Шрифт:
Адным словам, зноў пачаў я жыць у Янкавінах. Да вясны абагуліў зямлю, перапісаў жывёлу, інвентар, фураж. Увесну пасеялі авёс, пшаніцу, пасадзілі бульбу. Выводзіў людзей на калгасную працу як на свята. Пад чырвоным сцягам і пад музыку. Праўда, некаторыя старыя лезлі вучыць мяне, што і як рабіць, ды я хутка адпэндзіў дамарослых мудрацоў, вёў лінію райкома. Прышле той дэпешу нешта сеяць — сею, загадаюць бульбу садзіць — саджу, касіць — кашу, жаць — жну, закрычаць: хутчэй выбірай бульбу — выбіраю. Я дысцыплінаваны быў, дзяржаўны чалавек, адсябяцінай не займаўся. Тых, хто падбіваў мяне, па-сённяшняму ка-жучы, на экстрэмізм, уміг асаджваў.
Першы калгасны ўраджай амаль увесь вывезлі ў раён: спачатку аддалі сваю пастаўкунорму, а потым, ка-лі папрасіў Пятроў, падкінулі ў раён і насенкі. Праўда, у Вянках было мала складоў, тое-сёе ссыпалі і клалі пад адкрытым небам, дык нямала чаго пагнаілі дажджы, але пра тое мне галава не балела, бо пра гэта быў не мой, а ін-шых клопат. Я быў рады, што не толькі здаў сваё, але і даў вышэй плана, падзяку ды прэмію адхапіў, з ходу стаў перадавым старшынёй, адразу траліў на раённую Дошку гонару (бывала, праязджаю побач, зірну на свой партрэт і гарэзна казырну яму!).
Увосень, пасля ўсіх работ, лепшыя янкавінскія гумны разабралі і звезлі ў самы цэнтр вёскі — на калгасныя канюшню і кароўскую ферму. Раней, да сацыялістычнай эпохі, на самым відным месцы папы цэрквы ставілі, каб прывабіць бляскам купалоў люд, а цяпер мы пачалі ўзводзіць тут калгасныя атрыбуты, на гнаі, брудзе ды з віламі выхоўваць новага чалавека новай вёскі. Праўда, у тую восень паставіць будынкі не паспелі: спачатку дажджы заміналі, а пасля іх неяк адразу зіма легла. Ох, і стагналі, войкалі былыя ўладальнікі: бачыце, бярвёны пакруцяцца, а то і пагніюць! Увогуле, скажу шчыра з горкі цяперашніх гадоў, вельмі моцныя тады былі ўлас-ніцкія настроі ў янкавінцаў: бывала, пазней, калі ўжо стаялі канюшня і ферма, калі туды завялі абагуленых коней і кароў, дык яны, мужчыны і жанчыны, доўгі час то ўвечар, то раненька прыбягалі да сваёй жывёлы, не верылі Мішкаваму бацьку, што той добра яе корміць, прыносілі свой ахапак сена, морквіну альбо бурак, а то прыйдзе каторы, бядуе, што яго рагуля альбо сівы пахудзелі, ашчаперыць быдла за шыю і плача. I жывёла была з перажыткамі: лічы, дзень і ноч выла па сваім хляве, па сваім гаспадару.
Зразумела, я не мог спакойна назіраць за старой псіхалогіяй, за кулацкімі і аднаасобніцкімі замашкамі, усяляк адвучваў ад іх, настойліва прывіваў іншыя думкі і погляды. Са старымі мала знаходзіў разумення: не да-вяралі мне, спрабавалі вучыць, што і як трэба рабіць, а вось з маладымі мне было лягчэй. Некаторыя з іх цягнуліся за бацькамі-куркулямі, а некаторыя не развівалі ў сабе бацькоўскай прагі і хцівасці, не заміналі мне, былі спакойныя, а то, страціўшы інтарэс да гаспадаркі, пачалі ўцякаць з вёскі, ад зямлі ў гарады альбо куды-небудзь далёка па вярбоўцы. Як некалі і абяцаў, сваім намесні-кам паставіў Мішку Супраневіча. Ён служыў мне верна, але работнік з яго быў кепскі: удзень піў-гуляў, а ўночы краў у калгасе. Праўда, не я, а аднавяскоўцы лавілі яго на крадзяжы, патрабавалі кары. Ухіляўся-ўхіляўся я, каб не пакрыўдзіць не так яго, як Валянціну, а потым не змог без канца апраўдваць, перавёў яго з намесніка на брыгадзіра (скончыў ён сваю кар'еру конюхам — згарэў ад гарэлкі).
Цяпер, як пішуць надта смелыя і разумныя, можна пачуць: калгасы — наша памылка, яны зламалі хрыбет вёсцы, сялянству. Канечне, зламалі. Старой вёсцы, старому сялянству, з якімі нам, камуністам, было не па дарозе: з іх, гэтых сялян, рана-позна магло нарасці шмат кулакоў, і яны, багатыя, маглі б весці сваю эканамічную палітыку, перашкодзіць сацыялістычнай і камуністыч-най ідэям. Скажу адкрыта: былі ахвяры. Але без іх не было як, без рашучасці і сілы наўрад ці мы маглі б уста-ляваць калгасы. Да слова, колькі мне асабіста ўсякіх абражальных і пагрозных запісак падкідалі, колькі разоў стралялі па мне, падпальвалі маю сядзібу! Каб не хітраваў, дык, можа, і не ацалеў бы. Скажам, наўмысна пускаў такую пагалоску: не падыходзьце да майго дому ўночы, бо яго абкладаю мінамі. Наступіць хто знячэў-ку — паляціць да Бога…
Калі гаварыць пра сваё сямейяае, дык і ў Янкавінах жыў я няблага. Аклад быў добры, з лепшага калгаснага лесу хароміну сабе адляпаў, малако, а потым і мяса (калі пабудавалі свінарнік) з калгасных ферм браў па таннай цане. Жартаваў не раз са сваёй Марусі: ну, паехалі, мадам, у наша Ветрава! Ты пойдзеш з віламі ў калгас, ну, а я — шафёрам! Паедзеш? Маўчала, як вады ў рот набраўшы. Як-ніяк паняй старшыніхай стала, паправілася, зубы жалезныя паставіла — адным словам, з сухарэбрыны ператварылася ў нармальную жанчыну.
Ездзіў я на пародзістым стаенніку (наўмысна для ся-бе рэквізаваў яго ў Адама Грыгарцэвіча; можа, і ён, злы-дзень, з-за бацькі ўчыняў супраць мяне тэрарыстычныя акты). Прызнаюся: любіў я хуткую язду, нават шык!
«Давай, — бывала, махну рукой фурману, — мігам у Вянкі!»
Сапраўды, уміг, з ветрыкам — у раёне. А туды не тое што кожны дзень, а нават па некалькі разоў на дзень вы-клікалі. Вернешся з адной засядалаўкі, атрымаўшы, як кажуць, ЦУ, а тут ужо ўслед новы званок: «Прнезжайте, надо срочно подработать вопрос насчет…» Скажу шчыра: часамі з-за гэтых раённых нарад не было калі калгасам кіраваць, паспяваў толькі сваё ЦУ намесніку, аграному альбо інжынеру даць. А калі яшчэ больш шчыра: не столькі на сваіх бесталковых памочнікаў, як на руплівых янкавінцаў спадзяваўся, ведаючы, што яны самі не дапусцяць, каб, скажам, сена ў пракосах пагніло альбо жыта перастаялася, пачало асыпацца. Калі трэба будзе, то не будуць у цяньку ляжаць ці каля бутэлькі час траціць, а самі, без загаду, кінуцца да работы.
Сённяшнія Янкавіны, як ведаю, — ужо не тыя. Старэйшыя людзі адышлі альбо ўжо зусім старыя, а сярэдняга і маладога веку з іншага цеста. Сёння, бывае, з-за п'янства цялятам сенажу не падвязуць, на полі сцірта саломы счарнее і змарнуецца, той-сёй сабе (!) абы-як, а то зусім соткі не пасадзіць (!), не толькі мужчыны, але і некаторыя жанчыны раней часу пайшлі на той свет з-за гарэлкі. А моладзь… Колькі яе загінула ў квітнеючым узросце! У нецвярозым стане то на матацыклах і ма-шынах паразбіваліся, то пад трактары трапілі, то адзін аднаго нажамі спаласавалі… Да вялікага сораму, і мой меншы з-за дурноты сваёй сядзіць…