Вход/Регистрация
Блізкае і далёкае
вернуться

Мележ Іван

Шрифт:

— Сястра, прынясі махры… Смаліць нешта ў грудзях.

— Прынясу.

Яна прыадчыніла вароты — толькі-б не зарыпелі. Выглянула ў шчыліну: нікога, цішыня. Праціснуўшыся, зачыніла хлеў, хвіліну пастаяла ў ценю пад страхою. Цяпер можна ісці.

IV

На наступны дзень Аня агледзела Сцяпанаву рану. Правая нага, на якой вышэй калена гнаілася рана, распухла i пакрылася фіялетавымі плямамі, біў моцны пах гніення; плямы былі ўжо i на бядры. Сцяпан трызніў.

«Гангрэна».

Яна зразумела, што цяпер позна ўжо дапамагаць, што яна бяссільна дапамагчы чым-небудзь, i ёй стала горка.

— Ён паправіцца? — трывожна шапнуў Сяргей, спасцярожліва зірнуўшы на Аню.

— Паправіцца… — Аня схамянулася, пачала хутка перавязваць рану.

Скончыўшы перавязку, яна стала адразу спускацца па лесвіцы ўніз, нягледзячы ні на кога, нічога не гаворачы нікому. Сяргей палез услед.

— Кепска?

— Кепска. Ён безнадзейны. Памрэ.

— I нічога нельга зрабіць?

Аня не адказала. Узяла пустое вядро i выйшла на двор.

Увесь гэты дзень яна была як-бы прыглушаная. Некалькі разоў прыходзіла да хлопцаў, праведвала Сцяпана: яму станавілася ўсё горш i горш.

Увечары ён памёр.

Сяргей, палажыўшы таварыша на плячо, вынес яго ў поле, да тых-жа трох бяроз, дзе яны ляжалі ўчора. Аня прынесла рыдлёўку.

Капалі зямлю i хавалі Сцяпана моўчкі, Павел амаль увесь час курыў.

— Ну, вось, далей пойдзем? — сказаў раптам Сяргей Паўлу.

— Пойдзем. Чаго-ж сядзець.

Яны не захацелі, каб Аня праводзіла: самі знойдуць, карта i компас ёсць.

Вярнуўшыся апоўнач у хату, дзе чакала сястра, Аня, як ніколі раней, адчула сябе пакінутай i адзінокай.

V

Дні цягнуліся нудныя, доўгія. Яна хадзіла па-ранейшаму на поле, у лес, i ўсё чакала, чакала, марыла, што ўсё гэта зменіцца, што знойдзецца справа, сапраўдная справа.

Аднойчы пад вечар прыехала ў сяло варожая калона. Тры салдаты, гамонячы аб нечым, рагочучы, накіраваліся ў хату. Арына спалохана замерла. Адзін немец, высокі, з вострым падбародкам, загадаў даць вядро. Аня бачыла, як ён выйшаў на двор, выцягнуў вады са студні, стаў заліваць у машыну.

Калі ён вярнуўся, паставіў вядро на лаўку, Аня запыталася:

— Далека фронт? — заўважыўшы, што салдат не зразумеў яе, дадала: — Советы, большэвікі—далека?

— Далека… — адказаў за яго другі, маладзенькі, блакітнавокі, збіраючыся ісці. — Смаленск ёсць нямецкі, цяпер хутка Масква.

Ён стукнуў у грудзі.

— Будзем хутка там…

«Няўжо Смаленск ужо ўзялі? I на Маскву ідуць? Быць не можа», — думала дзяўчына, сочачы, як яны ходзяць каля машын.

Хоць яна i не хацела верыць у гэта, ёй было трывожна. Да поўначы гаманіла Аня з Арынай, перабіраючы тое, што было, намагаючыся ўявіць, што будзе.

— Ты чакай. Бачыш, што робіцца, — супакойвала сястру, раіла ёй Арына. — Табе што, ты чалавек маленькі, дзяўчына… Што ты можаш зрабіць?

— Не магу я сядзець, Арына, — горача дыхала ў твар сястры Аня.

— А ты патрывай… Пара цяпер такая, што жыві ды аглядвайся. I галаву згубіць нядоўга. Яшчэ, дзякуй богу, што не чапляюцца да цябе — усе-ж ведаюць, што… настаўніца.

— Не магу я так! Не магу, ты разумееш?

Уранку Арына прибегла ад суседкі i сказала ўстрывожана, што на дарозе каля Купін падарвалі машыну з гітлераўцамі, што дзевяць салдат забіта.

Аню гэта вестка ўсхвалявала па-свойму. Значыцца, ёсць людзі, што не марнуюць часу, не сядзяць так, як яна. Дзе яны, як ix знайсці?

Зноў перад ёй асабліва ярка ажыў вобраз Андрэя Віткоўскага. Як з ім звязацца? Андрэй жыў раней з бацькам, але бацькі ўжо няма… Хто-ж можа ведаць пра Андрэя? Цётка?

Вярнуўшыся ў прыцемках з поля, яна зайшла да Андрэевай цёткі.

— А хто-ж яго ведае, дзе ён, вісельнік, — неспадзеўкі, злосна размахваючы рукою, амаль закрычала цётка. — Ён i бацьку да згубы давёў.

— Не ведаеце? — не паверыла Аня: ёй здавалася, што старая лаецца няшчыра.

— От што? Калі табе жыццё надакучыла, то ты як сабе хочаш. А мяне не чапляй!

Аня пагаварыла яшчэ з адной жанчынай, муж якой калісьці сябраваў з Андрэем і, мусіць, недзе хаваўся тут, — жанчына таксама нібы не ведала нічога пра Віткоўскага. Некалькі разоў Аня хадзіла ў лес, дзе-б маглі быць тыя, каго ёй так хацелася бачыць, але не знайшла нікога. Вяртаючыся, аднойчы, яна наткнулася на гітлераўцаў, — добра, што несла ягады, не затрымалі яе, забралі ягады i пусцілі.

  • Читать дальше
  • 1
  • ...
  • 10
  • 11
  • 12
  • 13
  • 14
  • 15
  • 16
  • 17
  • 18
  • 19
  • 20
  • ...

Ебукер (ebooker) – онлайн-библиотека на русском языке. Книги доступны онлайн, без утомительной регистрации. Огромный выбор и удобный дизайн, позволяющий читать без проблем. Добавляйте сайт в закладки! Все произведения загружаются пользователями: если считаете, что ваши авторские права нарушены – используйте форму обратной связи.

Полезные ссылки

  • Моя полка

Контакты

  • chitat.ebooker@gmail.com

Подпишитесь на рассылку: