Шрифт:
— Ну што, Марцін, бачыш, мая Сільфіда са мною! І пасвячае мяне ва ўсе таямніцы!
Шчуплы чалавечак ашчэрыў зубы, якія не ўсе былі ў наяўнасці, і кінуўся да гасцей, ланцуг нацягнуўся.
— Яна мая! Ясна табе? Мая! І яе таямніцы мае!
— Але ж гэта не я сяджу на ланцугу, а ты, браце!
Пранціш схаладнеў. Марцін Радзівіл, аддадзены пад апеку свайго брата князя Гераніма! Які прымушаў Лёдніка выклікаць яму Сільфіду! Ён жа зараз яго пазнае! Доктар, відаць, гэта выдатна разумеў, таму і спыніўся сціпла ў самых дзвярах, апусціўшы галаву. Пранцысь пастараўся, як мог, закрыць яго сабою. На шчасце, Марцін глядзеў толькі на Сільфіду.
— Не гавары яму нічога! Ён няварты!
Геранім злосна закрычаў, зрываючы голас:
— Гэта ты няварты! Калі не хочаш сядзець надалей на хлебе і вадзе, гавары, дзе ўваход у сутарэнні! Тады я дазволю табе пабыць з Сільфідай і скарыстацца з яе вабнотаў!
Князь моцна ўхапіў прыгажуню за руку і дэманстратыўна правёў перад Марцінам.
— Ну, згодзен? Ты ж так марыў пра сувязь са стыхійным духам, столькі грошай убіў на шарлатанаў, якія абяцалі яго выклікаць!
Марцін глядзеў на Сільфіду, як паміраючы ад смагі на струмень вады, яго вырачаныя вочы блішчэлі, як у рыбіны.
— Ну што?
Марцін раптам засмяяўся сухім здзеклівым смехам, у якім не чулася вар’яцтва.
— Ты ніколі не атрымаеш жаданага, брат! Бо ты — кавалак лайна, якое ўсе абягаюць падалей, каб не ўпэцкацца. У наступным жыцці ты будзеш рабаком, якога раздушыць мой абцас.
— У цябе не будзе хутка нават і гэтага жыцця! — зароў Геранім. Сільфіда стаяла нерухома, як вытанчаная парцалянавая статуэтка. Марцін махаў рукамі і лаяўся. Ягоны погляд спыніўся на Лёдніку і загарэўся па-вар’яцку:
— Гэта ўсё ты! Для мяне не пастараўся, а яму выклікаў! Будзь ты пракляты! Пракляты!
На шчасце, у агульнай лаянцы ягонае пазнаванне доктара прайшло незаўважным.
Дзверы зачыніліся, а Геранім Радзівіл усё тросся ад злосці. І прамовіў да Сільфіды:
— І ты падумай, даражэнькая, раптам брат пагодзіцца на маю прапанову раней, чым ты, тады мне давядзецца выканаць, што яму абяцаю! І будзеш яго ўлагоджваць!
Сільфіда маўчала, адсутна гледзячы сінімі вачыма ў нікуды, і вартаўнікі павялі яе назад. Князь крыкнуў услед:
— Вакно не зачыняйце, няхай дыхае роднай стыхіяй! І камін не тапіце.
— Але ж яна застудзіцца! Ночы халодныя… — насмеліўся прамовіць Лёднік. Князь зараз жа вырачыў на яго шалёныя цёмныя вочы, зрабіўшыся раптам падобным да свайго брата Марціна.
— Памерзне, дык, можа, пачне цаніць тое цяпло, якое ёй давалі. А ты… немец… вучыць мяне ўздумаў?
Князь маланкава выхапіў шаблю і прыставіў да горла Лёдніка.
Пранцысь з сорамам успомніў падобную ж сітуацыю з ягоным удзелам. Няўжо і ён мог бы ператварыцца ў такога вось… дэспата? А што тут неверагоднага? Каб яму дасталася багатая спадчына, ды мітусіліся вакол адданыя слугі… Каб усе вакол казалі безупынна, які ён, Пранцысь Вырвіч, мудры, дужы, прыгожы… І любы капрыз зараз жа кідаліся выконваць… Адно што такія, як Лёднік, моўчкі пагарджалі б, але ж таксама схіляліся, бо жыць хочацца. Хіба ў гэтым ідэал шляхецтва? А як жа «пане-браце», роўнасць, гонар, сармацкія звычаі?
Доктар, не выказваючы страху, пакорліва чакаў, што будзе ўгодна князю. Геранім чыркануў лязом па шыі Лёдніка, пакінуўшы драпіну, і прыбраў шаблю.
— Няхай гэта будзе табе памяткай! Тут ёсць толькі адна воля — мая!
Кроў з драпіны афарбавала бялюткі каўнер.
— Ніколі гэтага больш не забуду, ваша княская мосць! — ветліва прагаварыў Лёднік.
— Каб усе лекі былі да раніцы гатовыя! І ўсе пакаштуеш сам, на маіх вачах!
Калі Геранім Радзівіл сышоў, нібыта нават сцены ўздыхнулі з палёгкай. Пранціш і Лёднік не насмельваліся загаварыць, пакуль за імі не замкнуліся дзверы іх пакоя. Доктар нават абапёрся на іх знутры абедзьвума рукамі, шумна выдыхнуўшы, як быццам па той бок засталася пагоня. Пранцысь паваліўся на ложак, шкаляра злёгку патрэсвала. Лёднік наліў вады з мядзянага збана ў місу для ўмывання, зачэрпнуў, энергічна спаласнуў твар, змыў кроў з шыі, злосна сцягнуў парык і цяжка ўсеўся на атаманку. Абодва шпегі адчувалі сябе, як быццам пабывалі ў бойцы з медзвядзём.
— А ты ад Сільфіды зусім галаву страціў, — скрозь стому дакорліва прагаварыў Пранціш. — А сваю купчыху калі шукаць збіраешся?
— А я яе ўжо знайшоў, — глуха прагаварыў Лёднік і дадаў, падпусціўшы атруты ў голас. — А вялікі і абазнаны пан Вырвіч, значыць, свята паверыў, што пазнаёміўся з духам паветра? Так, гэта князь удала прыдумаў — выдаваць Саламею за Сільфіду… Шпегаў з толку саб’е, яшчэ і брата памучае.
Пранціш разгубіўся. Не тое, каб ён успрыняў словы Гераніма Радзівіла ўсур’ёз… Прыгажуня, урэшце, была цалкам зямной, зняволенай і няшчаснай… І ўсё-ткі адначасова па-незямному прыгожай. Вочы яе пазіралі занадта мудра для кабеты… Ну так жа хочацца ў васемнаццаць гадоў паверыць, што сутыкнуўся з нечым надзвычайным! А ўжо супаставіць чароўны вобраз, што адкрыўся за жалезнымі дзвярыма з мноствам засоваў, са старой дзеўкай з Полацку, дачкой звычайнага купца і сяброўкай дзяцінства Лёдніка… Не тое, каб у Пранціша не мільганула і думкі пра Саламею Рэніч, але ён гэтыя думкі рамантычна адагнаў.Таму цяпер і пачуваўся абсалютовым дурнем.
— І як ты мог адмовіцца ад такой? — вырвалася ў Пранціша.
— Я яе не варты, — зноў глуха прагаварыў Лёднік улюбёную фразу і перавярнуўся на спіну, стамлёна заплюшчыў вочы.
Але Вырвічу гэтае самапрыніжэнне надакучыла.
— У нас, калі езуіты ў хор запісвалі, таксама ўсе пачыналі гаварыць: «Вой, ойча, у мяне слыху няма, голасу няма, я б і рады, але ж спяваць не ўмею, слых шаноўнай публіку абражаць буду… Няварты я такога гонару». А насамрэч проста нікому не хацелася лішніх клопатаў: вольны час на рэпетыцыі траціць, падчас канцэртаў залівацца салавейкам…