Шрифт:
— А вось што мне цікава… Пан мой такі баявіты, а без шаблі. Відаць, у геройскай сечы сваю зброю пакінуў?
— Ага, у сечы… — вось жа ўмее людзей цвеліць. — У канвенце забыўся.
— Значыць, уцякаць давялося… Няўжо дачку якога прафесара спакусіў?
Злыя словы Лёдніка, аднак, гучэлі хутчэй буркатліва, чым з’едліва, тым болей сам ён тыцнуў гаспадару пад нос гліняны кубак з адварам.
— Падымайся…Пі…
І нават дапамог прыўзняцца. Пранціш таропка глынуў гарачую вохкую вадкасць — смажыла страшэнна… Уваччу амаль адразу праяснілася, сцішыўся галаўны боль. Добра мець свайго лекара!
Між тым Лёднік глядзеў на юнака неяк дзіўна.
— І ты не папытаўся, што ў кубку? Не загадаў мне адпіць самому? А калі б я табе атруту падліў?
— А што, ты мог? — весела папытаўся Вырвіч, адкідваючыся на сеннік. Алхімік моўчкі стаяў над ім, худы твар яго яшчэ больш выцягнуўся… І Пранціш раптам зразумеў, што лекар не звык, каб яму вось так верылі. Відаць, сярод не самых лёгкіх бліжніх туляўся…
— Можаш быць спакойны, пан Францыск, я падаваў людзям толькі лекі…— голас алхіміка гучэў глухавата, нібыта ён усё яшчэ быў уражаны.
— А я і не пераймаўся! — Пранціш салодка пацягнуўся. Ведае ж алхімік сваю справу! Нават млосць прайшла… Эх, як добра, калі цябе не будзяць ледзь не з першымі пеўнямі, каб уставаць на ўрокі… Зараз бы шаблю ў рукі, ды на каня, ды каб за табой вернае войска! Дзе тая шабля з выгравіраваным на дзяржальне Гіпацэнтаўрам…
— Дарэчы, я не Францыск, а Франтасій!
Лёднік шчыра здзівіўся.
— Таксама праваслаўны?
— Вырвічы веры не мяняюць! — горда паведаміў Пранціш. — А мой святы абаронца, пакутнік Франтасій, уга які святы! Яму і ягоным паплечнікам рымляне ў галовы цвікоў набілі, а потым адсеклі. Дык пакутнікі галовы паднялі і да свайго біскупа Франтона развітацца прыйшлі. Вось што вера ўчыняе!
Вырвіч пазяхнуў, але спаць больш не хацелася. Лёднік завязваў мяшэчкі з сухімі зёлкамі, з якіх варыў адвар, і маўчаў, як мур. Трэба ж, які нецікаўны… Альбо назнарок прыкідваецца.
— Ніякіх дачок прафесарскіх я не спакушаў, бо не патрапіліся, — лена парушыў маўчанне Пранціш. — А ўцякаць давялося… з-за Вараняці.
— Птушку на лекцыю прыцягнуў? — буркатнуў лекар. — Блазнота…
— Вараня — так сябрука майго празвалі… Ну не тое што сябрука… Як з такім сябраваць… Ён гарбунок быў. Хворы такі, смешны… Але разумны, халера.
Пранцысь заплюшчыў вочы, каб аднавіць да рысачкі твар беднага Вараняці.
Насамрэч звалі яго Дзянісій. Быў ён з сям’і небагатай, але ўсё-ткі не такой беднай, як Вырвіч, які патрапіў на вучобу толькі дзякуючы хроснаму-пісару. Абодва былі з праваслаўных сем’яў, езуіты бралі на вучобу ўсіх, разлічваючы, што да канца вучобы кожны схізматык пераканаецца ў правільнасці каталіцкай веры.
З Пранцішам увогуле прыкрасць здарылася — сярод ягоных аднакурснікаў апынуўся сын пана з суседняга маёнтку, які не аднойчы бачыў, як Пранцысеў бацька вывозіць на сваё поле гной, урачыста ўторкнуўшы ў кучу на возе шаблю. Калі шляхціц пры шаблі — значыць, няма шляхецкаму гонару ганьбы! Вырвічу жыцця не стала — дражнілі яго Гнаявіком, нос заціскалі, побач стоячы… Толькі Пранцысь нікому крыўды не спускаў. Нават калі не асіліць адразу, калі самога наб’юць купай — пасля ўсё роўна дастане, па адным асочыць… Хадзіў увесь час пабіты, сядзеў на аслінай лаўцы, скураной дысцыпліны каштаваў — адмысловага бізуна… Затое кпіць над ім насмельваліся толькі за вочы. А над Вараняцем не здзекваўся толькі лянівы. А ён і слова нікому не скажа, толькі ўсміхаецца, вачасты, вастраносенькі, бледны, аж свіціцца… І не плакаў ніколі, і не скардзіўся… Затое ў вучобе — першы. Усё ці над кніжкай, ці над сшыткам угнецца, піша нешта, шкрэбае пяром… Аднойчы Пранцысь пабачыў, як некалькі студэнтаў прыціснулі Дзянісія да сцяны і пачалі яму «горб раўняць». А той толькі глядзіць на ўсе вочы ды вусны падціскае, каб не крыкнуць… І нешта Пранцыся як за сэрца рукой схапіла. І ён разагнаў блазнюкоў, атрымаўшы сам кухталёў. Сышоў, вядома, не чакаючы падзякі ад Вараняці… А на наступны дзень той падказаў яму ўсе спражэнні лацінскага дзеяслова «глядзець». Так і завязалася між імі сяброўства-не сяброўства. Проста Пранцысь не мог бачыць, як Вараня б’юць, а той рабіў за яго ўрокі ды расказваў столькі дзівосных гісторый, што каб на лекцыях такое распавядалі—Пранцысь першым вучнем быў бы. Вараня недзе прачытаў трактат Альберта Вялікага «Кніга таямніцаў». І яны ўсур’ёз абмяркоўвалі, дзе ўзяць спецыю пад назвай фізаліс і тлушч дэльфіна. Бо калі зляпіць з сумесі гэтых рэчываў зернейкі, патрымаць над агнём, разведзеным на каровіным гноі, і дым ад гэтай радасці запоўніць памяшканне, усе, хто знаходзіцца там, здадуцца адзін аднаму волатамі ў абліччах коней ды сланоў. Вось бы такі цуд учыніць на занятках па лаціне! А яшчэ можна ўзяць кроў асла, тлушч марскога зайца і кветку клёну, змяшаць, падпаліць каля ўласнага ложку… І ў сне пабачыш, што цябе чакае ў прышласці. Пранціш і Вараня доўга гадалі, што гэна за пачвара марскі заяц, аднак замяняць на другія інгрыдыенты не наважыліся.
Але сустракаліся яны дзеля гутарак толькі тады, калі ніхто не бачыў — Пранцысь ужо меў сваю банду [7] , некалькі хлапцоў, асабліва адчайных, якімі верхаводзіў, і баяўся, што яму пашкодзіць у іхніх вачох такое нявартае сяброўства. А Вараня пакорліва прымаў гэткае стаўленне. Ані ценю ваяўнічасці ў ім не было. Падобна, і зброю ў руках трымаць не ўмеў, нават палку-пальцату, на якіх спаконвеку біліся шкаляры, адточваючы высакароднае мастацтва фехтавання. Адзіная ягоная зброя была — дзіўны бронзавы стрыжань, падобны да цвіка, які Вараня выкарыстоўваў у якасці закладкі да кніжак. Аднойчы ён патлумачыў Пранцысю, што гэта не проста цвік, а сціло — старажытнагрэцкая прылада для пісання! Ім выводзілі літары на васковых таблічках, і Вараня таксама спрабаваў тым сцілом надрапваць на мяккіх ліпавых дошчачках вершы — сцвярджаў, што такім чынам найлепей адчувае мудрасць антычных паэтаў. Пранцысь падумаў, што сцілом зусім не абавязкова карыстаўся старажытны паэт, ім мог падлічваць прыбытак які-небудзь афінскі гандляр зелянінай, або калупаць абрыдлыя ўрокі такі шкаляр, як яны… Ці ўвогуле гэтая штуковіна не мае ніякага дачынення да Грэцыі, а беднага калеку менскі купчына проста падмануў… Занадта яна была таненькая, у пальцах ледзь утрымаеш, такой пісаць нязручна. Але Пранцысь прамаўчаў пра свае сумнівы, справядліва лічучы, што адбіраць у немаўляці бразготку занадта жорстка.
7
Банда— так у XVIII стагоддзі называлі каманду, гурт.
Настаўнік лаціны пан Баніфацыюс, які ліслівіў перад багатымі спадчыннікамі, дужа не любіў Вараня, які ў ягоных вачах абражаў сармацкі ідэал шляхецтва. Пранцыся пан таксама не любіў і не раз лупіў па руках скураной дысцыплінай. Але Вараня раздражняў яго асабліва, бо мог даць адказ на любое найскладанае пытанне, так што прычапіцца не было за што. І калі аднойчы хлопцы на ўроку лаціны выпусцілі ў класным пакоі варону, пан Баніфацый звінаваціў ва ўсім беднага Вараня — на што блазнюкі і разлічвалі. І адправіў небараку ў карцэр, папярэдне бязлітасна адхвастаўшы.
А Пранцысь змаўчаў… Не паспрабаваў абараніць Вараня… Даносіць на таварышаў — гэта ж ганьба! А ўзяць на сябе… Значыць, прызнацца, што лёс брыдкага калекі табе неабыякавы, што Гнаявік да гною цягнецца.
У карцэры бедны Вараня так застудзіўся, што ўжо й не ачомаўся. І так перхаў, як у бочку, а тут… Згарэў за тры дні. Пранцысю толькі і засталося, што ягоны сшытачак з крамзолямі… Урыўкі гісторый, вершыкі, незразумелыя формулы… Сваякоў у Вараняці не мелася, ніхто з-за ягонае смерці не ўстурбаваўся.