Вход/Регистрация
Тры жыцці княгіні Рагнеды
вернуться

Тарасаў Кастусь

Шрифт:

– Хачу, - збянтэжана адказаў Ізяслаў.

– Хочаш - будзеш. А зараз ідзі пагуляй!

Засталіся ўдваіх, але нічога Дабрыня не дадаваў, і нашто ён пазбавіўся Ізяслава, Рагнеда не разумела.

– Калі пачняце хрысціць?
– спытала яна, дзівячыся, што так лёгка прымірыла яе з хрышчэннем вестка пра Полацкі ўдзел Ізяслава.

– Збудуем святыню - тады.

Вось бы і закончыць тут размову, каб у адзіноце парадавацца за Ізяслава, за здзяйсненне сваёй мары, патужыць аб князі Туры, пасумаваць аб Яраславе, прызначаным у далёкі Растоў - жыць сіратой пад жорсткім баярскім наглядам. Але пра яе будучыню яшчэ не перамовіліся ні словам. А пэўна, усё яны вырашылі. Няхай паведае.

– Ці праўда, Дабрыня, што Ўладзімір ажаніўся?

– Праўда.

– І веру грэчаскую прыняў?

– Усе прынялі. І я ахрысціўся. І ён ахрысціўся. Імя яго новае, хрысціянскае - Васіль.

– Васіль, - паўтарыла Рагнеда.

– Так, Васіль.

– Значыць, Васіль - як цар рамейскі?

– Ага, - кіўнуў Дабрыня.
– А жонку яго зваць Ганна.

– Выходзіць, - вывела Рагнеда, - ён мне не муж, я для яго не жонка і магу жыць па сваёй волі?

– Так, не жонка, - згадзіўся Дабрыня, але пра волю не ўдакладніў.

Пагрозай павеяла на Рагнеду ад гэтага ўмаўчання. Ды што мог зрабіць ёй Уладзімір? Што другім жонкам - тое і ёй.

– Дзе Алова?
– спытала яна.

– Замужам, - адказаў Дабрыня.
– За Корла пайшла. Памятаеш такога варага?

– А Мілаліка?

– Таксама замужам.

– Мальфрыда? Адэля?

– Усе хрысціліся, усе за новымі мужамі!
– вычарпальна сказаў Дабрыня.

– Другога выйсця няма, так, Дабрыня?

Ён змаўчаў.

– Ну, а мне каго дае ў мужы князь Васіль?

– Каго абярэш, - адказаў Дабрыня.
– Даражыр, Бедавей...

– Хто, хто?
– перапытала яна, нібы не расчуўшы.

– Бедавей, Даражыр, - няспешна і абыякава паўтарыў Дабрыня.
– А што? Чым, княгіня, яны табе не падыходзяць?

Ведаў ён і сам, што яны ёй не роўныя; не патрабавалася тут тлумачэнняў. Рагнеда змаўчала. Усё ж яна пільна ўглядалася ў Дабрыню: ці не смяецца з яе стары кат? Уявіўся ёй двор, хата Бедавея. Вось Бедавей прыходзіць п'яны, валіцца на лаўку і крычыць ёй, каб зняла з яго боты... Полацкая княгіня з кіеўскага халопа... Рагнеда з Рысака...

– І што, - усміхнулася яна, - князь Васіль ведае пра гэтых жаніхоў?

– Ведае, - пацвердзіў Дабрыня, і яна яму паверыла.

Аднак ці мог ён думаць, што яна пагодзіцца? Ці здурэў ён, прыняўшы грэчаскую веру, і лічыць, што да ўсяго можна прымусіць чалавека сілай? Тут прыгадаўся ёй адзін вечар - можа, адзіны добры вечар з усяго жыцця з Уладзімірам. Яны выйшлі на прагулянку. Ён нёс на руках Ізяслава. Былі раннія прыцемкі, усё сцішылася да бязгучнасці, і раптам яны ўбачылі белага каня - апусціўшы галаву, ён стаяў нерухома, як зачараваны. Калі-нікалі вока яго на міг расплюшчвалася. «Мроіць!» - шапнула яна. «Спіць!» - кіўнуў Уладзімір. І на той вечар гэты ахоплены мроямі ці сном конь злучыў іх светлай радасцю... Але аддаць яе Бедавею! Больш гонару для Ўладзіміра было б забіць яе!

– А каго ты хацела б?
– спытаў Дабрыня.

– Чаго я хачу, тое табе, Дабрыня, поперак горла. Як разумею, мне з Ізяславам не дазволіце?

– Вядома, - ён ажывіўся.
– Разваж: вернешся ты ў Полацак - і што? Будзеш помсціць, калі выпадзе. Ізяслава навучыш. Сядзе ў сядло - пачне варагаваць. Ці ты распачнеш... Не, закрыты для цябе шлях у Полацак...

Вось цяпер усё дакладна вызначылася; пярэчыць, прасіць - усё не мела сэнсу; з медзведжай упартасцю Дабрыня выканае ўвесь расклад рашэнняў. І на тое здольныя, што звяжуць і сілай возьме яе Бедавей, як узяў Уладзімір.

– Дванаццаць сыноў нарадзілі Ўладзіміру, - сказала яна.
– Думаеш, яны ўжывуцца, калі Ўладзімір сканае. У яго два браты былі - дзе яны...

– Ужывуцца не ўжывуцца - мы з табой не ведаем, - не прыняў Дабрыня.
– Гэта іхны клопат. А ў нас свой... Але я цябе разумею. І майго бацьку забілі, і сястру абразілі, і мяне ў стайні трымалі, з коньмі спаў... Нібыта і я меў падставы на Кіеў злаваць... І што сталася б - кроў і сеча.

– А што, хіба не было крыві?
– выкрыла Рагнеда.
– І Яраполк памёр сваёй смерцю? І супраць Кіева вы не стаялі?

– Мог бы і я княжыць у бацькоўскім Малічы, - казаў Дабрыня, не адгукаючыся на пярэчанні.
– Ды, вось, не імкнуўся. Я сябе адолеў, і ты перасілься...

– Цябе перасілілі, - паправіла Рагнеда, - вось табе, узлаванаму, і ахвота ўсіх перасільваць. Высока ўзняўся ты з прываротнікаў, галоўны дарадца князя, разумнейшы, можа, за яго, і чалавек ты моцны, аднаго няма, Дабрыня, - забілі кіяўляне тваю княжую душу. Бацьку твайго насмерць, а цябе напалову. Была б у цябе душа, хіба сказаў бы ты мне пра Бедавея... А табе не сорамна. Як паставіла цябе Вольга слугой, так і выконваеш усе загады. І мяне хочаш прываротніцай зрабіць... Не, не пацешыцца табе на такім вяселлі, не будзе па-твойму...

  • Читать дальше
  • 1
  • ...
  • 10
  • 11
  • 12
  • 13
  • 14
  • 15
  • 16
  • 17
  • 18
  • 19
  • 20
  • ...

Ебукер (ebooker) – онлайн-библиотека на русском языке. Книги доступны онлайн, без утомительной регистрации. Огромный выбор и удобный дизайн, позволяющий читать без проблем. Добавляйте сайт в закладки! Все произведения загружаются пользователями: если считаете, что ваши авторские права нарушены – используйте форму обратной связи.

Полезные ссылки

  • Моя полка

Контакты

  • chitat.ebooker@gmail.com

Подпишитесь на рассылку: