Вход/Регистрация
На крок назад, на дзень наперад
вернуться

Календа Сяргей

Шрифт:

Ігар Юліянавіч быў маленькі й хударлявы чалавек, без валасоў на галаве, бяз броваў і вейкаў, ён відавочна не галіўся, бо не было што галіць. Таксама я заўважыў, калі мы ўсёй групай траплялі ў душавую, што і на ягоным целе таксама нідзе не было расьліннасьці. Але настаўнік Ігар Валяр’янавіч (дарэчы, яго нават дарослыя спартсмэны толькі так і называлі, бо хуткім прамаўленьнем літары "юлі" зьмяняліся на "вал"...), трэнэр, меў апошні дан па дзюдо, і гэта было неверагодна.

Аднойчы мы, седзячы на каленях, слухалі з заплюшчанымі вачыма легенду пра тое, як надышла зіма і ўвесь лес накрыўся тоўстым пластам сьнегу, і хвоя зь елкаю спрабавалі вызваліцца з-пад гэтага цяжару, але елка казала, што яна спакайнютка вытрымае гэты сьнег і дачакаецца, калі ён сам зваліцца, а хвоя нахілялася з шапкаю сьнегу долу, нахілялася ўсё ніжэй і ніжэй, пакуль ня скінула сьнег і не вярнулася ў свой звыклы стан, а елка, так і не датрываўшы, зламалася амаль ля каранёў і высахла. Дык вось, у дзюдо вы мусіце быць падобнымі да хвоі, якая замест трываньня разважала шырэй і шукала больш зручнага выйсьця з сытуацыі. Я не дачакаўся, калі трэнэр скончыць, і ціхенька пачаў пасопваць.

І тут упершыню мяне ніхто не накрыў зьверху кімано. Я прабудзіўся ад таго, што Ігар Валяр’янавіч прымусіў усіх устаць з каленяў і пачаць актыўныя трэніроўкі, шматмесячная перадпадрыхтоўка была скончана, мы мусілі пачынаць станавіцца сапраўднымі дзюдаістамі.

Трэніроўкі былі вар’яцкія. Мы клаліся на сьпіны, і трэнэр бегаў па нашых жыватах, і праз колькі дзён я адчуў, як маё невялікае дзіцячае пузіка налілося сьвінцовым прэсам. На шпагат мы таксама станавіліся дзіўна: настаўнік падкрадаўся да цябе ззаду ў час тваіх намаганьняў сесьці, браў цябе за плечы і з усёй моцы націскаў уніз, пакуль ты цалкам ня сядзеш долу, што было страшэнна балюча. Але самым пакутлівым быў футбол на каленях, калі мы, патрэніраваўшыся, мелі колькі вольнага часу. Мы часта да крыві зьдзіралі скуру аб маты, але ніхто ня скардзіўся, бо футбол — гэта яшчэ й весела, і я заўсёды з захапленьнем бег да брамаў, калі атрымліваў мяч, але забіваў чамусьці заўсёды сваёй камандзе, і мяне за гэта часта білі, а настаўнік матляў галавою й сыходзіў. Ну адкуль я мог ведаць, дзе чые брамы, усе аднолькава белыя ў кімано, і таму футбольны час бавіў часьцей ля вакна альбо ў распранальні, зьбіраючыся дахаты. У мяне яўна нічога не атрымлівалася з барацьбою.

Аднойчы празь некалькі гадоў маіх маўклівых і сумных змаганьняў зь дзюдо, я стаяў у пары са старэйшым за мяне хлопцам (мы вывучалі ўнутраную падсечку) і замест таго, каб падсекчы ягоную нагу, я акурат пяткаю патрапіў яму ў прамежнасьць. Божачкі, як ён крычаў, як ён пакутаваў, бо падсечку я рабіў зь вялікім стараньнем і моцаю — я ўжо быў дзюдаістам са стажам. Хлопца забрала хуткая. Мама потым увесь вечар маўчала. Калі б я гэтага хлопца дзе-небудзь пабачыў, дык абавязкова прабачыўся б, спадзяюся, што ён жывы-здаровы і ў яго шмат прыгожых дзетак.

Пакрысе я пачаў адчуваць увесь сэнс гэтай барацьбы, я пачаў разумець філязофію дзюдо, нават перамог у некалькіх чэмпіянатах і атрымаў жоўты пояс, і калі надышоў час змаганьня за памяранцавы, а потым, калі атрымаецца, за зялёны, мяне проста ня выклікалі на татамі, бо мне было ўжо дзесяць год і я нечакана пачаў таўсьцець. Для таго, каб прымаць удзел у чэмпіянаце, спачатку трэба ўзважыцца ў адных майтках. Дык як я мог, амаль голы і такі тоўсты, пайсьці на вагі? Каб усе пабачылі мяне й пачулі маю сапраўдную вагу? Такім чынам я прапусьціў свой зорны час.

І толькі амаль праз год у мяне была другая спроба на зялёны пояс. І вось першы двубой. Я стаю на татамі й чакаю, калі выйдзе супернік, а яго няма, і я аўтаматычна перамагаю ў першым раўндзе. І тут даведваюся, што мой супернік, калі разьмінаўся перад чэмпіянатам, зламаў пазногаць. Адразу ўзгадваю, што на разьмінку абраў сабе ў партнэры нейкага выпадковага хлопца, які, калі спрабаваў трэніраваць на мне кідок церазь бядро, зламаў аб маё кімано пазногаць.

Другі двубой я выйграў, зрабіўшы складаны прыём — "млын". Я атрымаў зялёны пояс, і там, на гарызонце, узьніклі сіні, карычневы, чорны. І хто яго ведае, мо’ там, за чорным поясам, мяне ўжо чакалі даны? Але празь некалькі тыдняў я атрымаў ускладненьне на галаву пасьля грыпу і патрапіў у дзіцячую псыханэўралёгію.

3.

Мой брат, мама, тата і я — уся наша сям’я шмат гадоў, амаль да майго дваццацітрохгодзьдзя, пражылі ў дзевяцімэтровым пакоі. Кватэра была трохпакаёвай, але жыло там людзей больш, чым шмат: бабуля часта ўсчынала сваркі, цётка працавала, яшчэ нехта прыходзіў і сыходзіў... Мы спрабавалі жыць...

Гэта былі часы, калі ўсё, што адбывалася ў сям’і, было навідавоку ня толькі для чальцоў сям’і, але й староньніх, суседзяў, мінакоў. Мы жылі адчайна, жахліва, але я ў школе казаў, што жыву недалёка, у трохпакаёўцы, нас там толькі чацьвёра, і мне верылі. Я шмат чаго выдумляў, бо мне хацелася жыць інакш, каб наша сям’я жыла ў сваёй кватэры і мы былі з грашыма і бестурботнымі. З часам пытаньне з кватэрай было вырашана, але гэтаму мала хто ўзрадаваўся, бо мама цяжка захварэла. Мы з братам сталі дарослымі, а тата страціў надзею дачакацца гэтай хрэнавай кватэры. І вось яна, новая кватэра, трымайце, нарэшце!

Залежнасьць ад неабходных для жыцьця рэчаў — паскудства, і трэба мець апошняе скурвелае грамадзтва, каб чалавек быў вымушаны жыць на дзевяці мэтрах учацьвярых, альбо каб чалавек мусіў даваць грошы за прыбіральню ў горадзе, альбо плаціць за адукацыю. Хіба падаткі не для гэтага прыдумалі? Але мы жылі й працягваем жыць. Калі было неймаверна цяжка, нашу сям’ю ратавала маці, менавіта яна была тым самым падмуркам цэласнасьці, калі я цяжка хварэў, калі граў на клярнэце так, што суседзі зьверху вешаліся, і калі тата піў і здраджваў, і калі брат кепска вучыўся і зьнікаў начамі зь невядомымі сябрамі... Усё трымалася на маме, і нават калі аднойчы яна сышла ад бацькі, усё адно штовечар прыходзіла да нас, а праз паўгода зноў вярнулася дамоў. Яна зразумела, што няма дараваньня бацьку за здрады і п’янства, але мы — сям’я... Тады ў бацькоў быў другі мядовы месяц, яны на адлегласьці наноў пакахалі адзін аднаго і зьехалі на месяц у Крым. Ці варта казаць, што гэта значыла для нас з братам, падлеткаў! Акрамя таго што бацькі памірыліся, нас пакінулі сам-насам, без нагляду, на месяц, толькі час ад часу наведвала жанчына з дачкою, каб пабачыць, як мы тут жывем... Сумленная баптыстка, якая ў чысьціні выхоўвала дачку й шмат малілася... Аднак пакуль яна ня бачыла, мы з братам паказвалі ейнай дачцэ, якая ўпершыню бачыла тэлевізар, порнафільмы на касэтах,.. але гэта ўжо іншая гісторыя.

Дык вось, нашыя трываньні на дзевяці мэтрах спрыялі нашым з братам імкненьням стаць кімсьці, каб выкараскацца з гэтага ганебнага жыцьця. Каб, напрыклад, мама магла мець сваю кватэру й грошы на падарожжы. Таму я ніколі не супраціўляўся новым прапановам у адукацыі, у наведваньні новага гуртка. Такім чынам, акрамя клятваў у любові, я мусіў для мамы яшчэ й дзейнічаць — вучыцца, разьвівацца (мой брат, дарэчы, таксама быў і ў кузьні і ў млыне: скрыпка, акардэон, нядзельная школа).

І вось чарговы гурток, я стаю ў вялікай залі, якая ўся запоўненая люстэркамі й страйнюткімі дзяўчынкамі і хлапчукамі, мне мала год, і я мушу пачынаць вучыцца танцам, ды не абы-якім танцам — бальным!

  • Читать дальше
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • ...

Ебукер (ebooker) – онлайн-библиотека на русском языке. Книги доступны онлайн, без утомительной регистрации. Огромный выбор и удобный дизайн, позволяющий читать без проблем. Добавляйте сайт в закладки! Все произведения загружаются пользователями: если считаете, что ваши авторские права нарушены – используйте форму обратной связи.

Полезные ссылки

  • Моя полка

Контакты

  • chitat.ebooker@gmail.com

Подпишитесь на рассылку: