Рын Клаэс Г.
Шрифт:
Toe, як Русо з поўнай адарванасцю ад рэчаіснасці апісвае права і прымус, выключае існаванне на працягу гісторыі легітымных урадаў і дае падставы ў якасці адзінага сапраўднага, на яго думку, ладу разглядаць утопію, ідэал, які цалкам разыходзіцца з гістарычным досведам чалавецтва. Для Русо палітычная легітымнасць ёсць сінонім чыстай маральнасці ў яго разуменні.
Пад уплывам «галавы» Русо прызнае, што нават у заснаваным на грамадскім пагадненні грамадстве цалкам магчыма, што амаральная грамадская воля, воля ўсіх, заснаваная, як мяркуецца, толькі на «сіле», будзе іншы раз супрацьстаяць агульнай волі. Але «сэрца» не саступае. Яно перашкаджае Русо ўбачыць мэтазгоднасць пэўнага палітычнага прызнання волі ўсіх, якая не павінна, на яго думку, мець месца. Ен дапускае існаванне грамадскай волі, якая з'яўляецца выражэннем чыста эгалітарнай маральнасці і ўжо з гэтай прычыны заслугоўвае разгляду. Я ўжо казаў, што цывілізаваная дзяржава не можа быць пабудавана выключна на матывах своекарыслівасці, якімі б вытанчанымі яны ні былі. I тым не менш, рэальная людская прырода робіць, здаецца, непазбежным прынцыпам палітыкі ўраўнаважванне супрацьлеглых інтарэсаў. Утапічная скіраванасць мыслення Русо пазбаўляе яго неабходнасці займацца вырашэннем гэтага важнага пытання. Для яго выбар відавочны: роўнасць ці нявольніцтва.
Аднак утапічны характар той ці іншай ідэі ў палітычнай філасофіі не пазбаўляе яе адразу ўсякага сэнсу. Яна можа ўтрымліваць дзейсны крытэрый ацэнкі недасканалай рэчаіснасці і, такім чынам, натхняць на палітычныя змены. Мы павінны вырашыць, ці трапляе ў гэтую катэгорыю канцэпцыя агульнай волі Русо.
Агульная воля ёсць рэзультат акта супольнасці, ва ўмовах якой кожны індывідуум добраахвотна адмаўляецца ад сваёй прыроднай свабоды. Кодэкс супольнасці, па словах Русо, «зводзіцца да адзінага патрабавання: поўнай перадачы кожным чалавекам сябе і сваіх правоў усяму грамадству». Русо асабліва падкрэслівае той факт, што «індывідуум павінен перадаваць сябе поўнасцю», каб больш не прэтэндаваць на ніякія правы. Праз грамадскае пагадненне ягоныя правы перадаюцца калектыву і ўвасабляюцца ў агульнай волі, якая ператвараецца ў неаддзельнага і непаддзельнага суверэна. Русо гаворыць аб узнікненні «штучнага калектыўнага арганізму», які «атрымлівае сваё адзінства, сваё агульнае ego [moi commun], сваё жыццё і волю»22. Гэты арганізм, які «нагадвае арганізм чалавека»23, ён называе «грамадскай асобай»24. Гэта «маральная існасць, да якой далучаюцца добраахвотна; і гэта агульная воля, якая заўсёды накіравана на захаванне і дабрабыт цэлага і кожнай яго часткі і з'яўляецца крыніцай усіх законаў, з'яўляецца для ўсіх суб'ектаў дзяржавы правілам таго, што ёсць справядліва, а што не — у адносінах да яе і паміж сабой»25. Удзельнічаючы ў гэтай волі, індывідуум набывае сацыяльную свабоду. «Грамадская асоба», па сцвярджэнні Русо, абсалютна свабодная, паколькі «для суверэна паставіць вышэй за сябе непарушальны закон будзе супраць самой прыроды палітычнага арганізму»26. Суверэн сам у сабе ёсць закон.
Праз арыгінальную канцэпцыю «грамадскай асобы», якая складаецца з кожнага з грамадзянаў і кіруецца маральнай і свабоднай воляй, Русо аднавіў ужо ў сацыяльнай абалонцы натуральную свабоду, страчаную чалавекам у грамадстве, заснаваным на пагадненні. Трэба адзначыць, што ў міжнародных зносінах кожная «грамадская асоба» па-ранейшаму знаходзіцца ў сваім натуральным стане27. Праз удзел у калектыўнай волі народу індывідуум цалкам падпарадкоўваецца аб'яднальнай палітычнай уладзе і адначасова застаецца гаспадаром самога сябе, паколькі агульная воля вырастае з волі кожнага асобнага чалавека, а «паслухмянасць перад законам, які створаны для самога сябе, ёсць свабода»28. Індывідууму няма прычыны баяцца, што суверэн будзе злоўжываць уладай, бо цела ніколі не захоча нанесці шкоду аднаму са сваіх членаў.
У грамадскай супольнасці на аснове грамадскага пагаднення людскія ўчынкі, паводле сцвярджэння Русо, кіруюцца пачуццём справядлівасці і набываюць «маральную якасць», якой яны былі пазбаўлены ў сваім прыродным стане. Калі раней панавалі інстынкты, у першую чаргу любоў да сябе і жаль, то зараз у веданні чалавека знаходзяцца здольнасці, якія адпавядаюць яго статусу грамадскай істоты. Усе разам яны фарміруюць сацыяльную свядомасць, якая адсутнічала раней. Думку Русо можна трактаваць такім чынам, што праз грамадскае пагадненне гэтыя здольнасці выкарыстоўваюцца натуральнымі памкненнямі чалавека дзеля духоўнага ўзвышэння. Узнікае пачуццё права і абавязку. Па словах Джона Чарвета, «новая сацыяльная свядомасць грунтуецца на прыродзе і адначасова дапаўняе яе»29.
Тут неабходна дадаць, што ў «Грамадскім пагадненні» Русо таксама вагаецца паміж храналагічным і абстрактным канцэптуальным аналізам і так і не вырашае, якая з гэтага вынікае двухсэнсоўнасць; напрыклад, падчас тлумачэння грамадскага пагаднення ён сцвярджае, што вядзе размову аб «пераходзе ад прыроднага стану да грамадскай супольнасці»30 і адначасова сыходзіць у сваёй аргументацыі з таго, што індывідуумы, якія заключаюць паміж сабой такое пагадненне, ужо валодаюць сацыяльнай свядомасцю, якая, апроч таго, з'яўляецца вынікам сацыяльнага існавання.
Дык што менавіта ў грамадскім пагадненні робіць магчымым унікнуць заняпаду, у які прыходзілі розныя грамадствы на працягу гісторыі? Галоўным фактарам з'яўляецца тое, што яна заснавана на роўнасці: «Сацыяльны пакт не знішчае прыродную роўнасць, а, наадварот, замяшчае маральнай і прававой роўнасцю атрыманую ў спадчыну ад прыроды фізічную няроўнасць; так што людзі, няроўныя па сіле і розуму, робяцца роўнымі па дамоўленасці і праву»31.
Прыгадаем мы і тое, што, згодна з Русо, менавіта ўзнікненне няроўнасці праз ідэю маёмасці выклікала пераўтварэнне натуральнага пачуцця любові да сябе ў пыхлівасць і іншыя адзнакі разбэшчанасці, якія сведчаць аб адсутнасці атаясамлівання сябе з іншымі. Пазбегнуць гэтага, паводле пераканання Русо, магчыма, калі стварыць такія ўмовы, у якіх пачуццё любові да сябе, якое «заўсёды дабрадзейнае і заўсёды адпавядае пануючаму ў прыродзе парадку», атрымае свабоду. «Распаўсюдзьце любоў да сябе на іншых, і яна стане дабрадзейнасцю, якая мае карані ў сэрцы кожнага з нас»32. Ва ўмовах грамадскага пагаднення любоў да сябе робіцца моцнай маральнай сілай, паколькі «ўсе грамадзяне нясуць аднолькавыя абавязкі і павінны мець аднолькавыя правы»53. Такі характар роўнасці выключае разбэшчвальныя адносіны залежнасці і робіць для кожнага грамадзяніна магчымым атаясамліванне сябе з іншымі. Змест меркаванняў Русо можна далей тлумачыць такім чынам, што разам з натуральным пачуццём жалю любоў да сябе нараджае моцнае адчуванне сацыяльнай прыналежнасці. Гэты новы ўзровень атаясамлівання зрабіўся магчымым дзякуючы развіццю здольнасцяў чалавека, і аб ім можна весці размову як аб «маючым натуральнае паходжанне, паколькі любоў да іншых вынікае з натуральнага пачуцця любові да сябе {amour At soi) i вянчае яе»м.
Для правільнага разумення канцэпцыі агульнай волі вельмі важна памятаць аб той ролі, якую Русо надае пачуццю любові да сябе. У «Эмілю» ён піша, штб любоў да роду чалавечага ёсць «нішто іншае, як любоў да справядлівасці ў нас саміх», карані якой, трэба адзначыць, знаходзяцца ў першабытных інстынктах чалавека. Ключавую ролю ва ўсведамленні канцэпцыі маральнасці Русо адыгрывае наступная заўвага, зробленая ім у «Эмілю»: «Любоў да іншых, якая вынікае з пачуцця самазадаволенасці, ёсць крыніца справядлівасці»55. Тая ж ідэя гучыць у «Грамадскім пагадненні»: «Чым яшчэ, як не фактам, што няма ніводнага чалавека, які б не суадносіў слова «кожны» з сабою і ў клопаце аб іншых не клапаціўся б аб сабе, можна растлумачыць тое, што агульная воля заўседы мае рацыю і што ўсе людзі імкнуцца да шчасця для ўсіх?»36 Іншымі словамі, маральнасць ёсць сацыяльны варыянт любові да сябе, які зрабіўся магчымы дзякуючы атаясамліванню сябе з іншымі. Калі памятаць аб тым, што ва ўмовах прыроднага ладу жыцця любоў да сябе ёсць, па сутнасці, імкненне да фізічнага самазахавання, то не выклікае ніякага здзіўлення вызначэнне Русо ў «Грамадскім пагадненні» і іншых працах мэты дзяржавы як забеспячэння ўзаемааховы. У пошуку прычын, дзеля якіх людзі аб'ядноўваюцца ў супольнае грамадства, «вы не знойдзеце іншай, акрамя забеспячэння бяспекі маёмасці, жыцця і свабоды кожнага члена грамадства»". Мы, аднак, вернемся яшчэ да маральных падаплёкаў канцэпцыі самазадаволенасці Русо.
Нягледзячы на шматлікія пераканальныя аргументы на карысць таго, што агульная воля павінна разглядацца як калектыўны, «пашыраны» варыянт натуральных памкненняў чалавека, зразумела, што яна выяўляе сабой не проста перанос любові да сябе і жалю з прыроднага ладу жыцця на іншы. Агульная воля ўзнікае ў сацыяльным кантэксце, дзе таксама адбываецца ператварэнне чалавека з «абмежаванай, тупой жывёлы» ў «разумную істоту і чалавека». Агульная воля ўдасканальваецца ва ўмовах «здзяйснення і развіцця»38 розных здольнасцяў чалавека. Агульную волю, такім чынам, можна разглядаць як вынік выкарыстання розных здольнасцяў чалавека яго сапраўднай прыродаю. Паколькі рухальнаю сілаю гэтых здольнасцяў з'яўляюцца натуральныя памкненні чалавека, то яны становяцца не сродкамі выраджэння, а складовымі элементамі цалкам маральнай палітычнай волі. Справа не толькі ў тым, што агульная воля мае быць у сацыяльным асяроддзі — яна звяртаецца да сацыяльных праблем. На глебе сацыяльнага жыцця натуральнае імкненне чалавека да дабра набывае новыя мэты і магчымасці. Перад Русо паўстае задача прадэманстраваць, якімі ў гэтых абставінах павінны быць паводзіны, якія б адпавядалі прыроднаму ладу жыцця.