Вход/Регистрация
Заходнікі
вернуться

Далідовіч Генрых

Шрифт:

11

Сяргееў паехаў ад яго праз некалькі дзён. Лепш сказаць — толькі праз двое сутак удалося, лічы, выпхнуць яго з хаты.

Кураглядаў пачаставаў яго да адвалу, падарыў торбу і мяшок дабра, даў падводу, каб ён усё сваё сабранае завёз у Стоўбцы, напісаў для жонкі пару слоў і папрасіў Сяргеева лішне не балбатаць пра яго, але адчуваў: калі той вып'е, не толькі ўсё раскажа, што тут бачыў і чуў, але і яшчэ абы-чаго напрыдумляе: кожны падарожны любіць з фантазіяй расказваць пра свае прыгоды. Гэтая пагроза, а таксама і тое, што яму нядаўна, на днях, нагрубіяніў п'яны Клопікаў, псавала настрой, і Кура-глядаў быў апошні час змрочны і злы. Хмурыўся на гаротную Валю, піхаў-біў, як ката, няўдалага Мішку, не дапускаў на вочы Клопікава, хоць той лез пішчом, ліслі-віў, аж непрыемна было. Ён адчуваў: трэба нейкі час, мо-жа, нават і некалькі дзён, альбо варта добра «забутыліць», каб «прайшла бура», каб ён супакоіўся і зноў стаў лагодны. Да новай добрай выпіўкі і да непрыемнага апахмелку. Адпаведна, сельсавет, Янкавіны ў гэтыя дні былі напружаныя, пацішаныя і чакалі самых розных нечаканасцей ад яго раз'юшанага гневу.

Як вясновыя праменні падточваюць вадой снег, так і яго дрэнны настрой скрануў, змусіў палепшыць тэле-фонны званок старшыні суседняга сельсавета, былога саслужыўцы, гаваркога і вясёлага Курлова.

— Кіруеш, дзядзька Апанас? — павітаўшыся, жартам запытаў той.

— Ды, разумееш, шмат усякай драбязы… — паскардзіўся ён, хоць у гэтую хвіліну сядзеў за сваім сталом і не ведаў, што рабіць, нудзіўся ад суму. Хоць бы якую паперку прынесла Валя, хоць бы зазірнуў Мішка, каб за штосьці накрычаць на яго.

— Работа — не воўк, у лес не збяжыць. Ды яе ўсю не пераробіш. Так?

— Можа, і так, — згадзіўся, мякчэючы душой.

— Дык што, дзядзька? — таямніча, але са знаёмымі ноткамі ў голасе запытаў Курлоў. — Можа, развеемся?

— Ёсць дзе?

— Ёсць.

— Вартае ўвагі?

— Вартае.

— І…

— I — «і»… — наперад знаючы, пра што ён хоча запытаць, адказаў той. — У нас усё павінна быць і «і»… Так што чакаем у вызначаны час на вызначаным месцы…

Калі паклаў трубку, Кураглядаў набраў на поўную грудзіну паветра, пабухаў кулакамі сабе па рэбрах, а потым выдыхнуў. Тое, што і сёння параіў Курлоў, узбудзіла. Сапраўды, тое развее. Хоць…

Не паспеў дадумаць, як у дзверы далікатна пастукалі. Калі дазволіў зайсці, утаптаўся Клопікаў. Ці здаровы звыш меры, ці з адмысловым тварам выпівохі — вунь і шчокі, і кончык тоўстага носа чырвоныя. Зірнуў на яго асцярожна, запытальна:

— Не дужа заняты, Апанас Лукіч?

— ЦІто табе трэба? — груба запытаў на пытанне ён.

— Чалавек з Хатавы прасіў жа сёння дзіця запісаць…

— Няхай прыходзіць сюды і запісвае.

— Ён меўся прыйсці, але я адгаварыў, сказаў, што самі прыедзем… — панізіў голас, як і раней, у добрую згоду, пачаў заварожваць: — Ён пару гонак выгнаў, парсючка на хрэсьбіны закалоў…

— Ну, а ты тут пры чым? У цябе, здаецца, іншая работа, — абарваў яго. — Калі я паеду, каб уважыць чалавека, дык з тым, з кім трэба. З сакратаром сельсавета.

Клопікаў занерваваўся, пачаў папраўляць на сабе салдацкую гімнасцёрку, папругу: яго хітры ход даваў асечку.

— Ну, я хачу суправаджаць вас. Каб нішто непрадбачанае не здарылася.

— Я сёння заняты, — буркнуў ён, адвёў вочы і пачаў мацаць позіркам стол. Нібы тут яго чакалі важныя паперы.

— А заўтра, Апанас Лукіч?

— Да заўтрашняга яшчэ трэба дажыць. А па-другое, менш думай пра асабістае, больш дбай пра работу. Усё ж слаба спаганяеш пастаўкі. Сам змушаеш, каб я прыняў супраць цябе меры…

Клопікаў патаптаўся, а потым, як пабіты, пакінуў кабінет.

«Няхай паперажывае трохі… А то абнаглеў ужо».

Кураглядаў наўмысна засядзеўся — не выходзілі, ча-калі, калі ён рушыць з сельсавета, і астатнія. Калі вярнуўся дадому, завохкаў, пачаў маніць Франі, што прастудзіўся, што хоча раней легчы ў пасцель. Адмовіў-ся ад яе паслуг, ад зёлак, якімі яна ўжо не раз выганяла з яго хваробу, адаслаў яе з хаты. Праўда, калі ўцямнелася, колькі разоў запальваў і тушыў лямпу, каб варта, усе ў вёсцы бачылі: ён дома. Затым, калі паступова вёска ўляглася, у адно злілася з ноччу, замкнуў дома паслухмяную аўчарку і ціха выйшаў з хаты. Крыху пастаяў на ганку, прыслухаўся і, пачуўшы, як паблізу, перад сельсаветам, перакінуўшыся словамдругім з кімсьці з позніх прахожых, пратупаў вясковы вартавы з сабакам, асцярожна крадучыся, па прывычцы добра бачачы ў цем-наце, загуменнем, а пасля па поплаве пакрочыў за вёску — да пагонкі, што вяла да крычатоўскага лесу.

Неўзабаве за развілкаю (адна дарога вяла ў суседнія Крычаты, другая — у Пруды), у сасновым падлеску, сы-шоўшы з дарогі і затаіўшыся, даволі доўга стаяў і напружана ўслухоўваўся: ці не пакоціцца па лесе і пачне набліжацца калёснае тарахценне.

Калі дачакаўся адпаведнага шуму, дык адразу стрымгалоў не вымкнуўся на дарогу: ехаць маглі і чужыя людзі, у тым ліку і лесавікі. Праўда, тут яны заяўляюцца рэдка, вельмі не сваволяць, калі прыходзяць, дык ціха і да патрэбных людзей, атабарыліся за Налібакамі, дзе большыя і гусцейшыя лясы і робяць рэйды ў болей далё-кія вёскі. Трэба сказаць, з уладаю асцерагаюцца счэплівацца (праўда, аднаго старшыню сельсавета забілі-такі і яшчэ па двух стралялі), а вось усіх тутэйшых участко-вых трымаюць у заўсёдным страху і даволі часта па іх бабахаюць. Не ўсе з іх нават начуюць дома. Ужо сёлета чатыры з іх пайшло на той свет, два ці тры параненыя.

Калі калёсы прыпыніліся непадалёку і з іх пачулася знаёмае савінае куганне, Кураглядаў з палёгкай уздыхнуў, выйшаў са схованкі і ўжо не столькі вачыма, колькі адчуваннем разгледзеў: свае. Невысокі, мажны Курлоў і іхні ўчастковы Лявонаў — праўда, цяпер, канечне, у цы-вільным. Сёння з імі была яшчэ адна жывая душа — са-бака. Ён ляжаў на калёсах, і яго, здаецца, за ашыйнік трымаў Курлоў і супакойваў, каб той лішне гучна не гірчэў на чужога чалавека:

— Тише, подруга, тише.

— Нашто пёс? — здзівіўся Кураглядаў, падаючы руку Курлову, а затым і росламу Лявонаву.

  • Читать дальше
  • 1
  • ...
  • 20
  • 21
  • 22
  • 23
  • 24
  • 25
  • 26
  • 27
  • 28
  • 29
  • 30
  • ...

Ебукер (ebooker) – онлайн-библиотека на русском языке. Книги доступны онлайн, без утомительной регистрации. Огромный выбор и удобный дизайн, позволяющий читать без проблем. Добавляйте сайт в закладки! Все произведения загружаются пользователями: если считаете, что ваши авторские права нарушены – используйте форму обратной связи.

Полезные ссылки

  • Моя полка

Контакты

  • chitat.ebooker@gmail.com

Подпишитесь на рассылку: