Вход/Регистрация
На крок назад, на дзень наперад
вернуться

Календа Сяргей

Шрифт:

Я пабудаваў геамэтрычныя прамыя, так бы мовіць, зрабіў плян, каб маляваць трохмерна, што ўжо адразу давала мне форы, бо такое ва ўзросьце шасьці гадоў мала хто выкарыстоўваў. Дзед, баба, курачка, хатка, яйка на падлозе пабітае — сюжэт быў нескладаны, я вытрымаў усе правілы пабудовы фігур. Я быў задаволены і яшчэ больш узрадаваўся, калі пабачыў, што мой супернік, Валодзька, сынок мастакоў, такую халеру намаляваў, што нават з павелічальным шклом не разгледзіш, хто і што там у велічэзным будынку, які нагадвае хатку, а яйка наадварот было завялікім, большым за чалавечыя фігуры...

На наступны дзень нам патэлефанавалі й паведамілі, што сын, гэта значыцца я, не прыняты.

А Валодзька пасьпяхова прайшоў іспыт, і мама мне аднойчы сказала, калі я сумна сядзеў у пакоі й разважаў над тым, што ўжо ў шэсьць гадоў "праляцеў", як дэбіл, празь дзьве школы... гэта ў такім малым узросьце й адразу празь дзьве школы!.. Яна сказала, што тая сям’я сябруе з дырэктарам мастацкай школы, а ў мяне быў сапраўды найлепшы малюнак.

Мастацкі гурток я больш не наведваў, але празь пяць год выпадкова апынуўся ў сьценах таго будынка, дзе ён знаходзіўся. Я тады па дарозе забег у прыбіральню, бо сьпяшаўся ў музычную школу, да якой было далёка. І як толькі я апынуўся ў знаёмым калідоры, раптам заўважыў, што на сьценах пад шклом вісяць тры мае графічныя малюнкі.

Я зазірнуў у прыбіральню й зьнік, больш ніколі не зьяўляўся ў тым будынку, але ў сэрцы заўсёды трымцела жаданьне зноў паглядзець на свае дзіцячыя малюнкі, гэта ўсё-ткі была мая першая і адзіная выстава, прычым доўгатэрміновая.

5.

Клярнэт — гэта катастрофа, гэта штодзённае забойства часу. Гэтая эбанітавая трубка, зусім непрыгожая й непрыкметная, выклікае тужлівы настрой, як толькі яе ўбачыш! І яшчэ выгляд майго клярнэта сапсаваны шасьцю вялікімі лічбамі на баку, намаляванымі фарбай для падлогі. Такімі лічбамі пазначаюць школьную ўласнасьць, гэта значыць, што клярнэт належыць ня мне.

Праз два тыдні — вакацыі ў абедзьвюх школах, і ў музычнай, і ў агульнаадукацыйнай. Трэба здаць іспыты па сальфэджыа і па клярнэце — і я вольны. А да верасьня яшчэ тры месяцы...

У верасьні — чацьвёртая кляса ў школе й другая ў "музыкалцы". Не люблю я настаўніка па музыцы, ён надта малады, і ў яго вялізная ніжняя губа брыдкага ружовага колеру, гэта ад таго, што ён штодзень трымае ў роце муштук клярнэта, і гэтая губа такая непрывабная, што я нават бачу яе ў жахлівых снах. Настаўнік па клярнэце зусім пануры...

І такое даводзіцца трываць тройчы на тыдзень!

Мне завуч сказала, што ў верасьні будзе новы настаўнік. А мне ўсё роўна. Новы, стары — аднолькава ня хочацца вучыцца граць на клярнэце.

Але не пасьпеў я нацешыцца адпачынкам улетку, як прыйшоў верасень, і я зноў стаяў з клярнэтам у руках і знаёміўся з новым настаўнікам, Акапджанянам Лявонам Рубэнавічам. Ён зь першых хвілін моцна ўразіў мяне: вялікі, сівы, пузаты, з чорнымі вачамі й шэрымі вачніцамі, ягоная ніжняя губа была цёмна-сіняга колеру, а верхнія разцы былі зусім сьцёртыя муштуком. Ён быў вельмі імпульсіўным мужчынам з бліскучай плешынай і нястрыжанымі на скронях і патыліцы валасамі. Лявон Рубэнавіч прадстаўляў сапраўдны армянскі тып мужчыны сталага веку. Я амаль адразу адчуў ягоны прафэсіяналізм, ягоную моц й энэргію.

І калі мінуў толькі першы месяц вучобы, я значна прасунуўся ў музычнай тэхніцы і быў вельмі шчасьлівы з гэтае нагоды. Я ўпершыню разумеў клярнэт, музыку, я пачынаў гэта любіць, нягледзячы на тое, што музычная школа палохала сваімі старымі й шэрымі клясамі, у якіх па ўсіх кутках чуліся дзіўныя шоргаты й іншыя гукі, ад чаго бегалі мурашкі па сьпіне. Час ад часу я нават бачыў пацукоў ці мышэй, ня ведаю: кожны раз было цяжка вызначыць праз эканомна-змрочныя саракаваткі, самотна разьмешчаныя на кожных дзесяці мэтрах доўгіх калідораў. Я бачыў іх толькі мімаходзь...

Год вучобы праляцеў непрыкметна, у актыўных трэніроўках па некалькі гадзінаў на дзень. Гэты пажылы армянін абудзіў ува мне жаданьне пісаць музыку. Я з задавальненьнем слухаў яго пахвальбу на мой адрас, у яго былі пляны наконт мяне. Ён разгледзеў ува мне талент. Дома я ствараў маленькія п’ескі й потым запісваў іх на касэту.

Аднойчы ўвесну, калі я ўжо трэці год займаўся музыкай, здарылася адна падзея...

У вокны клясы ярка сьвяціла сонца, ад ягонага цяпла я зусім разамлеў і не хацеў граць, а Лявон Рубэнавіч, пасмоктваючы валідол пасьля пяціхвіліннага крыку й шпурляньня алоўкаў і асадак у розныя бакі, супакоіўся ад стрэсу й задрамаў. Я думаў, што мне далей рабіць: чакаць, калі ён прачнецца, ці сыходзіць дадому. І раптам Акапджанян расплюшчыў вочы й сказаў:

— Хлопчык мой, Гераньчык, я цябе на каленях прашу, ня горбся й не разьдзімай шчокі, і не запінайся, грай, добра грай! — яго голас гучаў спакойна. — Ідзі, калі ласка, да шафы, стань да яе сьпінаю, зрабі сьпінку роўнай-роўнай і грай! — голас трохі раздражняўся, яго відавочна дастала, што я ня мог сабрацца й добра адыграць п’есу Шумана "Мроі".

І я пачаў граць усё, што ведаў, нават усе існыя гамы, сьпіна была ідэальная, шчокі не разьдзімаліся, але здрадліва пачалі падступаць сьлёзы. І мне стала так крыўдна! Так крыўдна, невыносна крыўдна! І сьлёзы, нарэшце, пацяклі самі сабою, яны струменіліся па шчаках і капалі на вопратку, а я ўсё граў і граў, зь неверагоднай злосьцю й так віртуозна, як ніколі ў жыцьці...

  • Читать дальше
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • ...

Ебукер (ebooker) – онлайн-библиотека на русском языке. Книги доступны онлайн, без утомительной регистрации. Огромный выбор и удобный дизайн, позволяющий читать без проблем. Добавляйте сайт в закладки! Все произведения загружаются пользователями: если считаете, что ваши авторские права нарушены – используйте форму обратной связи.

Полезные ссылки

  • Моя полка

Контакты

  • chitat.ebooker@gmail.com

Подпишитесь на рассылку: