Вход/Регистрация
Дэмакратыя i этычнае жыццё
вернуться

Рын Клаэс Г.

Шрифт:

Той факт, што найбольшыя цаніцелі культурнай традыцыі часцей за ўсё адстойваюць і неабходнасць уяўленчага і крытычнага аналізу сучаснага грамадства, — ніякае не парушэнне логікі. Сярод такіх людзей — Эдмунд Бэрк. У ягоным класічным выказванні пра «схільнасць захоўваць і здольнасць паляпшаць» як першай характарыстыкі дзяржаўнага дзеяча відавочна прасочваецца спалучэнне павагі да звычаяў мінулага і гатоўнасць аспрэчваць лад жыцця сучаснага грамадства. Той жа погляд знаходзіць адлюстраванне ў сцвярджэнні Бэрка пра тое, што «дзяржава, якая не ведае, як здзяйсняць змены, пазбаўлена сродкаў свайго захавання»7. Аналагічныя погляды выказвае адзін з вядучых амерыканскіх паслядоўнікаў Бэрка Расэл Керк, калі піша, што «ў здаровым грамадстве ўплыў традыцыі павінен быць зраўнаважаны моцным элементам дапытлівасці і індывідуальнага бунту»8. Нельга ігнараваць той факт, што «ў свеце адбываюцца змены; у кожным жыццяздольным грамадстве адбываецца пэўнае адмаўленне ад традыцый і гатовых рацэптаў і пэўны ўклад кожнага пакалення ў атрыманую спадчыну меркаванняў і поглядаў»9.

Часам у грамадстве ўзнікае моцнае непрыманне ўжо занадта даўніх культурных традыцый. Гэта праблема вымагае тэрміновага рашэння — ці вынікае спроба парваць з прынцыпамі, якія доўгі час паважаліся, з высноў, зробленых у выніку больш глыбокага аналізу. Цалкам магчыма, што гэтая спроба з'яўляецца вынікам няздольнасці засвоіць культурную спадчыну і адлюстроўвае нішто іншае, як аслабленне волі і здольнасці адпавядаць высокім патрабаванням сапраўднай цывілізаванасці. Відавочна, што неабходнасць ацэнкі вымагае не толькі ведання новага погляду, але і дакладнага разумення старажытных традыцый, якія нібыта аджылі сваё.

Такім чынам, захавання, на самай справе, патрабуе ўсведамленне высокага прызначэння чалавека, а не традыцыя як недакладнае яго тварэнне. Адзнакай стваральнай культуры будзе яе здольнасць выдаліць са сваіх традыцый усё часовае, абумоўленае патрэбай імкнення і не маючае сапраўднай каштоўнасці, і беражліва захоўваць тое ў традыцыях, што адпавядае асноўнаму і вечнаму імкненню чалавека. Прынцыпы дабрадзейнага жыцця атрымліваюць сваё адлюстраванне ў традыцыі, паколькі з'яўляюцца сталым кампанентам гісторыі на фоне пастаянных зменаў. У адрозненне ад культурнай інерцыі здаровая традыцыя заключаецца ў тым, што ўвасабляе этычныя, інтэлектуальныя, творчыя і палітычныя адкрыцці чалавека дзеля здзяйснення яго прызначэння. Цывілізаваны чалавек ёсць бенефіцыярый гістарычнага працэсу, атрымліваючы ад апошняга магчымасць замяніць часовае ў сваім асяроддзі і сабе самім на тое, што мае вечны сэнс і вечную каштоўнасць. Гэты аргумент можна звязаць з паняццем адзінкавасці і мноства Платона, якое дало тэму нашаму абмеркаванню этычнага жыцця, наступным чынам: прыхільнасць да традыцыі ёсць частка спробы чалавека захаваць сваё ўспрыманне адзінства сярод разнастайнасці форм людскога досведу.

Заўвагі

1 Такі спосаб класіфікацыі чалавечай дзейнасці быў прапанаваны Бенэдэта Крочэ. Гл. яго «The Philosophy of the Practical», пераклад Douglas Ainslie (New York: Biblo and Tannen, 1967). Чытачу варта ведаць, што пераклад гэтай працы слабы.

У адрозненне ад чатырох прапанаваных Крочэ катэгорый я не прымаю яго манісцкія філасофскія пасылкі. Падлягае сумненню і тое, ці сапраўды дакладны малюнак чалавечага жыцця прапануюць распрацаваныя Крочэ катэгорыі. Нават калі яны і апісваюць той узровень жыцця, які Арыстоцель называў «палітьгчным», а Ірвінг Бэбіт — «гуманістычным» або «цывілізаваным», ці даюць яны гэтаксама поўнае ўяўленне аб тым, што знаходзіцца вышэй за гэты ўзровень, а менавіта — святасці?

2 Aristotle. The Nichomachean Ethics. Пераклад David Ross (Lon­don: Oxford University Press, 1954), 228 (1166a). Тэорыя сяброўства Арыстоцеля распрацавана, у асноўным, у кнігах VIII і IX.

3 Irving Babbitt. Democracy and Leadership (New York: Houghton Mifflin Co., 1924), 9.

4 Гл. раздэел I гэтага даследавання, ст. 1925.

5 Безумоўна, гаворка не аб тым, што ўсе бізнесмены з'яўляюцца ўвасабленнем хцівасці, а палітыкі прагнуць улады.

6 Aristotle. Nicomachean Ethics. 28 (1103a).

7 Edmund Burke. Reflections on the Revolution in France (London: Everyman's Library, 1964), 153, 19.

8 Russell Kirk. A Program for Conservatives (Chicago: Henry Regnery Co., 1954), 305.

9 Russell Kirk. «Prescription, Authority and Ordered Freedom», змешчана ў: Frank S. Meyer (ed.) What Is Conservatism? (New York: Holt, Rinehart & Winston, 1964), 31.

ЧАСТКА ТРЭЦЯЯ
Катэгорыя агульнай волі Русо: маральны факт ці утапічная мара?
Раздзел V
Канцэпцыя Русо маральных паводзін у палітыцы

Ад распрацаванай у пэўнай ступені ідэі дуалізму людской прыроды і сувязі паміж этычным сумленнем, з аднаго боку, і супольнасцю і культурай, з другога, мы можам перайсці да падрабязнага аналізу месца маральнай катэгорыі чалавека ў тэорыі дэмакратыі. Этычная аргументацыя будзе цяпер ужыта для вырашэння складанага пытання адносна таго, якая арганізацыя інстытутаў улады можа зрабіць народнае кіраванне сумяшчальным з пашырэннем этычнага жыцця. Вызначыўшы крытэрыі маральнай ацэнкі, мы разгледзім адзін з найбольш уплывовых у заходняй палітычнай думцы адказаў на гэтае пытанне, які быў дадзены Жан Жакам Русо ў яго «Грамадскім пагадненні». Неабходнасць аналізу поглядаў Русо вызначаецца тым, што ён шырока прызнаны як заснавальнік сучаснай дэмакратычнай тэорыі, а таксама тым фактам, што прама ці апасродкавана ягоныя ідэі фарміруюць вялікі пласт прыхаваных дапушчэнняў у палітычнай тэорыі дваццатага стагоддзя. Праз аналаг дактрыны мажарытарнай улады, прапанаванай гэтым арыгінальным і ўплывовым мысліцелем, я імкнуся з некаторых такіх дапушчэнняў зняць маску і вывесці на святло пэўныя праблемы, якія датычаць асноўных момантаў этыкі і якіх у сучаснай думцы звычайна пазбягаюць або падаюць вельмі невыразна.

Наступны аналіз тэорыі народнага кіравання Русо дапаможа правесці адно фундаментальнае размежаванне, аб якім, нягледзячы на яго асноватворчае значэнне для тэорыі дэмакратыі, большасць сучасных уплывовых тэарэтыкаў дэмакратыі мае вельмі туманнае ўяўленне. У сваім памкненні спалучыць этыку з палітыкай Русо робіцца апалагетам такой формы народнага кіравання, якую можна назваць «плебісцытнай дэмакратыяй» і якая праз адсутнасць моцных юрыдычных абмежаванняў на шляху ўзнікнення людскіх намераў дае поўную свабоду і ўладу той частцы грамадства, што складае ў дадзены момант большасць. Такі тып дэмакратыі супрацьпастаўлены «дэмакратыі канстытуцыйнай» — форме народнага кіравання, прызначанай спрыяць не імгненнаму і поўнаму ажыццяўленню кожнага чарговага волевыяўлення людзей, а выхаванню ў грамадстве «пачуцця памяркоўнасці», калі карыстацца фразай з амерыканскай канстытуцыйнай традыцыі. Сэнс гэтай формы — у наяўнасці канстытуцыйных абмежаванняў для грамадскай большасці, дзеля скасавання якіх павінна існаваць адпаведная дасканалая працэдура і якія могуць быць адмененыя толькі пры настойлівай і важкай падтрымцы ў грамадстве. Такая форма кіравання прызначана адсейваць часовае і заўчаснае ў народным волевыяўленні і спрыяць здзяйсненню вынікаў працяглага разважання, якія будуць адыгрываць большую ролю ў жыцці грамадства. Гэтыя дзве канцэпцыі дэмакратыі шмат у чым маюць істотнае адрозненне, у тым ліку ў сваіх этычных перадумовах. Выбар паміж імі — галоўная тэарэтычная альтэрнатыва, якая стаіць перад прыхільнікамі народнага кіравання. Каб быць цалкам асэнсаваным, такі выбар патрабуе выбару паміж супрацьлеглымі плынямі этычнай філасофіі. Аналіз абгрунтаванасці зародкавай тэорыі плебісцытнай дэмакратыі Русо патрабуе ад нас уважлівага разгляду яе этычнага падмурку.

  • Читать дальше
  • 1
  • ...
  • 14
  • 15
  • 16
  • 17
  • 18
  • 19
  • 20
  • 21
  • 22
  • 23
  • 24
  • ...

Ебукер (ebooker) – онлайн-библиотека на русском языке. Книги доступны онлайн, без утомительной регистрации. Огромный выбор и удобный дизайн, позволяющий читать без проблем. Добавляйте сайт в закладки! Все произведения загружаются пользователями: если считаете, что ваши авторские права нарушены – используйте форму обратной связи.

Полезные ссылки

  • Моя полка

Контакты

  • chitat.ebooker@gmail.com

Подпишитесь на рассылку: