Рын Клаэс Г.
Шрифт:
Ідэі Русо мелі надзвычайны ўплыў. Чалавек, з яго вельмі ж натуральным імкненнем пазбегнуць намаганняў і болю, звязаных з сапраўдным самаўдасканаленнем, безумоўна, будзе настолькі ж прыхільна ставіцца да таго погляду, што маральнасць вынікае з прыслухоўвання да першага ж, заўсёды нібыта дабрадзейнага імпульсу. Значную колькасць прыхільнікаў здабыў філасофіі Русо тэзіс, паводле якога адказнасць за ўсё сацыяльнае зло пераносіцца з чалавека на ягонае асяроддзе. Палітычная думка гэтага філосафа хутчэй лесціць чалавеку, чым адлюстроўвае рэальнае становішча рэчаў. На жаль, сваім уплывам як тэарэтыка дэмакратыі ён часткова абавязаны таму, што абмінае некаторыя непрыемныя ісціны, якія істотна маглі б паменшыць аптымізм пры аналізе народнага кіравання. Русо лічыць, што дасягненне поўнага вяршэнства дабрадзейнасці не залежыць ад складанага працэсу самарэфармавання пры адначасовым і працяглым засвойванні культурных нормаў, дзякуючы чаму ў грамадзян развіваецца пэўная палітычная адказнасць. Гэтая мэта, зноў жа на думку Русо, не вымагае выхавання такой адказнасці і яе замацавання ў аформленых ці няпісаных канстытуцыйных законах. Наадварот, дабрадзейнасць грамадства ў найлепшай ступені забяспечваецца скасаваннем любых перашкодаў на шляху спантаннага волевыяўлення народнай большасці. У завяршэнне можна зрабіць выснову, што такі погляд з'яўляецца, па сутнасці, утапічнай марай, якая падсілкоўваецца значнымі дозамі маральнай пагарды. Відавочна, што тэорыя, якая дакладна сумяшчала б дэмакратыю і этычнае жыццё, павінна быць заснаваная на больш рэалістычнай ацэнцы чалавечай прыроды і палітыкі.
Заўвагі
1 JeanJacques Rousseau. The Reveries of a Solitary. Пераклад John Gould Fletcher (New York: Lennox Hill, 1971), Bk. IV, 85; Bk. II, 46.
2 Цытуецца ў: P. M. Masson, La Religionde ].]. Rousseau (3 Vols.; Paris: Lennox Hill, 1916), II, 228. Англійскі пераклад у: Irving Babbitt. Rousseau and Romanticism (Cleveland: World Publishing Co., Meridian Books, 1964), 233.
3 JeanJacques Rousseau. The Social Contract. Пераклад Maurice Cranston (Harmondsworth: Penguin Books, 1968), Bk. Ill, Chap. XI, 135.
4 C/. Babbitt. Rousseau and Romanticism. У асаблівасці Chaps. 45.
5 JeanJacques Rousseau. Emile. Пераклад Barbara Foxley (London: Everyman's Library, 1969), Bk. I, 10.
Дагэтуль мы перш за ўсё шляхам выключэння імкнуліся вызначыць, якім чынам народнае самакіраванне магчыма сумясціць з патрэбамі этычнага жыцця. Я спрабаваў даказаць, што ўплывовая тэорыя дэмакратыі Русо на самай справе не закранае маральнай катэгорыі чалавека. Распрацоўка Русо паняцця такой плебісцытнай формы кіравання, пры якой частка грамадства, якая ў дадзены момант складае большасць, вызначае грамадскую палітыку, зрабілася магчымым толькі дзякуючы яго адмаўленню ўзважанасці як адной з галоўных рысаў чалавечай прыроды і надзялення маральнасцю спантаннага волевыяўлення людзей. Калі мае довады на карысць таго, што чалавека да маралі набліжае не спантаннасць, слушныя, дык дэмакратычная тэорыя павінна шукаць абгрунтавання ў этычнай самадысцыпліне і такіх палітычных сродках, якія спрыялі б яе замацаванню і пад якой я маю на ўвазе пэўную форму канстытуцыйнага ладу.
У агульных словах, канстытуцыйную дэмакратыю можна вызначыць як народнае кіраванне пры пэўных юрыдычных абмежаваннях, якія нельга змяніць ці скасаваць без падтрымкі прызнанай большасці на працягу доўгага часу. Каб пры аналізе гэтай канцэпцыі мы маглі больш блізка разгледзець праблемы дэмакратыі, скарыстаемся ў якасці прыкладу амерыканскаю канстытуцыяй. Звяртаючыся да амерыканскай канстытуцыі, я не імкнуся сцвярджаць, што менавіта яе пэўныя палажэнні з'яўляюцца ўзорам такога тыпу дэмакратыі. Справа толькі ў тым, што яна добра ілюструе агульны прынцып.
Адной з асноўных адзнак дэмакратыі лічыцца права ўсіх дарослых (з некаторымі магчымымі выкючэннямі) уплываць на палітыку ўрада праз галасаванне і быць абраным на грамадскую пасаду. Аўтары Канстытуцыі Злучаных Штатаў Амерыкі не надавалі «ўсеагульнаму выбарчаму праву» сучасны сэнс. Права вызначаць выбарчыя цэнзы яны пакінулі на меркаванне асобных штатаў, сыходзячы з таго, што ўдзел народа ў працэдурах абрання будзе параўнальна значным, якім ён ужо і быў у той час. Амерыканская канстытуцыйная сістэма, якая з самага пачатку лічылася больш дэмакратычнай, чым формы кіравання вядучых еўрапейскіх дзяржаў, у хуткім часе пачала разглядацца замежнымі назіральнікамі (напрыклад, Алексісам дэ Таквілем) як увасабленне народнага кіравання, пашырэннем выбарчага права толькі замацавала сваю дэмакратычную рэпутацыю. Хоць такое развіццё ў арыгінальным дакуменце не прадпісвалася, але ёсць усе падставы разглядаць тую сістэму кіравання, якую ён прызначаны быў рэгуляваць, дэмакратычнай у дачыненні да працэдур народнага волевыяўлення.
Ці вынікае з гэтага, што мы павінны пагадзіцца з апісаннем амерыканскай формы кіравання, якое ў свой час даў Аўраам Лінкальн, назваўшы яго ўрадам народа для народа і абранага народам? Цікава, што з пункту погляду значнай часткі сучасных тэарэтыкаў дэмакратыі гэтая быццам дэмакратычная форма кіравання не прызначана для таго, каб зацвердзіць уплыў большасці насельніцтва. Айцы-заснавальнікі імкнуліся, дарэчы, стварыць не «дэмакратыю» — яны казалі, што Канстытуцыя ўсталёўвае «рэспубліку». Можна сказаць, што праз сістэму абмежаванняў і ўраўнаважанняў Канстытуцыя стрымлівае волю большасці, якая склалася на дадзены момант. Сапраўды, народ як недыферэнцыраваная маса нават не згадваецца ў канстытуцыі. Механізм, па якім звычайная колькасная большасць магла б рэалізаваць сваю волю, адсутнічае. «Народ» па канстытуцыі складаецца з пэўнай колькасці разрозненых выбаршчыкаў, меркаванні якіх перакрываюць адно адно. Нават і Прэзідэнт абіраецца не згодна з жаданнем большасці нацыі: яго абірае Калегія выбаршчыкаў — орган, які ствараецца большасцю галасоў у розных штатах згодна з формулай, якая ў далейшым парушае логіку фарміравання нацыянальнай большасці тым, што штучна завышае колькаснае прадстаўніцтва больш дробных штатаў. Сенат і Палата прадстаўнікоў фарміруюцца большасцю ў іншых электаратах (Сенат, напрыклад, па традыцыі — заканадаўчай уладай штатаў). Калі лічыць, што недыферэнцыраваная народная маса ці яе большасць увогуле можа мець адзіную палітычную волю, то месца такому волевыяўленню ў амерыканскай сістэме кіравання няма. Выбарчыя працэсы амерыканскай дэмакратыі далёкія ад таго, што можна разглядаць як ідэал плебісцытнай дэмакратыі, ад усенароднага рэферэндуму па грамадскай палітыцы.
Тым жа антыплебісцытным ухілам характарызуецца і працэс фарміравання палітыкі федэральным урадам. Канстытуцыя прадпісвае падзел улады паміж выканаўчай, заканадаўчай і судовай галінамі. Каб законапраект быў прыняты, ён павінен быць зацверджаны не толькі ў абедзвюх палатах Кангрэса, якія складаюцца з прадстаўнікоў розных электаратаў у іх адпаведных штатах, але і падпісаны Прэзідэнтам. Кіраўнік выканаўчай улады, у сваю чаргу, павінен атрымліваць ад Сената адабрэнне некаторых сваіх важных крокаў, як, напрыклад, прызначэнне на высокія выканаўчыя пасады. У сваіх правамоцтвах «судовага аналізу» ці праверкі адпаведнасці дзеянняў Канстытуцыі ЗША Вярхоўны Суд ёсць кантралюючы і абмежавальны орган для абедзвюх папярэдніх галін улады. Суддзі Вярхоўнага Суда прызначаюцца Прэзідэнтам з адабрэння Сената і могуць быць зняты са сваёй пасады толькі пры надзвычайных абставінах і ў выніку прагаласаванага Палатай прадстаўнікоў імпічмэнту, які з'яўляецца надзвычайным правамоцтвам Кангрэса і можа быць выкарыстаны таксама і супраць Прэзідэнта. Яшчэ адной важнай рысай складанай сістэмы абмежаванняў і ўраўнаважанняў, якую я малюю вельмі няпоўна і не ўваходзячы ў дэталі, з'яўляецца падзел улады паміж федэральным урадам і ўрадамі штатаў, роля якіх дакладна акрэслена Канстытуцыяй. Унясенне змен у Канстытуцыю можа адбывацца двума шляхамі; той, што ўжо выкарыстоўваўся ў гісторыі ЗША, патрабуе згоды паміж пераважнай большасцю штатаў і Кангрэсам.
Уплыў часткі народа, якая ў дадзены момант складае хай нават і вельмі значную часовую большасць, жорстка абмяжоўваецца тым, што яна ніколі не зможа цалкам кантраляваць усе галіны ўлады. Нават калі ўявіць, што ў які-небудзь год прэзідэнцкіх выбараў народны настрой будзе мець настолькі выразную і аднадушную скіраванасць, што яго вынікам стане не толькі абранне прыхільнага такіх настрояў Прэзідэнта, але і гэткай самай прыхільнай большасці ў Палаце прадстаўнікоў і абранай у гэты год трэці месцаў у Сенаце, то і такога спрыяльнага раскладу будзе недастаткова, каб імкненне большасці было б адразу ажыццёўлена. Сенатары, якія складаюць дзве трэці раней абранага складу Сената, неабавязкова будуць пагаджацца з тым настроем, што ахапіў жыхароў краіны. Іх незалежнасць гарантаваная Канстытуцыяй, як і незалежнасць кожнага народнага абранніка на федэральным узроўні — сенатара, члена Палаты прадстаўнікоў ці Прэзідэнта. Пры адсутнасці згоды з боку большасці ў Сенаце ці нават вельмі моцных дзвюх трэцях яго складу спроба ажыццявіць спантаннае народнае волевыяўленне асуджаная на правал. Нават калі неабходная колькасць галасоў будзе ў Сенаце сабраная, застаецца Канстытуцыя, якая ўтрымлівае апісанне механізму ажыццяўлення ўрадавай палітыкі і адначасова абмяжоўвае яе.