Чыгрын Сяргей
Шрифт:
Пасля вяртання ў Мінск, Якуб Колас пісаў рускаму літаратару Сяргею Гарадзецкаму: “Потрясающее, глубоко волнующее впечатление произвело это собрание. Мне никогда еще не случалось видеть такой съезд, такой народный сход, где бы с такой силой изливалась душа народа, его горькая обида, нанесённая подлыми, глупыми, спесивыми угнетателями… Меня также глубоко взволновало и то обстоятельство, что белорусский народ не забыл и своих певцов, меня и Купалу, и выразил нам громко свою признательность” (Якуб Колас. Збор твораў у чатырнаццаці тамах. Мн., 1978. Т.13. С.191).
Другі раз Янка Купала наведаў Беласток у кастрычніку 1940 года. Яшчэ ў верасні таго года газета “Літаратура і мастацтва” паведамляла, што члены праўлення ССП БССР і група пісьменнікаў — Я. Купала, Я.Колас, М.Лынькоў, П.Броўка, К.Крапіва, П.Глебка, З.Аксельрод, М.Танк, П.Пестрак, Г.Камянецкі, М.Модэль, А.Кучар на днях выязджаюць у Беласток, дзе будзе працягнута работа праўлення ССП БССР па прыёму лепшых пісьменнікаў заходніх абласцей, якія творча выявілі сябе, у Саюз савецкіх пісьменнікаў БССР. Некаторыя пісьменнікі ў Беласток выехалі на цягніку, а Купала з Коласам паехалі на машыне Коласа. Разам яны прынялі ўдзел і ў пасяджэнні выязной сесіі Акадэміі навук БССР у Беластоку, дзе абмяркоўваліся пытанні і праблемы развіцця культуры і эканомікі заходніх абласцей Беларусі. Пасля сесіі беларускія песняры сустрэліся са студэнтамі і выкладчыкамі Беластоцкага педінстытута. У сваім хатнім архіве знайшоў згадку ўспамінаў пра сустрэчу Коласа і Купалы ў Беластоцкім педінстытуце. Гэтую згадку некалі мне даслаў краязнавец і музейшчык з Дзятлава Міхась Петрыкевіч (1913-1999), тады студэнт гэтага інстытута. У пісьме Міхась Фёдаравіч прыгадваў наступнае: “Гэта было 14 кастрычніка 1940 года ў горадзе Беластоку. Я тады вучыўся ў Беластоцкім педінстытуце на літаратурным факультэце. Вялікай падзеяй у жыцці інстытута і маім асабістым жыцці была нечаканая першая сустрэча з Народнымі паэтамі Беларусі Янкам Купалам і Якубам Коласам. У Беластоку тады праходзіла выязная сесія АН БССР. На сесіі прысутнічалі і народныя песняры. Калі мы пра гэта даведаліся, то аднадушна вырашылі арганізавааць у інстытуце сустрэчу з паэтамі. Дырэкцыя інстытута падтрымала нашу ініцыятыву. На хуткую руку мы падрыхтавалі невялікі канцэрт, выпусцілі спецыяльны нумар насценнай газеты.
14 кастрычніка пад вечар дэлегацыя студэнтаў, сярод якіх быў і я, адправілася ў памяшканне, дзе праходзіла сесія. Калі літаратарам перадалі нашу просьбу, то яны адразу пагадзіліся з намі сустрэцца. Мы крыху пачакалі. І раптам з прэзідыума выйшлі народныя паэты, ветліва прывіталіся, і мы накіраваліся ў педінстытут. Нашаму шчасцю не было канца. Трэба было ісці не менш кіламетра, і ўвесь гэты час мы маглі свабодна гутарыць з любымымі паэтамі. Вечар быў цёплы і ціхі. Ападала лісце з ліп і каштанаў. Вясёлая грамада абступіла паэтаў, мы ішлі гурбою. Янка Купала ўвесь час жартаваў, а мы смяяліся.
Я ішоў побач з Якубам Коласам. Ён цікавіўся нашым мінулым, пытаўся адкуль мы родам. Калі даведаўся, што я з Наваградчыны, то сказаў: “Добра ведаю Наваградчыну. Слаўныя там людзі, прыгожая прырода. У мяне было многа блізкіх таварышаў з Наваградчыны”.
Актавая зала была ўжо поўнай, калі мы прыйшлі. Паэтаў сустракалі дружнымі і доўгімі апладысментамі. Песняры раскланяліся, распрануліся і селі за стол прэзідыума. Кароткую прамову сказаў супрацоўнік АН БССР Барысенка В.В., які суправаджаў паэтаў. Потым выступілі з чытаннем сваіх вершаў Янка Купала і Якуб Колас. Што яны чыталі — я ўжо не памятаю. Мы як зачараваныя слухалі іх, запаміналі міміку, жэсты. Асабліва запомнілася, што голас Якуба Коласа быў гучны і звонкі.
Паэты падзякавалі за цёплы прыём, пажадалі нам поспехаў у вучобе, напомнілі пра вялікую адказнасць настаўнікаў перад народам, пра тое, што заходнія вобласці чакаюць нас, каб ліквідаваць адсталасць народа, павысіць яго культуру.
У перапынку мы папрасілі падпісаць нам кнігі. Паэты разгубіліся, бо ў іх не было з сабой кніг. Калі ж яны даведаліся, што мы самі купілі іх кнігі, — ахвотна падпісалі на памяць аб сустрэчы некалькі дзесяткаў сваіх кніг. Янка Купала падпісаў мне свой зборнічак “Над ракой Арэсай”, а Якуб Колас — зборнік выбраных твораў.
Калі пачалася вайна, я вырваў тытульныя лісты з аўтографамі і насіў іх з сабой. Але на фронце, дзе я быў, яны згубіліся. Янку Купалу я больш ніколі ў жыцці не бачыў, а Якуба Коласа сустракаў некалькі разоў пасля вайны. Аднак першая сустрэча ў Беластоку была самая яркая, самая хвалюючая і запомнілася мне назаўсёды”.
У той вечар Янка Купала чытаў студэнтам свае вершы “Калыханка”, “З новай думкай”, “Наша моладзь”, “Час быў такі”. І студэнты з радасцю слухалі Купалавы радкі:
З новай думкай, з новай песняй Выйдзеш ты на нівы, Беларусе, напрадвесні, Браце мой цярплівы. Засяваці будзеш зернем, Як бурштын, адборным, І ніхто цябе не зверне Са шляхоў прасторных…На другі дзень, 15 кастрычніка, Янка Купала назаўсёды пакінуў беларускі Беласток і больш ніколі яму туды завітаць не прыйшлося.
Пасля Народнага сходу Заходняй Беларусі ў Беластоку, Янка Купала 15 лістапада 1939 года вяртаўся з Беластока ў Мінск. Па дарозе ён вырашыў заехаць у Слонім, дзе ў гэты час жыў беларускі паэт Гальяш Леўчык, каб сустрэцца з ім. “Шаўрале”, на якім ехаў пясняр, спынілася на на вуліцы 3 Мая (цяпер гэта вуліца Чырвонаармейская. — С.Ч.) каля невялікай хаткі № 73 (зараз яе ўжо няма, тут знаходзіцца Слонімскі аўтарамонтны завод. — С.Ч.). Убачыўшы Купалу, Гальяш моцна ўзрадаваўся. Яны абняліся, і гаспадар хаткі запрасіў госця ў свой пакой. Пасля гутаркі, яны паехалі ў першы беларускі рэстаран, які знаходзіўся ў цэнтры Слоніма. Паабедаўшы за кошт Купалы (ён частаваў), Гальяш Леўчык паказаў, як праехаць на Мінск па Маставой вуліцы (цяпер гэта вуліца ў Слоніме носіць імя Янкі Купалы. — С.Ч.), і яны развіталіся. Больш сустрэцца ў жыцці Янку Купалу і Гальяшу Леўчыку не давялося.
*** Восень страсае лісце з дрэў, Каб цёпла і мякка было беларускай зямлі… Па якой мы ходзім.Янка Купала ў першай палове ХХ стагоддзя вельмі хацеў пабываць у Варшаве і сустрэцца з беларусамі. Але, на вялікі жаль, такую мажлівасць польскія ўлады яму ніколі не далі.
Жывучы ў Варшаве беларускі паэт Гальяш Леўчык 27 чэрвеня 1907 года напісаў санет “Купалле” і прысвяціў яго Янку Купалу: