Рын Клаэс Г.
Шрифт:
Амерыканская канстытуцыя з яе дасканалай сістэмай абмежаванняў і раўнавагі мае па меншай меры некаторае падабенства да той «стрымліваючай» у адносінах да ўрада сілы, на якую спасылаецца Кэлхун. Яе этычны змест выклікае вялікую цікавасць. Паводле Канстытуцыі, большасць, якая хоча ажыццявіць хоць бы некаторыя свае інтарэсы, павінна ўлічваць патрэбы і інтарэсы шматлікіх іншых груп. Наданне імкненню большасці статусу дзяржаўнай палітыкі немагчыма без набліжэння да аднадушнасці ў грамадстве. Групоўкам, якія сапернічаюць паміж сабой і ўваходзяць у склад большасці ці меншасці, з самага пачатку даводзіцца абавязкова ўлічваць існаванне палітычных апанентаў. Каб ажыццявіць сваю справу і пазбегнуць вета з боку сапернікаў, яны вымушаны фармуляваць яе такім чынам, каб яна была прымальнай для іншых.
Канстытуцыйна аформленыя ўмовы, якія прымушаюць улічваць планы іншых груповак, не абавязкова і, нават бадай, толькі ў выключным выпадку могуць прыводзіць да фарміравання цалкам маральнага падыходу, калі імкненне да ўласнай перавагі падпарадкоўваецца патрэбам усеагульнага дабра. Але іх наяўнасць абмяжоўвае працэс ажыццяўлення выключна ўласных планаў і, такім чынам, забяспечвае пэўную маральную падтрымку імкненняў народа і яго прадстаўнікоў. Важна адзначыць, што самаабмежаванне, якое прапануе разумная своекарыслівасць, само па сабе не мае маральнай каштоўнасці, але, як гэта парадаксальна ні гучыць, яно ў значнай ступені садзейнічае тым, хто імкнецца перавесці палітыку ў больш высокае вымярэнне. Такія грамадзяне могуць так ці іначай выкарыстоўваць абмежаванні, якія з эгаістычных матываў накладаюць на сябе іншыя, дзеля дасягнення маральных мэт. Урэшце такія самаабмежаванні могуць нават трансфармавацца ў этычнае сумленне. Значэнне такой магчымасці наўрад ці можна пераацаніць, бо палітыка рэдка ці ўвогуле ніколі не з'яўляецца сферай высокамаральных паводзін. Прызнанне за эгаізмам ролі асноватворнага прынцыпу палітыкі, што можна назваць хобсаўскай інтэлектуальнай традыцыяй, будзе перабольшваннем. Аднак не меншай памылкай будзе і такі погляд на палітыку, які заснаваны на нерэалістычных ці нават наіўных спадзяваннях адносна выціскання своекарыслівасці маральнасцю.
Гэты погляд стасуецца з аргументацыяй Кэлхуна на карысць кіравання «ўзгодненай большасці». Я прывяду тут яго апісанне адрознення гэтай формы кіравання ад звычайнай мажарытарнай, ці, па словах Кэлхуна, кіравання «колькаснай большасці».
Калі кіруе колькасная большасць, прыхільнасцяў і антыпатый партый дастаткова для таго, каб уласныя імкненні і інтарэсы паставіць вышэй за інтарэсы бяспекі і росквіт грамадства. Партыі ў гэтых умовах пазбаўляюцца неабходнасцІ прыслухоўвацца да праўды, справядлівасці, шчырасці і любога маральнага абавязку... Ва ўмовах жа кіравання ўзгодненай большасці тое, што перашкаджае такім канфліктам, як сродку здабыцця ўлады, і акрэслівае як галоўны інтарэс кожнай часткі грамадства асэнсаванне і ўзгадненне інтарэсаў усіх іншых, будзе рабіць моцны ачышчальны і ўзвышальны ўплыў на ўрад і народ як у маралі, так і ў палітыцы*.
У гэтай аргументацыі нас цікавіць перш за ўсё не мэтазгоднасць прапанаванай Кэлхунам арганізацыі грамадства, a сам прынцып: ва ўмовах кіравання ўзгодненай большасці адзін своекарыслівы інтарэс абмяжоўваецца іншым так, што ён мімаволі становіцца патэнцыяльнай падтрымкай маральных намераў. Аднак тое, наколькі канстытуцыя будзе спрыяць здзяйсненню такіх намераў, будзе цалкам залежаць ад таго, наколькі вечны канфлікт інтарэсаў розных удзельнікаў палітычнага працэсу будзе падпарадкаваны матывам супольнасці. Каб набліжаць вышэйшую мэту, канстытуцыя павінна падтрымлівацца істотнай маральнай культурай.
Такім чынам, канстытуцыя ёсць спроба ачысціць палітыку ад эгаізму, які знішчае ўсё на сваім шляху. Калі ж стрыжнем канстытуцыі з'яўляецца маральны матыў, то мэта яе ідзе яшчэ далей, да замены этычнай свядомасці на разумную своекарыслівасць у якасці кіруючага прынцыпу палітыкі. У выніку такога развіцця канстытуцыя замацоўвае прынцып і працэдуру адмаўлення любой формы адвольнасці, а не толькі той, якая пагражае раўнавазе групавых інтарэсаў. Палажэнні канстытуцыі ўзвышаюць палітыку і скіроўваюць яе ў напрамку ажыццяўлення вышэйшага закону. Як пісаў Уолтэр Ліпман, «канстытуцыйныя абмежаванні і білі аб правах, урадавы апарат і незалежная судовая сістэма, працэс стварэння і аховы закона судамі, заканадаўчымі і выканаўчымі органамі — гэта толькі недасканалыя спробы чалавека выгнаць д'ябла адвольнасці з людскіх адносін»5. Нягледзячы на сваю недасканаласць і не надта вялікую паспяховасць, канстытуцыі спрыяюць ажыццяўленню вышэйшай мэты тым, што забяспечваюць цэнзуру «капрызаў і свавольства» згодна з маральным прызначэннем. Джон Хэлоўэл, развіваючы думку Платона, пісаў наступнае: «Абсалютнае супадзенне маральных і сацыяльных абмежаванняў магчымае толькі ў ідэальнай дзяржаве; паколькі ж рэальныя дзяржавы заўсёды далёкія ад ідэалу, то іх дзяржаўнасць вызначаецца ступенню іх набліжэння да гэтага ідэалу»6.
Але калі ў якасці галоўнага прынцыпу канстытуцыйнага ладу прызнаецца адмоўнае стаўленне да такой палітычнай улады, якая ўжываецца выключна для ажыццяўлення партыкулярысцкіх мэтаў, то адразу напрошваецца паралель з галоўным прынцыпам маральнасці. Этычнае сумленне ёсць прысутнасць у чалавеку вышэйшай волі, што ставіць у цэнзурныя рамкі адвольнасць у рашэннях і ўчынках. Ці не ідэнтычны, сапраўды, прынцып канстытуцыяналізму этычнаму сумленню, калі змест яго — гэта не проста пэўная непрадузятасць у выніку асэнсавання таго, якім чынам лепш здзяйсняць уласныя інтарэсы? Зразумела, што як бы цесна ні стаялі адна да адной своекарыслівасць і маральнасць у некаторых выпадках, этычная воля чалавека заўсёды паўстае супраць своекарыслівых матываў. Такім чынам, беспадстаўна будзе сцвярджаць, быццам любы канстытуцыйны лад абавязкова годны з пункту гледжання маралі, аднак ва ўмовах канстытуцыйнага ладу палітыка, якая вызначае парадак вядзення спраў і вырашэння розных пытанняў у грамадстве, значным чынам адбіваецца на ажыццёўленых прынцыпах супольнага жыцця і, значыць, з'яўляецца прадметам увагі этычнага сумлення. Я прапаную ставіцца да канстытуцыяналізму ў адным з ягоных аспектаў як да ўжывання маральнай волі чалавека ў адносінах да арганізацыі палітычнай дзейнасці. Этычнае сумленне патрабуе ўстанаўлення канстытуцыйнага ладу, бо ён патрэбны дзеля дасягнення маральнай мэты. Паводле палітычнага зместу вышэйшай волі яе можна называць духам канстытуцыяналізму. Каб развіваць гэтае паняцце далей, мы павінны памятаць, што словы ўрад і канстытуцыя не з'яўляюцца назвамі нечага, што існуе асобна ад кожнага грамадзяніна. Тыя, хто прымае ўдзел у палітычнай дзейнасці згодна з канстытуцыяй, прызнаюць яе кіруючую ролю ў вызначэнні ўласных паводзін. Строга кажучы, практычнае здзяйсненне палажэнняў канстытуцыі супадае з палітычнай дзейнасцю індывідуумаў, якія гэтыя палажэнні падтрымліваюць і развіваюць канстытуцыйны дух ці імкнуцца яму адпавядаць.
Дзеля набліжэння дабрадзейнага жыцця нізкія імкненні чалавека павінны нейкім чынам быць дысцыплінаваныя. Па словах Эдмунда Бэрка, «супольнае жыццё вымагае не толькі падпарадкавання страсцей індывідуумаў, але і перашкодаў на шляху імкненняў грамадства, абмежаванняў яго волевыяўлення і кантролю яго эмоцый. Ажыццявіць усё гэта можа толькі вонкавая сіла, якая не падпарадкаваная той волі і тым страсцям, якія яна прызначана ўтаймоўваць»7. Гэтая абмежавальная маральная існасць ляжыць, па словах Бэрка, па-за індывідуумам і трансцэдэнтная ў дачыненні да яго. У пэўным сэнсе, яна сапраўды з'яўляецца не часткай нізкага «я» чалавека з яго неарганізаванымі імпульсамі, а дысцыплінуючым уплывам звонку. Але з другога боку, якога Бэрк увогуле тут не заўважае, гэтая існасць ёсць і ў чалавеку і ўвасабляе яго ўласнае этычнае сумленне, сапраўднае людское прызначэнне, якое індывідуум дзеліць з іншымі людзьмі.
«Уласныя» звычкі чалавека, якія з'яўляюцца яго індывідуальнаю спробай перамагчы сваё імкненне паддацца некантраляваным мараллю імпульсам, цяжка адрозніць ад лініі паводзін дзеля аналагічнай мэты, якой чалавек прытрымліваецца ў «грамадскім» ці «палітычным» жыцці. Гэта два бакі адной і той самай спробы ажыццявіць маральную мэту. 3 прычыны сацыяльнага характару самой мэты і індывідуальнага характару яе дасягнення перадумовы можна лічыць адначасова «ўласнымі» і «грамадскімі». У «грамадскім» вымярэнні этычнае сумленне вымагае асаблівага тыпу супрацоўніцтва з іншымі — такога, пры якім максімальна змяншаецца ўплыў адвольнасці. Да любога палітычнага кантэксту этычнае сумленне ставіць наступнае пытанне, якое высвятляе ступень маральнага аналізу: «Ці з'яўляецца гэтае дзеянне добрым?». У палітычным сэнсе тое ж пытанне індывідуумам можа гучаць крыху па-іншаму: «Ці адпавядае гэты «грамадскі» ўчынак інтарэсам і прынцыпам супольнага жыцця?». Сфармуляванае такім чынам пытанне мае на ўвазе маральны абавязак у «грамадскіх» справах для кожнага грамадзяніна. Агульная звычка ставіць перад сабой такое пытанне і складае маральнае вымярэнне канстытуцыяналізму. Трэба эвярнуць увагу на тое, што на справе гэтае пытанне азначае заклік да абавязковых для ўсіх структурных абмежаванняў. Вышэйшая воля, што ўвасоблена ў чалавеку, не можа працаваць у вакццме — яна вымагае канкрэтнай глебы палітычнай рэальнасці. 3 улікам своекарыслівых ці нядобрасумленных паводзін іншага кшталту палітычнае развіццё грамадства немагчымае без згоды аб прытрымліванні ў грамадстве пэўных агульных правілаў. Такім чынам, немагчыма зрабіць адрозненне паміж імкненнем падпарадкавацца гэтым абмежаванням дзеля здзяйснення свайго маральнага прызначэння і непасрэдна этычным сумленнем. Этычная воля трансцэдэнтная ў дачыненні да ўсіх існуючых канстытуцый, але патрэба ў этычнай волі зафіксавана ў кожнай з іх. У дачыненні да грамадскіх спраў гэтая воля сапраўды можа быць вызначана як дух канстытуцыйнага ладу.