Верціхоўская Марыя
Шрифт:
Праблема бацькоў і дзяцей — адна з галоўных у рамане I. Шамякіна «Сэрца на далоні». Сям'я Шыковічаў у роспачы, пакутліва шукае адказ на пытанне, чаму так атрымалася, што іх сын расце пустадомкам, цынікам і хуліганам. Бацька — інжынер чалавечых душ, а на душу сына амаль ніякага ўплыву не аказвае. Маці — сейбіт разумнага, добрага, вечнага. Якога яшчэ лепшага прыкладу акрамя сумленнага жыцця і сумленнай працы бацькоў трэба, каб чалавек рос не так пакутліва і без такіх, як у Славіка, праблем? Пра тое палка і з абурэннем даводзіць Шыковіч на бюро райкома, дзе за кепскае выхаванне сына яму аб'явілі вымову. Сапраўды, у нашых продкаў, што кіраваліся галоўным прынцыпам народнай педагогікі «прыклад і праца», такіх праблем і ў такой ступені не было. Тады і адвечны мацярынскі клопат, як дасціпна яго вызначаў Славік, «каб лішняе з'елі і лішняга не выпілі», таксама быў толькі на карысць дзіцяці. Але час мяняецца. Сёння аднаго прыкладу і аднаго такога мацярынскага клопату мала. Неабходна і такая ўвага, і такое дбанне пра духоўнасць дзяцей, як у сям'і Яраша. Уражвае эпізод, калі Яраш забараняе жонцы гаварыць пры дзецях пра гнілыя зубы пацыентаў, што так раздражняюць стаматолага Галіну Адамаўну. «Каб мне дзеці былі у слуху, каб я бацькам для іх век дажыў» (Ф. Багушэвіч) — гэта пра Яраша. Тады і дзеці здольны будуць паўплываць на бацькоў, калі ў сям'і ўзнікнуць (а ў якой сям'і іх не бывае?) нейкія непаразуменні. «Я дапамагу ім. Я паміру іх», — цвёрда ўпэўнены Тарас, калі прыёмныя яго бацькі моцна пасварыліся.
Многія творы найноўшай літаратуры акцэнтуюць нашу ўвагу на такой страшнай выяве і наступствах бездухоўнасці, як развал сям'і і неканструктыўнае вырашэнне канфліктаў паміж бацькамі і дзецьмі.
Сям'я — падмурак духоўнасці грамадства, а значыць, і яго самога. Трагедыя для грамадства (пра тое даводзіў В. Быкаў у аповесцях «Знак бяды» і «Аблава»), калі рвуцца повязі паміж пакаленнямі, калі рвуцца самыя моцныя сувяз! паміж людзьмі — кроўныя. Трагедыя, калі бацькі адрынулі дзяцей, здрадзілі ім. Героя апавядання М. Райчонка «Божачка, ратуй!» прадалі бацькі-наркаманы. I ўвесь твор — аповед пра ўцёкі і ратункі хлопчыка, на якога палююць наёмныя забойцы, бо ў дзіцяці да ўсяго яшчэ і рэдкая група крыві. Трагедыя і тады, калі дзеці пераступілі цераз бацькоў. Герой аповесці М. Зарэмбы «Пятля» павесіўся на… крыжы. Нясцерпны крыж пакут яго сумлення за ўсвядомлены грэх і віну перад маці, якую сваім п'янствам і бязладным жыдцём звёў у магілу. Змест твора ў асноўным складае ўяўны дыялог сына з маці перад сарачынамі.
У вершы Пімена Панчанкі «Ратуйце нашы душы» гіпербалізавана, праз павелічальнае шкло, па-максімалісцку паказана бездухоўнасць і такая страшная, на думку паэта, яе выява, як разбэшчанне моладзі і яе дэградацыя. У вершы з публіцыстычнай палкасцю паказана поўнае бязладдзе і поўная перад ім капітуляцыя, адсутнасць сіл, здольных процістаяць злу:
Але, каб выбраць лепшую з дарог, Патрэбна мудрасць працы, Нашых сэрцаў; Патрэбны маці, бацька, педагог. А іх няма. Альбо ў мізэрнай дозе. Разлад. Развод. Сіроцтва ўсё часцей. I ходзяць беспрытульна па дарозе Мільёны нашых страчаных дзяцей…Вырашэнне праблемы бацькоў і дзяцей залежыць як ад іх саміх, так і ад грамадства. А ад гэтага ўрэшце залежыць будучыня нацьй, залежыць тое, ці наступіць за ноччу «раніца ў нядзельку».
«Трэба дома бываць часцей…» (Р. Барадулін)
…Тако ж и люди, и где зродилися и ускормлены суть по бозе, к тому месту великую ласку имають.
Ф. Скарына.
Вяртанне ў бацькоўскі дом, родныя мясціны — паход у будучыню.
«Ніякія думы чорныя не змогуць», даводзіць герой М. Гарэцкага мудры дзед Яхім студэнту Архіпу, калі будзе моцнай сувязь з родным карэннем, калі «часцей у роднае гняздзечка» залятаць і чэрпаць там, у гэтай святой прошчы сілы, што дапамогуць выстаяць у любыя буры і віхуры.
Любоў да сваіх вытокаў, «роднага гняздзечка» — гэта не проста пачуццё, а інстынкт усяго жывога. Такі ж самы, як і інстынкт самазахавання. I чым мацнейшы ён у чалавеку, тым мацнейшая яго сувязь з родным карэннем, тым устойлівей будзе чалавек на зямлі.
Пісьменнікі вывяраюць сваіх герояў інстынктам лёту, выпрабоўваюць матывамі вяртання ў родныя гнёзды.
Галоўнаму герою рамана Я. Брыля «Птушкі і гнёзды» Алесю Руневічу, як быў яшчэ хлапчуком, маці, прадучы кудзелю, расказвала, што смецюхі, якія на дварэ грабуцца разам з вераб'ямі, — гэта жаўранкі. Тыя самыя жаўранкі, што вясною звіняць з паднябесся званочкамі. А ўзімку, халадамі ды завеямі, грабецца сабе ў конскім гноі ды толькі цвіркае. I нікуды ён не ляціць…
Шэрым смецюхом, што вось сядзіць ды толькі цвіркае, здаўся Алесю Змітрук Саладуха, зямляк з Навагрудчыны.
Птушкай паляцеў бы ён туды, дзе авёс косяць, дзе бульбянішчы пахнуць, а каля градаў пройдзеш — есці захочацца. А як да справы — «я гэта ў кут». Хораша гаварыў Змітрук, што па ядзе ў няволі яшчэ можна пражыць, але ж нуда чалавека поедам есць. Але толькі гаварыў. Ад Алесевай прапановы рыхтавацца да палёту, а потым і ляцець разам адмовіўся. Не пераканалі і Алесевы довады, што родная зямля гарыць у полымі вайны, а яны стаяць на гэтым беразе ды пазіраюць: «А маем мы права стаяць, чакаць, пакуль народу нашаму так цяжка?»
Іншы матыў невяртання ў роднае гняздо ў Цярэня, у якога там дзяцей «поўная хата, якія, можа, без кавалка хлеба сядзяць». «Цярэню і тут добра, не толькі яда ёсць, але і жанчын удосталь, што для яго немалаважна». Цынічна заяўляе ён Алесю: «Дзе мне добра — там і мае!»
Людзі, што страцілі інстынкт лёту ў роднае гняздо, — смецюхі, якія кіруюцца вантробна-страўнікавай псіхалогіяй «дзе мне добра, там і мае». Страціўшы з гэтым інстынктам і «святое штосьці», такія без вагання і душэўных пакут пераступаюць нават праз уласных дзяцей.