Вход/Регистрация
Авантуры Пранціша Вырвіча, шкаляра і шпега
вернуться

Рублеўская Людміла

Шрифт:

Гаворка Пранцыся цякла, як мёд, ён нават заганарыўся сабою. Але паненка такога мёду каштавала як відаць не лыжкамі, а збанамі, таму толькі нецярпліва нахмурыла чорныя броўкі.

— Найяснейшая панна хоча, каб пан узяў у яе ліст і перадаў асабіта ў рукі ваяводы полацкага Аляксандра Сапегі, які зараз мяшкуе ў Слуцку, а за гэта пан атрымае дзесяць дукатаў ад мяне, а можа, яшчэ нешта ад шчодрасці пана Аляксандра.

Пранцысь адчуў укус расчаравання: той Сапега, падобна, быў амаратам панны Паланэйкі, а быць пасыльным у амурных справах — гэта ж зусім іншае, чым самому амуры круціць… Панне, відаць, не спадабаліся ваганні хлопца, таму што яна зморшчыла носік і прагаварыла пагардліва:

— Пан баіцца расейцаў альбо Гераніма Радзівіла? Калі так — то…

— Нікога я не баюся! — паспешліва выгукнуў Пранцысь, скеміўшы, што справы хутчэй не пра амуры, а пра палітыку, ад якой хаця Вырвічы й былі ўбаку, але ж магнатаў, што хаўрусаваліся з расейцамі, Вырвіч-старэйшы не любіў, параўноўваючы іх з сабакам, якога прыкарміў злодзей, каб залезці беспакаранна на гаспадарскі двор. — Я з вялікай прыемнасцю выканаю волю панны…

Паланэйка сумніўна зірнула ў дужа сумленныя блакітныя вочы Пранціша, дастала з-за карсажу складзены ўдвая канверцік і аддала суразмоўцу.

— Толькі асабіста ў рукі пану ваяводзе! І глядзі, пану Герману Ватману ні слова — гэта той, што мяне суправаджае. Ён дужа небяспечны чалавек.

Вырвіч запытальна зірнуў на ваевадзянку, узважваючы на далані паперку… Дзяўчына дадала да канверціка самае істотнае — мяшэчак з манетамі. Потым, відаць, скеміўшы, што цяпер з пасланцом, які валодае ейнай таямніцай, належыць быць пяшчотней, усміхнулася, ад чаго Пранцыся як алеем па душы памазала, і нават прыклала да вуснаў і адняла пальчыкі, нібыта намякаючы на магчымы пацалунак… З самой Паланэяй Багінскай! А чаму б у такім разе баявітаму шкаляру не атрымаць аванс? Пранцысь ірвануўся да паненкі, але дзверы зачыніліся рыхтых перад носам Вырвіча.

— Напачатку — паслуга, потым — удзячнасць! — прагаварыў за дзвярыма дзявочы галасок.

Калі б у людзей маглі вырастаць крылы, Пранціш адчуў бы за спінай іхні лопат, бо ледзь над падлогай не прыўзняўся… У прыгоды будзе працяг! Падумаеш, у Слуцак! Ды хоць бы і ў краіну маўраў!

Між тым на лесвіцы пачуліся цяжкія крокі і бразганне шпораў… Падымаўся відочна не Лёднік, і Пранціш хуценька нырнуў у свой пакой. Там ён пратаньчыў з кута ў кут мазурку і паваліўся на ложак, прыціскаючы да твару канверцік, які захоўваў пах дарагой парфумы. Вось будзе чым пахваліцца Лёдніку! Хаця не, няма чаго раскрываць слузе таемныя справы гаспадара — хай толькі падзівіцца, што той раздабыў за раніцу дзесяць дукатаў, ды мае нейкія важныя, звязанныя з першымі асобамі каралеўства справы! На гэта варта, вядома, намякнуць… Вось толькі дзе той лекар падзеўся? Можа, з Адэляй вуркоча? Цяпер Пранцыся гэта не крыўдзіла. Карчмарка — слузе, ваевадзянка — гаспадару! О так!

Лёднік абяцаў ежы здабыць… Карчма ўжо ва ўсе прасмаленыя сцены гудзе, і ўяўляюцца ва ўсёй неміласэрнай духмянай смакаце гарачыя клёцкі, палітыя смятанай…

Пранціш пераканаўся, што страшны невядомы Ватман замкнуўся ў пакоі з падахоўнай ваевадзянкай, шлях вольны, і рушыў уніз.

Найперш ён яшчэ зверху забачыў Адэлю, што моўчкі стаяла каля лесвіцы, схаваўшы рукі пад фартух, нібыта яны ў яе змерзлі. Дастаткова было аднаго позірку на яе твар, каб зразумець, што здарылася нешта жахлівае. Твар быў застылы, нават з усмешкай, але такой, якую зацюканы шкаляр адрасуе цэнзарам, што стаяць ля ганебнай лаўкі з розгамі ў руках, чакаючы, пакуль ён спусціць нагавіцы ды ўкладзецца зручненька.

Сышоўшы яшчэ на некалькі прыступак, Пранцысь пабачыў і тых, каму Адэля ўсміхалася пакорліва-прыніжана. Трое былі ў мундзірах кароннага войска, адзін у парыку і чорным камзоле, з такой надзьмутай, пагардлівай пысай, што вакол уяўлялася адразу зала чарговага сойму, галасы якога купленыя загадзя. Тут жа, бы пацук вакол пасткі з кавалкам сала круціўся і віж, якога Пранцысь згледзеў учора ў карчме.

А самае непрыемнае, што паміж двух жаўнераў стаяў Лёднік. Спакойна гэтак стаяў, скрывіўшы вусны і ўнурыўшы голаў, як быццам ужо развітаўся з белым светам. Доўгія цёмныя валасы звісалі па баках ягонага худога твару, нібыта ўладальнік хацеў імі адгарадзіцца ад сваіх нялітасцівых бліжніх.

— А гэта ягоны асістэнт! — раптам заблагаў віж, паказваючы на Пранцыся пальцам з доўгім жоўтым пазногцем. — Таксама чарнакніжнік!

Вырвіч спыніўся на ніжняй прыступцы лесвіцы, гатовы рынуцца наверх.

— Гэты хлапчыска ні пры чым! — ганарыста закінуў галаву Бутрым. — Я яго толькі ўчора на дарозе сустрэў, намовіў падзарабіць. Ён пра мяне толкам нічога і не ведае…

— Хто кляцьбе ведзьмака верыць, пэўне, штораніцу дурнап’яну сабе ў гарбату дадае, — сурова прамовіў падобны да худога пеўня пан у чорным камзоле. Павярнуўся, абшарыў вачыма Пранцыся, яшчэ больш скрывіўся. — Ты хто?

— Я — шляхціц, Пранцысь Вырвіч гербу Гіпацэнтаўр, — урачыста абвесціў Вырвіч, яшчэ трохі пасоўваючыся назад. Што-што, а ўцякаць шкаляр наўчыўся так, што ногі самі за яго думалі.

— Гіпацэнтаўр? — недаверліва працягнуў Юдыцкі. —Вырвічы карыстаюцца гербам «Далега».

— Мы — старэйшая галіна, з Падняводдзя, маем права на абодва гербы, — годна патлумачыў Пранціш. — Мы з бацькам — апошнія з роду. А што кепскага зрабіў гэты… чалавек? Ён жа проста лекар! У яго і дыплом ёсць!

Важны зарагатаў, як па арэхах абцасамі прайшоўся.

  • Читать дальше
  • 1
  • ...
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
  • 11
  • 12
  • 13
  • ...

Ебукер (ebooker) – онлайн-библиотека на русском языке. Книги доступны онлайн, без утомительной регистрации. Огромный выбор и удобный дизайн, позволяющий читать без проблем. Добавляйте сайт в закладки! Все произведения загружаются пользователями: если считаете, что ваши авторские права нарушены – используйте форму обратной связи.

Полезные ссылки

  • Моя полка

Контакты

  • chitat.ebooker@gmail.com

Подпишитесь на рассылку: