Вход/Регистрация
Дзевяць
вернуться

Ліпковіч Яўген

Шрифт:

Гмурман падкаціў драбіны на колцах.

— Людзі ўжо даўно забыліся, што яны паходзяць ад малпы, — ён устаў на прыступку, — але сякія-такія навыкі… — ён узьлез яшчэ вышэй, — сякія-такія навыкі захаваліся.

Стары ўзяўся сьцягваць cа стэлажа вялікі пляскаты прадмет, загорнуты ў радно.

— Трымайце, малады чалавек, — сказаў ён, — яно ня лётае, яно падае.

Жыгалка падхапіў прастакутнік і беражліва апусьціў на падлогу. Гмурман спусьціўся і схапіўся за печань. На лбе выступілі кроплі поту. Ён аддыхаўся, агледзеў прадмет з усіх бакоў.

— Нясіце, малады чалавек, — зьвярнуўся ён да лейтэнанта, — гэта самае тое.

Пстрыкнуў выключальнік, хлам на стэлажах зноў патануў у цемры.

Яны прайшлі ў другі пакой, частку якога займаў прылавак, а на паліцах ляжаў такі самы хлам, толькі ня пыльны. Старыя фотаапараты, пераносныя радыёпрыймачы ў драўляных карпусах, кубачкі з партрэтамі забытых правадыроў, на сьценах віселі падробкі пад малых галяндцаў…

Гмурман палез у кішэню, дастаў плястыкавую скрыначку, высыпаў у далонь дзьве маленечкія жоўтыя таблеткі і закінуў іх сабе ў рот.

— Ну што вы стаіцё, быццам чакаеце, што вам рубель падаруюць? — спытаўся ён у лейтэнанта.

Жыгалка схамянуўся і пачаў сьцягваць радно.

Карціна пад шклом, напісаная на люстэрку. Так, як у квітанцыі, выдадзенай лямбардам, Жыгалка й не сумняваўся. На падлозе сядзеў чалавек дагары нагамі, чорныя валасы спадалі на твар. Майка, джынсы, выкручаныя ногі ў красоўках. Чалавек асеў па сьцяне, пакінуўшы за сабою даўгі крывавы сьлед, побач ляжаў пісталет. Мазкі дакладныя, акуратныя. Колеры натуральныя.

— Арыгінальна, — сказаў Жыгалка. У люстраной сьцяне над нябожчыкам адбіваўся шырокі лейтэнантаў твар. Ён дастаў грабеньчык з задняй кішэні, прыгладзіў ускудлачаныя бялявыя валасы.

— Падобна да месца злачынства, — працягваў ён, — толькі ў банку сьцяна не люстраная. А падлога такая самая, карычневыя квадраты. І пісталет побач…

Гмурман кінуў кароткі позірк на лэйтэнанта.

— Вельмі падобна, — Жыгалка палез па тэлефон. — Любачка, — сказаў ён у слухаўку, — што ў нас за красоўкі на штымпулі, што спрабаваў пяцьсот чатырнаццатае аддзяленьне на гоп-стоп… А майка — чорная? — ён павярнуўся да Гмурмана, — Па-мойму, тут «Адзідас»?

Гмурман паціснуў плячыма.

— Што ты кажаш! Дзякуй! — Жыгалка схаваў слухаўку. — І праўда, «Адзідас», — сказаў ён і шумна ўздыхнуў.

Ён яшчэ нейкі час разглядаў карціну, седзячы на кукішках.

— Вы мне не аддасьцё гэты цудоўны твор пад слова гонару? — зьвярнуўся ён. — Я выдам расьпіску…

Стары адмоўна пакруціў галавой:

— Малады чалавек, я ўдавец, у мяне засталася толькі рэпутацыя. Законы напісаныя на тое, каб іх выконвалі ўсе.

Жыгалка яшчэ раз шумна ўцягнуў паветра носам.

— Заўтра будзе ордэр на канфіскацыю.

— Прыходзьце заўтра, — адказаў Гмурман.

— Ня любіце вы нас, — прабурчаў лейтэнант, — я ж магу ў экстранных выпадках…

Ні дзякуй табе, ні калі ласка, падумаў Гмурман. Гэтае пакаленьне зачалі ў інтэрнэце, яны там нарадзіліся і жывуць. Ім, бач ты, няма часу на прыстойнасьць. У іх так прынята.

А гэты сунуў пад нос нечыя крамзолі зь пячаткамі і думае, што мае пропуск у райскія сады.

— …разгульваюць на свабодзе. Яны могуць нарабіць справаў. А вы мне не даяце рэчавы доказ… — працягваў Жыгалка.

Гмурман дастаў беласьнежную насоўку і выцер ёю шкельцы акуляраў.

Лейтэнант аказаўся ўпартым.

— Ён увайшоў у банк, — Жыгалка паказаў, як рабаўнік увайшоў, — дастаў пісталет, — лейтэнант дастаў свой пісталет, — наставіў яго на супрацоўніцу, — ён наставіў пісталет на Гмурмана, — і запатрабаваў не гатоўку, а ключы ад ячэек.

Ён убачыў, як у Гмурмана паехалі бровы ўгару ад зьдзіўленьня.

— У банку ёсьць дублікаты ад усіх сэйфаў, — падміргнуў лейтэнант.

Бровы Гмурмана вярнуліся на былое месца.

— Дзяўчынка зь перапуду схавалася пад стол, хоць іх і інструктуюць у выпадку абрабаваньня аддаць усё. Ён раззлаваўся, выстраліў. Але, дзякуй Богу, прамазаў. Другі стрэл зрабіў ахоўнік, які выйшаў з прыбіральні. Машына, што чакала на вуліцы, як пачалася страляніна, зараз жа знікла. Ён вось так споўз па сьцяне, — Жыгалка падышоў да сьцяны і паказаў, як спаўзаў забіты.

Квітанцыя вашага лямбарду была ў яго ў кішэні, — працягваў ён, хаваючы пісталет. — Сьцяпанава Марта Яўгенаўна, чый пашпарт быў пададзены, калі вы пісалі заклад, учыніла самагубства два месяцы таму. Марта Яўгенаўна на гэтым сьвеце была вядомай варажбіткай, з сур'ёзнай кліентурай. Да яе прыяжджалі з усёй краіны. Кажуць, яна кансультавала Адміністрацыю Прэзыдэнта і нават асабіста Самога… — Жыгалка скасіў вочы ўгору. — Адзіны сын Ягор. Цяперашняе месца знаходжаньня — наш аддзел крыміналістычнай экспэртызы. Ён цяпер у лядоўні зь дзіркай у грудзях, якую зрабіў ахоўнік пяцьсот чатырнаццатага аддзяленьня Беларусбанку з свайго «дзюка». Калі ня знойдуцца іншыя сваякі, будзе пахаваны на Паўночных могілках за наш з вамі кошт.

  • Читать дальше
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • ...

Ебукер (ebooker) – онлайн-библиотека на русском языке. Книги доступны онлайн, без утомительной регистрации. Огромный выбор и удобный дизайн, позволяющий читать без проблем. Добавляйте сайт в закладки! Все произведения загружаются пользователями: если считаете, что ваши авторские права нарушены – используйте форму обратной связи.

Полезные ссылки

  • Моя полка

Контакты

  • chitat.ebooker@gmail.com

Подпишитесь на рассылку: