Вход/Регистрация
Міколка-паравоз
вернуться

Лынькоў Міхась

Шрифт:

Тут дзед важна стукаў сябе па грудзях, каб забражджалі медалі, каб відаць было, які ён, дзед Астап, ёсць герой на свеце, якога нават жандары і генералы баяцца, пад казырок бяруць.

Бацька і маці звычайна спакойна выслухоўвалі дзеда — яго заўсёдашняя пахвальба была ім у прывычку. Але Міколка кідаўся ў спрэчкі, сумняваўся.

— Ты, дзед, вялікі манюка!

— Як то манюка? — аж садзіўся ад злосці дзед.

— А так! Маніш усё… Бачыў я, як ты шапку перад жандарам здымаў і аж крактаў, нізка кланяючыся. А яшчэ перад начальнікам дэпо ты зусім без шапкі ходзіш… Вунь, калі дождж быў, дык хадзіў ты перад ім без шапкі, аж з лысіны цякло.

Дзед не мог уседзець ад знявагі. Ён таропка хапаўся за папружку, знімаў яе. Трымаючы адной рукой штаны, каб не ўпалі без папружкі, ён грозна размахваў другой рукой і наступаў на Міколку:

— Я табе пакажу, як дзеда ў манюкі залічваць! Я табе пакажу, як бэсціць героя турэцкай вайны, старога мікалаеўскага ваяку, які, можна сказаць, вось гэтай слаўнай рукой сотні ворагаў пабіў — батальёны турак палажыў.

— А ты ж казаў, дзеду, дывізіі, а не батальёны! — кідаў Міколка і спешна ўцякаў з вагона, хаваючыся за блізкай стрэлкай. Дзед туды не пабяжыць. Нязручна яму скакаць цераз рэйкі, ды і небяспечна для адзення, яшчэ згубіш без папружкі. Таму дзед станавіўся звычайна ў дзвярах вагона і, патрасаючы кулаком, заводзіў доўгую дыскусію з Міколкам. Міколка агрызаўся:

— Ты, дзед, камара не заб’еш, не толькі што турка!

— А за што медалі мне дадзены?

— Як за што? А за лягушак…

— За якіх гэта лягушак? — здзіўляўся дзед, заўсёды забываючы гэты жарт над ім.

— А за тых лягушак, якіх ты ганяў з-пад пушак…

Сказаўшы гэта, Міколка лічыў за лепшае адступіць яшчэ на адну пазіцыю, падалей ад вагона.

«Хоць дзед звычайна і не ганяецца ўслед, але ўсё можа быць, — думае Міколка, адыходзячы далей і ўжо шкадуючы дзеда. — Відаць, перабаршчыў я крыху… Угневаецца цяпер дзед не на жарт…»

І сапраўды, дзед набіраўся вялікага гневу. Гэта ж жартачкі, усумніцца ў яго былой храбрасці. І хітры дзед мяняў тактыку. Ён і віду не паказваў, што ўкрыўджаны. Ён завіхаўся ля чыгуннай печкі, шчапаў лучыну, адным словам, займаўся мірнымі гаспадарчымі справамі. Але тым часам не зводзіў вока з падшыванца Міколкі. І калі той з’яўляўся дзе поблізу, дзед, быццам бы нічога не было між імі, клікаў Міколку:

— Унучак!

— Што?

— А ці не вып’ем мы з табой чаю?

Міколка думае з хвіліну. Як-ніяк чай вялікая спакуса. А дзед ізноў:

— Абаранкі ў мяне ёсць… Свежыя… А пахнуць жа, пахнуць.

— Ну! — здзіўляецца ў сваю чаргу Міколка. — Няўжо з макам?

— З макам, унучак, з макам! Ну і абаранкі! Дык вып’ем, кажаш?

— А што ты думаеш, дзеду! Давай сабе вып’ем…

І Міколка пераступае парог вагона, ужо ў думках ласуючыся абаранкамі, ды яшчэ з макам. Гэта ўжо, калі на тое пайшло, смачней за «зайцаў хлеб», смачней за ўсякія прысмакі.

І тут пачынаюцца гэтыя абаранкі, ды яшчэ з якім макам.

— Хадзі, хадзі, каток мой, паласуйся!

І дзедавы рукі нечакана спрытна ловяць Міколку за віхор. Тут толькі схамянецца Міколка, даведаецца, што папаўся. Але позна. Кастлявыя дзедавы рукі моцныя, з іх віхор не вызваліш. А дзед круціць віхор ды прыгаворвае:

— Гэта табе за лягушкі! А гэта за пушкі! А гэта з макам! А не вычварай над дзедам! А не рабі над старым надругі! А не здзекуйся над старым мікалаеўскім артылерыстам!

Ужо Міколка крычыць на ўвесь вагон, ужо заступаецца за яго маці:

— Кінь ты, чалавеча, над дзіцем здзекавацца!

Але гэта толькі падлівае масла ў агонь. Дзед наступае на абодвух:

— Я вам пакажу, як зневажаць старога героя! Я вам пакажу, як турак б’юць… Я вам пакажу, як пушкі зараджаюць… Распатрашу пад карцеч!

Так асвойваў Міколка артылерыйскую справу. І бачачы, што не паласа, пачынаў ісці на міравую:

— Даруй, дзеду, здаюся!

— А, здаешся, даўней бы так! Гавары, хто такі я ёсць?

— Герой турэцкай вайны…

— Ну?

— І імператарскіх ордэнаў…

— Ну?

— Смешна, дзеду!

— Што ты смешнага тут знайшоў, супастат?

— Ну, кавалер… ордэнаў кавалер. Вунь у стрэлачнікавай Зоські ёсць кавалер, дык той малады. А тут дзед — ды кавалер. Смешна!

— Усё табе смешна… — ужо мякка крыўдуе дзед і кідаецца ў сумныя развагі: — Малы ты, не разумееш нічога, які кавалер і да чаго. Як бачыш, з’яўляюся я ўласнікам двух ордэнаў, а гэта, значыцца, і ёсць па-імператарску кавалер… А медалі гэтыя дадзены мне за праяўленую ў баях выключную храбрасць.

— А хто кажа, што не? — угаворвае і Міколка. — Вядома, за храбрасць… Храбрэй цябе, дзеду, няма, мусіць, на ўсім свеце? — падлабуньваецца Міколка да дзеда.

  • Читать дальше
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • ...

Ебукер (ebooker) – онлайн-библиотека на русском языке. Книги доступны онлайн, без утомительной регистрации. Огромный выбор и удобный дизайн, позволяющий читать без проблем. Добавляйте сайт в закладки! Все произведения загружаются пользователями: если считаете, что ваши авторские права нарушены – используйте форму обратной связи.

Полезные ссылки

  • Моя полка

Контакты

  • chitat.ebooker@gmail.com

Подпишитесь на рассылку: