Мележ Іван
Шрифт:
Хутка ён пачуў непадалёк галасы. Гардзей пачаў ісці асцярожней. Ён спыніўся ля таго самага вугла, дзе стаялі Ігнат i Марцін. Цяпер ix раздзяляў толькі рог свірна, i Шкробат мог чуць амаль кожнае слова гаворкі.
— …Дык гэта ты патаптаў?! — я…
— Як-жа гэта ты?
— Недагледзеў. Заснуў… Ну, коні i ўбіліся… «Трахім» i яшчэ двое.
I раптам Гардзея сцебанулі Марцінавы словы:
— А я думаў, гэта Гардзей зрабіў. Ён у тую ноч трымаў у сябе каня з рамонтнай брыгады.
— Не, я… Не Гардзей…
— Які там ячмень патравілі! — строга прамовіў Марцін i дадаў спакайней: — Што-ж, перадам на праўленне, няхай разбярэ.
Шкробат з асцярогай, ад сцірты да сцірты, адступіўся прэч. Азірнуўся — ніхто не бачыў. Сэрца яго калацілася, ён прагна аблізаў языком засмяглыя раптам губы.
«Ледзь не ўліп… Добра, што я звярнуў тады гэта ў жарт. Беражонага бог беражэ. Яны заўсёды знюхаюцца… — Рукі яго дрыжэлі. — Усе… Усіх сцеражыся».
…Толькі ўвечары, пасля заходу сонца, калі пожня заблішчэла ў блакітным туманным святле маладзіка, зжалі апошнюю жменю аўса, склалі апошнія бабкі. Бабкі гэтыя складвалі ўсе жнеі разам.
Малання з апошняй жмені скруціла перавясла: яна строга шанавала старыя звычаі. Глянулі жнеі на апусцелае поле, на рады цёмных i блакітных бабак i радасна загаманілі.
— Колькі, скажыце, хапілі! За адзін дзень!
Задаволеныя, гарэзныя жнеі, абкружыўшы Алену цесным кругам, насыпаліся на яе.
— Ну, гаспадыня, цяпер расплачвайся, стаўляй вядро гарэлкі! Ды пабольшае!
— Конікі гагочуць — піць хочуць!.. Заслужылі-ж…
— Не выкручвайся!
Алена з удзячнасцю паглядзела на жанчын, — яе i «чужыя», усе перамяшаліся ў радасна-ўзрушаным натоўпе. Крыху разгубленая гэтай гарэзнай шумлівасцю, яна сказала:
— Ды ўжо-ж трэба-б паставіць. Нічога іншага не скажаш. Варта… — Усміхнулася. — Дзякуй вам вялікі, жанкі, за шчырую работу, за ваш клопат… Ад душы… ад усіх маіх людзей дзякуй!
Людзі знарок нездаволена зашумелі ў адказ:
— Э, а мы не ведалі, што ты такая скупая, гаспадыня… Ну, ну, не шкадуй, раскашэлься!
— Не-э, падзякай не адбудзеш!
Алена глянула на Марціна, які гадзіны за тры да вечара прыйшоў паглядзець, як ідзе жніво ў брыгадзе, i бездапаможна развяла рукамі, — выручай, таварыш старшыня. Марцін вельмі непакоіўся, што брыгада не паспее зжаць усяго за дзень. Тое, што ён убачыў, прыйшоўшы на поле, — бадзёрая ўзрушанасць жней, запал, суладная работа абедзвюх брыгад, — узрадавала яго i ўсхвалявала. Ён застаўся з жанчынамі да канца работы — памагаў зносіць снапы i складваць ix у бабкі.
— Гаспадар, відаць-такі, трэба раскашэліцца, — сказала Алена. — Заслужылі!
«Заслужылі… заслужылі, Алена», — падумаў Марцін, але, хаваючы ўсмешку, каб жартам паспрачацца са жнеямі, сказаў абыякава:
— Трэба як-небудзь, казакі мае, падумаць пра гэта…
У гэты момант Малання, непрыкметна падкраўчыся ззаду, перахапіла яго, нібы поясам, перавяслам:
— Цяпер, рыбка, не адгаворышся!
— Прыдзецца-такі капітуліраваць, — Марцін адразу падняў рукі. — Здаюся!
Жанчыны задаволена зашумелі.
— Дажынкі згуляем… на тым тыдні ў нядзелю.
Узрушаным, гаманкім гуртам жанкі рушылі аўсянішчам наўпрасткі на дарогу. Алена адстала, нібы ёй рупіў які-небудзь гаспадарскі клопат. Астаўшыся адна, акінула вачыма ахопленае дзіўным дымчатым прыцемкам поле, прысадзістыя шырокія бабкі, — такі загон зжалі! На апусцелым полі быццам казачны гарадок вырас. У поўзмроку, як здані, цьмянымі плямамі вызначаюцца дзве маўклівыя ігрушы, пасаджаныя некалі на мяжы Вольчыным бацькам.
— Скончылі! — уздыхнуўшы, выказала Алена ўголас пачуццё, што яе хвалявала. Ёй раптам успомніліся трывогі апошніх дзён, калі яна баялася, што спозніцца ca жнівом, i сэрца яе цяпер зайшлося ціхай, глыбокай радасцю: Алена ўсё блізка брала да душы — i боль i радасць. Якое шчасце пасля неспакойных дзён упартай працы, пасля ўсіх трывог, удач i няўдач, адчуць, нарэшце, радасць заслужанай перамогі! Сэрца Алены было ўсё напоўнена гэтай радасцю. Нават стома, што скавала цела, была салодкай i хмельнай, нібы радасць.
— Ну, хопіць любавацца! — неспадзявана пачула Алена Марцінаў голас.
Яна здрыганулася, збянтэжана агледзелася. Ззаду непадалёк стаяў Марцін. Ён з дакорам, усміхаючыся, паківаў галавою. Як яна не заўважыла, што ён стаіць амаль поруч i слухае! Марцін, не перастаючы дакорліва ўсміхацца, падышоў, узяў яе за руку.
— Ну, колькі-ж можна ўздыхаць! Як малая. Хадзем.
— Пачакай! Яшчэ трошкі…
«Чаму так добра, калі ён бярэ сваёй рукой маю руку?» — праплывае мімаволі ў галаве Алены думка. Ад яго поціску радасць Алены шырыцца, мацнее.
Раней таксама хораша было з ім, асабліва тады, калі яна не ведала гэтай непатрэбнай спрэчкі i крыўднага падазрэння. Цяпер сяброўскі поціск Алена прымае як узнагароду.
«У Андрэя таксама былі такія харошыя рукі…»
I раптам, нібы подых вячэрняга ветру, перапоўненае радасцю сэрца Алены крануў ціхі даўкі сум. Не той вядомы сум па Андрэю, a іншы. Яна сама не ведае, што гэта за пачуццё, нібы чагосьці не хапае. Вельмі неабходнага…
— Стамілася я! Здаецца-б, села тут на месцы i нікуды не пайшла-б.