Шрифт:
Айцец Сымон чытаў, а па чытанні хрысціўся і з гэтым крыжом быццам вяртаўся з суровага падарожжа ў родны дом - усміхаўся, мякчэў і казаў Анастассі, каб і яна ўбачыла: «Вялікую мудрасць даў гасподзь Бог у сваіх кнігах». Анастасся прасіла пачытаць яшчэ. Але калі айцец Сымон чытаў з Евангелля, а потым казаў: «Вялікую мудрасць даў людзям Хрыстос: палюбі ворага свайго!» - Анастасся адразу і крута пярэчыла: «Ворагаў палюбіць - нашто?» - «Палюбім ворага, - добразычліва адказваў айцец Сымон, - і не стане ворагаў!» - «Выходзіць, на каленях стаяць?» - пыталася Анастасся. Поп Сымон вытрымліваў ганьбавальны позірк і даводзіў сваю праўду: «Здацца - адно, палюбіць - іншае. Што слабы, што дужы - ёсць розніца? Ці няздольная зразумець?» Пачыналі спрачацца. Але калі поп Сымон услаўляў: «Дзеля выратавання людзей прыняў Ісус смяротныя пакуты!» - Анастасся скаланалася: «Паўдня на крыжы правісеў - незямныя пакуты! Балела яму, боль была! А пакутаў не было. Другая баба пры родах больш намучыцца. Яшчэ і памрэ». У айца Сымона наліваўся крывёю шрам - цераз лоб, шчаку, да шыі скажаў ён твар папа. Сымон абражана крычаў: «Баба! Пры родах! Гэта адно, гэта ўсё... А то бог у чалавечым абліччы»...
– «А табе, айцец Сымон, - святкавала Анастасся, - калі рэбры перабілі, месяц крывёй густа пляваў, і твар пасеклі - табе таксама балела. Чаго ж мучыўся? Плоць балела, жылы парваныя. Усяго!» - «Душа балела, - крычаў поп Сымон, - што людзі глухія, ісціны не слухаюць, ходзяць у цемры падобна жывёлам».
– «Усе падобна жывёле, адзін ты, поп Сымон, на святле чалавек», - усміхалася Анастасся. І абодва спрачаліся да глыбокай ночы і расставаліся, знядужаныя безнадзейнасцю пераканаць у сваім. Але іншым разам не варагавалі, слухалі адзін аднаго са спагадай і разыходзіліся задаволеныя.
За адзінаццаць гадоў такіх вячэрніх спрэчак было тысячы. Не ўсе вечары былі падобныя, іншы раз айцец Сымон апавядаў не з Бібліі, а з свайго жыцця, калі-нікалі дзялілася маці Анастасся, а поп Сымон спачувальна слухаў, часам Сыч дзе гуляў і забываўся падслухваць, а часам, слухаючы, пачынаў пазяхаць (праз акно чуліся яго пазяханні), іншым разам прыходзілі паслухаць манашкі Праскоўя і Ефрасіння, часам поп Сымон тыднямі не з'яўляўся, заняты апостальскімі паходамі па наваколлі, з якіх рэдка вяртаўся не пабіты, а часам маці Анастасся тыднямі нікога не ўпускала ў хату. Нават айца Сымона, хоць ён і ўдзень, і ўвечары падыходзіў да акенца і клікаў:
– Што робіш, маці Анастасся?
– Малюся, поп Сымон!
– Што не ясі нічога, маці Анастасся?
– Пашчуся, поп Сымон, - адгукалася яна, і той адыходзіў з цяжкім уздыхам.
Уздыхаў поп Сымон таму, што адгадваў ісціну адказу: «ніхто не патрэбны». Пачуццё падказвала яму, што маці Анастасся не моліцца - ляжыць ніцма, утаропіўшы гаротны позірк у сцяну, не думае пра бога - пакутуе, а есці не хоча з раўнадушша да сябе і жыцця.
Маці Анастасся ляжала ніцма, адшукваючы хоць нейкі доказ сваёй неабходнасці на свеце. Раней сэнсам жыцця былі свабода, вяртанне на бацькаўшчыну, помста. Усё гэта здрабнела: дзеці выраслі пры чужых людзях і зажылі сваім жыццём, забыліся пра яе, а для яе нічога не змянілася. Час размываў яе праўду. Яе саму забывалі; можа, ужо і забылі. Толькі ў гэтым маленькім Заслаўі ведалі, што яна жывая. Ды як вырвацца з забыцця? Усё жыццё яна была адзінокая; ніхто не наважыўся прыйсці да яе, парушыць хлусню і забароны. Хто захоча цяпер? У каго ёсць памяць, сіла, смеласць, жаданне? Маці Анастасся знемагала ад безнадзейнасці, а пад акенцам таптаўся поп Сымон.
– Што робіш, маці Анастасся?
– Малюся, поп Сымон.
Яна была адзінокая, але і айцец Сымон быў адзінокі: жонка яго на другім годзе тутэйшага жыцця занядужала і неўзабаве сканала. Айцец Сымон прыняў смерць жонкі як выпрабаванне сваёй веры і панёс Хрыстова вучэнне ў Заслаўскае наваколле. Маці Анастасся сказала яму аднойчы, калі яны пасябравалі: «Я таму цярплю твайго бога, поп Сымон, што ты жывы». Сказала яна так таму, што вяртаўся поп Сымон са сваіх хаджэнняў з парадчэлымі зубамі, моцна збіты ці патаптаны. З Анастассяй у пачатковы год яе манаства ён трымаўся строга, прыкрываючы гэтай строгасцю сваю збянтэжанасць. Бянтэжыў айца Сымона лёс чарніцы. Іншым часам ахопліваў яго недавер уласным вачам; ён глядзеў на маці Анастассю і сумняваўся: ці павінна так быць? Вось ён, Сымон, святар, запрошаны мітрапалітам Міхаілам хрысціць паганскую кіеўскую дзяржаву, апынуўся выпадкам у глухім Заслаўі, а выпадак грунтаваўся на тым, што тут жылі былая жонка Ўладзіміра і яго сын, а каб не яны, абмінула б гэты глухі кут апостальская місія Кірылы. Можа, яго пакінулі тут, бо яе трымаюць тут, чарніцу Анастассю. А гэтая маладая жанчына - маці князёў полацкага, ноўгарадскага, уладзімірскага. Яна зведала славу і пашану, і вось яна - першая на Русі манашка, сама паліць печ, сама гатуе, жыве ялмужнай, а ён, поп Сымон, прызначаны настаўляць яе ў ісціне веры. Але мелася іншая ісціна: першай манашкай княгіня стала па чужой волі. Вялікі грэх прыняў уладыка Кірыла, калі выканаў гэтую волю князя. Хрыстос не прымае гвалту прымусу. Таму ў любую хвіліну магла маці Анастасся зноў надзець людское адзенне і вярнуць сабе княжацкае імя і годнасць. Ходзіць яна ў чорным, але адвярнуў яе ад свету гвалт. Хто не сам зразумеў - не верыць. Напачатку поп Сымон рашыў трымацца цвёрда: царква не выпрошвае веры ў Хрыста, гэта бог за веру даруе любоў.
Але калі пасля чарговага хаджэння ў Менск з святлом веры яго знайшлі на дарозе і прывезлі ў Заслаўе паўжывога, з перабітымі рэбрамі, з адбітымі грудзямі, і маці Анастасся месяц выходжвала яго, сядзела начамі ў галавах, карміла і паіла з рукі, і ўвесь гэты месяц ён чуў яе мяккі голас, яе заклік да жыцця, і лёгкі дотык яе рук адчуваўся як лекі, і ўначы пры святле лучыны ён бачыў яе без хусткі, з распушчанымі валасамі, і бачыў блакітныя, клапатлівыя вочы, - айцец Сымон пачаў шкадаваць яе і прывязаўся, як да сястры. Калі ён падняўся, а маці Анастасся вярнулася да замкнёнага жыцця ў сваёй келлі, ён ужо не мог трымацца той халоднасці, якую вызначаў для яе раней. Айцец Сымон гаварыў сабе, што бог абярнуў яго духоўную сястру ў кроўную. І з таго часу, калі дзверы келлі маці Анастассі заставаліся зачыненыя, а на пытанне: «Чаму не ясі, маці Анастасся?» - даваўся адчужаны адказ: «Пашчуся, поп Сымон!», - айцец Сымон губляўся, пакутаваў, што не ведае патрэбных для яе словаў суцяшэння.
Аднойчы, у чарговы тыдзень яе адзіноты, пачуўшы звычнае: «Малюся, поп Сымон!», - айцец Сымон, не сцярпеўшы, сказаў праз слюдзяную пласціну: «Маці Анастасся, хачу бачыць цябе!» Была цішыня ў келлі, і маці Анастасся спытала: «Нашто табе, поп Сымон?» Ён сказаў: «Душа баліць, калі не бачу цябе! Бо ты мне родная сястра, маці Анастасся».
Зноўку было маўчанне, і яна адказала: «Ты - вартаўнік мой!» Ён сказаў: «Я не вартаўнік табе. Твой боль - рана мне!» У той час Сыч стаяў на надваротнай вежы, бачыў папа Сымона пад акенцам келлі, не чуў размовы і думаў - лаюцца. І гэта было ўдачай айца Сымона, бо ніхто яму не зашкодзіў. Ён сказаў: «Прымі мой клопат, маці Анастасся. Шчыра люблю цябе!» Яна адказала: «Малюся, поп Сымон!», але голас яе быў няцвёрды, а ўвечары яна зайшла ў царкву...
І з таго часу ўзнікла паміж імі сапраўдная патаемнасць. Абодва пацягнуліся да сяброўства, хоць ва ўсім былі розныя: поп Сымон цярпеў пабоі за асветніцтва; яна - шматгадовае забіванне гвалтаўнікамі; поп Сымон ведаў стойкасць хрысціцеля, яна - стойкасць адчаю; поп Сымон быў вольным, яна - паланянкай; поп Сымон гаварыў што думаў, маці Анастасся свае запаветныя думы тоіла; але, успрыняўшы былую княгіню за сястру і роднасную душу, поп Сымон зразумеў і цяжар яе няшчасцяў. Ён здолеў паглядзець яе вачыма і ўгадаў яе задумы. Яны здаліся яму невыканальнымі, веяла ад іх смерцю. Але яна жыла імі, поп Сымон не ведаў, як яе засцерагчы. Калі маці Анастасся зачынялася ў келлі, ён ведаў - яе зноў агарнула туга аб няздзейсненым. Ці калі маці Анастасся падымалася на надваротную вежу і ў забыцці глядзела ў напрамку нямігскай дарогі, ён ведаў - яна марыць пра бацькаўшчыну, пра Полацак, пра ад'езд, пра сына і ўнукаў, якіх прымусіць агаліць меч...
Айцец Сымон выйшаў на двор. Пачыналіся прыцемкі. Як свечка за кужалем, барвавела на сівым небе сонца. Бляклы месяц высвеціўся ў вышыні. З пасада несліся мыкі жывёлы, недзе ў гушчары завыў воўк, а ўслед трывожна разбрахаліся сабакі.
Айцец Сымон застыў пасярод дзядзінца, адчуваючы сваю адзіноту, сваю непатрэбнасць варце, мужыкам, што хадзілі ў царкву па прымусу цівуна і дзесяцкіх, якія таксама хадзілі ў царкву па княжацкаму загаду і з непераможным бязвер'ем слухалі пра бязгрэшае зачацце, ператворванне вады ў віно і ўваскрашэнне Лазара на пяты дзень па смерці. А гэтым годам будуць святкаваць тысячагоддзе Хрыстовага царства, падумаў айцец. Тысячу год ён з намі, і наказы ўсеагульнай любові разыходзяцца па зямлі. Урачысты год! Яны не могуць зразумець шчасця, якое ім выпала, - бабы, мужыкі, стражнікі, цівун, маці Анастасся. Як ім зразумець, калі яны не вераць!