Шрифт:
Пачуўся стрэл… Але пан Ватман, якога, падобна, дужа забаўляў спалох пасажыраў, цэліў не ў іх, а ў замок на кратах. Куля перабіла дужку, краты нарэшце з незадаволеным рыпеннем адчыніліся. Але вязні неяк не спяшаліся выходзіць, надта няпэўным выглядала іх становішча. Ватман усміхаўся са злой весялосцю.
— Ну што, кураняткі, па-ранейшаму хочацца да Радзівілаў на булён? Я б параіў не спяшацца на кухню. А ты, хлапчыска, падзякуй адной пекнай неслухмянай паненцы… Яна прасіла табе перадаць — выконвай даручанае. І асцярожней — наступны раз, можа, сам цябе прыдушу, калі пад руку пападзешся ды не на той бок станеш.
Сунуў пісталет за пояс і выскачыў з карэты. Лёднік і Пранцысь насцярожана высунуліся за ім. Вакол былі сляды сапраўднай баталіі. Два жаўнеры — ці мёртвыя, ці непрытомныя — ляжалі ў кустах спінай уверх, у карэце застаўся запрэжаным адзін конь, які ўжо і не спрабаваў зрушыць яе з месца. Ні двух другіх жаўнераў, у тым ліку і параненага ў вока, ні пана Юдыцкага не было. Ватман падхапіў канцом шаблі з зямлі нешта бела-шэрае, калматае, падобнае да здохлай курыцы.
— Ну, суддзя, усё-ткі згубіў свой парык!
Ватман грэбліва кінуў судзейскае ўпрыгожванне на куст ядлоўцу, парык пачапіўся якраз на вершаліну, ад чаго куст адразу прыпадобніўся да прывіда з зялёным цёмным тварам.
— Бывайце, чарадзейнічкі!
Пранціш агаломшана глядзеў услед Ватману, які скакаў на белым дрыгканце прэч, у той бок, адкуль яны прыехалі… Каля павароту дарогі да Ватмана далучыўся яшчэ адзін вершнік. І шкаляр ведаў, хто той другі, зграбненькі ды невысокі, што нават рукой яму памахаў… Не забылася, не кінула свайго пасланца! Ад гарачага пачуцця ў Пранцыся аж слёзы на блакітныя вочы навярнуліся — хоць хмарку здаля расцалаваць, хоць бліжэйшую ялінку абняць ад паўнаты душэўнай… Але грубы Лёднік, далёкі ад тонкасцяў куртуазных, тузануў хлапца за рукаў:
— Пан, вядома, можа мроіць сабе тут да раніцы, але радзівілаўскія найміты вернуцца ў любы час. А мы, між іншым, збеглыя арыштанты…
Пранцысь ачомаўся. І сапраўды, не да абдоймаў з ялінкамі, трэба ўцякаць, калі хочаш у будучым жывую дзяўчыну да сэрца прытуліць. Але Лёднік, замест таго, каб выконваць свае ж словы, падыйшоў да аднаго з небарак, што ляжалі у кустах, стаў на калені, перавярнуў яго, памацаў шыю…
— Жывы… Нічога… Поўгадзіны паляжыць, ачомаецца.
Падыйшоў да другога, таксама абгледзеў, нават павека прыўзняў:
— І гэты выжыве, хаця сатрасенне мозгу займеў.
Ён што, лячыць сваю смерць магчымую збіраўся?
Рука Пранцыся між тым сама схапіла шаблю-аўгустоўку, што ляжала каля рукі жаўнера. Нарэшце ён зноў трымае зброю! Махнуў на спробу раз, другі… Уга, цяпер беражыцеся, усе Юдыцкія на свеце!
— Вашае фехтавальнае ўменне, акрым вожыкаў, няма тут каму ацаніць, — з’едлівы голас Лёдніка вярнуў Пранціша з рыцарскіх пераможных мараў на калюжную лясную дарогу. — Рушылі, пакуль жаўнераў не наехала!
Але ж і Лёднік не пагрэбваў зброяй разжыцца, расшпіліў свой чорны балахон і засунуў за пояс пісталет і шаблю, сканфіскаваныя ў пераможаных. Ды яшчэ прамовіў павучальна, заўважыўшы падазроны позірк гаспадара:
— Як вучыў італіец Макіявелі, дурная справа спадзявацца на тое, што ўзброены чалавек падпарадкуецца няўзброенаму, а ferrum ferro acuitur, жалеза жалезам вострыцца.
На галаве Лёдніка красаваўся таксама не ягоны чорны капялюш, і цяпер алхімік са сваім драпежным носам, цёмнымі патламі і свежым шнарам на ілбе дакладна прыпадобніўся да рыцара вялікай дарогі, а не да мужа вучонага.
Ісці вырашылі ў бок Слуцка… Па-магчымасці, не па дарозе, а па гушчарах, наўзбоч. Накірунак спрэчак не выклікаў. Па-першае, Лёднік разважыў, што наўрад пераследнікі ўявяць, што вязні скіруюцца менавіта ў той бок, дзе мусяць знайсці пагібель. Па-другое, ясная справа, Лёднік ірваўся да сваёй Саламеі — Пранціш шчыра не разумеў, якую цікавасць у мужчыны можа выклікаць кабета, што мае за трыццаць гадоў. Цётухна! Пекнай паненцы павінна быць год пятнаццаць— шаснаццаць, як Паланэйцы Багінскай. Але ў Слуцак і Пранцішу трэба… Выканаць даручэнне ваевадзянкі, знайсці Аляксандра Сапегу… Але слузе пра гэта ведаць не абавязкова.
А падобна, Пранціш мае слугу не толькі абазнанага, але і вернага — пры ўспаміне, як Лёднік захінаў яго ў карэце ад куль, Вырвічу стала трохі няёмка, але й неяк цёпла на сэрцы… Ніхто раней не спрабаваў аддаць за Пранціша жыццё. Свой уласны ўчынак — адмову прадаць доктара з усімі наступствамі — Пранціш не лічыў чымсьці адметным.
Калі яны, зняможаныя, прыселі на паваленым бервяне пад разлапістай сасной, Лёднік, здымаючы з твару наліплае павуцінне, задумліва прагаварыў:
— Раней я б склаў наш гараскоп і вызначыў, ці прарокуюць зоры поспех, і адкуль набліжаецца небяспека… Цяпер застаецца маліцца ды спадзявацца на літасць Божую. Ну, і куды ты, хлопча, улез? Чаму стары выжал Герман Ватман цябе вызваляць узяўся? Ягоныя паслугі вялізныя грошы каштуюць, не кожны магнат такога здолее наняць. Чым ты стаў такі дарагі Багінскім?