Вход/Регистрация
Заходнікі
вернуться

Далідовіч Генрых

Шрифт:

— Як?

— Дыялектычна вылічыў чорт: у нашых сельсаветах усёцэла…

Курлоў узяў яго за грудзіну, прыцягнуў да сябе:

— Давай, як ты кажаш, мысліць дыялектычна: трэба перанесці дзейнасць на іншыя раёны.

— Загрымім.

— Ні чарта, Лукіч, — адказаў той, хоць вось так, празрыста, не варта было гаварыць уголас. — Пакуль тыя ў лесе, датуль і мы…

Кураглядаў прыклаў палец да вуснаў: ціха ты! Махнуў рукой: хадзем у залу, возьмем яшчэ па чарцы-другой!

Пазней, «у крытычную часіну», калі нельга было марудзіць ні хвіліны, дырэктар рэстарана, пан Стах і міліцыянер каго выпхнулі, а каго разам з партфелем вынеслі на двор. Кураглядаў выйшаў сам, пачаў у цемені шукаць брычку, чуючы, як хтосьці не можа ўзабрацца на каня, падае з веласіпедам альбо доўга заводзіць матацыкл. Некаторыя ніяк не маглі разысціся, доўга абдымаліся і цалаваліся на развітанне, а шашковец, як адчувалася, ужо лежачы на калёсах, вылямантоўваў з сябе ўсе свае дурыкі:

— «I біла мяне маці бяр-р-розавым прутам!!!»

Нарэшце натрапіўшы на сваю брычку, Кураглядаў абмацаў на ёй Мішку. Заштурхаў яго. Той варочаўся, адбіваўся — значыць, недзе нажлукціўся, а цяпер спаў. Ачомаўся трохі, калі добра-такі атрымаў кухталёў пад бакі.

— П'яны гад?

— Не-э, — замармытаў той.

— Дзе, сволач, бюст? — накінуўся ён, не абмацаўшы рукамі таго, пра што не мог забыць і цяпер.

— Пад брычкаю…

— На пятлі?

— На пятлі.

— Не сарвецца?

— Не-э.

— Ну й добра. А цяпер памажы мне сесці, а то я стаміўся…

— Ага, на нарадзе…

— Цыц, прайдоха!

Мішка паспрабаваў злезці са свайго сядзення — адразу ж кульнуўся, як сноп, пад ногі. Мычэў, гробся, але падняцца не мог.

— Ах ты, п'янчуга! — таўхануў яго нагой Кураглядаў. — Я ж загадваў табе не піць!

— Я не піў…

— Набраўся як свіння, — зноў ударыў яго Кураглядаў, а потым, як дужэйшы, пачаў сам памагаць таму падняцца і ўскараскацца на брычку. Ткнуў лейцы ў рукі, штурхнуў пад рабрыну. — Не спаць! Звалішся — падымаць не буду. I з работы п'янчугу праганю! Пасаджу!

За горадам, дзе іх сустрэла густая і сырая цемень, Кураглядаў заціснуў партфель нагамі, дастаў наган — калі трэба будзе, бараніцца ад бандытаў. Час ад часу тыцкаў кулаком Мішку ў спіну — каб той не заснуў. Мішка войкаў, выгінаўся, але, як адчувалася, тут жа спрабаваў схіліцца набок.

Яго таксама ахутваў сон. Змагаючыся з ім, знаходзіў адзін паратунак — бязлітасна, як ката, таўчы фурмана і крычаць:

— Мішка, не спаць! Мішка?

— Ну што, та-ва-рыш Ку-ра-гля-даў? — ледзь вымавіў той.

— Ты ненавідзіш мяне?

— Не.

— Паважаеш?

— Ага.

— Ненавідзіш альбо паважаеш?

— Ага.

— Што — ага?

— Ага…

Кураглядаў зноў ударыў Мішку:

— Ненавідзіш. Усе вы, чэрці, ненадзейныя. Калі б не наша сіла, дык вы… А Валю?

— Што — Валю?

— Любіш?

— Ну… — зацягнуў той.

— Што — «ну»? Любіш?

— Не-э.

— Чаму?

— Вы любіце…

Сабраўшы ўсе сілы і апошнюю разважлівасць, Кураглядаў хапіў яго за каўнер, прыцягнуў і ткнуў дулам нагана ў скронь.

— Я нічога не маю з Валяй. Ясна? Мішка задыхаўся, мычэў.

— Ясна? — перапытаў.

— Яс-на.

— Яна — вольная. Добрая дзяўчына. I ты, друг сітцавы, возьмеш яе замуж.

— Не-э.

— Застрэлю гада! — мацней ткнуў наганам. — Тлуміў-тлуміў дзяўчыне галаву, даваў ёй надзею, перабягаў дарогу іншым — і ў кусты? Не дазволю! Антычалавечна і антымаральна! Гавары, сволач, што возьмеш, а то хопіш зараз кулю! Ну!

— Таварыш Кураглядаў…

— Ну-у!!!

— Вазьму, — плаксіва выдыхнуў Мішка.

— Вось так, — Кураглядаў задаволіўся, цмокнуў яго ў шчаку і адпіхнуў. — Заўтра ж запішу вас. Ты, ёлупень, нават не здагадваешся, якая дзеўка табе дастанецца! Адукаваная, пры добрай рабоце. Не тое што лепшая, а нават іншая такая, як Валя, за цябе, таўкача, не пойдзе!

Мішка адчайна скуголіў сам сабе; Кураглядаў яшчэ нейкі час пагудзеў абы-што, у што і сам не верыў, а по-тым пачаў быццам кудысьці правальвацца: боўтне галавой, адключыцца ад усяго — тут жа ўздрыгне, наставіць у цемень наган, пабудзе хвіліну-другую напружаны, а затым зноў бултыхне. Як ні змагаўся, усё ж не ўстояў, здаўся сну. Цяжка мусіў ачомвацца толькі ўжо каля сельсавета — да яго давёз іх, абодвух сонных, кемны конь, а пабудзіў, сцягнуў з брычкі і завалок у хату вартаўнік. Праўда, хоць быў малапрытомны, але нагана і партфеля Кураглядаў з рук не выпусціў, з імі ў абдым-ку зноў упаў у сон ужо на сваім ложку.

15

Сёння, за тыдні два да мая, янкавінскія мужчыны перажывалі своеасаблівае ўзрушэнне: на ўкапаныя ў грунт камяні (па кутах і на пасяродку) пачалі ладзіць тоўстыя, абрэзаныя пілой бярвёны — першы вянок школьнага зруба.

Францішак Грыгарцэвіч (ён сам па сабе камандаваў усімі) укладваў, прымяркоўваў бярвёны з грунтвагаю, а яго пляменнік, Сцяпан, чыркаў алоўкам, пазначаючы, дзе што трэба падрэзаць, падчасаць, дзе высекчы альбо выдзяўбці, — рашылі рубіць не папростаму, як амаль усе рубілі ў вёсцы, а на нямецкі манер, у гладкі вугол. Сцяпан алоўкам і адмыслова зробленым калочкам пазначаў таксама, дзе, як тут казалі, выбіраць драчку — каб бервяно шчыльна легла на бервяно. Абодва, дзядзь-ка і пляменнік, пільна сачылі, як хто рэжа, высякае і выбірае, падпраўлялі тое-сёе сякерай ці долатам, давалі каманду слаць мох, класці бярвёны, падганялі, а потым даручалі выкруціць тэбелем дзюркі і загнаць у іх калоч-кі — змацаваць вянкі, а заадно не спускалі вока з ін-шых — тых, хто часаў вярхоўе на кроквы, з нарэзаных ужо круглякоў драў спецыяльным вялізным нажом стружку, і ўсе ім падпарадкоўваліся. Як самым здольным і спрытным да цяслярскай работы. Ладзілі ўсё, на першы погляд, марудна, не спяшаючыся, але няўхільна, грунтоўна, і к вечару ўжо жаўцеўся зруб на ўзроўні грудзіны з вызначэннем, дзе будуць вокны, дзверы і глухія сцены.

  • Читать дальше
  • 1
  • ...
  • 34
  • 35
  • 36
  • 37
  • 38
  • 39
  • 40
  • 41
  • 42
  • 43
  • 44
  • ...

Ебукер (ebooker) – онлайн-библиотека на русском языке. Книги доступны онлайн, без утомительной регистрации. Огромный выбор и удобный дизайн, позволяющий читать без проблем. Добавляйте сайт в закладки! Все произведения загружаются пользователями: если считаете, что ваши авторские права нарушены – используйте форму обратной связи.

Полезные ссылки

  • Моя полка

Контакты

  • chitat.ebooker@gmail.com

Подпишитесь на рассылку: