сцвярджэнні думкі, што самае прыгожае «ў свеце Божым» — зямля і на ёй чалавек, як Якуб Колас. Ужо радкамі ў пачатку паэмы «Новая зямля»:
Мае знаёмыя няўзрачны, Нічым не слаўны і нязначны —народны пясняр быццам «правакуе» чытача на спрэчку з ім. Якой жа сілай, якім магутным духам трэба валодаць, каб з такой мужнасцю і без страты сваёй душы вынесці ўсе тыя выпрабаванні, што выпалі на долю яго «знаёмых»! Героі Коласа ўсім нам даюць урок, як нават у бесчалавечных абставінах ад чалавека залежыць самае галоўнае — застацца чалавекам, бо абсягі поўнага валадарства чалавека — яго ўласная душа.
Героі Коласа зямныя, рэальныя і адначасова асобы моцныя, выключныя, сіла якіх — у бязмежнай любові да сваёй зямлі-карміцелькі, да бліжняга свайго і найперш да сям'і і родных дзяцей.
Кім быў, ёсць і будзе М. Багдановіч для нашага народа, вычарпальна і афарыстычна сказаў У. Караткевіч у вершы «Багдановічу»:
Бо як ёсць у народа такія — Не загіне давеку народ.Максім Багдановіч сваім «гарачым словам рунь узняў на роднай зямлі», як вобразна сказаў пра яго духоўную спадчыну У. Караткевіч. А кожная хвіліна яго кароткага і яркага жыцця — нямы дакор нам, што не спраўдзілі яго надзей. Некаторыя з нас, жывучы на зямлі сваіх продкаў, так і не змаглі авалодаць іх мовай… I ўжо адным гэтым не выключылі магчымасці весці ганебныя і абразлівыя для любой нацыі спрэчкі, ці патрэбна наогул нам тая мова, бо, можа, «ёй знікнуць пара»!