Мележ Іван
Шрифт:
Паравозік быў, відаць, рабочы. Стары худы чалавек у кароценькай ватоўцы i валенках i невысокі падлетак грузілі дровы. Яны ўвіхаліся ў поясе святла, якое падала з будкі. На запытанне сержанта хлапчук, які працаваў у расшпіленай сарочцы, смыкнуўшы носам, паважна адказаў, што праз поўгадзіны паравоз пойдзе да таго гарадка, які патрэбен Васілю.
— Ну, калі так, то прымайце ў памочнікі! — весела сказаў пасажыр. — Згодны?..
Ён, падкасаўшы рукавы шыняля, з радасцю ўзяўся дапамагаць грузіць дровы.
Хутка дровы пагрузілі, i паравозік выбраўся на пуць. Васіль памагаў машыністу, паліў топку. Качагар з яго быў вельмі ўвішны i неспакойны.
— Куды гэта ты, хлопец, так спяшаешся? — запытаўся машыніст.
— У водпуск…
— А, вунь яно што! Хочацца хутчэй убачыцца?.. Але ты спакайней! Нікуды ён, водпуск гэты, не ўцячэ.
Хлопец усміхнуўся.
— Хто ведае. У мяне такі водпуск, што можа i ўцячы…
Стары, бачачы нецярплівасць вайсковага чалавека, не шкадаваў пары i выціскаў з паравозіка такую хуткасць, на якую той быў здатны.
Хвілін праз сорак паравозік спыніўся на станцыі. Збоку непадалёк у разбаўленай ранішняй сінечы зіхцелі агеньчыкі гарадка. Забыўшы ў спеху развітацца, Васіль саскочыў на зямлю. Ён азірнуўся. Вакол не было ні аднаго чалавека. Па бязлюдным пероне неспакойны вецер гнаў сухое лісце.
Адразу, як толькі сержант ступіў на гэты перон, яго агарнула хваля радаснага ўзрушэння.
Ліда, яго любая Ліда, якую ён марыў бачыць усе гэтыя гады, па якой столькі сумаваў, цяпер недалёка. Там, сярод тых агеньчыкаў у сінечы, адзін агеньчык пазірае з яе акна. Каторы?..
Па гэтым пероне Ліда, напэўна, не раз хадзіла. Магчыма, нават учора была… Раптам ён падумаў, што Ліда можа трапіцца кожную хвіліну насустрач, што яна можа спаткаць тут, на станцыі.
Ён зазірнуў у залу чакання i толькі пасля таго, як упэўніўся, што Ліды няма, падаўся са станцыі.
Да горада вяло шасэ, абсаджанае старымі разгалістымі асінамі. Васіль то ішоў, то пачынаў бегчы. У сэрцы шчымлівым халадком варушыўся непакой: «Ці дома яна? А што, калі яе няма дома? Раптам паехала куды?»
«Трэба было-б папярэдзіць аб прыездзе, — думаў сержант. — Але як, калі да сённяшняй ночы я сам не ведаў, што атрымаю водпуск?..»
Ужо добра ўднела, калі ён падыходзіў да маста. За мастом пачынаўся гарадок. Вось той гарадок, які на фронт пасылаў яму столькі лістоў, напісаных рукой Ліды. Да вайны хлопец i не ведаў, што недзе на Волзе існуе такі гарадок. А потым, калі ад Ліды з эвакуацыі прыйшлі першыя лісты, гэты гарадок зрабіўся самым любым кутком на зямлі. Мусіць, сотні разоў Васіль пісаў на канвертах імя гэтага гарадка. Нарэшце, выпала i пабачыць…
Горад жыў шумлівым i заклапочаным жыццём. Першымі на вуліцы хлопцу напаткаліся дзяўчаты. Яны весела i заўзята, перабіваючы адна адну, гаманілі. Неспадзявана для Васіля дзяўчына, што ішла ў сярэдзіне, аказалася знаёмаю. Яны часта бачыліся да вайны ў Мінску, — тая дзяўчына, Галя, вучылася ў адным інстытуце з ім i Лідаю. Калі ён прыходзіў да Ліды, то яшчэ нярэдка бачыў ix разам…
Ён узрадаваўся гэтай выпадковай сустрэчы, памкнуўся быў падысді да Галі, але адразу падумаў, што гэта затрымае яго на некалькі хвілін, i маўкліва абмінуў. Дзяўчына не заўважыла яго.
Вуліцу Чкалава ён знайшоў хутка. Непадалёк ад яго, каля нізкага драўлянага дамочка, узняўшы ўгору голыя сукаватыя галіны, цікаўна пазіраў на нечаканага госця клён. «Яна ў тым доме, — здагадаўся хлопец. — Яна пісала, што на ix двары стаіць клён».
Ён пайшоў цішэй, каб утаймаваць хваляванне.
Колькі яны не бачыліся! Не, не тры з паловай гады адплыло з таго помнага трэцяга дня вайны, калі яны разышліся. Якая кароткая была ростань той ноччу ў Мінску, у страхотным бляску пажараў! I як многа гадоў разлукі прынесла яна!
Упершыню за ўсю дарогу ў яго на хвіліну з’явілася жаданне не спяшацца, прыпыніцца, суцішыцца.
«Што гэта са мной? Хвалююся, як хлапчук які… З непрывычкі», — вытлумачыў ён i рашуча рушыў наперад.
Сержант адчыніў фортку. Маці Ліды секла дровы. Яна падняла галаву, хвіліны дзве ўглядвалася, не пазнаючы, потым здзіўлена i радасна ўскрыкнула:
— Васілёк? Ці ты гэта? Жывы i дужы!..
Мар’я Пятроўна, выпусціўшы з рук сякеру, падышла да яго i пяшчотна абняла.
— А мае, Васілёк, два… — неспадзявана сумна сказала яна. — Мае…