Вход/Регистрация
Авантуры Пранціша Вырвіча, шкаляра і шпега
вернуться

Рублеўская Людміла

Шрифт:

Лёднік і дырэктар дружна паглядзелі на юнака, доктар, відаць, змагаўся з палкім жаданнем выставіць Пранцыся за дзверы, але італьянец падсунуў таму пад нос аркушык з чарцяжом:

— Вось, пан Магнус… Усё, што пакуль удалося прыдумаць.

На аркушыку красавалася схема нейкага механізму: нацягнуты між двума блокамі шнур, вугал адхілення, контуры сцяны з ваконнымі праёмамі… Да Вырвіча дайшло: гэта ж план выратавання Сільфіды!

— Забраць яе звычайным шляхам немагчыма, — неахвотна загаварыў Лёднік. — Тут цэлае войска павінна прабівацца — праз варту на кожным паверсе, праз жалезныя дзверы… Нават калі ўявім тут новую Трою — узяць Слуцкі замак за ягоную гісторыю не ўдалося яшчэ нікому, ні татарам, ні маскоўцам, ні сваім жа магнатам. Адзінае на нашу карысць — гэта што нас пасялілі ў адным будынку з Рэнічаўнай, і вокны выходзяць на адзін бок.

— Але, на жаль, не на адной лініі! — загаварыў Пучыні. —Таму ад выканаўцы патрабуюцца проста акрабатычныя здольнасці. І шмат шанцавання!

— Вы хочаце выкрасці яе праз вакно? — усклікнуў Вырвіч. — Ты спецыяльна ўвёў князю ў вушы, каб у Сільфіды праветрываць! Раз так, лазіць па вокнах і дахах я — лепшы знаўца!

Лёднік не забыўся хмыкнуць на гэтую рэпліку. Але Пучыні задаволена хітнуў галавой.

— Што ж, значыць, давядзецца скарыстацца з вашага ўмення, юнача.

— Гэты хлопец і без таго мае з-за мяне непрыемнасцяў на сваю ўпартую галаву! — пахмура заявіў Лёднік. — Ён — юнак высакароднага паходжання, і я за яго адказваю. Я не магу на гэта пагадзіцца. Няхай лепей мне дапаможа ваш брат Джавані.

— А я твайго дазволу і не пытаюся! — ганарыста прамовіў Пранціш. — Ён за мяне адказвае! Забыўся, хто ты і хто я? Шляхціц сам вырашае, ісці ў бойку ці не!

Лёднік падціснуў вусны і панурыўся. Пучыні са здзіўленнем паглядзеў на абодвух, з уздыхам падсунуў да сябе аркуш, пацёр нос-бульбіну і працягнуў размову-змову, на гэты раз ледзь заўважна, але пачціва схіляючыся ў бок Пранціша, які прызнаўся ў сваім высакародным паходжанні:

— Пакуль што наш план утвараецца з некалькіх амаль невыканальных задач. Калі б мне прынеслі ставіць такую п’есу, я б адразу сказаў, што яна непраўдападобная, і сюжэт выратуе толькі «бог з машыны».

— Смеласць замяняе любую машыну! — фанабэрыста заявіў Пранцысь. — Мне здаецца, вы тут усё ўскладняеце. Схемы намалявалі…

Доктар нервова сціснуў пальцы:

— Адна справа, калі зняволены можа дзейнічаць сам. А Саламею наўрад з ланцуга адпусцілі. Перадаць ёй напільнік, вяроўку, нават цыдулку ці словам перамовіцца — немагчыма, за кожным маім рухам у яе прысутнасці назіраюць, яе самую абшукваюць. Адзіная наша надзея — што ў тэатры ёсць адмысловыя прыстасаванні для палётаў Купідонаў. Бачыў?

Пранцысь кіўнуў галавой.

— Шнур сплецены са сталёвых валокнаў, ён зусім тонкі, але трывалы і гнуткі. Калі слотнай ноччу ён павісне на сцяне, ніхто не заўважыць.

— Раніцай заўважаць. Варты тут болей, чым простых слуг. Слуцак трэба пакідаць у тую ж ноч. Іначай — усё… Мыш не праслізне. І часу на другую спробу не будзе, — папярэдзіў Пучыні.— Карацей, трэба яшчэ раз усё вымераць, разважыць…

— Ну, добра, перамераеце вы сцены палаца… А як уцякаць з замка? — пацікавіўся Пранціш. — Валы, мост, на кожнай браме варта…

— Тут нам дапамогуць звонку, — няўважна сказаў Лёднік. — Пра гэта турбавацца будзем потым. Усё, сіньёр Пучыні. Мне яшчэ лекі рыхтаваць, да Пфальцмана трэба наведацца. Да таго ж мы і так выклікалі падазрэнне сваімі доўгімі размовамі за зачыненымі дзвярыма. Так што прывядзіце да мяне яшчэ некалькі артыстаў на агляд…

— Тым больш ім цяпер лячэнне спатрэбіцца, — з’едліва сказаў Пранціш.

Пучыні запытальна глянуў на юнака. Вырвіч пагардліва пакрывіў вусны.

— Я толькі што бачыў, як у вашым тэатры выхоўваюць таленты. З дапамогай палкі.

Дырэктар спахмурнеў.

— Гер Пільшчын… Ён старанна выконвае распараджэнні княскае мосці. Што зробіш — насамрэч я не маю ніякай тут улады… Тэатр, здавалася б, раскошны, а які таленавіты мясцовы люд… Прыгонная дзяўчына, вырасла ў курнай хаце, і раптам — таньчыць як антычная багіня, і перадае ўсе тонкасці перажыванняў царэўны Наўсікаі, і ўглядаецца ў чаканні Адысея ва ўяўную марскую далячынь так, што свецкая публіка плача, змываючы пудру. А тая дзяўчына і мора не бачыла! Як добра ўсё пачыналася, на якім энтузіязме… Але хіба гэта храм мастацтва? Калі гаспадар патрабуе толькі муштры… — дабрэнны твар італьянца перакрывіўся ад нянавісці.—Артыстаў вярбуем паўсюль — у Кёльне, Вене, Кракаве, Варшаве… Але ніхто сюды ехаць не хоча, бо начутыя пра норавы. Князь можа хворага артыста на сцэну выгнаць, калі схібіць — у карцэр пасадзіць. Закупілі партыю мурынаў — прывезлі іх проста ў жалезных клетках, як звяроў. Таксама іграць прымушаюць. Дзеці ў балетнай школцы паміраюць, як не лічаныя… Забіраюць іх ад бацькоў, сялян ды простых месьцічаў — гвалтам… На сцэну жаўнераў выводзяць! Ва ўзбраенні! Якому-небудзь ротмістру могуць галоўную ролю распісаць — бо добра маршыруе. Калі б я не меў надзею на помсту… даўно б адсюль…

Пучыні адвярнуўся, спрабуючы супакоіцца.

— А што, сіньёр Пучыні, вы трымаеце тут якое-небудзь адмысловае італьянскае віно? — роўным голасам папытаўся Лёднік.

Дырэктар неўразумела паглядзеў на яго.

— Вы хочаце выпіць? Але князь не дазваляе…

— Мы хочам выпіць, — падкрэслена прамовіў Лёднік. — Дакладней, менавіта гэтым мы з вамі і займаліся апошнюю гадзіну. Нават чаркі недапітыя не схавалі… Вось такое парушэнне дысцыпліны. Князь, вядома, раззлуецца, але ж не да сячэння галоў…

  • Читать дальше
  • 1
  • ...
  • 26
  • 27
  • 28
  • 29
  • 30
  • 31
  • 32
  • 33
  • 34
  • 35
  • 36
  • ...

Ебукер (ebooker) – онлайн-библиотека на русском языке. Книги доступны онлайн, без утомительной регистрации. Огромный выбор и удобный дизайн, позволяющий читать без проблем. Добавляйте сайт в закладки! Все произведения загружаются пользователями: если считаете, что ваши авторские права нарушены – используйте форму обратной связи.

Полезные ссылки

  • Моя полка

Контакты

  • chitat.ebooker@gmail.com

Подпишитесь на рассылку: