Вход/Регистрация
Авантуры Пранціша Вырвіча, шкаляра і шпега
вернуться

Рублеўская Людміла

Шрифт:

Вось тут, сярод цяжэнных фаліянтаў ды ўтульных томікаў ін-кварта, псалтыраў з залатымі буквіцамі ды філасофскіх трактатаў з загадкавымі малюнкамі Бутрым сябе й знайшоў, бо да навукі кніжнай аказаўся вельмі кемны, і ў стварэнні атрамантаў розных… Трактат Тэафіла «Аб разнастайных штукарствах» вывучыў ён напамяць гадоў у дванаццаць, і ўмеў скласці фарбу «посх» першага і другога роду, і фарбу вірыдонавую, і аўрыпігмент… І вывучыў, «чым валодаюць грэкі ў адносінах да розных фарбаў і сумесяў, што ведаюць у Таскане пра фініфць ды розныя віды чарнення і чым вылучаюцца арабы ў сваіх каваных, ліцейных альбо чаканных вырабах, якой разнастайнасцю сасудаў, гем, разной косткі з золатам і срэбрам знакамітая Італія, як любяць у Францыі розныя прыкрасы ў вокнах і як пашанотныя ў Германіі вытанчаныя працы з золата, срэбра, медзі, жалеза, дрэва і каменя». А аптэкар Лейба навучыў яго разбірацца ў зёлках ды мікстурах, і складаць тынктуры, і распавёў пра суадносіны ў арганізме вадкасцяў, іначай — гумораў, а менавіта крыві, жоўтай жоўці, чорнай жоўці і флегмы, а яшчэ навучаў лаціне і старагебрайскаму…

Іван Рэніч здольнасці хлапца заўважыў, сэрцам да яго прыхінуўся, цяпер было яму разам з кім глядзець на зоры і вывучаць заспіртаваных яшчарак. Бутрым засвоіў усе пераплётныя ўменні і мог працаваць надалей на гаспадара. Але прагу да ведаў Рэніч лічыў галоўнай вартасцю чалавека, таму вылучыў грошы на навучанне юнага Бутрыма, а нешта дадаў і аптэкар Лейба. Давялося гарбару змірыцца з тым, што сын пойдзе па вучонай частцы. Скончыў Лёднік Полацкі калегіюм, атрымліваючы на кожным курсе залаты медаль, тады рушыў ва ўніверсітэт у Празе, скончыў там факультэт мастацтваў, вывучаючы сем вольных навукаў ды царыцу навук — філасофію, тады перабраўся ў Лейпцыг, паступіў на медыцынскі факультэт… Новыя і новыя веды п’янілі мацней за віно. Здабыў доктарскі ланцуг на грудзі, але больш, чым богаўгодная лекарская справа, захапілі яго навукі таемныя. А найперш — алхімія. Знайсці філасофскі камень! Якая высокая мэта жыцця! А што ж, нават іншы палачанін, славуты Францішак, сын Скарынін, некалькі год на здабыванне таго каменя спляжыў, перад тым, як пачаў кніжкі друкаваць. Год за годам Бутрым набліжаўся да разгадкі… Падарожнічаў, знаёміўся са славутымі мыслярамі і алхімікамі, бачыў такое, што зямному воку бачыць не належыць. І на вайне давялося пабываць, і чуму сустрэць, з палону ўцякаць, і ў палацах красавацца… Нават да шалёнага Марціна Радзівіла, які заняўся чарнакніжніцтвам ды склікаў да сябе ўсіх знаўцаў навук таемных, патрапіў… І ледзь ацалеў, бо стомлены хараством шматлікіх «кадэтак» князь захацеў чагось незямнога. І чамусьці ўзяў у галаву, а хутчэй наплявузгаў яму ад зайздрасці хтось з вучоных калегаў, што малады Лёднік можа выклікаць для суцяшэння пана Сільфіду, паветранага духа прыгажосці незвычайнай, які надорвае зямнога каханка здольнасцю лётаць ды мову птаства разумець… Толькі вось не хоча Баўтрамей прызнацца ў гэтым сваім уменні, каб адзінаасобна вабнотамі духаў паветраных цешыцца. Так што калі не менш шалёны брат Марціна Геранім Радзівіл, па мянушцы Жорсткі, разам з другім братам, гетманам Міхалам Радзівілам ды пляменнікам Каралем узялі штурмам Марцінаў замак, а вучоную хеўру разагналі, Бутрымус успрыняў гэта як ратунак, бо гаспадар усур’ёз збіраўся пусціць упартага алхіміка на інгрыдыенты для доследаў.

Пакуль муж вучоны швэндаўся па свеце, і маладосць прайшла, і бацькоў забрала чорная воспа — толку, што сын на лекара вывучыўся. Але часу гараваць не было. Алхімік засеў у бацькоўскім апусцелым доме і пачаў Вялікае Дзеянне — здабываць філасофскі камень… На рэдкія складнікі спляжыліся і свае, і бацькоўскія грошы. Дом і майстэрня пайшлі ў заклад. І гэтага не хапіла. А таемны працэс быў ужо на той стадыі, калі нельга адыходзіць ад палаючага тыглю, калі нельга перарываць справу. Бутрым паступова перастаў лекаваць нават самых багатых кліентаў. І ўрэшце заклаў аднаму з іх — пану Агалінскаму — апошняе, што меў: сябе самога, паабяцаўшы, што вось-вось зможа ператвараць жалеза і волава ў самае чыстае на свеце золата, і тады расплоціцца з панам з лішкам. А іначай будзе служыць яму да скону.

Агалінскі чакаў цэлы год. Урэшце золата збліснула ў вугалях тыглю… Але калі пан усвядоміў, колькі будзе каштаваць адна манета з такога штучнага золата, і колькі гадоў трэба збіраць на яе бліскучы метал — уз’ятрыўся і запатрабаваў доўг. І Лёднік перастаў быць вольным чалавекам.

У жаху Бутрым азірнуўся на свой лёс… І зразумеў, што гэта — Божае пакаранне. Ён даў сабе слова, што больш ніколі не пойдзе супраць Божага промыслу, не стане не толькі займацца алхіміяй, але й нават складаць гараскопы, назаўсёды адрачэцца ад чараўніцтва і гадання.

Пану Агалінскаму гэтыя перамены дужа не спадабаліся. Выходзіла, што не толькі золата, але й прадказанняў паводле зорак ад Бутрыма не дачакацца. Агалінскі пагразіўся, што аддасць упартага зоркаведа служыць на стайню. Але раскаяны алхімік толькі нудзіў пра Божую волю і грэх чарадзейства, чытаў каноны святому Кіпрыяну, які калісьці ўласныя магічныя кнігі спаліў, і ніякія ўгаворы, нават па скабах ды па спіне, на яго не дзейнічалі. А паколькі знаўцам атрутаў разнастайных Лёднік быў выбітным, у здольнасці да сурокаў ды чорных замоваў яго таксама моцна падазравалі, дык Агалінскі пачаў баяцца кусок у горла класці. Тады і дэкляраваў пан на гарачую галаву, што прадасць бескарыснага даўжніка першаму ж мінаку на гэтай дарозе. Вось і атрымалася тое, што атрымалася…

Пранціш хуценька прыкінуў: каб у карчме ягоны слуга пачаў складаць за грошы гараскопы, можна было б някепска зарабіць… Хто ж не хоча зазірнуць у будучыню! Нават Пранцішаў бацька, п’янтос і буяш, на кожнае вялікае свята замаўляў сабе прадказанне ў аптэкара з бліжэйшага мястэчка, які падрабляў зоркаведам. Але ж калі гэты ўпарты Лёднік астралогію адрынуў, можна скарыстаць ягоныя іншыя ўменні…

— Слухай, Бутрым, а ты навукі лекарскай не забыўся?

Алхімік пагардліва хмыкнуў.

— А што, пан расхварэўся?

— Не дачакаешся! А вось у карчме, куды мы прыйдзем, хворыя абавязкова знойдуцца. Грошай і заробім! Толькі вось што… — Пранціш у роздуме ўскалмаціў русявы чуб, які выбіваўся з-пад шапкі, нібыта мала прарабіў тае работы вецер. — Хто ж паверыць, што славуты доктар — слуга шкаляра… Каб да цябе пацыенты пайшлі, трэба важнасці напусціць. Ты, галоўнае, маўчы і рэцэпты паразумней ды падзіўней выпісвай на лаціне. А я сам усё скажу.

Бутрым змрочна акінуў позіркам жвавую постаць свайго гаспадара, зазірнуў у ягоныя блакітныя вочы, гэткія сумленныя, што хацелася адразу абмацаць свае кішэні, і тужліва ўздыхнуў.

— Нешта прадказвае мне, я сто разоў пашкадую, што пан Агалінскі не адправіў мяне служыць на стайню.

РАЗДЗЕЛ ДРУГІ

ЯК БУТРЫМ ЛЁДНІК І ПРАНЦІШ ВЫРВІЧ У КАРЧМЕ БАЛЯВАЛІ.

Калі б Пранціша спыталі, у чым глыбокі філасофскі сэнс існавання прыдарожнай карчмы, шкаляр не задумваючыся б адказаў: у тым жа, у чым сэнс перлінаў, знізаных на нітку. Навошта нітка, калі на ёй не будзе перлінаў?

Гэтая карчма пад гучнай шыльдай «Рым» не была самай шыкоўнай… Тры абадраныя таполі ціснуліся да сценаў, нібыта п’яныя госці. Затое ля самой карчмы стаяла ажно некалькі экіпажаў — ад сціплай таратайкі да дыхтоўнай карэты, хаця і без гербаў. А гэта быў добры знак — будзе з каго браць даніну!

  • Читать дальше
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • ...

Ебукер (ebooker) – онлайн-библиотека на русском языке. Книги доступны онлайн, без утомительной регистрации. Огромный выбор и удобный дизайн, позволяющий читать без проблем. Добавляйте сайт в закладки! Все произведения загружаются пользователями: если считаете, что ваши авторские права нарушены – используйте форму обратной связи.

Полезные ссылки

  • Моя полка

Контакты

  • chitat.ebooker@gmail.com

Подпишитесь на рассылку: