Вход/Регистрация
Тры жыцці княгіні Рагнеды
вернуться

Тарасаў Кастусь

Шрифт:

Пасля русалля вярнуўся ў горад цівун і прывёз ашаламляльную вестку: князь Уладзімір замірыўся з рамеямі, прыняў грэчаскую веру, і плыве да яго з Царгорада новая жонка - сястра кесара Васіля. А за гэтую новую жонку Ўладзімір паслаў Васілю шасцітысячнае войска - задушыць нейкае там паўстанне. І заслаўскія ваяры ўжо ваююць у Царгорадзе... Рагнеда памятала Вользіну царкву ў Кіеве, хадзілі туды грэчаскія купцы. У грэкаў толькі адзін бог, і хто на яго моліцца, больш адной жонкі мець не можа. Калі дзве - лічыцца вялікі грэх. А Ўладзімір меў шэсць! Вось гэтая недарэчнасць і захапіла думкі Рагнеды. Кім жа цяпер сталі гэтыя жонкі? Свабоднымі? Ад'едуць на радзіму? Алова да сваіх варагаў? Мілаліка ў Балгарыю? Адэля да чэхаў? А ёй, выходзіць, можна ў Полацак? А з дзецьмі як? Іх з маткамі на радзіму? Рагнеда паклікала да сябе сведкаў хрышчэння для падрабязных роспытаў. Аказалася, што хрысціцца іх прымусілі сілай; бачылі яны, як сустракаў Уладзімір грэчаскіх папоў; затым загадалі ўсім схадзіцца да Пачайны; у першы дзень мала прыйшло, тады князь прыгразіў. Былі бойкі нязгодных з дружыннікамі, шмат людзей загінула ў тых бойках, але сабралася ўсё ж кіеўскае насельніцтва на бераг. Тут грэкі загадалі ўваходзіць у раку разам з дзецьмі, махалі крыжамі, курыльніцамі; хто ў вадзе быў, таму далі крыжык, каб на грудзях насіць. Грэчаскі бог мае імя Ісус. Ранейшых сваіх багоў на капішчы пасеклі, а Перуна прывязалі пастронкамі да клячы, правалаклі з гары і кінулі ў Днепр... А царгарадская жонка? А ранейшыя жонкі?
– пыталася Рагнеда пра самае важнае для сябе. Пра іх хрышчоныя заслаўцы нічога не ведалі...

Зноў апынулася яна ў невядомасці лёсу, а шчыра думаць, як бальшыня заслаўскага жыхарства, што багі пакараюць кіеўскага князя за здраду дзедаўскай веры, не дазваляла ёй веданне князя. Калі і дружына з ім, і стары Дабрыня ахрысціўся, і залезлі ў Днепр кіеўскія баяры, і ўзяў ён жонкай рамейскую цароўну, значыць усё ім пралічана, абдумана, узважана і нішто яму не пагражае. Любіць яго ўдача, нават ад нажа, ад пэўнай смерці засцярог яго лёс. Не, не будзе помсты багоў. Зламаў ён іхную сілу. Дзёрзкі, адважны чалавек князь! Вырашыў - і пасеклі багоў на трэскі тыя ж людзі, што мінулым днём ім маліліся. Тысячу гадоў ім ахвяры насілі, ніхто не мысліў адрынуць ці адарвацца. А ён насмеліўся. Дык гэта ж багі! Яны жыцці ў руках трымаюць! Калі іх не пабаяўся, дык што для яго людзі, што для яго яна... Ужо, пэўна, вырашыў, як з ёй абысціся. Цяпер яна для яго нават не былая жонка, яна - маці заслаўскага князя... Цьмяная трывога, прадчуванне новай бяды апавілі яе: князь жорстка распраўляўся з мінулым, а яна была яго мінулым, яна марыла паўстаць, яна хацела вярнуць сваю даўніну. А ёсць і незабыўнае: яна замахвалася на яго жыццё, да смерці будзе на ім знак яе жадання. І новая жонка, грэчаская цароўна, запытае: скуль гэтая рана? печанегі, яцвягі, балгары нанеслі? А ён мусіць адказаць: не, жонка. А зараз дзе яна, гэтая твая жонка? Не, не можа князь даць ёй поўную волю. Услед за ідаламі Сварога, Перуна, Мокашы, Хорса павінны загінуць людзі... Выходзіла, што ён прыедзе і растопча яе. «Калі? Як?
– думала яна.
– Што ён зробіць з Ізяславам?» Гэтая думка, боязь за лёс сына пазбаўлялі яе спакою. Гадзінамі хадзіла яна ўздоўж ручаіны, намагаючыся разгадаць прынятае князем рашэнне. Неяк у хвіліну такога роздуму ёй зноў паказаліся тры старыя, яны глядзелі на яе з мутнай свіслацкай вады са звычнай сваёй абыякавасцю. У Рагнеды не засталося сумніву: гэтым разам Уладзімір яе заб'е.

Яна пайшла да вешчуна і ўзяла з сабой Ізяслава.

– Часам бачу я трох старых, - сказала яна вешчуну.
– Яны прыходзяць перад няшчасцем, быццам вядуць яго за сабой, як павадыры...

– Гэта багіні, - разумеючы, кіўнуў стары.
– Мара падманвае, Карна шкадуе, Яга заб'е.

Рагнеда задумалася. Думала яна пра тое, што ў кожнай з багіняў свая чарга, а з'явіліся яны не ўпершыню...

– Не гадай, - спыніў яе вяшчун.
– Няма на табе знака смерці.

– А які на мне знак?

– Спадзеі, - адказаў стары.
– Не ва ўсім ты яшчэ падманулася.

– Скажы, а які на ім знак?
– Рагнеда выставіла наперад сына.

– Жыцця, - ледзь зірнуўшы, сказаў стары.

– Жыццё праходзіць па-рознаму, - запярэчыла Рагнеда.
– У парубе сядзець таксама жыццё...

– І ў парубе пасядзець не зашкодзіць, - адказаў вяшчун.
– Пыха рухае вамі, і няма сэнсу ў вашых жаданнях.

– А ў чым сэнс?
– спытала Рагнеда.

– Выстаяць жыццё. Не сагнуцца.

– Ну, не сагнуся. А далей што?

– А далей - смерць.

Рагнеда міжволі здзівілася.

– Што, здаецца, мала?
– сказаў вяшчун.
– Не тая ўзнагарода?

– Так, мала, - прызналася Рагнеда.

– А ты пратрымай груз жыцця, каб спіна не зламалася, не трэснуў хрыбет.

– Што ж тады наш лёс?

– А што мы ведаем пра яго? Ад яго не схаваешся. Таму і баяцца няма чаго людзям.

– Чаму ж людзі баяцца?

– Пакорлівыя, - адказаў вяшчун.

6

На пачатку бабінага лета спраўдзілася трывожнае прадчуванне: з'явіўся ў Заслаўі Дабрыня і прывёў з сабой тысячны полк, які хутка аколіў горад павецямі і буданамі. Рагнеда, пачуўшы ад Рудога ненавіснае імя, разумела, што неўзабаве яе зарэжуць, - ніякая іншая мэта прыходу Дабрыні ў горад ёй не ўяўлялася.

Увечары стары забойца зайшоў да яе ў хату. Яна ведала, што ён прыйдзе, і чакала яго, трымаючы пры сабе Ізяслава. Дабрыня павітаўся з ёю, пагладзіў па галоўцы княжыча, свайго пляменніка, і грузна прысеў на ўслон. Вочы яго з нейкай савінай нерухомасцю разглядалі маці і сына. «Зараз кіпцюры пакажа», - падумала Рагнеда, не верачы соннаму выгляду старога баярына. Так і здарылася. Без адкладу нанёс Дабрыня першы ўдар, разбурыўшы трыма словамі надзейную, здавалася, дакладнасць яе разлікаў. Сказаў жа ён нетаропка, што загінуў яе дзядзька князь Тур.

– Значыць, і сыны яго загінулі, - сцвярджальна адзначыла Рагнеда.

Дабрыня згодна кіўнуў. Яна прыгадала полацкую бойню і ўявіла, як калолі нажамі яе тураўскіх сваякоў. Не ўтрымаўся Ўладзімір, каб не высекчы і тураўскую галіну роду. Яна запыталася, як загінуў Тур.

– Загінуў, ды і ўсё, - не захацеў пускацца ў падрабязнасці Дабрыня.
– Адмовіўся ўпускаць у Тураў уладыку для хрышчэння народу, сядзеў за сценамі, амаль месяц страцілі на асаду... Цяпер Святаполк там княжыць...

Святаполк быў аднагодкам Ізяслава, і Рагнеда імгненна зразумела, нашто спатрэбілася Ўладзіміру высякаць Тураў і яго князёў.

– І маці яго з ім, у Тураве?
– асцярожна спытала Рагнеда, жадаючы мець поўную яснасць.

– Нашто?
– усміхнуўся Дабрыня.
– Княжыч да пяці гадоў у жаночых руках, а з пяці - мужчына. Ты ж ведаеш, княгіня...

– Яраславу майму пяць гадоў, - сказала Рагнеда, - што, можа, і яго пасадзяць князем?

– Ужо павезлі, - пацвердзіў Дабрыня.
– У Растоў.

– А Ізяслава куды намецілі?
– працягвала свой роспыт Рагнеда.

– У Полацак, - сказаў Дабрыня і, гледзячы на Ізяслава, патлумачыў як бы выключна для яго: - Вяртаецца табе, княжыч, бацькаўшчына па дзеду. Вось ахрысцім тваё Заслаўе - і паедзем. Хочаш у Полацак?

  • Читать дальше
  • 1
  • ...
  • 9
  • 10
  • 11
  • 12
  • 13
  • 14
  • 15
  • 16
  • 17
  • 18
  • 19
  • ...

Ебукер (ebooker) – онлайн-библиотека на русском языке. Книги доступны онлайн, без утомительной регистрации. Огромный выбор и удобный дизайн, позволяющий читать без проблем. Добавляйте сайт в закладки! Все произведения загружаются пользователями: если считаете, что ваши авторские права нарушены – используйте форму обратной связи.

Полезные ссылки

  • Моя полка

Контакты

  • chitat.ebooker@gmail.com

Подпишитесь на рассылку: