Шрифт:
Мы ляжым, цяжка дыхаем і ўсміхаемся. «Дык вось ты, аказваецца, якая», — кажа яна.
Дзякуй богу, яна была ўсё ж такі бісэксуальнай. Па маладосці сустракалася нават з дзяўчатамі. І не проста там пацалуначкі, сюсі-пусі, не — усё па-сур’ёзнаму было. Ну канешне, потым з гэтым завязала, перарасла, як кажуць. Ну і добра, вядома, яна ні аб чым не шкадуе. А што так здарыла ся, што цяпер — адна, дык хто ў гэтым вінаваты? Жыццё такое… Дый яна ўсё ж такі не змагла б жыць з дзяўчынай, цяжка гэта, грамадства, бацькі, тое, сёе, а так… хай сабе і адна.
Але ж і не тое каб зусім адна. Ёсць жа Лагоды. Вось жа можа яна так і сказаць: у мяне ёсць Лагоды! — з гонарам так. Яна іх вельмі любіць, напэўна, нават мацней за ўсіх сваіх былых, дзяўчат у тым ліку. Але яна рэдка так кажа: у мяне ёсць Лагоды! — усё часцей: Лагоды — такая цудоўная пара… мне яны так падабаюцца… Не, не зусім так, хутчэй вось так: Лагоды такая цудоўная пара! Мне яны вельмі падабаюцца! І быццам бы гэта зусім і не Лагоды — цудоўная пара, а гэта яна такая цудоўная пара. І няхай усе ёй зайздросцяць. Як, бывае, расказваеш якую-небудзь гісторыю, ну там, пра знаёмага, напрыклад, што Пеця, напрыклад, зняў свой першы ў жыцці сюжэт, і ён, сюжэт, так усім спадабаўся! І ўсе так Пецю хвалілі! А Пеця такі малайчына, ён такі таленавіты! І гонар ледзьве не з вушэй прэ, і не дай божа хто-небудзь цябе перапыніць! Не, вы ўсе проста абавязаны ведаць, які Пеця зняў сюжэт! І чорт з ім, з гэтым Пецем, якога ты толькі і бачыў-та ўсяго адзін раз у жыцці. Бо цяпер ты сам ужо трошачкі Пеця, і ўсе цяпер павінны за цябе парадавацца.
А Лагоды — і праўда, цудоўная пара, вось толькі дзіцёначка ніяк нарадзіць не могуць, а між іншым ужо пяць год як жанатыя. Ніна Лагода раней была Нінай Сахончык, а Саша, зразумела, усё жыццё і быў Сашам Лагодам, а цяпер яны Ніна і Саша Лагоды. І яна разам з імі таксама трошкі Лагода. Пяць год ужо як Новы год сустракаюць разам. Яны ніколі не забываюць запрасіць яе да сябе. Уключаць тэлевізар, паслухаюць прэзідэнта. У дванаццаць нальюць шампанскага, загадаюць жаданні, чокнуцца і вып’юць, «за нас!». Ціха ўсё так, па-сямейнаму. А потым на ёлку сходзяць у цэнтр.
І дзякуй богу, што яна ўсё ж такі бісэксуальная. Бо цяпер яна можа пераспаць з імі дваімі і нікога не пакрыўдзіць. Ні Сашу, ні Ніну. І стаць нарэшце сапраўднай Лагодай. Яна так і загадае на наступ ны Новы Год, напіша на паперцы сваё жаданне, запаліць, кіне ў бакал. І вып’е залпам.
Раскажу-ка я вам, рабяткі, казачку. Жылі-былі ў лесе тры мядзведзі — мама-мядзведзь, тата-мядзведзь і сынуля-медзведзяня. Пабудавалі яны сабе ў лесе домік, там і жылі не тужылі. Спалі яны ў спаленцы, а кушалі на куханьцы. І ўсюды быў парадак у мядзведжай хатцы. Тата-мядзведзь спаў на сваім вялікім ложку, мама-мядзведзіха — на крыху меншым, а сынуля-медзведзяня — на маленькай канапцы. Кожны еў са сваёй талеркі, карыстаў уласную лыжку ды піў з уласнага кубка. Так і жылі, так і жылі…
Але здаралася і так, што прыходзіла да іх дзяўчынка Машанька. «Добры вечар у хату!» — казала Машанька і заставалася там гаспадарыць. Як калі бывала… але бывала, што і на тры гады.. Калі так, то лічылася, што гэта добра. Дзеля гэтага ўсяго, акрамя вялікага ложку, крыху меншага і канапкі, у спальні стаяў яшчэ адзін — самы вялікі ложак.I называўся ён — ЛОЖА. Было ў яго яшчэ адно імя, але яго амаль што ніхто не ўжываў —«эстафетная палачка» — таму што яно было крыўднае. А ўсё чаму? Бо Машанька прыходзіла гаспадарыць не да ўсіх адразу, а да якога-небудзь аднаго канкрэтнага чалавека. То бок, то мог быць тата-мядзведзь альбо мама-мядзведзіха. Ну…і зрэдку, але бывала, што і сынулю-медзведзянят ку перападала. Але не да ўсіх адразу. Не. І вось, да каго яна прыходзіла, той і дзяліў з ёй ЛОЖА.
Бывала, сядзяць мядзведзі доўгім зімовым вечарам каля тэлевізара, і сынуля-мядзведзік пытаецца: «Мама-мама, а чаму да нас заўжды пры ходзіць толькі адна Машанька? Як бы было добра, каб у кожнага з нас было па Машаньцы! У таты — вялікая Маша, у цябе — крыху меншая, і ў мяне — свая, маленькая Машанька…» І тады мама-мядзведзіха цяжка ўздыхала і адказвала: «Разумееш, сынку, тут, у нашым лесе, у гэтым засраным зарасніку жыве толькі адна Машанька. Таму даводзіцца дзяліцца з усімі…»
Вось такая вось, рабяткі, гісторыя. І ўсё-та я ў ёй разумею… Але ж мы, блядзь, не ў лесе!
Ехала сёння ў набітым людзьмі тралейбусе ў цырульню. Я стаяла, а перада мной сядзела дзяўчынка і піла гарбатку з пластмасавай шкляначкі. Раптам дзяўчынка шырока адкрыла рот і блеванула ў шкляначку з гарбаткай на дне. Мне стала брыдка, і я адвярнулася. Дзяўчынка плакала… мама выцірала ёй рот і спрабавала супакоіць, а я не чула словаў, бо слухала плэер. На прыпынку яны пачалі выходзіць. Я забаялася, што зараз яна блеване на маю куртку, таму хутчэй прашмыгнула і села туды, адкуль толькі што яна ўстала. Тут мне стала брыдка ад таго, што сяджу цяпер на тым самым месцы… Я падняла галаву і ўбачыла перад сабой мужыка з адным вокам. Чорная дзірка ўглядалася ў мяне. І раптам усё стала па сваіх месцах. Склаўся пазл, расклаўся пасьянс. І я адчула, што ўсё харашо.
Томаку было 27 гадоў. Ён нарадзіўся ў невялічкім горадзе W. Няма сэнсу расказваць штосьці яшчэ пра Томака — ўсё адно нічога адметнага ў яго жыцці не адбывалася. Хіба што варта ўзгадаць пра знешнасць — Томак быў досыць прывабным. Ён мог бы нават карыстацца попытам сярод дзяўчат.
Усё здарылася падчас падарожжа ў Егіпет.
Ён, як звычайна, распланаваў усё яшчэ задоўга да самой вандроўкі.