Календа Сяргей
Шрифт:
Аднойчы я нарэшце вырашыў далучыцца да якой-небудзь падлеткавай баскетбольнай раённай каманды й разам зь імі трэніравацца, бо гэта бясьпечна й надае больш практыкі ў зімовы час. Такім чынам, я на тры гады патрапіў у спартовы баскетбольны клюб, дзе трэнэр знаходзіла мяне надта пасьпяховым у далёкіх кідках. Я бываў на ўсіх спаборніцтвах, мяне выпускалі на пляцоўку толькі ў другім тайме, бліжэй да канца. Я не прымаў удзелу ў разыгрываньні мяча пад кашом, бо з ростам мэтар шэсьцьдзесят сем гэта нейкае глупства, я проста чакаў пасаў каля трохлічбавай рыскі і, калі атрымліваў мяч, хуценька забіваў. Мы някепска рухаліся, перамагаючы розныя каманды, і нават мусілі змагацца на гарадзкіх спаборніцтвах у наступным годзе, але чамусьці школьныя заняткі перанесьлі зь першай на другую зьмену, і зразумела, што, калі ідзеш на заняткі а палове трэцяй дня, ніякага часу на штосьці іншае не застанецца, і калі б я прапускаў па тры дні на тыдні й бавіў час на баскетбольных трэніроўках, я б страціў нават пачатковую адукацыю, але я не Ламаносаў і ня Бродскі, каб такое вырабляць, таму было вырашана заканчваць адзінаццатую клясу...
Такім чынам, прамяняўшы трэніроўкі на школу, я пачаў шукаць выйсьце і знайшоў яго. Адзін сябра-баскетбаліст прапанаваў перайсьці ў іншы клюб, што падыходзіў па часе. І мы разам туды пайшлі.
На парозе нас сустрэў трэнэр, і першымі ягонымі словамі былі:
— А ты что, тоже баскетболист, что ли, или так, мячики подаёшь? Да ты же с метр ростом!
Шчыра кажучы, я падазраваў, што ростам я не для гэтага віду спорту, але каб мне вось так, у твар такое сказалі? Ды ніколі! Ні мая былая трэнэрка, ні мая былая каманда ніколі так бы не зрабілі.
Нас адправілі разьмяцца й падрыхтавацца да паказальнай гульні. І пакуль мы бегалі кругі на стадыёне, адзіная думка пульсавала ў маёй галаве: "Я малы! Я малога росту. Я маленькі"...
Глядзелі на нас дваццаць хвілін, гулялі мы някепска, але мяне адправілі ні з чым дадому, а сябра ўзялі, бо ён хоць і ня вельмі добра гуляў, але быў ростам два мэтры і штораз перамагаў у барацьбе пад баскетбольным кашом. І потым ён гуляў за гарадзкі юнацкі клюб, а я ў свае пятнаццаць і шаснаццаць піў, курыў і мацюкаўся. Надыходзілі гады альтэрнатыўнай хвалі, дзе контркультура станавілася ня проста словам, а правілам жыцьця.
20.09 — 10.10.2010
Менск — Ваймар — Дрэздэн
Вярнуўшыся ў клясны пакой, Карл Іванавіч загадаў мне ўстаць
і падрыхтаваць сшытак для дыктанту.
Калі ўсё было гатова, ён паважна апусьціўся ў свой фатэль
і голасам, які, здавалася, выходзіў зь нейкай глыбіні,
пачаў дыктаваць наступнае:
"Von al-len Lei-den-schaf-ten die grau-sam-ste ist... ha ben sie geschrieben?" [1]
"Дзяцінства", Леў ТалстойЯ быў сэнтымэнтальным дзіцёнкам, плакаў на сярэдзіне "Дзюймовачкі", мама гэтую кнігу так да канца мне не дачытала, бо як толькі яна даходзіла да месца з жабамі й прывабнай маленькай дзяўчынкай - гамон, сьлёзы так і ліліся. Але цяпер пакутаў і трагедый у мяне пабольшала: я пачаў плакаць па нулявой клясе, якая ўжо ў мінулым, а таксама аплакваць сваё сталеньне; першая кляса — гэта ня жарты.
Звычайна ўсе дзеці йшлі ў школу, калі ім спаўнялася шэсьць год. Мяне таксама ўзялі вучыцца ў гэтым узросьце, але ў мяне была адна, так бы мовіць, хіба... Я прыйшоў да дырэктара з падстрыжаным да каранёў чубам й нагадваў закатаванага дзіцёнка. Дырэктар паглядзеў на мяне, сумна так, скрушна... Мама не разгубілася: "Ой, прабачце, гэта мой Геранька ўчора на галаву сабе плястылін наляпіў і, пакуль я ня бачыла, паадразаў яго нажніцамі разам з валасамі. Я яму, боўдзілу, кажу, трэ' было ў ванну пад гарачую ваду, усё б і размокла!"... Мне прапанавалі палічыць да ста. Я далічыў да сарака. Дырэктар уздыхнуў, і мне было наканавана пайсьці ў першую клясу ў наступным годзе. Так я трапіў у нулявую клясу... Гэта свайго кшталту дзіцячы садок, са сваёю "прадлёнкаю", запяканкай і "ціхім часам". Адзнакі нам давалі вялікія, кардонныя й каляровыя: палічыў да пяцідзесяці - атрымай кардонную "5", чырвоную, пругкую, жаданую...
Мераю розуму на той час былі загадкі, іх загадваньне і разгадваньне культывавалася яшчэ да школы. З загадкамі ў мяне звычайна было ня надта, мне часта падказвалі... Чарговы раз я ня мог адгадаць "васілёк", пачуў збоку шэпт, выгукнуў правільны адказ. Настаўніца-выхавацелька ашалела ажно! Гераня даў правільны адказ!.. Дастала вялікую чырвоную кардонку ў форме "пяцёркі"... першую ў маім жыцьці!.. нясе мне... я цягну да яе рукі... а тут раптам настаўніца пытаецца: "Геранька, а ты сам адказаў альбо хтосьці падказаў?"... у мяне сэрца спынілася, вочы бегаюць, думаю, што адказаць... кажу: "Падказалі!" Настаўніца вярнулася да стала й схавала кардонку ў тэчку... І толькі ў наступным годзе ў сапраўднай першай клясе я атрымаў сваю пяцёрку, але што гэта было — намаляваная ў дзёньніку лічба, якая ніколі не параўнаецца з той, амаль мітычнай, жаданай, кардоннай, чырвонай.
1-га верасьня. Стаю я ў сінім гарнітуры, трымаю ў руцэ чырвоныя гвазьдзікі (ненавіджу гвазьдзікі — кветка савецкага застою), школа беларускамоўная, старшаклясьнікі падыходзяць да нас, падшыванцаў, дораць кнігі, ціснуць рукі, віншуюць з пачаткам, а мы ў адказ дорым ім гвазьдзікі... І мне, вядома, пашчасьціла, мне падарылі кнігу Мікалая Чаргінца "Приказ №1"... Я гляджу — на вокладцы ваенныя, партызаны, дадому яе прынёс, на форзацы яшчэ было напісана нейкім адзінаццаціклясьнікам пошлае рымаванае чатырохрадкоўе пра тое, што вучоба робіць з нас людзей, дата й подпіс... Калі я быў ужо ў дзявятай клясе, гэтая кніга пайшла ў сьметнік, дакладней — у агонь разам з астатняй макулятурай... Мой бацька тады знайшоў усе лісты да маці, што напісаў за тры гады вайсковай службы ў Разані, дадаў да іх колькі кепскіх кніг і вырашыў "пачысьціць" кладоўку... Полымя забаўляла ўвесь двор ажно да позьняй ночы... Спалілі кіляграмы непатрэбшчыны ў закінутай пясочніцы.
Зь першага верасьня пачаліся мае пакутлівыя вечары, калі я сядзеў за пісьмовым сталом і спрабаваў пісаць пропісі: вузельчыкі, кручочкі, шляпкі грыбкоў... Перада мною стаяў стары касэтны магнітафон з адламанай кнопкай перамоткі наперад, на талерцы — у найлепшым выпадку халва, альбо печыва, альбо кавалачак белага хлеба з варэньнем, малако, зэдлік пада мною, скрыпучы, з адной разбаўтанай ножкаю. Звычайна я нагою боўтаў і час ад часу трапляў па адным з тамоў Карла Маркса "Капітал", якія выконвалі ролю апоры для аднаго боку стала, бо той быў стары й кожную хвіліну пагражаў разваліцца. Пісаць вельмі не хацелася, і я часта аддаляўся ў свае мары й думкі, утаропіўшыся ў жоўтае сьвятло лямпачкі таршэра, аздобленага парваным абажурам. Мама сядзела на сваім ложку сьпінаю да сьцяны, на якой вісеў чырвоны дыван; яна альбо вязала, альбо чытала, тата спаў альбо чытаў газэту, лежачы побач з мамаю. Зь левага боку ад мяне стаяў наш з братам двухпавярховы ложак, унізе спаў брат, а я сядзеў гадзінамі і ўсё ніяк ня мог скончыць са сваімі пропісямі.