Вход/Регистрация
Птушкі
вернуться

Манцэвіч Наста

Шрифт:

Усім акторкам з масоўкі я мушу раздаць гарсэты. Маю ўвагу прыцягвае адна дзяўчына, бачна, што яна ўдзельнічае ў гэткім упершыню. Яе завуць Юля, і яна мне сімпатычная, бо пазнаю ў ёй сябе год 12 таму… Юля спрабуе сябе на ролю ў масоўцы і хвалюецца так, нібыта гэта яе галоўная роля ў фільме Таранціны.

Канешне, гэта цяпер я — вялікі, спакойны і няголены. Мне ўсё па калена. І таму мне смешна і разам з тым прыемна назіраць за тым, як мітусіцца Юля, як не ведае, куды сябе падзець. Людзі — гэта ўвогуле тое, за чым я сюды прыйшоў, я люблю назіраць за людзьмі, і я ведаю, што калісьці здыму пра іх свой уласны фільм.

Пакуль я заварваю каву і раздаю гарсэты, паспяваю ахарактарызаваць для сябе ўсіх людзей на пляцоўцы. Галоўны тут — рэжысёр, пасля ідуць «зоркі» — такія крутышы, якія размаўляюць толькі з сабе падобнымі, задзіраюць насы, а пасля ў фільме будуць задзіраць свае дзюбкі… Дзюбкі ў іх доўгія і прыгожыя. Зрэшты, іншых сюды і не запрашаюць. Юля тут «новенькая».

Я назіраю за Юляй… Сюжэт фільма зусім просты. Нашмат цяжэй нацягнуць на сябе гэты дурацкі гарсэт. Юля ходзіць разгубленая, і нават яе прыгожыя грудзі ёй не дапамагаюць — бачна, як яна разгубілася побач з усімі гэтымі сталымі, дасведчанымі і вядомымі ў вузкіх колах акторамі. Яна мітусліва азіраецца па баках, сціскае ў руках свой гарсэт, кусае пазногці… Яе вочы — круглыя і вялікія.

Да пачатку здымак застаецца пяць хвілін.

Мы сустракаемся з Юляй позіркамі. Кажуць, у мяне добрыя вочы.

Чатыры хвіліны.

Тры.

Больш адцягваць — няма як. Яна падбягае да мяне, хапае за руку сваёй мокрай рукой, адводзіць у цёмную і сырую каморку, суе ў рукі гарсэт. І бледная, разгубленая дрыжачымі вуснамі ледзьве чутна шэпча:

— Дапамажы мне, калі ласка.

І распранаецца.

***

Шмат хто мне кажа, што калі б не было смерці, не было б сэнсу і жыць, што ўласна ў смерці і ёсць сэнс жыцця, што калі ведаеш, што гэта павінна скончыцца, яно не назаўсёды, — пачынаеш ца ніць больш і жывеш асэнсавана, а значыцца, на поўную; і я гатовы з усім гэтым пагадзіцца адразу, але я ведаю, што калі я п’ю сваю бутэльку піва каля тэлевізара і ведаю, што гэта мая адзіная на сёння бутэлька піва, і бачу, як з кожным глытком яго становіцца меней, калі я еду ў метро і ў навушніках грае мая ўлюбёная песня, і я дакладна ведаю колькі акордаў засталося да фінальнага яе акорда, а плэер ляжыць на самым дне заплечніка, і да яго ў такую гадзіну пік не дабярэшся, калі я сплю ў абдымку са сваёй каханай дзяўчынай і ведаю, што гэта ў апошні раз яна мяне абдымае, што гэта наша апошняя ноч, прычыны бываюць розныя, — усё гэта не дае мне магчымасці расслабіцца і атрымаць ад жыцця асалоду, і, як вынік, сказаць сябрам, што я шчаслівы; і вось калі я пра гэта думаю, то бываю вымушаны адзначыць, што людзі, якія так кажуць пра смерць, — дурні, і што апошні раз я быў шчаслівым у шэсць гадоў, калі з вакна дзіцячага пакоя падгледзеў, як хаваюць суседа-алкаголіка.

***
Вілейка. Дубаўка. Раніца. Ён сказаў у нудзе: «Сэ ля ві», і мы селі ля Віліі. Запалілі. Каменьчыкі ў рэчку кiдалі, глядзелі, як распаўзаюцца кругі ад іх па вадзе…
***
Галава-жбан Мая галава — як пусты жбан, там нічога няма, што б магло зацікавіць. Пустата — гэта нуль, бездажджовасць хмар, безнаяўны разлік без прысутнасці марак у кішэні. Што ж ты будзеш рабіць? Нарадзіўся такім, больш дакладна — мяне нарадзілі. Сам нічога гэтым жыцці не зрабіў, нарадзіцца не змог — нарадзілі, не падумаўшы. Галава — жбан, галава — бот, балюча галаве, бо галава навучылася марыць.
*** Маляваць усю ноч легчы пад раніцу легчы пад коўдру заплюшчыць вочы… і зразумець што ўсім «да задніцы» што ты і дзе вымалёўваў ноччу… Раніцай устаць папаўзці да возера камень на шыю і ўніз… вось так. На шыльдзе магільнай будзе напісана ні больш і ні менш: «Непрызнаны мастак».
*** Сяджу каля тэлевізара ем цукеркі паперкі слінай прымацоўваю да сценкі. Адначасова дакладна — у перапынках калупаю пальцам у шкарпэтках дзірку. Размалёўваю «А4» уздоўж і ўпоперак упоперак і ўздоўж. Я злосны калючы вож іголкі растуць на спіне. Ты патэлефануеш ці не?
*** Непазбежна вясны наступства: што ні дзеўчына, то распуста, з Менску, з Горкі, з-пад самай Ніцы, што ні дзеўчына, то ў спадніцы. Захіснула вясна мне вочы — агаляюць паненкі грудзі. І з цырульні павольна крочыць ці то дзеўчына, ці то пудзель.
*** Што мне рабіць з табою, такой прыгожаю? Калі ты стаіш на кухні ў адных шкарпэтках і варыш каву. мне. у маёй кватэры, — Глядзець на цябе. Што мне рабіць з табою, такой разумнаю? Калі ты расказваеш мне. з захапленнем пра фільм, які паглядзела, пакуль я была на працы, — Слухаць цябе. Што мне рабіць з табою, такой пяшчотнаю? Калі ты ўсміхаешся і кратаеш мяне за руку сваёю рукой пяшчотнай, як ты ўся, — Абдымаць цябе. Што мне рабіць з табою, такою дзікай? Калі ты ператвараешся ў ваўчыцу, і я імгненна ператвараюся ў ваўка, — Спаць з табой. Што мне рабіць з табою, такою зменлівай? Кожны дзень рознаю, Непасрэднаю, пазбаўленай логікі, ды Нявечнаю, — Быць з табой.
Мілан. Вечар Частавалі нас кавай ветліва і ласкава, налівалі гарэлку… ці то ангельскі ром? Ля кавярні «Ла Скала» лашчыла-мілавала, абурыўшы суседзяў справа, каленку яе пад сталом.
*** Мы крочылі побач рука ў руку да пляча плячо твар у твар вочы ў вочы ў рот рот. Так мы ступалі, крочылі нага ў нагу, пакуль ты не збочыла. І цяпер вока за вока, цяпер — зуб за зуб. Усё, што ты з сабою забрала, я выскубу, адгрызу — вярну сабе ўсё, да сябе вярнуся… Забяру сабе свае вочы, з твару змыю твой твар, адляплю ад вуснаў твае вусны, вырву руку з рукі. І калі сэрца сціснецца ад адчаю, я буду шаптаць, як мантру, што ты — родная, баючыся паверыць, што ты чужая.
  • Читать дальше
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7

Ебукер (ebooker) – онлайн-библиотека на русском языке. Книги доступны онлайн, без утомительной регистрации. Огромный выбор и удобный дизайн, позволяющий читать без проблем. Добавляйте сайт в закладки! Все произведения загружаются пользователями: если считаете, что ваши авторские права нарушены – используйте форму обратной связи.

Полезные ссылки

  • Моя полка

Контакты

  • chitat.ebooker@gmail.com

Подпишитесь на рассылку: