Вход/Регистрация
Падарожжа ў XIX стагоддзе
вернуться

Мальдзіс Адам

Шрифт:

Дзе ж шукаць гэты архіў? У Кушлянах, дзе Багушэвіч правёў апошнія гады жыцця, не засталося нічога. Мясцовыя старажылы сцвярджаюць, што драўляную шкатулку, у якую паэт складваў свае рукапісы і карэспандэнцыю, у 1946 годзе хтосьці з унучак вывез у Польшчу. Апрача таго, у Кракаве і Познані сярод папераў Анчыцаў і Нікульскага магла аказацца запаветная «Скрыпка беларуская», маглі захавацца аўтографы «Дудкі беларускай» і «Смыка беларускага». Значыць, трэба ехаць у Польшчу...

Пошукі ў Кракаве прынеслі адны расчараванні. Супрацоўнікі бібліятэкі Ягелонскага універсітэта дапамаглі мне ўстанавіць, што архіў Анчыцаў пакуль што не трапіў у дзяржаўныя сховішчы. Але яшчэ жыве ўнучка У. Анчыца. Можа, паперы -засталіся ў яе?

— Не,— адказвае Зоф'я Тржэбіцкая.— Папераў майго дзядулі ў мяне няма. Яны ўсе засталіся ў будынку друкарні па Звежынецкай вуліцы. Калісьці яна належала майму дзеду, а цяпер — дзяржаве. Пагаварыце з дырэктарам.

— На жаль, нічым не магу вам дапамагчы,— разводзіць рукамі дырэктар друкарні.— На паддашку сапраўды захоўваецца частка архіва Анчыцаў. Але паперы яшчэ не ўпарадкаваны. Апрача таго, тут знаходзіцца архіў толькі ад 1901 года, калі друкарня пераехала на Звежыкецкую з Сенатарскай. Вас жа цікавіць пачатак 90-х гадоў мінулага стагоддзя. Не ўяўляю, што сталася з архівам друкарні па Сенатарскай. Можа, што памятае сябар Анчыцаў, уладальнік букіністычнага магазіна на Шчэпаньскай плошчы Мар'ян Кржыжаноўскі? Калісьці ён сам быў кнігавыдаўцом.

— Так, памятаю,— старэчым шэптам паведамляе гаспадар магазіна.— Памятаю, што Анчыц выдаваў нейкі зборнічак на беларускай мове. Але калі яго перапраўлялі нелегальна праз граніцу з Расіяй, увесь тыраж канфіскавалі і спалілі. Так, магчыма, зборнік называўся «Скрыпачка». А што датычыцца архіва друкарні па Сенатарскай — нічога не памятаю. Стары Анчыц наогул не паважаў паперы, усю дакументацыю трымаў у кішэні. А ўрэшце, спытайцеся ў майго сябра і равесніка Казімежа Віткевіча. Вось яго адрас.

— Сёння ўжо цяжка ўзнавіць гэта ў памяці,— сказаў прафесар Віткевіч.— Калі з часам успомню што — напішу вам.

Такім чынам, кола замкнулася. Не ўдалося таксама знайсці нейкія сляды прабывання Багушэвіча ў Кракаве на IV з'ездзе польскіх прыродазнаўцаў. Не ўдалося высветліць, што сабой уяўлялі унікальныя рэчы, якія, па словах Н. Роўбы, беларускі паэт ахвяраваў Нацыянальнаму музею ў Кракаве. Заставалася адзіная надзея на Познань, дзе ў 1894 годзе нехта Р. Нікульскі «сваім коштам» выдаў зборнік «Смык беларускі».

У Познані мяне сардэчна сустрэлі прафесар М. Вайцяхоўская і намеснік дырэктара бібліятэкі Познанскага універсітэта М. Паўлікоўскі. Яны ахвотна і зацікаўлена дапамагалі ў пошуках. Ды ўсё дарэмна. Праўда, пры пошуках высветліліся немалаважныя акалічнасці. Аказалася, што ў канцы XIX стагоддзя такога шрыфту, якім набраны «Смык беларускі», не было ні ў адной познанскай друкарні. Ніякіх слядоў ад зборніка не захавалася ў актах гарадскога паліцай-прэзідыума, дзе абавязкова рэгістравалася кожнае выданне (пры ліберальнай прускай цэнзуры адпадала патрэба друкаваць зборнік нелегальна). Урэшце, польскім спецыялістам, а М. Паўлікоўскі ўзначальвае познанскую рэдакцыю «Слоўніка людзей польскай кнігі», зусім невядома прозвішча Р. Нікульскага. Значыць?..

— Значыць,— падхопліваюць маю думку субяседнікі,— «Смык беларускі» друкаваўся не ў Познані. Звярніце яшчэ ўвагу: у нашай бібліятэцы няма ніводнага экземпляра гэтай кнігі, у той час як у варшаўскіх і кракаўскіх бібліятэках ёсць па некалькі экземпляраў. Гэта таксама важкі аргумент.

— Калі б кніга выдавалася ў нас,— гаворыць у заключэнне М. Вайцяхоўская,— то прозвішча выдаўца напэўна змянілі б у адпаведнасці з польскімі нормамі на «Мікульскі». Відаць, Познань указалі для таго, каб заблытаць царскую цэнзуру і жандараў.

Што ж, вывад зусім лагічны, хоць і несуцяшальны. «Смык беларускі» маглі аддрукаваць, скажам, ва Усходняй Прусіі, у Тыльзіце, дзе тады выдавалася не адна беларуская кніга. Але дзе ўзяць доказы?! Эх, каб знайшлася таямнічая багушэвічаўская шкатулка... Трэба хутчэй ехаць у Ольштын, дзе павінна жыць адна з трох унучак паэта, Канстанцыя Пшэднікоўская. Нягледзячы па нядзельны дзень, міліцыя дапамагае мне ўстанавіць адрас. З хваляваннем еду на ўказаную вуліцу — а там выяўляецца, што Канстанцыя Пшэднікоўская пераехала ўжо ў Сопат. Працягваць жа пошукі перашкаджае план камандзіроўкі...

Наведаць Канстанцыю Пшэднікоўскую ўдалося толькі праз два гады, калі мне пашчасціла адпачываць якраз у тым самым курортным гарадку Сопат. Маім спадарожнікам быў шчыры сябар беларускай літаратуры і яе папулярызатар у Польшчы Мацей Канапацілі. У сціпла абстаўленай кватэры пас сустрэла дачка адзінага сына Багушэвіча, хударлявая жанчына год пяцідзесяці. Тут жа знаходзілася праўнучка паэта і нават маленькі прапраўнук. За традыцыйнай чорнай кавай пачалася шчырая гаворка. Канстанцыі Пшэднікоўскай радасна было пачуць, што ў Савецкай Беларусі шануюць памяць яе дзеда, што яго творы вывучаюцца ў школах. Гаспадыня распытвала пра багушэвічаўскі помніку Жупранах, пра нядаўні юбілей паэта, смуткавала, што не змагла ўдзельнічаць ва ўрачыстасцях. Пасля наступіла мая чарга зацікаўлена пытацца:

— Скажыце, калі ласка, што сталася з рукапісамі вашага дзеда? Ці ведаеце вы што-небудзь пра лёс ягонай драўлянай шкатулкі?

— Так,— адказала мне гаспадыня.— Да 1946 года шкатулка захоўвалася ў нашым доме ў Кушлянах. Былі там беларускія і польскія вершы, апавяданні, пісьмы да дзеда, а таксама граматы караля Станіслава Аўгуста, які надаў сям'і Багушэвічаў шляхецкія прывілеі.

На мае пытанні, куды ўсё гэта падзелася ў 1946 годзе і ці была шкатулка вывезена; ў Польшчу, Пшэднікоўская толькі развяла рукамі. Шкатулку проста пабаяліся ўзяць, бо час быў яшчэ неспакойны. Разам з мэбляй яе пакінулі старой жанчыне, якая доўга дапамагала Пшэднікоўскім па гаспадарцы, а потым стала сваім чалавекам у доме. Ёй было сказана закапаць або схаваць шкатулку.

  • Читать дальше
  • 1
  • ...
  • 39
  • 40
  • 41
  • 42
  • 43
  • 44
  • 45
  • 46
  • 47
  • 48
  • 49
  • ...

Ебукер (ebooker) – онлайн-библиотека на русском языке. Книги доступны онлайн, без утомительной регистрации. Огромный выбор и удобный дизайн, позволяющий читать без проблем. Добавляйте сайт в закладки! Все произведения загружаются пользователями: если считаете, что ваши авторские права нарушены – используйте форму обратной связи.

Полезные ссылки

  • Моя полка

Контакты

  • chitat.ebooker@gmail.com

Подпишитесь на рассылку: