Чыгрын Сяргей
Шрифт:
Гэты нумар часопіса надрукаваў урывак з аповесці Якуба Коласа “Дрыгва”, якая была выдадзена асобнай кніжкай у Мінску ў 1934 годзе. Урывак мая назву “На Прыпяці”.
Травенска-чэрвенскі нумар “Беларускага летапісу” за 1937 год адкрываецца артыкулам брата Якуба Коласа М.Міцкевічам “Крыніца пэсымізму ў творчасьці Якуба Коласа”, прысвечаны 30-годдзю паэтычнай творчасці песняра. З яго вынікае, што песімізм у творах Якуба Коласа пачынаецца з рускамоўных вершаў. “Калі чытаеш тыя вершы (яны цяпер перахоўваюцца ў Беларускім Музэі ў Вільні), мімаволі будзіцца жаласьць да аўтара, як да чалавека бяздольнага, няшчаснага”, — піша брат Міцкевіч. Але Якуб Колас ачысціўся і вызваліўся ад песімізму толькі тады, калі адышоў ад чужой школы і стаў вялікім песняром беларускага народа. Менавіта тады, калі літаратар знайшоў красу ў сваім родным — беларускім, калі здабыў веру ў творчыя сілы свайго народа — адразу знік песімізм. “І тады і сам ён, і яго героі на пытаньне: жыцьцё ці сьмерць? — адказалі: жыцьцё!”, — завяршае артыкул М.Міцкевіч.
У кожным нумары пад рубрыкай “Наша хроніка” часопіс друкаваў навіны з розных куткоў Заходняй Беларусі. У красавіку 1937 года, напрыклад, часопіс паведамляў, што моладзь вёскі Новая Весь на Наваградчыне наладзіла адно беларускае мерапрыемства з дэкламацыяй вершаў. Хацелі хлопцы і дзяўчаты таксама арганізаваць і вечар, прысвечаны Якубу Коласу, і папрасілі школьную залу, але дырэктар школы не дазволіў пакарыстацца памяшканнем. З’яўлялася на старонках “Беларускага летапісу” і шэраг іншых інфармацый з жыцця Якуба Коласа.
*** Доўгай дарога не бывае: Яна — бясконцая — Да маці, да роднай хаты, да Янкі КупалыУпершыню Народны паэт Беларусі Янка Купала наведаў Беласток у кастрычніку-лістападзе 1939 года.
8 кастрычніка 1939 года, разам з групай беларускіх пісьменнікаў — Якубам Коласам, Змітраком Бядулям, Міхасём Клімковічам, Янкам Маўрам, Макарам Паслядовічам і іншымі літаратарамі, Янка Купала выехаў з Мінска ў Беласток. Спачатку пісьменнікі па дарозе наведалі Стоўбцы і Ваўкавыск, а потым завіталі ў Беласток. Магчыма, літаратары ехалі на сваіх машынах — Якуб Колас на сваёй, а Янка Купала — на ўласным “Шаўрале”. З сабой яны вязлі і некаторых пісьменнікаў.
Першая літаратурная сустрэча ў Беластоку адбылася ў тэатры “Апалон”. На сустрэчы выступілі Якуб Колас, Змітрок Бядуля, Міхась Клімковіч, а таксама Янка Купала, які прачытаў некалькі вершаў з цыкла “На заходнебеларускія матывы”. Пра гэту сустрэчу ў Беларусі пісалі газеты “Звязда”, “Савецкая Беларусь” і “ЛіМ”. Тады Янка Купала з радасцю чытаў свае натхнёныя радкі:
Накарміліся панскаю ласкай, Горкіх слёз напіліся дасыта. Што здавалася ўчора йшчэ казкай, Прыйшло сёння у сонцы спавітым. Расплываліся ў небе туманы, Разганяў вецер ссохшае лісце. Салавейка спяваў над курганам, Неяк быццам спяваў галасісцей. Ішлі гоманы нівай наспелай, Гарады адклікаючы й вёскі. Белавежская пушча шумела, І шумеў цёмны лес Аўгустоўскі…Другая сустрэча з жыхарамі Беластока адбылася на сходзе настаўнікаў. Народны паэт цікавіўся жыццём працоўных і інтэлігенцыі Заходняй Беларусі, сам адказваў на розныя пытанні беларускіх настаўнікаў Беласточчыны. А 28-30 кастрычніка Янка Купала, як дэлегат, удзельнічаў у рабоце Народнага сходу Заходняй Беларусі, які прыняў Дэкларацыю аб уключэнні Заходняй Беларусі ў склад БССР. Калі Янка Купала ў зале пасяджэнняў Народнага сходу Заходняй Беларусі з’явіўся перад дэлегатамі, як бацька перад сынамі, прыгадваў Валянцін Таўлай, то доўгі, працяглы гул стаяў ў зале, стаяў доўга і не сунімаўся. Сапраўды, у 1920-х — 1930-х гадах у кожнай заходнебеларускай вёсцы, горадзе, у кожным гуртку ТБШ, бібліятэцы-чытальні і ў звычайнай сялянскай хаце можна было ўбачыць партрэты Янкі Купалы. Асабліва быў папалярным партрэт Янкі Купалы, выдадзены літаграфаваным спосабам у Вільні ў 1927 годзе. Гэты партрэт сярод беларусаў Заходняй Беларусі быў настолькі папулярным, што Максім Танк увёў яго, як пераканаўчую мастацкую дэталь у верш “Шэрыя хаты, платы і вароты” і ўключыў у зборнік “Журавінавы цвет” (.). Гэты верш — аб прыгнечанай долі селяніна, пазіраючы на якую, “у рамках сумуе Купала”.
Імя Янкі Купалы можна сустрэць было і ў прыватных гутарках, на вечарынках, у палітычных артыкулах і карэспандэнцыях з вёсак. Друк нацыянальна-вызваленчага руху стракацеў радкамі і строфамі Янкі Купалы, асабліва ў допісах з месц. Імя Янкі Купалы, як пісаў Валянцін Таўлай у артыкуле “Творчасць Янкі Купалы ў барацьбе за ўз’яднанне беларускага народа”, а таксама радкі і асобныя строфы паэта часта з’яўляліся на сценах астрогаў, куды траплялі беларускія хлопцы, якія, кажучы словамі Максіма Танка, “аб’язджалі без білетаў далёкія старонкі”. Творы Янкі Купалы, якія ў памяці прыносіліся за краты асуджанымі беларусамі, былі для ўсіх палітзняволеных, вялікай маральнай падтрымкай.
І раптам, беларусы Заходняй Беларусі ў Беластоку ўбачылі жывога песняра, творы якога дапамагалі ім жыць, змагацца, працаваць. Таму так шчыра, доўга і цёпла віталі яны роднага Купалу.
Перад удзельнікаму сходу Янка Купала прачытаў свой верш “Настаў чарод” з цыкла “На заходнебеларускія матывы”. Вось некалькі строф з гэтага верша:
Цябе, мой брат, Губіў пан-кат, Скарынцы хлеба ты быў рад, У світцы з лат Не ведаў свят І не мінаў астрожных крат. Плыве гул-сказ: —Настаў твой час, Час кінуць жудкі свой папас! Быць сярод нас Між ясных крас Мы клікалі цябе не раз…У Беластоку Народны паэт Беларусі пазнаёміўся з Максімам Танкам, Міхасём Машарам, Піліпам Пестраком. У блакнот Міхася Машары Янка Купала напісаў такія радкі: “Дзень добры, таварыш Машара, на вызваленых землях Заходняй Беларусі! Жывіце радасна і шчасліва, як мы, старэйшыя, жывём. Я.Купала. Беласток. 29/Х-.”. (Дзяржаўны літаратурны музей Янкі Купалы, ф.1, воп. 2, адз. зах. 20).
Алег Лойка ў рамане-эсэ пра Янку Купалу, згадваючы Народны сход Заходняй Беларусі, пісаў: “Яны, Купала і Колас, на сходзе былі скрозь і ўсюды поруч. Што гаварыў, пісаў аб сходзе Колас, тое было і ў сэрцы Купалы, тое захапляла, уражвала, хвалявала і Купалу. І абодва яны разумелі, адчувалі, што яны — пры вялікай эпічнай тэме народнай героікі, народнай барацьбы і пакуты, мары і надзеі, веры і ўпэўненасці. Іх позіркі ў твары дасюль незнаёмых ім людзей былі пільнымі і любоўнымі. Іх вочы прагна ўбіралі ў сябе, як ужо дапатопнае дзіва, краявіды з незаворанымі межамі, вузкімі палоскамі, з падслепаватымі пад шэрай саломай хатамі і падпертымі каламі гуменцамі і хлеўчукамі… Купала, пэўна, больш Коласа ўсё браў на слых. Ён усё прасіў, каб яму расказвалі пра канцлагер у Бярозе-Картузскай, пра Грамаду, пра страйкі-забастоўкі лесарубаў, пра здзек дэфензівы і асаднікаў, пра расстрэлы дэманстрантаў у Косаве, пакаранні правакатараў у Вільні, Слоніме, Беластоку. Купала адчуваў сябе ў даўгу перад гэтым народам, што сабраўся на свой гістарычны сход… Купала, як толькі першы раз пераехаў быўшую граніцу, адразу ж зразумеў, што ён не ведаў гэтага жыцця свайго народа — яго складу, яго духу. Праблемы сацыяльнага, нацыянальнага вызвалення тут былі тыпалагічна тыя ж, што ў дарэвалюцыйнай Беларусі, але формы выяўлення падобных жа сацыяльна-палітычных працэсаў былі ўжо іншыя. Спазнаць іх — да апошняй драбніцы! Спазнаць, бо без ведання іх, які можна эпас напісаць — эпас вось гэтага народнага жыцця, якое толькі рэхам радыёхваль адбівалася ў яго мінскай хаце пад таполяй? Купала, Колас ведалі: і жыццё заходніх беларусаў павінна легчы старонкамі мастацкага летапісу беларусаў. Яны паміж сабой аб гэтым не гаварылі, ды кожны з іх аб гэтым напружана думаў, кожны сам па сабе таксама будучы героем легендарных зорных дзён зменлівай гісторыі свайго народа…” (Алег Лойка. Выбраныя творы ў двух тамах. Мн., 1992. Т.1. С. 406-407).