Вход/Регистрация
Міколка-паравоз
вернуться

Лынькоў Міхась

Шрифт:

— Псуеце вы мне тут памяшканне, зусім не даглядаеце за падлогай… Смецце каля вагона… Выганю ў дваццаць чатыры гадзіны.

І зусім узлаваўся, аж пляміны белыя заскакалі на тлустым твары, ды кіёчкам сваім як дзеўбане ў сценку, у самую галерэю карцінную Міколкаву.

— Гэта што? Сцены паскудзіць? Казённае памяшканне псаваць? Ці мала смецця ўсюды, дык яны яшчэ на сцены вешаць. Ану, венік сюды, паздзіраць усё, памыць, паскрэбці.

А сам палкай поркае, здзірае Міколкавы малюнкі. І калі дабраўся да прыгожай крышкі з папяроснага карабка — быў то малюнак дзяўчынкі на срэбнай паперы, — не сцярпеў тут Міколка, да начальніка кінуўся.

— Ты хто? Ты збіраў мае карцінкі, каб іх здзіраць?

Той зірнуў скоса на Міколку, паморшчыўся. А Міколка наступае:

— Буржуй ты!

Начальнік аж абамлеў, маці перапалохалася.

— Пузан ты! Ходзіць, як бочка ў штанах… Бач, раз’еўся на маім карку… Вон!

Начальнік, доўга не думаючы, даў ходу. Маці — за ім.

— Даруйце. Дзіцё зусім не разумее… Вярзе, не разабраўшы што.

А той не слухае, далей шпарыць. Толькі і кінуў:

— Хамы вы! Самі хамы і дзяцей робіце хамамі.

Дасталася добрая прачуханка Міколку ад маткі. Але бацька, прыехаўшы з работы і даведаўшыся аб «буржуі», толькі пасмейваўся.

— Так іх, Міколка, так. Калі дах вось прагніў, перакрыць трэба, дык іх нямашака… А да цацак дзіцячых чапіцца надумаўся… Крый іх, Міколка, і ў хвост, і ў грыву…

Так жыў і гадаваўся Міколка-паравоз. Ён і сам добра не ведаў, чаму празвалі яго паравозам. Магчыма, за тое, што вельмі ж упадабаў ён паравозы, асабліва ж пасажырскія. Стаіць такі прыгажун ля дэпо, калёсы высокія, чырвоныя, не раўнуючы, як ногі ў бусла балотнага. Альбо выязджае такі прыгажун з дэпо і так важна парай пыхкае: пых… пых… пых…

Ну як тут уцерпець Міколку, ды не падсесці ззаду на тэндэрную падножку, ды не праехацца да паваротнага круга. Праўда, счэпшчыкі лаюцца часам:

— Злазь, жаба, а то падмажаш калёсы!

Дзе ты там злезеш!

Цікава і ля паваротнага круга. Паравоз вялікі-вялікі, а на крузе стаіць, як дзіцё, не паварухнецца. І адзін рабочы, усяго толькі адзін, паварочвае гэты самы круг з паравозам. Канечне, Міколка не праміне, каб не дапамагчы тут рабочаму. І здаецца Міколку, што пад яго рукой паварочваецца шпарчэй круг — гэткая аграмадзіна — і на ёй паравоз вялікі, стаіць і пыхкае. Вось павернут круг, Міколка зноў на падножку, і паравоз зноў жывы. Загудзіць, заляскоча і так памчыцца, што толькі пыл курыць ззаду аж да самых стрэлак, адтуль паравоз ідзе назад, на станцыю, пад пасажырскі поезд. На станцыі трэба пільнавацца, каб не трапіць на вока жандару. Той не любіць дзяцей. Толькі заўважыць і бяжыць услед, памахваючы шабляй-селядцом. З падножак зганяе.

Ведаў бацька пра Міколкавы практыкаванні на падножках, ушчуваў колькі разоў, але нічога не дапамагала.

— Ты памочнік машыніста? — пытаў Міколка ў такіх выпадках бацьку.

— Ну, а што?

— Вось табе і што. На паравозах ездзіш?

— Езджу. А што з таго?

— А нічога… Павінен і я ездзіць.

Што ты тут скажаш Міколку? Нічога. І, выязджаючы ў чарговую паездку на пуць, бацька толькі прасіў усіх знаёмых счэпшчыкаў і стрэлачнікаў на станцыі:

— Вы, браткі, пільнуйце хаця, каб не трапіў мой басурман на рэйкі!

— Дзе ты яго ўпільнуеш, блыху? На жывое будзе жывы, не дзе дзенецца.

— Ды яно ж так.

Так гадаваўся Міколка на рэйках.

Прыгоды Міколкі з дзедам Астапам

У Міколкавым раннім дзяцінстве было многа падзей, але ці дужа іх успомніш усе. А таму і раскажам толькі аб тых, якія больш памятны Міколку, на якія ён не забываецца да апошняга дня. Памятае ён пра вужа, пра гарачыя спрэчкі з дзедам, пра матчыных курэй і пра зялёнага ката. Ды яшчэ пра слаўную дзедаву стрэльбу і пра сваё досыць цікавае знаёмства з царом.

Раскажам цяпер пра вужа.

Вольнымі днямі, калі Міколкаў бацька адпачываў і не ездзіў на паравозе, Міколка з бацькам ішлі на рэчку, якая працякала недалёка ад станцыі. Тут лавіліся добрыя акунькі, траплялі шчупакі на шнур, часам пападаўся дробны сом. А больш за ўсё лавіліся плоткі. Цэлымі стайкамі хадзілі яны пад лазовымі кустамі, пабліскваючы на сонцы срэбнай луской. Толькі знай закідвай вудачку.

Акрамя рыбы ў рэчцы было багата ракаў. Яны масціліся ў старых карчах, а то глыбока пад берагам, у спецыяльных норах-пячурках. У цёплыя дні Міколка лазіў з бацькам у рэчку і мацаў ракаў. Да чаго ж прыемны занятак. Сагнешся як мага болей, каб толькі ў вушы вада не трапіла, а руку глыбей пад бераг. Засунеш руку ў нару, а рак цап за пальцы кляшнёй. Ціскане часам так, што аж вочы на лоб палезуць. Але не бяда, падхопіш яго, калючага, ды на бераг. Скачы там, як хочаш, кусайся. За гадзіну якую, глядзі, цэлае вядро ракаў дасталі. Прынясуць іх у вагон, паставяць. Павылазяць яны, разбрыдуцца па ўсёй падлозе. У такія шчыліны забяруцца, што маці потым гадзінамі шукае іх, выпорвае венікам ды праклінае нашых рыбаловаў.

Дзед Астап быў старым мікалаеўскім салдатам, служыў вартаўніком у дэпо, меў два срэбныя медалі за турэцкую вайну. У святочныя дні дзед важна чысціў свае боты, потым яшчэ важней цёр мелам свае медалі і, павесіўшы іх на грудзі, урачыста ішоў на станцыю, каб людзям сябе паказаць, як казаў ён, і на людзей падзівіцца. Прыйшоўшы са станцыі, дзед звычайна хваліўся:

— Іду гэта я аж каля самага жандара, а ён перада мной у струнку так і выцягнуўся… Бача, значыць, герой ідзе. А то яшчэ генерал мне насустрач… старэнькі такі… Ну, я пад казырок яму, а ён, не разгледзеўшы добра, сляпы, як відаць, стаў ва фрунт ды на ўсю станцыю: «Здравія жалаем, ваша высокаправасхадзіцельства». Вось яно як! Відаць, падумаў, што я яшчэ вышэйшы генерал… Ды перад усімі людзьмі, перад усёй станцыяй. Вось што знача мікалаеўскі салдат! Вось што знача — медалі!

  • Читать дальше
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • ...

Ебукер (ebooker) – онлайн-библиотека на русском языке. Книги доступны онлайн, без утомительной регистрации. Огромный выбор и удобный дизайн, позволяющий читать без проблем. Добавляйте сайт в закладки! Все произведения загружаются пользователями: если считаете, что ваши авторские права нарушены – используйте форму обратной связи.

Полезные ссылки

  • Моя полка

Контакты

  • chitat.ebooker@gmail.com

Подпишитесь на рассылку: